Крокі да “Лістападу”

№ 43 (1273) 22.10.2016 - 28.10.2016 г

У Мінску на пляцоўцы кінатэатра “Мір” адбылася прэс-канференцыя, прысвечаная прэзентацыі праграмы XXIII Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”, які будзе праходзіць з 4 па 11 лістапада. Кінапаказы пройдуць у кінатэатрах “Масква”, “Мір”, “Піянер”, “Перамога”, “Цэнтральны” і Музеі гісторыі беларускага кіно.

На мінскім кінафестывалі сёлета прадэманструюць 159 карцін, з якіх 83 — у рамках конкурсаў. Геаграфія праграмы на дадзены момант складае 45 краін, і ўпершыню ў гісторыі ММКФ удзельнічае Ліван.

Кіраўнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Белякова заўважыла, што “Лістапад” вельмі сімвалічна завяршае Год культуры, гэткім чынам становячыся адной з самых важных падзей гэтага года.

Дырэктар праграм ігравога кіно “Лістапада-2016”, дырэктар конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік” Ігар Сукманаў падзяліўся меркаваннем наконт спецыфікі беларускага кінамерапрыемства. Па яго словах, “Лістапад” — адзіны сярод кінафестываляў свету, дзе робіцца ўпор на краіны з адзіным ідэалагічным мінулым і рознымі лёсамі цяпер. Напрыклад, у конкурсе дэбютных карцін “Маладосць на маршы” ўдзельнічаюць фільмы маладых духам, смелых рэжысёраў, якія не абмежаваны тэрытарыяльна, што не баяцца эксперыментаваць і нават аказацца незразумелымі аўдыторыяй.

Пра тое, чаго чакаць ад дакументальнай праграмы фестывалю, распавяла Ірына Дзям’янава, дырэктар праграм неігравога кіно: “Шмат фільмаў будуць таксама менавіта ад маладых рэжысёраў”. Таксама падчас прэс-канферэнцыі было падкрэслена, што ўпершыню лаўрэаты Нацыянальнага конкурсу “Лістапад” атрымаюць у якасці прызоў падтрымку ў рэалізацыі свайго наступнага кінапраекта.

Анжаліка Крашэўская, дырэктар “Лістапада” і кіраўнік Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “АРТ Карпарэйшн”, выказала ўдзячнасць заснавальнікам буйнейшага кінафоруму краіны — Міністэрству культуры Беларусі і Мінгарвыканкаму. Выказала яна таксама і занепакоенасць за штогадовыя праблемы з пошукам дадатковага фінансавання: “Міністэрства культуры моцна дапагае нам, як і ў пошуку спонсараў, аднак праблемы нікуды не знікаюць. Хацелася б у будучыні ўсё ж такі змяніць сітуацыю”.

На пляцоўцы “Галерэя “Tut.by” з 5 па 10 лістапада ў рамках форуму пройдзе індустрыяльная платформа кінафестывалю. Па словах яе галоўнага каардынатара Лізаветы Бобрыкавай, галоўнай мэтай падзеі станецца ўвага да задач фарміравання нацыянальнай кінаіндустрыі, абмеркавання самых актуальных з іх на майстар-класах, канферэнцыях з рэжысёрамі і гэтак далей. Аднымі з самых цікавых мерапрыемстваў, якія абяцае платформа, стануць дзень віртуальнай рэальнасці і сцэнарнае “сватаўство”, дзе сцэнарысты прапануюць вынікі сваёй работы рэжысёрам.

На Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” прыедуць госці з шэрагу краін-удзельніц. Ігар Сукманаў падкрэсліў, што робіцца ўпор на тыя імёны, чые карціны будуць прадстаўлены гледачам.

Напрыканцы ж прэс-канферэнцыі начальнік аддзела рэпертуарнага планавання і прагназавання УП “Кінавідэапракат Мінгарвыканкама” Вольга Багаварава агучыла кошты на сеансы “лістападаўскага” кіно. Білет на адкрыццё і закрыццё кінафестывалю абыдзецца мінчанам у 10 рублёў, на астатнія сеансы — ад 1 рубля 15 капеек да 6 рублёў у залежнасці ад месца і дня паказу.

Вольга СТАРАВОЙТАВА, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ