Місія выканана: дык нашы лепшыя?

№ 45 (1275) 05.11.2016 - 11.11.2016 г

V Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТеАRT”, завяршыўшыся напрыканцы кастрычніка, пакінуў роздумаў на цэлы год. Сярод іх — уражанні ад замежнага блока праграмы (нагадаем, беларуская частка разглядалася ў “К” № 43).

/i/content/pi/cult/611/13591/7-1.jpgНа жаль, цэласнага аналізу ўсяго паказанага на форуме гэтым разам не атрымаецца: з дзесяці замежных спектакляў давялося паглядзець сем. Таму хочаш ці не, а галаву свідруе думка, што самага цікавага я не пабачыла. І не я адна: усе астатнія прадстаўнікі СМІ (а сярод іх рэальных рэцэнзентаў — чалавекі два-тры, не больш) гэтак жа атрымлівалі перад некаторымі спектаклямі электронныя “лісты шчасця” з паведамленнем, што нас у залу не пусцяць. Нават пастаяць. У пэўны момант я нават пачала думаць, што прэсу наўмысна клічуць на тыя мерапрыемствы, дзе трэба тэрмінова запоўніць залу (да прыкладу, на дзённай лекцыі ў суботу) ці пасля якіх можна будзе не крывячы душой, без аніякіх сумневаў канстатаваць: а нашы, маўляў, лепшыя. І беларускі тэатр — “наперадзе планеты ўсёй”.

Але ж справа зусім не ў спаборніцтве! Дый у мастацтве яно зусім не галоўнае. Сёлета, на маю думку, змяніліся не толькі колькасныя суадносіны міжнароднай і беларускай праграм форуму (на карысць нашых спектакляў, зразумела), але і самі мэты замежных паказаў. Раней іх галоўная роля была ў адкрыцці новых мастацкіх даляглядаў. Цяпер, калі вектары найноўшай тэатральнай эстэтыкі прадэманстраваны і чым далей, тым больш становіцца заўважна, што беларускі тэатр можа паспяхова рухацца па тых маршрутах, роля замежных спектакляў — у стварэнні агульнай фестывальнай карціны. Таго фону, які акцэнтаваў бы самадастатковасць айчыннай праграмы.

А што, чым нашы горшыя? Глядзіце, як хутка навучыліся новым прыёмам: нават знешне фестывальныя спектаклі адразу адрозніваліся ад традыцыйных. Што ж да ўнутранага зместу, дык тут адно валодання сучаснымі тэхналогіямі замала. Акурат у гэтым і можна было пераканацца — у прыватнасці, на некаторых замежных спектаклях таксама. Дададзім, што тую ж тэндэнцыю: замежнае не заўжды апрыёры лепшае — акрэслілі і беларускія спектаклі, блізкія па часе сваіх прэм’ер да форуму і пастаўленыя запрошанымі рэжысёрамі (“Гэта ўсё яна” ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, “Камера, якую дала мне маці” ў Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва).

Але заўважым: пры тым, што квіткі на “ТеАRT” раскупляліся добра, нават у міжнароднай праграме заставаліся асобныя спектаклі, якія ў цэлым збіралі залу, ды не аншлагавую. Прааналізаваўшы анонсы, змешчаныя на сайце форуму і ў фестывальным друкаваным выданні, што ў якасці рэкламы было ў вольным доступе, я вельмі здзівілася тым тэкстам — больш дакладна, іх мэтавай аўдыторыі. Бо на такім буйным фестывалі, што прыцягвае сапраўдных знаўцаў і аматараў тэатральнага мастацтва, наўрад ці трэба пераказваць сюжэты, тым больш вядомых класічных п’ес. Затое можна прыцягнуць гледача найбольш адметнымі рысамі іх увасаблення, зваротам увагі на нейкія ноу-хау. Праўда, для складання анонсаў, арыентаваных на “асаблівасці нацыянальнай публікі”, звычайных апісанняў спектакляў, дасланых нашым арганізатарам (а менавіта так, як патлумачылі, і робяцца рэкламныя тэксты форуму), будзе замала.

Ці пойдзе, да прыкладу, шырокая публіка ў тым жа Заводскім раёне ў Палац культуры МАЗа на спектакль пра… Французскую рэвалюцыю з наступным апісаннем: “Тры эмісары рэвалюцыі прыбылі на Ямайку з мэтай узняць паўстанне рабоў”. Але, маўляў, з прыходам да ўлады Напалеона сярод іх пачынаюцца спрэчкі, ці застаецца іх місія патрэбнай. А між тым, спектакль “Місія. Успамін пра адну рэвалюцыю” (Германія) мог бы стаць сапраўднай сенсацыяй нават для тых, хто зусім не цікавіцца ні палітыкай ні філасофіяй, аддаючы перавагу хіба яркім відовішчам. Бо развагі на складаную тэму, што не мае вырашэння, адзіна правільнага на ўсе часы, былі ўкладзены ў незвычайную форму, здольную прывабіць, у тым ліку, непадрыхтаваную публіку. Больш за тое, падобная “правакацыйная” відовішчнасць здалася некаторым прадстаўнікам маладой інтэлігенцыі настолькі нечаканай, што ў час далейшага абмеркавання адзін хлопец запытаў пастаноўшчыкаў, ці часта іх абвінавачваюць у кітчы.

Сапраўды, чаго толькі ў спектаклі ні было! Так, не было і намёку на жанр “гаворачых галоў”, аздоблены, у лепшым выпадку, хаджэннем па сцэне (ці, яшчэ ў нас часцяком бывае, хаджэннем па коле — адзін артыст насупраць другога). Затое быў адметны сінтэз усяго, што толькі можна ўявіць! Спалучэнне жывой музыкі з запісамі, тэатра з кіно і мульцікамі, рэалізму з эстэтыкай вар’етэ і тэатра абсурду, дакументалістыкі з утопіяй і пародыяй, камікавання з непадробным трагізмам, запальнай танцавальнасці са статыкай скульптурных выяў — усяго не пералічыць! І што самае цікавае, усе гэтыя “відовішчы” ніяк не засланялі сабой “хлеб” (чытай: змест пастаноўкі), а, наадварот, высвечвалі яго яшчэ больш яскрава, садзейнічаючы раскрыццю патаемных сэнсаў і абуджаючы ўсё новыя ды новыя думкі.

Прынцыпова новым сінтэзам музыкі і тэатра падаўся спектакль “Шапэн без фартэпіяна” (Польшча). У цэнтры яго — усяго адна актрыса Барбара Высоцка. І яшчэ раяль, што становіцца “плацдармам” асноўных падзей. Але дзеянне ў поўнай меры можна назваць “паралельным”, бо побач знаходзяцца музыканты — у ролі жывога аркестра. Яны выконваюць запар абодва фартэпіянныя канцэрты кампазітара — зразумела, без сольнай партыі, бо гучанне раяля заменена маналогамі жывой артысткі. У іх таксама сплецены розныя жанры: спачатку — штосьці накшталт музыказнаўчага аналізу, славеснага “апісання” музыкі, “лекцыі” пра той твор, які гучыць. А надалей — і выказванні выканаўцаў, і фрагменты з шапэнаўскіх дзённікаў, і абмалёўка гістарычнага фону, на якім ствараліся яго творы, і рознабаковае асэнсаванне (і пераасэнсаванне) творчасці польскага класіка. Камусьці спектакль падаўся не надта цікавым (маўляў, падумаеш, слуханне музыкі з каментарамі). Я ж успрыняла яго крокам на шляху музычна-тэатральных кампазіцый, дзе музыка адыгрывае не “дадатковую” ці эпізадычную ролі, а адну з галоўных, падпарадкоўваючы сваёй драматургіі ўсе астатнія складнікі спектакля. Уразіла і імкненне палякаў максімальна рознабакова паказаць асобу і музыку Шапэна як сапраўднага сімвала сваёй краіны. Чаму б і нам не павучыцца?

Маналогі, аздобленыя відэашэрагам, былі і ў цэнтры монаспектакля “Паліва” (Санкт-Пецярбург), што патрабавала энергетычна моцнага акцёра, якім і аказаўся Максім Фамін. Гэты спектакль дадаткова пераканаў: трэба і нам, беларусам, знайсці ўласных герояў, якіх мы будзем “раскручваць” праз тэатральнае мастацтва таксама і на прыкладзе якіх будзем узнімаць актуальныя тэмы сучаснасці, прызначэння чалавека ў свеце, ролі асобы ў гісторыі, унёску кожнага ў развіццё сваіх уласных здольнасцей і, адпаведна, развіццё грамадства.

“Кінг сайз” (Швейцарыя) вымусіў узгадаць наш спектакль “З жыцця насякомых” — сусветную прэм'еру форуму, бо ў цэнтры абодвух аказаліся вакальныя творы, абыграныя тэатральнымі сродкамі. У памяці ўсплылі і разнастайныя замежныя спробы ператварыць некаторыя вядомыя вакальныя цыклы ў міні-спектаклі, наблізіўшы іх да опернага жанру. Што ні кажыце, а сінтэз мастацтваў, у якім музыка адыгрывае ўсё большую ролю, — сапраўдны трэнд апошняга часу. І мы ў гэтым сэнсе не адстаём!

Яшчэ адным прыкладам адметнага сінтэзу, пераасэнсавання класікі і ўнясення ў яе найсучасных спасылак стаўся сумесны праект Санкт-Пецярбурга і Лондана “Мера за меру” паводле Шэкспіра. “Трагедыя Макбета” (Славенія) навучыла іншаму: уменне карыстацца сучаснымі сродкамі пры звароце да шэкспіраўскага шэдэўра — яшчэ не гарант поспеху. А такі прыём, як перанясенне часткі дзеяння ў фае з мэтай стварыць эфект нашай прысутнасці на каралеўскім баляванні і да таго падобнага, можна было б узяць нам на ўзбраенне і выкарыстоўваць нават у дзіцячых ранішніках, “уплятаючы” іх у сюжэтныя павароты казачных перыпетый.

Сярод самых чакаемых спектакляў быў “Горад. Жаніцьба. Гогаль” (Санкт-Пецярбург), пазначаны аўтарскім почыркам рэжысёра Юрыя Бутусава. Сапраўды, іскраметных прыдумак тут не злічыць! Але гледзячы на ўсё тое багацце фантазіі і шматлікія паўторы знойдзеных прыёмаў, я раптам злавіла сябе на “крамольнай” думцы: у “Жаніцьбе”, пастаўленай летась у Магілёўскім абласным драматычным тэатры, было ўсё тое ж самае, толькі зусім іначай, з аўтарскім почыркам Саўлюса Варнаса і… лепш! Той жа сінтэз тэатра, цырка, кіно, музыкі, усяго-ўсяго-ўсяго, але больш трапна, цэласна, “сабрана” ў адзіную драматургічную лінію замест асобных аскепкаў. Вось толькі расійскі спектакль усе ўспрынялі “на ўра”, а магілёўскі — мабыць, “геаграфіяй” не выйшаў? Але сталічны снабізм у дачыненні да “перыферыі”, якая даўно ёй не з’яўляецца, асабліва ў культурным сэнсе, — тэма для асобнай размовы.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"