Крэдыт для ўнука і грыбны квас

№ 46 (1276) 12.11.2016 - 18.11.2016 г

Хто першым з загадчыкаў аўтаклубаў вырашыў браць з сабой на маршрут не толькі пявунняў ды музыкантаў, але і спецыялістаў іншага профілю, каб патлумачылі, скажам, як крэдыт браць для ўнука ці як страхоўку аформіць? Любоў Феакцістава сцвярджае, што першай была яна.

/i/content/pi/cult/612/13615/11-1.jpgЯна кіруе аўтаклубам у Жыткавіцкім раёне з 2007 года. Перасоўная ўстанова за гэты час двойчы займала першыя месцы ў абласных конкурсах. А канкурыравала, між іншым, і з такімі буйнымі раёнамі, як Жлобінскі ды Рэчыцкі. Пытаюся: “Дык чаму ж перамагла?” “Таму што да справы падыходзім сістэмна, — адказвае Любоў Раманаўна. — І такое канцэртна-сацыяльнае забеспячэнне прыносіць плён, бо план па аказанні платных паслуг пастаянна перавыконваем”. У “арсенале” аўтаклуба — узмацняльнік, ноўтбук, баян з гармонню, генератар, касцюмы (народныя і эстрадныя). Да слова, у Жыткавіцкім раёне нядаўна з’явіўся яшчэ адзін аўтаклуб, які абслугоўвае Тураўскую зону. Тут таксама ўзяты на ўзбраенне досвед Феакціставай. Апошняе яе дасягненне — выступленне ў Палацы чыгуначнікаў сталіцы. “Я такі чалавек, што свайго не ўпушчу”, — смяецца Любоў Раманаўна. Залатыя словы, калі ўлічыць, што ”сваё” тут цалкам супадае з ”грамадскім”!

Па гэтым прынцыпе, зрэшты, працуе пераважная большасць нашых работнікаў культуры. Не з працы дахаты цягнуць, а нясуць у бібліятэкі і клубы ўласныя ноўтбукі, магнітафоны ды відэаплэеры. Мы пра такую самаадданасць пісалі, пішам ды пісаць будзем.

Прыкладна пра такі падыход да будзённага клопату ішла гаворка і на раённым бібліятэчным семінары, што адбыўся ў Ганцавіцкім раёне. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Васіля Праскурава Таццяна Маляўка піша: “Абмяркоўвалася, якой быць сучаснай сельскай бібліятэцы. Супрацоўнікі Агарэвіцкай, Раздзялавіцкай, Любашаўскай устаноў казалі пра неабходнасць наладжвання рэкламы, дзейнасць аматарскіх аб’яднанняў, камплектаванне фондаў”. Але не толькі тым абмежавалася сустрэча. Вось хто з вас каштаваў грыбны квас з пярлоўкай? А ўдзельнікі семінара такую магчымасць мелі. А нагодай стала прэзентацыя зборніка “Бабуліны рэцэпты: традыцыйная кухня Ганцавіччыны”, выдадзенага аддзелам бібліятэчнага маркетынгу райбібліятэкі. Прэзентацыю ладзілі работнікі Кукаўскай, Люсінскай сельскіх бібліятэк і Малькавіцкай бібліятэкі-музея. У Хатыніцкай сельскай бібліятэцы і мясцовым СДК удзельнікі пазнаёміліся з творчасцю чытачоў.

Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны абвяшчае конкурс “Лепшае тэматычнае ўпрыгожанне для музейнай Ёлкі”. Прапануецца зрабіць такія ёлачныя цацкі, якія адлюстроўвалі б тэматыку музея. Маўляў, ёлка ўстановы павінна быць адметнай і сімвалічнай. Гатовыя работы ў любых відах і тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва музей прымае да 16 снежня… А памочнік дырэктара музея Мікалай Шаўчэнка дадае, што днямі музей наведала афіцыйная дэлегацыя Эстоніі на чале з віцэ-канцлерам Міністэрства культуры Эстонскай рэспублікі Анне-Лі Рэймаа.

У Шчучынскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці кіраўніцтва раёна ў чарговы раз сустрэлася з маладымі спецыялістамі. “Такія мерапрыемствы, — паведамляе вядучы метадыст РЦК Алена Барэль, — спрыяюць адаптацыі новых кадраў у працоўных калектывах і вучаць пераадольваць цяжкасці”. Ад сябе дадам шчырае пажаданне, каб у маладых спецыялістаў нашай сферы было як мага менш бытавых цяжкасцяў!

Сёння Беларускі музей народнай архітэктуры і побыту ладзіць мастацкую рэканструкцыю абрадавай дзеі “Дзяды. Шанаванне продкаў”. Будуць адлюстраваны тыя традыцыі, якія захаваліся да сённяшніх дзён, а таксама — тыя, што ўжо амаль сканалі. Мерапрыемства грунтуецца на экспедыцыйных матэрыялах, здабытых на Палессі.

Супрацоўнікі Ваўкавыскай раённай дзіцячай бібліятэкі ажыццяўляюць праект “Наша спадчына”. Прайшлі ўжо вечарыны ўшанавання Івана Мележа, Змітрака Бядулі, Васіля Віткі, Кандрата Крапівы, Івана Шамякіна, Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна… Распрацаваны мультымедыйныя прэзентацыі ды буктрэйлеры пра Беларусь і яе мастакоў — Марка Шагала, Міхаіла Савіцкага, Аляксандра Ісачова, Руслана Вашкевіча… Выдаюцца і адпаведныя буклеты.

І яшчэ адна навіна з Ваўкавыска — з Ваўкавыскай гарадской дзіцячай бібліятэкі. Загадчык установы Жанна Баклажэц паведамляе пра сталыя стасункі з прышкольным лагерам сярэдняй школы № 4. Вучні былі запрошаны на відэавіктарыну, у чарговы раз сумясцілі адпачынак падчас вакацый з чытаннем лепшых узораў дзіцячай літаратуры. А ў Ваўкавыскай раённай бібліятэцы, паведамляе бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Святлана Станкевіч, наладзілі чарговае мерапрыемства з удзельнікамі клуба пенсіянераў.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Воранаўскага райвыканкама Алена Ястрэмская паведамляе, што 18 лістапада ў раённым цэнтры пройдзе абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла “Дажынкі-2016”. У культурнай праграме будзе задзейнічана каля 500 самадзейных артыстаў. Да падзеі прымеркавана адкрыццё гарадскога парку, які цалкам рэканструяваны і аздоблены драўлянымі скульптурамі. У іх вырабе прынялі ўдзел майстры з усіх раёнаў Гродзеншчыны. А 19 лістапада адбудуцца ўрачыстасці з нагоды 480-годдзя Воранава.

Пры падтрымцы Беларускага саюза мастакоў і Беларускага фонду культуры ладзіцца штогадовая дабрачынная акцыя “Малюнак да сэрца”. Галоўная ідэя праекта — падтрымка пацыентаў бальніц, стварэнне іх добрага настрою. Малюнкамі будуць упрыгожаны бальнічныя сцены. Гэтыя творы арганізатары будуць прымаць ад усіх ахвотных да 25 снежня.

Галіна Гашчук паведамляе, што Столінская раённая кінасетка ладзіць выязныя кіналекторыі для прафілактыкі вытворчага траўматызму ў гаспадарках раёна.

Другі адкрыты рэгіянальны фестываль-конкурс па брэйк-дансе прайшоў у Палацы культуры Ліды. Пра гэта піша культарганізатар установы Таццяна Юрша.

Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Мастоўскай раённай бібліятэкі Вольга Коршун піша: “Лунненская сельская бібліятэка наладзіла літаратурна-музычны вечар, прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча”.

У вёсцы Дуброва Асіповіцкага раёна, на месцы былога маёнтка Жорнаўкі, які належаў Завішам, па ініцыятыве краязнаўцаў Віктара Хурсіка ды Івана Бараноўскага, а таксама супрацоўнікаў Асіповіцкага краязнаўчага музея была адкрыта інфармацыйная памятная дошка ў гонар Магдалены Радзівіл з роду Завішаў.

Справаздачы васьмі аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах прайшлі ў Мазалаўскім СДК. Пра гэта распавядае вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадцэнтра народнай творчасці Андрэй Струнчанка.

“Міжнародная навуковая канферэнцыя ”Бераставіцкая зямля — вачыма гісторыкаў і краязнаўцаў”, прысвечаная 215-годдзю Восіпа Кавалеўскага, прайшла ў раённым цэнтры”, — піша дырэктар Бераставіцкай райбібліятэкі імя Восіпа Кавалеўскага Таццяна Марцішэвіч. Кавалеўскі нарадзіўся ў Вялікай Бераставіцы, быў рэктарам Казанскага ўніверсітэта, дэканам гісторыка-філалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"