Юбілейныя “Каласавіны”

№ 45 (1275) 05.11.2016 - 11.11.2016 г

XXX навуковая канферэнцыя “Каласавіны”, прысвечаная 134-м угодкам народнага паэта Якуба Коласа, прайшла на гэтым тыдні ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Песняра.

/i/content/pi/cult/611/13588/3-2.jpg

Зінаіда Камароўская і Марыя Міцкевіч,  унучка Якуба Коласа. / Фота Аліны САЎЧАНКА

Як адзначыла дырэктар установы Зінаіда Камароўская, “кожная канферэнцыя пакідае след ад плённых прац. І здавалася б, што новага можна знаходзіць на працягу трыццаці гадоў такой вялікай колькасці даследчыкаў? Аказваецца, можна. Таму што творчасць Коласа невычэрпная”.

Прывітальныя словы ад міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Святлова былі зачытаны перад пачаткам канферэнцыі галоўным спецыялістам упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Мінкультуры Аленай Палавец. Кіраўнік органа дзяржкіравання падкрэслівае, што імя Якуба Коласа знаёмае кожнаму беларусу яшчэ з дзяцінства і суправаджае яго на працягу ўсяго жыцця. Творчасць Коласа зразумелая і блізкая для асоб усіх узростаў, сацыяльных статусаў і пасад. Дзейнасць Якуба Коласа, яго роля і значэнне ў мастацкай літаратуры высока ацэнены сусветнай супольнасцю, што ў чарговы раз пацвярджаецца колам удзельнікаў XXX навуковай канферэнцыі “Каласавіны”.

Дарэчы, апроч прадстаўнічага кола беларускіх даследчыкаў, сярод замежных гасцей традыцыйнай падзеі былі загадчык музея Уладзіслава Бранеўскага Эліза Чапска, загадчык Музея-кватэры Аляксандра Блока Лідзія Пушкарова, дырэктар літаратурна-мемарыяльнага музея Максіма Рыльскага Вікторыя Калеснік, дырэктар Літаратурнага музея Аляксандра Пушкіна ў Вільнюсе Надзея Петраўскенэ, вучоны сакратар Літаратурна-мастацкага музея Марыны і Анастасіі Цвятаевых у горадзе Аляксандраў Эльвіра Калашнікава ды іншыя. Асаблівыя словы падзякі Зінаіда Камароўская адрасавала доктару філалогіі Міхасю Мушынскаму, галоўнаму дарадцу, памочніку і сябру Музея Якуба Коласа. На навуковай канферэнцыі, у прыватнасці, прагучалі даклады загадчыка кафедры грамадскіх дысцыплін і права Бабруйскага філіяла Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Аляксея Ненадаўца, старшыні Дзіцячага фонда духоўнага і культурнага развіцця Марыі Міцкевіч, дацэнта кафедры тэорыі літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Міхася Кенькі і многіх іншых.

Да ўрачыстага мерапрыемства супрацоўнікі літаратурна-мемарыяльнага музея падрыхтавалі выставу падарункаў, якія зрабілі музею шматлікія прыхільнікі. Сярод экспанатаў — партрэты Якуба Коласа рукі мастака Васіля Ткачука, кніга “Выбраныя творы” з аўтографам класіка, якую ён адрасаваў рускаму літаратару Новікаву-Прыбою.

У пятніцу навуковая дэлегацыя разам з супрацоўнікамі ўстановы выправіліся пад Стоўбцы, у Смольню, каб пасадзіць дрэвы на радзіме Якуба Коласа ў памяць наступнікаў Песняра — Генадзя Бураўкіна, Ніла Гілевіча, а таксама сына песняра — Данілы Міцкевіча.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст