Ньюсмейкер і міфы

№ 44 (1274) 29.10.2016 - 04.11.2016 г

Мінскі рыэлтар Аляксандр Гарашчэня са сваёй ацэнкай асобы і творчасці Рыгора Барадуліна стаў сапраўдным ньюсмейкерам кастрычніка. Маральную ацэнку ягонаму посту ўжо далі шматлікія карыстальнікі сеціва. Не выключана, што будзе ацэнка і юрыдычная.

/i/content/pi/cult/610/13564/5-6.jpgЯ ж, пазнаёміўшыся з акаўнтам рыэлтара яшчэ да яго блакавання, даведаўся, што ён прыехаў у Беларусь, калі яму было 24 гады, мовы беларускай не ведае, беларускай літаратуры (і канкрэтна — творчасці Рыгора Барадуліна) таксама. У сувязі з гэтым мне згадалася выслоўе з савецкіх часоў: “Пастернака (Бродского, Солженицина) я не читал, но осуждаю”.

Але падумалася мне вось пра што. Чаму на 25-м годзе існавання нашай краіны як суверэннай знаходзяцца тыя, хто глядзіць на беларусаў у Беларусі як на сацыяльна неабароненую групу? З майго гледзішча, абсалютная большасць тых, хто прыехаў да нас з іншых краін і атрымаў грамадзянства, беларускім пашпартам, прыналежнасцю да нашай культуры, да беларускай нацыі ганарацца. А калі-нікалі ў сэнсе беларускага патрыятызму могуць і аўтахтону фору даць. Так што агрэсіўнае непрыманне беларушчыны —- відавочная анамалія, але з яе праявамі даводзіцца сустракацца. Гэта як пустазелле: калі яго не выпалываць, разрасцецца і заглушыць на ўсім абшары культурныя расліны.

Карані гэтай з’явы, мяркую, трэба шукаць у 1990-х, калі ў шэрагу дзяржаў, што ўтварыліся пасля распаду СССР, сёй-той стаў перад выбарам: ці прымаць як дадзенасць новыя сацыяльна-палітычныя рэаліі і культурныя прыярытэты. У Беларусі пытанне так жорстка ніколі не стаяла. Нацыянальныя меншасці ў нашай суверэннай дзяржаве адразу атрымалі немалыя прэферэнцыі. Руская мова, “лінгва франка” савецкай пары, мае ў нас статус дзяржаўнай, ды і людзям рускамоўным і псіхалагічна арыентаваным на тое ў Беларусі камфортна. Таму і дзіўная для мяне заява рыэлтара.

Не буду абагульняць і трактаваць канкрэтны эпізод як тэндэнцыю. Але ж можа надышоў час развітацца з міфам пра беларускую памяркоўнасць і нагадаць некаторым, што беларускае грамадзянства — гэта не толькі правы, але і абавязкі. У тым ліку і абавязак паважаць краіну, якая дала табе дом і магчымасці.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"