Чырвоны агат вандровак.

№ 17 (835) 26.04.2008 - 02.05.2008 г

Кіно Уладзіміра Караткевіча. Частка II

 
 Карта падарожжаў па Беларусі, “скарэкціраваная” рукой Уладзіміра Караткевіча.
Калі Гродна стала Алесяй?

Усё сваё жыццё Караткевіч займаўся духоўнай рэстаўрацыяй гісторыі свайго народа — як мінулай, так і той, што пісалася тут і сёння. І ні ў якім пісьменніцкім кабінеце ён не мог бы (ды і не хацеў!) штучна здабыць тое, што давалі яму падарожжы па роднай зямлі. Ён шмат набываў, але шмат і аддаваў. У тое наша падарожжа з кінакамерай па нібы новаадкрытай краіне здымачнай групай — Беларусі — мы здымалі цэрквы, рэшткі крэпасцей, падмуркі і фрагменты сцен — усё тое, што займала няўрымслівую душу Уладзіміра Караткевіча. Пасля кожнага аб’екта ён накідваў дробным, уборыстым, амаль каліграфічным почыркам у сваім блакноце дыктарскі тэкст, часта ў гулліва-жартоўнай форме. З сабой у нас была карта рэспублікі, на якой мы адзначалі маршрут і асноўныя месцы здымак. Валодзя рабіў на карце ўласныя паметы. Я ніколі раней нікому не паказваў гэтую карту. Было тут штосьці глыбока асабістае.

Неяк рухаючыся ў бок Віцебска з поўдня на поўнач, мы праскочылі горад і пайшлі ў напрамку да Полацка, маючы намер вярнуцца ў Віцебск пазней. Дырэктарам фільма, гэта значыць чалавекам, які загадваў фінансамі, быў Леў Кузьміцкі. Ён не часта цешыў нас сваёй прысутнасцю, будучы пераважна ў Мінску. У Віцебск ён павінен быў перавесці належныя нам грашовыя сродкі. І якое ж было наша здзіўленне, абурэнне і злосць, калі, вярнуўшыся праз два дні ў Віцебск, мы не знайшлі там ніякіх грашовых пераводаў. Так што грошай на гасцініцу не было, мы аказаліся ідэальна галодныя і досыць злыя (як ні дзіўна, акрамя Валодзі, — ён паставіўся да гэтага з гумарам), да вечара чакалі пераводу, з надыходам ночы паехалі з Віцебска. А Валодзя, узяўшы ў мяне карту, закрэсліў на ёй назву “Віцебск” і зверху дапісаў сваё: “г. Кузьміцк-Галадаеў”.

Такія “перайменаванні” на гэтай карце ён рабіў не раз. Міхалішкі, дзе мы здымалі унікальную царкву, знаходзяцца непадалёк ад гарадка Астравец, а сябра Караткевіча Адам Мальдзіс родам з гэтых мясцін — з вёскі Рассолы Астравецкага раёна. Мальдзіс вось-вось павінен быў пад’ехаць, мы ж усё валаводзіліся са здымкамі. Валодзя крыху занерваваўся — і вось ужо на карце замест Міхалішак з’яўляецца новая назва: “г. Мальдзіс”.

У Гродне,каб праехаць па наваколлях, мясцовыя ўлады прапанавалі нам у якасці правадніка цудоўную дзяўчыну, работніцу музея Алесю. Яе блузка была аздоблена нацыянальным беларускім арнаментам, а зялёная спаднічка нагадвала каларыстыку старадаўняга касцюма. Ды і ўся яна свяцілася някідкай, але непаўторнай і натуральнай красою беларускі — папяляныя валасы, блакітныя вочы, поўныя ўсмешлівыя вусны. Усё наша падарожжа Валодзя так і не даў нікому з нас, акрамя сябе, зразумела, рот раскрыць. У Гродне развітваліся з жалем, а як толькі ляпнулі дзверцы за зніклай прыгажуняй, Валодзя выхапіў у мяне карту, энергічна закрэсліў надпіс “Гродна” і хутка напісаў: “г. Алеся”.

У Рагачове жыў дзядзька Караткевіча — Ігар Васільевіч. У яго доме нашу групу прынялі па-царску: накармілі, спаць паклалі, і ўранку г. Рагачоў на карце быў перайменаваны ў “г. Дзядзькаў”.

Каб зацвердзіць усе свае перайменаванні, ён распісаўся проста на карце: “Аўтар сцэнарыя Ул.Караткевіч”.

Галоўнае, што ўмеў Валодзя, — сваёй весялосцю заразіць усіх вакол. У выніку працавалася лёгка, бесканфліктна, самааддана.

Асацыяцыі спынілі “прызямленне”

Рэжысёр Арсен Ястрабаў зняў апошнюю работу Караткевіча ў дакументалістыцы. У 1967-ым яны працавалі над 10-хвіліннай дакументальнай стужкай “Будзь шчаслівай, рака”, у якой галоўную ролю выконвае Яго Вялікасць Дняпро. Далей будзе толькі ігравое кіно. А з той пары, з таго фільма “Памяць каменя” засталося некалькі кадраў самога Валодзі Караткевіча, які выходзіць з возера Свіцязь і ідзе да вогнішча, толькі нядаўна так па-майстэрску разведзенага ім пад досыць моцным ветрам.

Увогуле ж на кінаплёнцы выяў Караткевіча збераглося вельмі мала: пара выступленняў на афіцыйных урачыстасцях дый дзве невялікія ролі— ксяндза і татарына — у фільме Уладзіміра Бычкова “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, экранізацыі рамана самога Караткевіча.

Раман, як і фільм, крытыкі называлі сацыяльнай пародыяй на падзеі ў сярэднявечнай Беларусі, называючы гістарычнай легендай. Але гэта не так. Мне здаецца, сутнасць рамана зусім у іншым: ён быў вельмі нават сучасным, бо Караткевіч здолеў увесці масу асацыяцый з днём сённяшнім, дакладней, з тагачасным Палітбюро.

Вядома, усёй сваёй творчасцю Караткевіч даў нам беларускія гістарычныя раманы і аповесці, якія нараджаюць высокія і светлыя пачуцці любові да нашага народа, да яго гістарычнага і шматпакутнага мінулага. Але, разам з тым, ён прыўнёс у беларускую літаратуру яснае разуменне сучаснасці і ацэнкі тагачасных падзей, так што наўрад ці яго творчасць можна ацэньваць толькі ў аспекце мінулага. Васіль Быкаў пазначыў жанр літаратурнай першаасновы (раман) як “прыгодніцка-гераічная гісторыя мужыцкага Хрыста”. Але было там, вядома, “двайное дно”.

У фільме асноўная дзея адбывалася вакол былога мірскага “шкаляра і шалбера” Юрася Братчыка, які невядома як і адкуль з’явіўся на беларускай зямлі, дзе квітнеюць несправядлівасць і здзекі з бедных. Хуткі ж на выдумкі Юрась відочна аферысцкімі метадамі “здзяйсняе цуд” для бедных, тым самым прыводзячы ў шаленства высокіх уладароў. А герой рамана і стужкі ўмудраецца яшчэ і пакараць іх — за скнарніцтва, несумленнасць, ілжывасць, прагу да ўлады, няшчырасць і так званую “двайную гульню”, што было гэтак уласціва 60-ым гадам. І, на жаль, гэтак добра знаёма кінагледачу.

Акцёр маскоўскага тэатра на Малой Броннай Леў Дураў — Юрась — ствараў не вобраз мужыцкага Хрыста, а хітрага і спрытнага беларускага мудраца “з народу”. Герой Караткевіча сваёй задзірыстасцю, самастойнасцю выбіваўся з вызначаных “партыйных правілаў”, дый проста супрацьстаяў ім. Такім аўтар бачыў сапраўднага беларуса — разумнага, смелага, гатовага да апошняй сарочкі змагацца за сваю родную зямлю, традыцыі, гісторыю, а галоўнае — за незалежнасць і волю свайго народа.

Толькі Караткевіч, яго апантанасць у творчасці, яго палымяная, ажно да дзівацтва, любоў да роднай Беларусі пазней падштурхнула мяне да работы над цэлым шэрагам фільмаў пра сыноў беларускай зямлі з трагічна-гераічным лёсам. Пранізлівы верш “Паўлюк Багрым”, са стогнам абарванай скрыпічнай струны, прымусіў мяне зняць дакументальны фільм пра паэта. Тое, што было перададзена Караткевічам мне, падштурхнула мяне да здымак стужак “Цішка Гартны”, “Алесь Гарун”, “Максім Гарэцкі”, дый у мастацкіх фільмах мяне заўсёды прываблівала нацыянальнае: экранізацыя беларускіх казак у “Марынцы, Янку і тайнах каралеўскага замка”, зварот да п’есы Янкі Купалы “Паўлінка” — “Пасля кірмашу”. А з актрысай жа Паўлінай Мядзёлкай — прататыпам гераіні і першай сцэнічнай Паўлінкай, — Валодзя быў добра знаёмы і шмат расказваў мне пра Паўліну Вікенцьеўну і яе незвычайны, нібы “перавернуты”, лёс. Можа і не варта тут згадваць, але жыццё яе звязана з адпаведнымі органамі, якія надта ж пільна цікавіліся думкамі Янкі Купалы. А Мядзёлка ж была першым палкім каханнем беларускага Песняра. Вось гэты дзіўны пералом лёсаў асабліва хваляваў Уладзіміра Караткевіча. Ён казаў, што некалькі разоў падступаўся да тэмы, але раман пра зламаны лёс Паўліны ён так і не напісаў.

Фільм “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” пасля многіх правак быў паказаны не ў кінатэатрах, а выйшаў у скарочаным, некалькі разоў пераманціраваным варыянце толькі на экраны клубаў і нават пад другой назвай — “Жыццё і ўзнясенне Юрася Братчыка”, але неўзабаве быў зняты і з гэтых “другарадных” экранаў. Сцэнарый быў напісаны так, што фільм, насуперак усім дапрацоўкам і пераробкам, надзейна “лёг на паліцу” і пабачыў божы свет ды гледача толькі праз 22 гады з аднаўленнем (дарэчы, па ініцыятыве Саюза кінематаграфістаў) першапачатковага мантажу і назвы “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Тады ўжо змяніўся грамадскі лад, знікла Палітбюро, і фільм, нягледзячы на ўсе свае мастацкія вартасці, страціў палітычную актуальнасць. У гэты час Валодзі ўжо не было сярод жывых. Што ж, у рамане “Каласы пад сярпом тваім” вуснамі Кастуся Каліноўскага Караткевіч сказаў: “Кожны раз чалавецтва бліжэй да шчасця... на вышыню нашых магіл”.

Кароткае кіно пра вялікую душу

Пасля такой расправы з фільмам “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” ўваход на “Беларусьфільм” для Караткевіча быў наглуха забіты дошкамі з цвікамі-соткамі. Толькі праз шэсць гадоў сцэнарная калегія рызыкне разгледзець сцэнарый кароткаметражкі “Чырвоны агат”. Малады рэжысёр Аляксандр Полагаў здымаў навелу амаль пад пастаянным наглядам Валодзі, які выязджаў на поўдзень, дзе адбываліся здымкі і кансультаваў увесь працэс.

Сюжэт не складаны, але выснову з яго Караткевіч робіць глыбокую. Дзяўчынка з адпачыванцаў, каб выратаваць свайго хворага дзеда, выпраўляецца да мора ў пошуках чырвонага агату. Таго самага, які, паводле аповедаў мясцовых жыхароў, дапамагае хворым. Пераадольваючы мноства перашкод, яна здабывае агат. І ўсё. Але стваральнікі фільма паказваюць не гераізм дзяўчынкі, а фарміраванне яе характару. І глядач верыць, што менавіта яна стане чалавекам, здольным ахвяраваць сабой дзеля выратавання іншых. Яна заўсёды будзе шукаць і знаходзіць той самы “агат”.

Навела “Чырвоны агат” дала назву ўсяму кінаальманаху. А самым перспектыўным сталася тое, што здымаў яе аператар Юрый Марухін. Тут яны не толькі пасябравалі з Караткевічам, але і знайшлі адзін у адным роднасныя душы. Шмат пазней, калі Марухін будзе здымаць фільмы як рэжысёр, ён назаўсёды захавае ўлюбёнасць у літаратуру Караткевіча. Таго ўжо не будзе сярод нас, а Марухін раз за разам, год за годам будзе “прабіваць” пастаноўку напісаных Валодзем сцэнарыяў.


Юрый ЦВЯТКОЎ,
заслужаны дзеяч мастацтваў,
лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь
(Заканчэнне будзе.)