Якая ж карысць ад “… Акорда”?

№ 46 (1276) 12.11.2016 - 18.11.2016 г

Юбілейны ХV Рэспубліканскі конкурс маладых эстрадных выканаўцаў “Белазаўскі акорд”, што прайшоў 29 — 30 кастрычніка ў Жодзіне, быў прымеркаваны да Дня аўтамабіліста. Але ўласна вузкія карпаратыўныя мэты (як гэта, дарэчы, бывае з некаторымі мерапрыемствамі нават міжнароднага кшталту, што праводзяцца ў Беларусі) не былі ўласцівыя гэтаму спаборніцтву ніколі.

/i/content/pi/cult/612/13608/8-1.jpg

Уладальніца Гран-пры-2016 Вольга Булай. / Фота Руслана АНАНЬЕВА

Правядзенне сёлетняга конкурсу стала прыкладам зладжанага супрацоўніцтва Беларускага аўтамабільнага завода з Мінскім аблвыканкамам, Жодзінскім гарвыканкамам, Мінскім абласным цэнтрам народнай творчасці, Федэрацыяй прафсаюзаў краіны, Прэзідэнцкім аркестрам Беларусі, радыёстанцыяй “Мінская хваля”. Але асноўная арганізацыйная нагрузка, як заўжды, прыпадала на Палац культуры БелАЗа на чале з дырэктарам Генадзем Смольскім, які адначасова выступаў і дырэктарам конкурсу.

За 15 гадоў “Белазаўскі акорд” сабраў 880 выканаўцаў з 88 населеных пунктаў нашай краіны і бліжняга замежжа, бо некалькі гадоў праводзіўся як адкрыты, прыцягваючы таксама расіян і ўкраінцаў. Але ўмовы для ўсіх заставаліся аднолькавымі: адна з песень павінна быць на беларускай мове. Пра вялікую папулярнасць гэтага конкурсу (пры наяўнасці ў краіне іншых з падобнымі ўмовамі) сведчыць колькасць пададзеных заявак: сёлета іх было 65. Аргкамітэт пакінуў 16, прычым перавага аддавалася не толькі добрым галасам, але і цікавым песням.

Паводле рэпертуару ўдзельнікаў сёлетняе спаборніцтва, безумоўна, выйшла на першае месца, прычым у параўнанні як з ранейшымі “…Акордамі”, так і з іншымі беларускапесеннымі праектамі, уключаючы спеўныя тэлешоу: творы былі вельмі разнастайнымі, рознастылёвымі (асабліва адзначу аўтарскую песню “Вешняя” Андрэя Мітрошкіна з Наваполацка). Больш чым калі было і вакальных ансамбляў — праўда, рознай якасці. Што ж да агульнага вакальна-артыстычнага ўзроўню, дык цяперашні конкурс, да здзіўлення саміх арганізатараў, якія абіралі ўдзельнікаў па дасланых аўдыязапісах, не пераўзышоў леташні. І гэта можа сведчыць пра больш высокі ўзровень саміх запісаў і асабліва звядзення, дзе гукарэжысёры прыклалі максімум намаганняў для дасягнення найлепшых вынікаў.

Конкурс не ў першы раз, але з асаблівай відавочнасцю выявіў праблему так званых “спевакоў адной песні”. Гэта з’ява ў чымсьці перагукаецца і з выкананнем акадэмічнай музыкі: добра падрыхтаваўшы з выкладчыкам пэўны рэпертуар, музыкант пачынае ездзіць з ім з конкурсу на конкурс. Перамагае. Але часам аказваецца няздольным выконваць на такім жа ўзроўні іншыя творы: для гэтага зноў будуць патрабавацца высілкі педагогаў, якія “ўкладуць” у пустую скрыначку змесціва, расставяць там усё па палічках і “выдрэсіруюць” выхаванца да належнай ступені. Пераможцы, на жаль, не заўсёды разумеюць, што акрамя жадання і прыродных даных патрэбна ўменне не проста прымаць, а творча асэнсоўваць-перапрацоўваць набытыя веды, рабіць іх “сваімі”. Іншымі словамі, быць асобай.

З гэтым сутыкнуўся і галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра Беларусі Віктар Бабарыкін. Суправаджаючы выступленні канкурсантаў, летась ён прапанаваў некаторым далейшае супрацоўніцтва, але не ўсе былі гатовы да самастойнай творчасці. Таму сёлета ён адзначыў толькі Таццяну Валахановіч, уручыўшы ёй дыплом “За лепшае выкананне з аркестрам”. Заўважылі спявачку і журы і слухачы: акрамя Першай прэміі яна атрымала прыз “Мінскай хвалі”, набраўшы 1200 галасоў пры інтэрнэт-галасаванні (дзе, дарэчы, з аднаго гаджата прымаўся ўсяго адзін голас). Дададзім, што летась яна стала ўладальніцай Гран-пры конкурсу Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, але ў Жодзіна прыехала з чарговай прэм’ерай — і гэта вельмі паказальна. А тое, з якой апантанасцю падтрымлівалі яе на заключным гала-канцэрце ўдзельнікі вакальнай студыі з пасёлка Энергетыкаў, дзе яна працуе, дазваляла зразумець, наколькі любяць яе як педагога.

Гран-пры “Белазаўскага акорда” заваявала Вольга Булай (педагог — Святлана Борахава) — яшчэ адна выхаванка Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, што святкаваў сёлета 10-годдзе цыклавой камісіі “Мастацтва эстрады”, якую ўвесь гэты час узначальвае кампазітар Алена Атрашкевіч. Апошняя не ўпершыню становіцца сапраўднай гераіняй вакальных конкурсаў (ушанаванай ці нябачнай — іншая справа), стабільна рыхтуючы цудоўных эстрадных артыстаў і ствараючы ім эксклюзіўны рэпертуар. Невыпадкова яе творчасць у чарговы раз была адзначана ў Жодзіне спецыяльным прызам “За стварэнне высокапрафесійных конкурсных песень”.

Увогуле, цяперашнія і былыя вучні сталічнага каледжа мастацтваў занялі ледзь не ўвесь конкурсны п’едэстал. Аляксей Грыневіч (другая прэмія) аказаўся былым сакурснікам Аляксандра Саванца — пераможцы леташняга “Белазаўскага акорда” і сёлетняга Нацыянальнага конкурсу ў Маладзечне. Пры гэтым жодзінскае журы (узначальваў яго народны артыст Беларусі, першы намеснік старшыні Беларускага саюза кампазітараў Эдуард Зарыцкі, а сярод чальцоў былі такія знаныя артысты, як Алег Хаменка, Аляксандра Кірсанава) працавала “без падказак”: вядучыя не пералічвалі ранейшыя ўзнагароды ўдзельнікаў, не абвяшчалі іх выкладчыкаў — называлі толькі імёны канкурсантаў і месца іх “прапіскі”. Ці ж не наспеў час прызнаць Мінскі каледж мастацтваў адной з галоўных кузняў эстрадных кадраў і больш плённа пераймаць там вопыт?

Дый на “Белазаўскім акордзе” абмен думкамі быў бы больш карысным, каб сустрэча з членамі журы і мастацкім кіраўніцтвам планавалася не следам за конкурснымі выступленнямі, а пасля ўручэння ўзнагарод і фотасесіі. У дырыжора і многіх іншых засталося шмат нявыказаных парад, якія маглі б быць слушнымі не столькі ўласна для канкурсантаў, колькі для іх выкладчыкаў. Падобныя зацікаўленыя абмеркаванні даўно прыняты на тэатральных праглядах — чаму б не перанесці гэту практыку і ў музыку?

Карысць маглі б прынесці і сацыялагічныя агляды ўсіх 15-ці “Белазаўскіх акордаў”. Тут не прынята ўводзіць “геаграфічныя квоты” на колькасць удзельнікаў і пераможцаў ад кожнага з рэгіёнаў, таму лёгка вызначыць тых, каму, магчыма, патрэбна метадычная дапамога, і тых, хто мог бы яе аказаць. А яшчэ большай карысцю для ўсёй нацыянальнай культуры (і адначасова асалодай для гледачоў усёй краіны) маглі б стаць тэлевізійныя трансляцыі конкурсу. Краіна павінна ведаць і адораных маладых спевакоў, і новыя беларускія песні, якія, паўтаруся, гучаць у суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Беларусі. Гэты скарб не аднадзённы!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"