Пяць стагоддзяў беларускіх Дастаеўскіх

№ 45 (1275) 05.11.2016 - 11.11.2016 г

11 лістапада — 195 гадоў з дня нараджэння Фёдара Дастаеўскага (1821 — 1881), продкі якога мелі беларускія карані. Зробім агляд звестак па гэтай тэме.

/i/content/pi/cult/611/13592/14-1.jpgАдзін з 350 Дастаеўскіх

Вядома, што ў кастрычніку 1506 года шляхцічу Даніілу Рцішчаву была падаравана грамата на валоданне некалькімі вёскамі. Для будаўніцтва маёнтка ён абраў Дастоева (сучасны Іванаўскі раён), дзе ў родапачынальніка фаміліі нарадзіліся двое сыноў. Іх наступнікі сталі называць сябе Дастаеўскімі. Пры складанні генеалагічнага дрэва сучаснымі навукоўцамі знойдзены больш за 350 прадстаўнікоў роду. Адна з галін вядзе да знакамітага пісьменніка. У прыватнасці, вядома, што пад 1572 годам згадваецца тэзаімяніт пісьменніка Фёдар Дастаеўскі, землеўладальнік Пінскага павета, які перасяліўся на Валынь, як чалавек, блізкі да князя Андрэя Курбскага. Верагодней за ўсё, ад гэтых Дастаеўскіх аддзялілася яшчэ адна галіна. Ад яе і пайшлі бліжэйшыя продкі пісьменніка. Былі сярод іх і людзі вядомыя — воіны і святары, стромкія і наравістыя, некаторыя пераходзілі ў каталіцтва, станавіліся шляхціцамі, служылі вялікім князям літоўскім і каралям Рэчы Паспалітай.

Але ў большасці продкі пісьменніка згадваліся як абаронцы праваслаўя. Дачка пісьменніка Любоў Дастаеўская і многія даследчыкі адзначалі, што Фёдар Міхайлавіч шанаваў іх памяць. Напрыклад, Пятра Дастаеўскага — маршалка Пінскага павета і сябра галоўнага трыбунала Вялікага Княства Літоўскага, абранага ў сейм у 1598 годзе, ён лічыў пачынальнікам свайго роду. Адзін з яго продкаў, Акіндзій Дастаеўскі, атрымаў вядомасць як іераманах Кіева-Пячэрскага манастыра (XVII стагоддзе), іншы ў XVIII стагоддзі дасягнуў і біскупскага сану. Многія Дастаеўскія жылі ў Мінскім і Навагрудскім паветах Вялікага Княства Літоўскага. Урэшце, Любоў Фёдараўна, магчыма, перабольшвала значэнне “літоўскага” (беларускага — Рэд.) фактару ў жыцці маскоўскай сям’і Дастаеўскіх. Аднак у яе кнізе, упершыню выдадзенай у Мюнхене, думка гэтая праходзіць чырвоным радком.

Шляхам да “літаратурных летуценняў”

Да XVIII стагоддзя род Дастаеўскіх збяднеў. Дзед пісьменніка, Андрэй Міхайлавіч, быў ужо сціплым протаіерэем у Брацлаве Падольскай губерні. Малодшы яго сын, Міхаіл, не пажадаў пайсці па шляху бацькі. Ён пакінуў Камянец-Падольскую семінарыю і назаўсёды з’ехаў з бацькоўскіх краёў, паступіўшы ў маскоўскую Медыка-хірургічную акадэмію. У час вайны 1812 года бацька пісьменніка служыў лекарам у маскоўскім шпіталі. У 1813 годзе яго ўзводзяць у штаб-лекары, і ён атрымлівае прызначэнне ў Барадзінскі пяхотны полк, дзе і служыць да 1818 года. Затым, з 1820 года працуе ў шпіталі для бедных у Маскве. Тут жонка лекара Дастаеўскага, Марыя Фёдараўна, нарадзіла сваіх старэйшых сыноў — Міхаіла і Фёдара, названага ў гонар аднаго з продкаў. Да 1834 года хатняя адукацыя Фёдара ўжо скончылася і ён быў вызначаны ў паўпансіён Мікалая Іванавіча Драшусава, абруселага француза Сушара. А потым, праз год, пераведзены ў пансіён чэха Чармака “для высакародных дзяцей мужчынскага полу”, што славіўся лепшымі педагогамі. Тут працаваў вядомы матэматык, пасля акадэмік, рэктар Маскоўскага ўніверсітэта Перавозчыкаў, доктар філалогіі Давыдаў, магістр лацінскай славеснасці Кубараў. Вывучаліся тут і старажытныя мовы, і антычная літаратура, і замежныя мовы, у тым ліку любімая Дастаеўскім французская. Выкладчыкі знаёмілі вучняў з Шэлінгам і Гегелем. Дастаеўскі таксама далучаецца выкладчыкамі пансіёна і да сферы літаратурных праблем, калі ўпершыню выяўляюцца “літаратурныя летуценні”.

Аднак бесклапотнае дзяцінства раптоўна скончылася. У пачатку 1837 года памерла любімая маці Марыя Фёдараўна, літаральна ў тыя ж дні быў забіты Аляксандр Пушкін. Пад гукі жалобы браты Міхаіл і Фёдар з’язджаюць у Пецярбург. Неўзабаве апошні апрануў чорны мундзір з чырвонымі пагонамі, атрымаўшы найменне “кандуктара” Інжынернага вучылішча — адной з найлепшых навучальных устаноў таго часу. Яна давала не толькі выдатную ваенна-інжынерную падрыхтоўку, але і грунтоўную адукацыю па шырокім коле ведаў.

І беларускія сувязі

У тыя часы ў сталіцы Расіі ўжо былі вядомыя імёны этнографа Івана Грыгаровіча (1790 — 1862), ураджэнца Магілёўскай губерні, і Віктара Грыгаровіча (1815 — 1876) — аднаго з заснавальнікаў славянскай філалогіі ў Расіі. Верагодна, іх сваяком быў і Дзмітрый Грыгаровіч (1822 — 1899), пісьменнік і сябар юнацтва Дастаеўскага. Па ўспамінах апошняга, трэць усяго складу навучэнцаў Інжынернага вучылішча былі немцы, столькі ж складалі палякі і яшчэ траціна — рускія. Сярод апошніх дзвюх груп было шмат выхадцаў з Беларусі, у тым ліку і будучыя героі Шыпкі і дзеячы нацыянальнага руху. Неўзабаве Дастаеўскі стаў аўтарытэтам для большай часткі сваіх паплечнікаў. “Я, — прызнаваўся ва ўспамінах Дзмітрый Грыгаровіч, — не абмяжоўваўся прыхільнасцю да Дастаеўскага, але абсалютна падпарадкаваўся яго ўплыву. І ён, трэба сказаць, быў для мяне ў той час у высокай ступені дабратворным. Дастаеўскі ва ўсіх адносінах быў вышэйшы за мяне па развітасці; яго начытанасць здзіўляла мяне”.

Выхаванец старэйшага класа Іван Беражэцкі таксама “слухаўся яго і падпарадковаўся яму, як адданы вучань настаўніку”. Сучаснік іх паведамляе: “Памятаю, як Ф.М.Дастаеўскі і Беражэцкі захапляліся сумесным чытаннем, калі не памыляюся, Шылера. Бывала, чытаюць і раптам заспрачаюцца і затым хутка пойдуць праз усе нашы камеры і спальні, адзін наперадзе, як бы ўцякаючы, каб не чуць пярэчанняў іншага, што рабіў звычайна Беражэцкі, а яго пераследваў Дастаеўскі, жадаючы даказаць яму свае думкі”.

У свой першы прыезд у Пецярбург вясной 1837 года Дастаеўскі знаёміцца з чыноўнікам міністэрства фінансаў, паэтам Іванам Шыдлоўскім (1816 — 1872). Падчас вучобы ў Інжынерным вучылішчы будучы пісьменнік знаходзіўся пад моцным уплывам апошняга, які натхнёна распавядаў пра царства Божае. Фёдар Міхайлавіч захоплена піша пра Шыдлоўскага ў лісце да старэйшага брата Міхаіла: “Зірнуць на яго: гэта пакутнік! Ён высах; шчокі запалі; вільготныя вочы яго былі сухія і палымяныя”. Дастаеўскі ўсё жыццё захоўваў далікатныя пачуцці да гэтага ўкраінскага сябра, які неўзабаве распачаў паломніцтва ў Кіеў, а затым стаў манахам-паслушнікам.

Свае ўражанні юнацтва, якое прайшло ў Пецярбургу, Дастаеўскі выказаў у адным з першых сваіх твораў — рамане “Белыя ночы”, у значнай ступені аўтабіяграфічным творы, што з’явіўся ў “Айчынных Занатоўках” у снежні 1848 года. Сляды ды ідэі гэтага рамана можна знайсці і ў адным з самых знакамітых твораў героя нашага аповеду “Злачынства і пакаранне”. Але толькі па вяртанні з ссылкі Дастаеўскі змог прыступіць да мастацкага ўвасаблення сваёй задумы, звязаўшы яго з тымі пытаннямі, якія ўзніклі ў рускім грамадстве ў сярэдзіне 60-х гадоў XIX стагоддзя. Аднак упершыню славу “паслядоўніка Гогаля” і геніяльнага пісьменніка Фёдару Дастаеўскаму прынёс раман “Бедныя людзі”, які з’явіўся ў друку ў 1846 годзе.

Неўзабаве раман быў перададзены Мікалаю Някрасаву, які прыйшоў ад яго ў захапленне, гэтак жа адрэагаваў і Вісарыён Бялінскі. Пазнаёміўшыся з Дастаеўскім, яны ўвялі яго ў пецярбургскае літаратурнае кола. (Тут варта заўважыць, што Някрасаву і Бялінскаму “адкрыць” Дастаеўскага дапамог усё той жа сябар ягонага юнацтва — Дзмітрый Грыгаровіч). Гэта быў вырашальны момант у жыцці Дастаеўскага. Іншым такім пераломам стала катарга, куды ён трапіў па так званай справе “петрашэўцаў” — ідэолагаў будучай рэвалюцыі. Сярод іх было нямала беларусаў і выхадцаў з беларускіх земляў, якіх, як правіла, лічылі палякамі. Прадаўжальнікамі іх справы сталі рэвалюцыянеры-народнікі, з якімі Фёдар Міхайлавіч (па збегу абставін) удзельнічаў у некалькіх грамадска-палітычных мерапрыемствах. На адным з іх, прысвечаным памяці Мікалая Аляксеевіча (снежань 1877 года), дзе выступаў Дастаеўскі, вельмі актыўную ролю адыгрываў Георгій Пляханаў і яго маладыя калегі-студэнты са сталічных навучальных устаноў, многія з якіх былі выхадцамі з беларускіх губерняў (у наступным — удзельнікамі рускіх рэвалюцый).

Каця — Ганна Корвін-Крукоўская

Верагодна, кажучы аб тым уплыве, які на Фёдара Дастаеўскага аказвалі беларусы і выхадцы з беларускіх земляў, варта ўказаць і на сям’ю заможнага “літоўскага” памешчыка Корвін-Крукоўскага. Яго малодшая дачка Соф’я Кавалеўская стала вядомым прафесарам матэматыкі, а старэйшая Ганна, дзяўчына 19 — 20 гадоў, была закаханая ў Фёдара Міхайлавіча (ужо ўдаўца) і, па сцвярджэнні Любові Дастаеўскай, збіралася выйсці за яго замуж. Аднак яны засталіся сябрамі. Пасля вядомых падзей у Францыі, актыўнай удзельніцай якіх была “камунарка” Ганна Крукоўская, яна і яе “муж-камуніст” доўгія гады хаваліся ў Расіі, жылі ў Пецярбургу. Яны былі частымі і жаданымі гасцямі ў доме Фёдара Міхайлавіча, сведкам чаго была і дачка пісьменніка Любоў Фёдараўна. На яе думку, “бацька вывеў Крукоўскую ў вобразе Каці, нявесты Дзмітрыя Карамазава”. “Перапоўненая высокай свядомасці сямейнага гонару, яна ахвяруе сабой, каб выратаваць гонар свайго бацькі” і быць вернай “слову нявесты і сваёй місіі...” І далей: “яна праўдзіва літоўская [беларуская] дзяўчына, ганарлівая і цнатлівая”.

На радзіме продкаў пісьменніка шануюць памяць Дастаеўскага. У 1968 годзе ў школе вёскі Дастоева (Іванаўскі раён) быў створаны краязнаўчы музей яго імені. Сёння там больш за 3 тысячы экспанатаў. Цэнтральнае месца займае экспазіцыя раздзела “Дастоева і Дастаеўскі”. Тут размешчана радаводнае дрэва, фотакопіі дакументаў пра жыццё і творчасць, а таксама яго творы розных гадоў выдання і іншыя экспанаты, у тым ліку падараваныя ў 2007 годзе праўнукам Фёдара Міхайлавіча — Дзмітрыем Дастаеўскім. З 2012 года з дапамогай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі аднаўляецца сядзіба роду Дастаеўскіх.

Рыгор ЛЯНЬКЕВІЧ, дацэнт,
Эліна УСОЎСКАЯ, загадчык кафедры культуралогіі факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ, дацэнт