Алгарытмы музычных перакладаў

№ 44 (1274) 29.10.2016 - 04.11.2016 г

Апошнім часам Беларусь усё часцей пазіцыянуецца як цэнтр Еўропы. Як доказы згадваецца і геаграфічнае становішча нашай краіны, і яе гістарычнае мінулае. Беларускае ж мастацтва мы схільныя абмяжоўваць выключна нацыянальнымі складнікамі, не дбаючы пра тое, чым такі твор можа быць цікавым для іншых народаў. У выніку “цэнтр Еўропы” атрымліваецца нейкім адасобленым ад астатняга свету, з гэткім падзелам на “наша” і “еўрапейскае” — замест некаторых відавочных паралеляў паміж нацыянальным і замежным.

/i/content/pi/cult/610/13567/5-1.jpgСапраўды, што агульнага можа быць між беларускімі песнямі і… ірландскімі баладамі? Апошнія спачатку зацікавілі мяне самі па сабе — найперш прыгожымі мелодыямі, выразнымі інтанацыямі. Захацелася праспяваць іх на роднай мове і тым самым данесці да нашага слухача. Але пачаўшы працаваць, я хутка зразумеў, што проста перакласці не ўдасца: надта многа ў тых тэкстах не знаёмых нам геаграфічных назваў, не прыдатных для беларускага маўлення і асабліва спеваў, дый самі закранутыя тэмы, іх трактоўка патрабуюць дадатковага прыстасавання да нашага менталітэту. Але ж музыка такая цудоўная! Ну як ад яе адмовіцца? І я стаў тыя балады “пераспяваць”, змяняючы дэталі. У выніку прыйшоў да складання новых твораў, але “паводле ірландскіх матываў” — штосьці накшталт варыяцый на зададзеную музычную канву.

Змянілася найперш сама тэматыка балад. Якія асацыяцыі выклікалі мелодыі, пра тое я і складаў да іх вершы. Але змянілася сёе-тое і ў самой музыцы: давялося “пагуляць” з рытмікай, тэмпамі. Такіх ірландска-беларускіх “пераспеваў” праз колькі месяцаў назбіралася каля двух дзясяткаў, і я зрабіў іх аўдыязапіс. Але застаўся незадаволены, і праца ішла яшчэ два гады. Да мяне далучыўся выдатны музыкант Купалаўскага тэатра Юрый Хілавец — мультыінструменталіст, чалавек надзвычай творчы, зацікаўлены, з іскрынкай, запалам, жаданнем эксперыментаваць, не спыняцца ў пошуках. І чым больш мы гэтак “корпаліся” ў абраным матэрыяле, тым больш знаходзілі кропак яго судакранання з беларускім фальклорам. Зразумела, ні пра якую ідэнтычнасць не можа быць размовы! Але ў кожнай нацыянальнай культуры ёсць свае аналагі той ці іншай з’явы, бо законы музыкі, чалавечай псіхалогіі адмяніць немагчыма, яны дзейнічаюць, хай крыху па-рознаму, пры любых умовах. І раптам высветлілася, што тыя ж бойкія, жвавыя ірландскія песенькі так падобныя да нашых беларускіх полечак! У гэтым зможа пераканацца кожны, прыйшоўшы на маю канцэртную праграму “Смак лістапада”. А тое, што яна будзе прэзентавацца на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, дзе не ўпершыню ажыццяўляюцца міжнацыянальныя сінтэзы, удвая сімвалічна.

Да разумення важнасці такога засваення і “перакладу” чужых культур я прыйшоў не адразу. Калісьці мяне вельмі ўразіла, што ў тым жа Вільнюсе савецкія шлягеры гучалі па-літоўску. У 2009-м я выпусціў альбом “З бацькоўскай кружэлкі”, дзе былі сабраны замоўленыя мне тэлебачаннем пераспевы, што называецца, ад праславутай “Муркі” да Гершвіна. Але самы моцны штуршок даў мне Зміцер Вайцюшкевіч: мы рабілі з ім спачатку японскія песні, потым італьянскія, французскія. Аглядаючыся назад, цікава назіраць, як змянялася маё “супрацоўніцтва” з першавытокамі. Спачатку былі звычайныя пераклады, а чым далей, тым больш з’яўлялася “беларускасці”, самых нечаканых “спляценняў” іншых нацыянальных культур з нашай. Навукоўцы невыпадкова называюць гэта “дыялогам культур”. Бо з філасофскага пункту гледжання дыялог больш каштоўны за два асобныя маналагічныя выказванні: у ім улічваецца момант успрыняцця, апрыёры парушаецца “закансерваванасць”, адасобленасць, гэткае “культурнае гета”, узнімаецца не толькі жаданне штосьці сказаць, але і неабходнасць выслухаць, прыслухацца — і, урэшце, выказацца так, каб цябе зразумелі не толькі на радзіме. Эх, хацелася б пачуць і беларускія песні — па-ірландску, па-японску…

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"