— На які перыяд, на вашу думку, прыпадае “залаты час” для FIPRESCI?
— Быў перыяд, калі федэрацыя амаль што памерла ў часы Другой сусветнай вайны. Адразу чамусьці ўзнавіўся гэты момант. Адраджэнне ж аб’яднання адбылося на самым першым Канскім фестывалі ў 1946 годзе. FIPRESCI сфарміравала сваё першае журы, заснавала ўзнагароду і адзначыла ёю Дэвіда Ліна і яго фільм “Кароткія сустрэчы” ды Жоржа Рук'е з “Фарэбік”. “Залаты час”?.. Магчыма, ён прыпадае на 1960 — 1970-я. Гэта быў перыяд, калі людзі з Усходу і Захаду прабівалі межы, нягледзячы на цяжкасці, кінематаграфісты і кінакрытыкі дабіраліся да Канаў ды глядзелі кіно. Мы, у сваю чаргу, прыязджалі з майстар-класамі, семінарамі на Усход, дзе адбываліся палкія дыскусіі і абмеркаванні. Пасля смерці Сталіна і прамовы Хрушчова тое, што падавалася немагчымым, стала набываць рысы рэальнасці.
— Гэта быў час надзей?
— Хутчэй, менавіта час адкрыцця межаў. Час таго, калі штосьці адбываецца, наспявае, і мы ў тым удзельнічаем.
— А што пра сёння, калі ёсць інтэрнэт?
— Усё не так адназначна. З аднаго боку, інтэрнэт, сапраўды, значна палегчыў наша жыццё. Гэта тычыцца і магчымасцей кантактаў, калі людзі з розных кантынентаў могуць стасавацца з дапамогай медыя, тычыцца тое і інфармацыі, якая стала больш даступнай. Але, з іншага боку, дзякуючы інтэрнэту сёння размываецца такое паняцце, як кінакрытыка. Друкаваныя выданні церпяць фінансавыя страты, аддзелы культуры ці кінакрытыкі закрываюцца. Кінакрытыка перайшла ў сеціва, але ці можна назваць усіх, хто піша там пра кіно, кінакрытыкамі? Гэта дыскусійнае пытанне.
— Сябры FIPRESCI штогадова надведваюць 75 фестываляў. Як выглядае карта знакавых фестываляў сёння? Ці змяніліся на ёй ключавыя пазіцыі?
— Я сказаў бы, што такія буйныя кінафорумы, як у Канах, Берліне, Таронта, Пусане па-ранейшаму застаюцца ўплывовымі. Яны могуць змяняць дырэктараў, штосьці ўдасканальваць у структуры, але іх пазіцыі застаюцца тымі ж. Кінафестываль у Канах — маці ўсіх кінафорумаў: Каны “стаяць” гадамі. У Азіі па-ранейшаму вылучаецца фестываль у Ганконгу. Ён быў выдатным да 1997 года, калі Ганконг заставаўся яшчэ брытанскім, моцны ён і зараз, калі раён перайшоў пад уладу Кітая. Фестываль у Буэнас-Айрэсе, які падтрымлівае незалежны кінематограф, пяць разоў змяняў дырэктара, але на яго аўтарытэце тое не адбілася.
Змянілася штосьці іншае. Становіцца ўсё больш фестываляў, якія прагнуць прэм’ер, новых карцін. І вось гэта становіцца амаль немагчымым. Каны, Берлін, Таронта… Яны патрабуюць міжнароднай прэм’еры, але што застаецца іншым? Паказваць тое, што ўжо прагучала? Галоўная функцыя фестываляў — знаёміць з новым кіно, вось яе выконваць становіцца ўсё цяжэй і цяжэй.
— Як выглядае на тым тле “Лістапад”?
— У першую чаргу, я прыехаў на яго акурат для таго, каб дазнацца пра беларускае кіно. На міжнародных экранах мне не даводзіцца яго бачыць, хоць многія фестывалі зацікаўлены і робяць адмысловыя праграмы кіно краін Усходняй Еўропы. Якая гісторыя вашай нацыянальнай кінематаграфіі, што адбываецца сёння з беларускім кіно, які вопыт супрацоўніцтва, кааперацыі ёсць з іншымі краінамі — усё гэта мяне цікавіць. Як, безумоўна, і сустрэча з маімі калегамі, беларускімі кінакрытыкамі, адсутнасць якіх таксама назіраецца на міжнародным узроўні. Пакуль мае ўражанні станоўчыя, але я зацікаўлены ў далейшым плённым супрацоўніцтве.
— Наколькі FIPRESCI зацікаўлена ў маладым пакаленні кінакрытыкаў?
— Як у вашай краіне з маладым пакаленнем кінакрытыкаў, я не ведаю. Але так, у нас яны ёсць. Як, у прынцыпе, і ва ўсім свеце. Павольна, але іх рух адчуваецца. Часам яны маюць тыя ж падыходы да кіно, яго канцэптуальнае бачанне, як і іх больш сталыя калегі, але я не бачу ў гэтым праблемы. Проста трэба даць ім ездзіць, глядзець кіно, пісаць. Усё прыйдзе. У Германіі мы ўжо маем маладое пакаленне, голас якога чуваць, з ім лічацца. У маленькіх краінах сітуацыя складаней, але таксама — яны ёсць. Калі казаць пра сённяшні час федэрацыі — гэта акурат ён і ёсць, як вы пыталі раней, — час надзеі. Я спадзяюся, што маладыя будуць далей адкрываць кіно, вывучаць яго гісторыю, таму што гэта ўсё цудоўныя рэчы. Праблема тут яшчэ вось у чым. Сёння, у час дыгіталізацыі, калі кіно выходзіць на лічбавых носьбітах, па-за экранамі застаецца амаль 90 % сусветнага кіно, знятага на плёнку. Гісторыя кіно становіцца недаступнай: застаецца ўсё менш месцаў, дзе можна паглядзець культавыя карціны: Музей кіно ды, бадай, тыя ж фестывалі, падчас якіх ладзяцца адпаведныя рэтраспектывы. Усё гэта засмучае. Але я спадзяюся на новае пакаленне, якое ажывіць кіно праз свае тэксты.
Сёння нялёгкія часы перажываюць многія друкаваныя выданні. Усё болей расце канкурэнцыя паміж сталым і новым пакаленнем, якое вымушана змагацца адно з адным за месца пад сонцам. Але мне бачыцца выйсце менавіта ў кансалідацыі. Урэшце, галоўная любоў у нас адна — кіно.
Фота аўтара