Крокавая даступнасць з… “валідатарамі”

№ 46 (1276) 12.11.2016 - 18.11.2016 г

Пра жыллё для бібліятэкараў, попыт на дзіцячае, а яшчэ пра тое, чаму лепшы чытач — не віртуальны
Пра заробкі ў бібліятэчнай сферы, найноўшыя тэхналогіі, сайты і рыдары, пра тое, як зацікаўліваць маладых спецыялістаў ды многае іншае “К” пагутарыла з дырэктарам Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Мінска Таццянай ШВЕД.

/i/content/pi/cult/612/13611/12-1.jpg— Статыстыка: за верасень 2016 года сярэдняя налічаная заработная плата ў бібліятэчнай, музейнай ды архіўнай дзейнасці склала па краіне 421 рубель і застаецца адной з самых нізкіх сярод усіх сфер гаспадарання ў Беларусі. Ці не назіраецца ў сістэме дзіцячых бібліятэк Мінска браку кваліфікаваных кадраў праз нізкую аплату?

— Зразумела, не радуе, што ў бібліятэчнай справе, як і агулам у сферы культуры, заробкі сёння даволі нізкія. Але ж мы з’яўляемся бюджэтнай арганізацыяй. Да таго ж, натуральна, не ўсё вымяраецца грашыма. Трэба любіць сваю працу, быць высакакласным спецыялістам, умець працаваць з дзецьмі, а таксама з іхнімі бацькамі. І ўсе гэтыя якасці мы імкнёмся ўлічваць, калі прыглядаемся да таго ці іншага кандыдата на пасаду бібліятэкара ў адну з устаноў сістэмы. Дзякуючы прэміяльнаму фонду, а таксама таму, што маем магчымасць паспрыяць нашым супрацоўнікам у вырашэнні жыллёвага пытання, недахопу кадраў у нас сёння няма.

— А як канкрэтна вырашаецца пытанне з жыллём? Прадастаўляеце пакой у інтэрнаце?

 — У нас сфарміравана чарга з тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Для гэтых людзей, па іх жаданні і ў адпаведнасці з заканадаўствам, мы пры садзейнічанні Міністэрства культуры Беларусі прадастаўляем арэнднае жыллё, якое замацоўваецца за спецыялістам на час працы ў ЦСДБ. Гэта праграма запрацавала ў нас з 2014 года, мы змаглі засяліць такім чынам некалькіх супрацоўнікаў, сярод якіх і зарэгістраваныя ў Мінскай вобласці, бо, як вядома, месца рэгістрацыі сёння не з’яўляецца аргументам пры прыёме на працу.

— Не баіцеся, што пад такую “жыллёвую” праграму, да вас з’едуцца бібліятэкары з розных абласцей краіны?

— А мы звычайна прыглядаемся да той або іншай кандыдатуры, тэлефануем на папярэдняе месца працы, каб даведацца пра прафесійныя і чалавечыя якасці чалавека, нават цікавімся ва Універсітэце культуры і мастацтваў, як вучыўся іх колішні студэнт… І, канечне, самы правераны шлях — убачыць кандыдата ў працы. Для гэтага, напрыклад, бяром студэнтаў на практыку ці нават на палову, чвэрць стаўкі, калі яны яшчэ вучацца ў ВНУ. А праз пэўны час самі вырашаем, патрэбен нам пэўны чалавек ці не…

— Раней у вас маладыя спецыялісты ладзілі ў бібліятэках гурткі камп’ютарнай пісьменнасці як для дзяцей, так і для іхніх бацькоў, бабуль-дзядуль...

— І гэты кірунак працы заўсёды запатрабаваны. З задавальненнем прымаем маладых спецыялістаў. Да слова, дзякуючы працы калектыву і асабліва нашай моладзі ў свой час наш сайт заняў ІІ месца па выніках рэспубліканскага конкурсу сярод бібліятэчных сайтаў Беларусі. Зараз жа, натуральна, наш партал у сеціве патрабуе значнага абнаўлення.

— Мне даводзілася завітваць на ваш сайт неаднаразова, і выкладзены на ім кантэнт выклікаў цікавасць. Што да абнаўлення парталу, дык, мабыць, на гэтую працу не стае грошай?

— Сёння ідзе распрацоўка новага сайта, на што нам выдаткаваны з бюджэту сродкі. Акрамя таго, мы даволі шырока прадстаўлены ва ўсіх сацыяльных сетках, у блогу. Згадаю і тое, што неаднаразова ўдзельнічалі і ўдзельнічаем у онлайн-канферэнцыях з нашымі калегамі з расійскага Калінінграда, Белгарада, Самары і малдаўскага Кішынёва.

— Як вядома, дзяржустановы павінны прадастаўляць інфармацыю пра сваю дзейнасць у інтэрнэце. І калі сайт ЦСДБ Мінска працуе, дык у асобных дзіцячых бібліятэк сталіцы іх няма...

— Спадзяемся, што нам дапаможа ў гэтым БДУКіМ. Скажам, чаму таму ці іншаму студэнту ўніверсітэта не прапанаваць у якасці курсавой ці нават дыпломнай працы ўзяць распрацоўку сайта дзіцячай бібліятэкі?

— А што ўвогуле можа даць інфарматызацыя бібліятэчнай справы ў Мінску? Скажам, ці з’явіцца адзіны электронны чытацкі білет?

— Нядаўна мы пабывалі на стажыроўцы ў Рызе, дык там не першы год працуе падобны білет ва ўсе муніцыпальныя бібліятэкі латвійскай сталіцы. Чытач можа ўзяць кнігі ў адной бібліятэцы, здаць іх у іншай, замовіць паслугу ў трэцяй, а прыйсці і пакарыстацца кніжнымі навінкамі ў чытальнай зале чацвёртай. Мяркую, падобная будучыня чакае і нас. Праўда, для гэтага трэба вырашыць цэлы шэраг арганізацыйных пытанняў, сярод якіх найважнейшай будзе праблема ўсталявання адпаведнага тэхнічнага начыння. Але калі ў нас ёсць валідатары ў аўтобусах і тралейбусах, якія прымаюць аплату адзінага праязнога, дык чаму не памарыць пра адзіны чытацкі білет?

— Праблема інфарматызацыі — скарачэнне чытачоў папяровых выданняў. Праўда, на дзіцячыя кнігі тэндэнцыя, як адзначалася на рэспубліканскай канферэнцыі “Кніга=свет: сучасны стан і стратэгіі развіцця нацыянальнай прасторы чытання”, не распаўсюджваюцца…

— І я з высновамі спецыялістаў згодная. У дзіцячыя бібліятэкі ўсё гэтак жа ідуць чытачы, такім жа нязменным попытам карыстаюцца кнігі для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту, літаратура для больш дарослых чытачоў. Пажадана хіба, каб кніг на беларускай мове выдавалася больш. Таксама хацелася б, каб такія папяровыя кнігі мелі добрыя ілюстрацыі, бо дзякуючы якасным малюнкам адбываецца прыцягненне і далучэнне маленькага чытача да кнігі. З іншага боку, электронная кніга — таксама кніга, і я не супраць таго, каб нашы чытачы чыталі цікавую ім літаратуру з рыдараў і планшэтаў.

— Але тут паўстае шмат праблем, у тым ліку звязаных з распаўсюджваннем такой кнігі. Бо капіраваць электронныя выданні — значыць парушаць аўтарскія правы…

— Мяркую, варта прадугледзець такія ж спецыяльныя праграмы, якія даўно маюць распаўсюджанне ў Расіі. Там бібліятэка закупляе электронны варыянт кнігі, а чытач атрымлівае яе на пэўны тэрмін без магчымасці капіравання. Праз некаторы час кніга проста блакуецца. Сістэма адпрацаваная, надзейная і зручная. Варта было б прадумаць, як укараніць яе ў Беларусі. Але тут таксама ёсць цэлы шэраг “падводных” камянёў. І ў першую чаргу, варта парупіцца пра прадастаўленне ў Нацыянальную бібліятэку не толькі абавязковага папяровага, але і электроннага варыянта кнігі…

— У адным артыкуле я памарыў пра тое, каб у будучыні замоўленыя кнігі чытачам дастаўляліся дронамі-бібліятэкарамі. А яшчэ няблага было б развіваць паслугі для віртуальных наведвальнікаў. Напрыклад, замовіў па інтэрнэце кнігу, табе яе за пэўную суму бібліятэкары даставілі дадому…

— Мяркую, што такая паслуга карысталася б попытам. І яшчэ раз згадаю тую ж Рыгу. Там мы спыталі ў калег: а што ў вас з віртуальнымі наведвальнікамі? А яны нам кажуць: для нас гэта — учарашні дзень. Бо ва ўсім свеце цяпер працуюць над тым, каб чытачы завітвалі ў бібліятэкі не праз інтэрнэт, а праз уваходныя дзверы. Дзеля гэтага ў многіх краінах ствараюцца бібліятэкі крокавай даступнасці, у тым ліку аб’яднаныя ва ўстановы сямейнага чытання, дзе і для дарослага і для маленькага чытача знойдзецца, як з карысцю пабавіць час. Зразумела, бібліятэкарам трэба прысутнічаць у інтэрнэце, але асноўная іх праца, мяркую, з жывым, а не з віртуальным чытачом, тым больш, што колькасць жыхароў Мінска пастаянна расце. Таму варта адкрываць дзіцячыя бібліятэкі ва ўсіх новых мікрараёнах.

— Мы шмат казалі пра найноўшыя тэхналогіі. Але ці змогуць айчынныя бібліятэкары адаптавацца да новай рэальнасці, дзе трэба і з камп’ютарам сябраваць, і ўмець знайсці неабходную інфармацыю, і запісваць кнігі для чытача, які прыйдзе ва ўстанову з адзіным электронным чытацкім білетам? У рэгіёнах з гэтым дакладна паўстануць пэўныя пытанні…

— Тут няпэўнага ці дваістага адказу проста быць не можа: бібліятэкары да ўсяго змогуць прызвычаіцца, а атрыманая імі кваліфікацыя (хай сабе і з улікам перападрыхтоўкі) дазволіць з лёгкасцю працаваць з найноўшым тэхнічным начыннем. Змаглі ж мы разабрацца ў смартфонах і айпадах, рыдарах і планшэтах? Дык чаму з адзіным электронным білетам ці кнігай чакаць праблем? У бібліятэчную будучыню гляджу з аптымізмам.

Фота Аліна САЎЧАНКА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"