Быць першым па-гарадзенску!

№ 2 (768) 13.01.2007 - 19.01.2007 г

Выстаўка-конкурс калекцый традыцыйных беларускіх рамёстваў і сучасных вырабаў народнага мастацтва “Традыцыі і сучаснасць” прайшла напрыканцы мінулага года ў музеі Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.

/i/content/pi/cult/109/136/st17_1.jpgБыла яна ў пэўным сэнсе знакавай. Упершыню дамы (цэнтры) рамёстваў вобласці прадставілі свае этнаграфічныя зборы прадметаў побытавага прызначэння і элементаў традыцыйнага строю пачатку ХХ ст. Найбольш значныя калекцыі прывезлі супрацоўнікі Іўеўскага, Ваўкавыскага, Наваградскага, Шчучынскага, Мастоўскага дамоў і Цэнтраў рамёстваў. Асаблівым багаццем сярод іх вылучалася калекцыя Зэльвенскага Дома рамёстваў, сабраная яго дырэктарам С.Худзяевым. Наведвальнікі змаглі пазнаёміцца з вырабамі старажытнага ткацтва Гродзеншчыны — ручнікамі, дыванаі, паясамі. Больш за 100 гадоў ручнікам з Іўеўскага, Бераставіцкага, Слонімскага раёнаў.

Тканыя андаракі, спадніцы з Дзятлаўшчыны, узорыстыя паясы з в.Гудзевічы Мастоўскага раёна ўражвалі сваім вытанчаным хараством. Своеасаблівай рэліквіяй Гродзеншчыны з’яўляецца чорнаглянцавая кераміка Іосіфа Шопіка, прадстаўленая Свіслацкім Домам рамёстваў. Упрыгожылі экспазіцыю і рапапортныя выцінанкі Ніны Шурак з Наваградка, спіралевае саломкапляценне з Ваўкавыскага, Зэльвенскага, Шчучынскага раёнаў. Дамы і цэнтры рамёстваў назапашваюць узоры традыцыйнага рамяства, іх калекцыі ўвесь час папаўняюцца вырабамі сучасных майстроў.

Цікавасць тут выклікалі інкруставаныя саломкай скарбонкі і велікодныя яйкі Настассі Кузьміч, геаметрычная разьба па дрэве Барыса Лейкі з Карэліцкага раёна, тканыя рэчы Ганны Талоха і цудоўныя саламяныя вырабы Валянціны Краўчук з Гродзенскага раёна. Як паказала выстаўка, у практыку работы дамоў і цэнтраў рамёстваў Гродзеншчыны ўсё больш укаранецца ткацтва паясоў і выраб стылізаваных сцэнічных касцюмаў са спалучэннем розных тэхнік і натуральных матэрыялаў: лёну, воўны, саломкі. Супрацоўнікі гэтых устаноў самі распрацоўваюць сучасныя строі па этнаграфічных узорах.

Калекцыя шыцця з тэкстылю (а гэта адзенне і пасцельная бялізна, выкананыя ў шматковай тэхніцы) майстрыхі Лідскага РДР Ірыны Дыдышка ў сваім родзе адзіная ў вобласці. Вынікі конкурсу падведзены па некалькіх намінацыях. Пераможцамі ў намінацыі “Лепшая этнаграфічная калекцыя” сталі Зэльвенскі раённы Дом рамёстваў (асабліва адзначана велізарная праца С.Худзяева), Шчучынскі і Мастоўскі цэнтры рамёстваў. Лепшымі сучаснымі прызнаны калекцыі Лідскага і Ваўкавыскага РДР.

Алена ХРАМКОВА,
вядучы метадыст Гродзенскага абласнога
цэнтра народнай творчасці