“Іншага лёсу я не жадаў…”

№ 45 (1275) 05.11.2016 - 11.11.2016 г

Мае згадкі пра Віктара Турава да яго 80-годдзя
Сёння “К” працягвае аповед пра знакамітага кінарэжысёра, народнага артыста СССР, народнага артыста Беларусі Віктара Турава.

/i/content/pi/cult/611/13593/15-1.jpg(Працяг. Пачатак у № 44.)

Прайшоў нейкі час... Ліпень 1996 года. Акурат у нацыянальнае свята французскага народа — Дзень узяцця Бастыліі — адбыўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў Францыю. А культурныя сувязі гэтай краіны і нашай Беларусі, як вядома, ніколі не спыняліся. Тагачасны першы намеснік галоўнага рэдактара газеты “Культура” Людміла Крушынская звярнулася да Турава з просьбай распавесці пра яго сустрэчы з французскай актрысай Марынай Уладзі. І Віктар Цімафеевіч з задавальненнем паведаміў пра тое, як да яго ў госці ў час здымак у раёне Навагрудка прыехалі яго сябры — Марына Уладзі і Уладзімір Высоцкі. Вось тады і высветлілася, што Віктар шмат гадоў быў блізкім сябрам Уладзіміра Сямёнавіча, але пра гэта ён ніколі нікому не расказваў, у тым ліку прэсе. Крушынская ледзь угаварыла рэжысёра распавесці пра гэтыя старонкі няпростага жыцця двух выдатных людзей. Але Тураў пагадзіўся з адной умовай: пра гісторыю гэтага сяброўства ён раскажа толькі мне, якога нібыта ведае “сто гадоў” як журналіста-прафесіянала. Значыць, штосьці ўсё ж чытаў з маіх опусаў…

Памятаю, мая першая гутарка на тую тэму і пачалася з таго, што я спытаў Віктара: чаму ён “прамаўчаў”, калі пасля смерці Высоцкага, а пасля ў год яго 50-годдзя, літаральна ўсе СМІ і тэлебачанне казалі пра яго постаць. А Тураў адказаў, што для яго непрыемныя і бязмежнае абагаўленне Высоцкага, і яго ганебнае прыніжэнне, і брыдкая мітусня вакол ягонага імя. Як не зразумець, кажа ён, што толькі праўда, прытым поўная, павінна быць сапраўднай памяццю пра Валодзю.

— І чаму ж ты так доўга маўчаў?

— Як толькі Валодзя памёр, з усіх кутоў павылазілі на свет божы натоўпы ягоных “прыхільнікаў”, а прасцей кажучы, фальшывых сяброў. Вось тады я даў сабе клятву нічога не казаць у друку пра майго сябра на працягу пяці гадоў. Разам з Валодзем мы з’елі не адзін пуд солі, шмат часу былі побач, і да таго, што адбывалася ў нашым грамадстве і наогул у свеце, ставіліся адэкватна, бо ў нас, амаль равеснікаў, было шмат агульных мастацкіх схільнасцей і густаў. Аб’ядноўвала нас і тое, што абодва мы былі ”дзеці вайны”, і тое, што сустрэліся на маёй карціне пра ваеннае дзяцінства, адкуль былі родам. А яшчэ я вельмі ганаруся, што Высоцкі ўпершыню заспяваў свае знакамітыя песні менавіта ў маіх фільмах...

Віктар нагаварыў мне два дзясяткі касет, і не толькі пра Высоцкага, але і пра сяброўства з іншымі дзеячамі кіно — Уладзімірам Белакуравым, Юрыем Гарабцом, Барысам Няўзоравым, Данатасам Баніёнісам, Нінай Ургант, Анатолем Забалоцкім, Яўгенам Ганкіным, Яўгенам Ігнацьевым, Алесем Адамовічам. Згадаў добрым словам педагога Аляксандра Даўжэнку, сакурснікаў па ВГИКу Вітаўтаса Жалакявічуса, Ларысу Шапіцька, Рыту Касымаву, Джэму Фірсаву, Атара Іаселіяні, Георгія Шэнгелая, Аляксандра Міту... У коле сяброў асабліва вылучаў ”за чалавечнасць і прафесіяналізм найвышэйшай пробы” літоўскага акцёра Бронюса Бабкаўскаса і аператара Аляксандра Княжынскага.

Першы мой артыкул “Пра сяброўства з Высоцкім я маўчаў шаснаццаць гадоў...” з’явіўся ў №42 газеты “Культура” за 1996 год. Апошні, дзявяты, — у № 50 — пасля смерці Віктара Цімафеевіча. Праўда, рукапіс майго вялікага матэрыяла ён паспеў прачытаць і выказаў сваё задавальненне. Памятаю, з якой дакладнасцю, скрупулёзнасцю ён вычытаў ужо ў бальніцы гэты рукапіс нашай шматдзённай гутаркі, каб — крый Божа! — не з’явіліся ў тэксце якія-небудзь памылкі або недакладнасці…

…Мой матэрыял, апублікаваны ў “К”, меў вельмі пазітыўны рэзананс не толькі ў Беларусі. Яго вялікі фрагмент — пра сустрэчу Высоцкага з Хрушчовым, напрыклад, — перадрукавала маскоўская “Литературная газета”, некаторыя аўтары мемуараў пра Высоцкага пазней таксама штосьці бралі з яго, праўда, “без двукосся”, не заўсёды спасылаючыся на першакрыніцу. А вось у сваёй манаграфічнай кнізе пра Турава “Ад сэрца — да сэрца” вядомы кіназнаўца, прафесар Ефрасіння Бондарава двойчы адсылае да гэтага матэрыялу, называючы яго шчырым апавяданнем. Яна піша: “Пасля смерці Высоцкага пра яго сталі пісаць сябры і зласліўцы. Віктар Цімафеевіч маўчаў, не хацеў трывожыць памяць, уключацца ў плёткі і інсінуацыі, і толькі праз шаснаццаць гадоў, у апошнія месяцы жыцця, ён пагадзіўся расказаць аб іхнім сяброўстве карэспандэнту беларускага штотыднёвіка “Культура” Барысу Крэпаку... Я адсылаю чытача да гэтых публікацый... У іх шмат падрабязнасцей, пра якія не пісалі “ўспамінацелі” рознага рангу...”

Я ведаю з аповедаў Турава і іншых людзей, што не ўсе калегі па рэжысуры і некаторыя высокія чыноўнікі ад культуры добра ставіліся да яго. Казалі, маўляў, ён пастаянна п’е, не заўсёды справядлівы і ўважлівы да людзей, асабліва ў здымачнай гарачцы, нібыта ідзе на кампрамісы там, дзе патрэбна прынцыповасць. Яго абвінавачвалі ў саўдзеле ў ліквідацыі на кінастудыі творчых аб’яднанняў, якія ўзніклі пасля перабудовы кінавытворчасці ў адпаведнасці з рэкамендацыямі V Усесаюзнага з’езда кінематаграфістаў. На хвалях дэмакратычнай эйфарыі гэты з’езд лічыўся “р-р-рэвалюцыйным”. Віктар жа быў упэўнены, пра гэта ён сам мне казаў: той форум быў “пачаткам разбурэння вялікага савецкага кінематографа”. Што ж, у выніку ён меў рацыю!.. А яшчэ ў кулуарах барацьбіты за мараль ганьбілі Турава за разводы з жонкамі. На гэту далікатную тэму мы з Віктарам амаль не размаўлялі. Толькі калі-нікалі ён штосьці казаў “тэлеграфнымі” фразамі. Першых дзвюх жонак я не ведаў. Толькі ад Турава дазнаўся, што яго першае каханне, Святлана Зузенка, пасля магілёўскай дзесяцігодкі, у 1957-м, вырашыла стаць актрысай. Віктар тым часам навучаўся рэжысуры. Перайшоў на трэці курс, але ўжо меў запрашэнне працаваць на кінастудыі “Беларусьфільм”. Як-ніяк, чалавек таленавіты, да таго ж беларус, магіляўчанін — словам, свой, дамарослы... Святлана паспяхова прайшла два туры, і тут Віктар сказаў: “Хопіць Ваньку валяць. Масква не для цябе, яна цябе загубіць”, — і павёз нявесту ў Мінск, дзе яна разам з Аўгустам Мілаванавым, Фамой Варанецкім, Бэлай Масумян, Леанідам Крукам паступіла ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут у майстэрню Дзмітрыя Аляксеевіча Арлова. Калі яны ажаніліся, Тураву было 23 гады, Святлане — 20. І ў 1965-м у іх нарадзілася дачка Алена, сёння шырока вядомая як таленавіты кінарэжысёр, сцэнарыст, кампазітар, паэт. Але, як часта бывае ў асяроддзі творчых сем’яў, “любовная лодка разбилась о быт”...

Алена Турава: “Дзецям цяжка бывае разумець, чаму дарослыя не сышліся характарамі. Ведаю толькі, што раскол быў настолькі моцным, што тата не прыходзіў да нас больш ніколі, дават для таго, каб пабачыцца са мной. Такім чынам, калі праз пятнаццаць гадоў мы ўсё ж зноў сустрэліся, нам давялося амаль што знаёміцца наноў. Помню, як дрыжэлі ў той дзень яго рукі, разліваючы гарбату: канешне ж, тата ўсведамляў, што частка віны за прорву, якая ўтварылася паміж намі, ляжыць і на ім… Новы “мост” мы потым будавалі наноў — гадамі, крыху пазнаючы адзін аднаго…”

Другім разам Віктар узяў шлюб з актрысай Вольгай Лысенка, якая здымалася ў некалькіх яго карцінах, у тым ліку ў стужках “Людзі на балоце”, “Меншы сярод братоў”, “Пераправа”. Але пра дадзены перыяд жыцця Віця мне не расказваў. Ды я і ніколі ў сямейныя справы Віктара не ўлазіў. Праўда, аднойчы ён сам паведаміў мне гісторыю яго захаплення актрысай Смаленскага драмтэатра Ларысай Архіпавай, калі ён здымаў яе ў карціне “Людзі на балоце”. У выніку яна 1 сакавіка 1984 года нарадзіла сына Арцёма, якому бацька адразу даў сваё прозвішча.

Алена Турава распавядае: “Тата ніколі не быў афіцыйна жанаты з Ларысай, але сынам ганарыўся, часта прывозіў яго ў Мінск, браў з сабой на кінастудыю, знаёміў з калегамі, сябрамі. Сёння Арцём Віктаравіч, у свае трыццаць два гады, — дэпутат расійскай Дзяржаўнай думы ад партыі “Адзіная Расія”. У яго падрастаюць дзеці — дачка Аліса і сын Мікіта, унукі знакамітага кінарэжысёра. Каб быў бацька жывым, дык, думаю, ён быў бы сапраўды шчаслівым. Ён, дарэчы, часам з горыччу казаў: “Магчыма, я быў не лепшым бацькам, але для ўнука зрабіў бы нават немагчымае!” На жаль, першая яго ўнучка, мая дачка, нарадзілася толькі праз шэсць гадоў пасля яго адыходу, у 2002-м. Яе імя Ніка — у гонар дзеда (бо Ніка і Вікторыя — два імені багіні Перамогі). Яна шмат здымалася ў кіно, добра малюе, захапляецца спортам і мовамі. Магчыма, у яе ці ў маіх пляменніках працягнецца наша творчая дынастыя? Не ведаю, час пакажа. Але ў сілу генетыкі веру свята: хай зменіцца нават некалькі пакаленняў, аднак аднойчы на творчым небасхіле яшчэ запаліцца новая зорачка з прозвішчам Туравых…”

Трэцяя і апошняя жонка рэжысёра — Тамара Пятроўна Турава. З ёй я пазнаёміўся ў канцы лета 1996-га, быў разам з ёй у Віктара Цімафеевіча ў той яго самы апошні вечар у бальнічнай палаце. Ну і потым, пасля адыходу маэстра, некалькі разоў сустракаўся з ёй па нейкіх творчых “тураўскіх” справах, хаця нашы ўзаемаадносіны на гэтым і скончыліся. Але мне здаецца, Тураў менавіта з ёй знайшоў сваё, па-сапраўднаму сямейнае, шчасце. Яно, на жаль, цягнулася не вельмі доўга... Урэшце, пра тое, як яны сустрэліся і як знайшлі адзін аднаго, можна прачытаць у інтэрв’ю Тамары ў прэсе.

А яшчэ я памятаю, як на маіх вачах Тураў пакутваў над праектам новага Закона пра кіно, прынцыпы якога выказаў у сваім артыкуле, надрукаваным у “Советской Белоруссии” летам 1996 года. Па ганарар за гэты артыкул мы пайшлі разам у Дом друку (тады каса была там). Атрымаўшы ж грошы, зайшлі ў гастраном “Зорачка” па вуліцы Якуба Коласа, купілі з той нагоды, што належыць, і праз пятнаццаць хвілін ужо сядзелі на кухні маёй кватэры. Чакалі маю жонку Людмілу, але не дачакаліся, яна затрымлівалася на працы. Праз пару гадзін, ужо пад вечар, па просьбе Віктара я выклікаў таксі, і ён паехаў дамоў. Гэта быў адзіны выпадак, калі Віктар Цімафеевіч гасцяваў у мяне дома, хаця планаў наконт “сябраваць сем’ямі” ставала...

Так ужо здарылася, што за паўгода да яго скону мы з Віктарам Цімафеевічам вельмі зблізіліся. Потым, калі ён апынуўся ў бальніцы, я прыходзіў да яго два-тры разы на тыдзень, і мы вялі бясконцыя гутаркі пра тое-сёе. А перад ягоным юбілеем, 60-годдзем, — пра тое, каго ён хацеў бы бачыць за святочным сталом 25 кастрычніка. Гэта пытанне, памятаю, на лесвічнай клетцы бальніцы абмяркоўвалі ўжо ўтрох: апошні раз прыйшоў Дзіма Зайцаў — блізкі сябра Турава і любімы яго кінааператар... Ведаю, што часта да бацькі прыходзіла і дачка Алена, але я з ёй ні разу там не сустрэўся.

Так, і гэты дзень — Дзень нараджэння Віктара — быў урачыста, на дзяржаўным узроўні, адзначаны ў Тэатры-студыі кінаакцёра, хаця вечар, шчыра кажучы, прайшоў не вельмі весела. Тураў быў ужо невылечна хворы, і ўсе тое ведалі, як, мабыць, і сам ён. Але, прынамсі, пры мне ніколі не ўпадаў у роспач. Верыў — будзе ўсё о’кэй, будзе і яго “фіеста”…

Згадвае Алена Турава: “Пэўна, тата ведаў, як мала яму засталося, але пры мне ніколі не заводзіў пра гэта гаворкі. Прасіў прынесці яму пачытаць “што-небудзь займальнае”, і я перадавала ў бальніцу часопісы і зборнікі анекдотаў. Ён вельмі любіў, калі я пачынала гаворку словамі: “Вось, калі ты паправішся…” І заўсёды вяртаўся да сцэнарыя, над якім працягваў працаваць нават у бальнічнай палаце. Марыў пра тое, якім цудоўным будзе яго наступны фільм пад назвай “Фіеста-45”: фільм пра шчаслівых людзей, якія вераць, што ўсё дрэннае, кепскае, нарэшце, у мінулым, а жыццё будзе працягвацца — цудоўнае і дзіўнае. Так, жыццё працягваецца. Чалавек, які адышоў, застаецца з намі, пакуль пра яго помняць. Тураў заўсёды жывы ў памяці сваіх дзяцей — маёй памяці, Аксаны, Арцёма. І мы сваім дзецям расказваем пра тое, якім надзвычайным чалавекам быў іхні дзядуля…”

(Заканчэнне чытайце ў наступных нумарах.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"