Беларускае ўварванне на заходнім медывал-фронце

№ 43 (1273) 22.10.2016 - 28.10.2016 г

“Стары Ольса” вярнуўся са шчытом: доўгі музычны шлях дадому
Вось і завяршыўся амаль двухмесячны заакіянскі канцэртны ваяж гурта “Стары Ольса”. Пра яго вынікі і ўражанні ў адным з бліжэйшых нумароў “Культуры” паведаміць лідар калектыву Зміцер Сасноўскі, але спачатку мы раскажам вам пра некаторыя з апошніх выступаў каманды ў рамках тура па ЗША...

/i/content/pi/cult/609/13553/13-1.jpgДзе кантры?

У горадзе Кембрыдж (штат Масачусэтс), нагледзеўшыся на будынкі з чырвонай цэглы, паркі, качак ды студэнтаў, ансамбль даў сэт у Першай царквы. Каб не “дабіць” і без таго старадаўнія сцены будынка, праграму музыканты адыгралі спецыяльную — акустычную. Мясцовыя беларусы прынялі яе цёпла. У Нью-Хэйвене (Канэкцікут) калегам па сцэне нашым артыстам стаў гурт, што выконваў балканскую музыку. “Дзе ж ваша кантры?!” — магчыма, так хацелі выгукнуць беларусы, да свайго здзіўлення не так часта сустракаючыся падчас турнэ з быццам бы самым амерыканскім кірункам у музыцы. Можа, пашанцуе ў Нью-Ёрку?..

“Дудкі”! Таму суайчыннікам давялося пастарацца з творчасцю сярэднявечнай, каб нацешыць слых ды густ наведвальнікаў клуба, размешчанага ў Брукліне. Землякоў сярод іх было столькі, што “ольсаўцам” часам здавалася, што нікуды з Беларусі яны і не з’язджалі. Старадаўнія “мантры” спяваліся агульным хорам, разам прыдумляліся ды развучваліся танцы. “Бiсоўка”, сэлфi, усе справы... Увогуле, усё было, як у дарослых, усё, як у якога-небудзь “Red Hot Chili Peppers”. Гаспадара ўстановы, афраамерыканца, кампазіцыі так уразілі, што ён загадаў бармэну: “Jameson” маім сябрам!” Гісторыя пакуль замоўчвае, у якім стане ўдзельнікi гурта дабраліся да дому знакамітага беларускага барда Сяржука Сокалава-Воюша (ён у свой час перабраўся ў Штаты), які прадаставіў музыкантам “СО” начлег...

Тур жа прадоўжыўся ў штаце Мэрыленд у горадзе Кроўнсвiл на “Maryland Renaissance Festival”. Упершыню за час падарожжа “Старому Ольсу” па-сапраўднаму пашанцавала з лайн-апам: нарэшце сцэну з камандай дзялілі калектывы, якiя выконвалi менавіта сярэднявечную музыку на копіях старадаўніх інструментаў. Сярод іх — чацвёра сівых, барадатых мужчын з гурта “Wolgemut”, што лічыцца ў пэўных колах легендай гэтай музыкі і ладзiць з сваіх выступаў цэлыя інтэрактыўныя шоу.

Інтэр’ер фэсту ўяўляў з сябе шэсць тэатральных пляцовак, корчмы, рыцарскія двубоі, конны ды пешы турніры, шпацыры па тэрыторыі казачных персанажаў — русалак, эльфаў, цмокаў. “СО” даў шэсць жа канцэртаў, якія публіка прыняла з захапленнем. Як звычайна, асаблівыя эмоцыі кампазіцыі ансамбля выклікалі ў мясцовых этнічных беларусаў, заўважыць у натоўпе іх было лёгка — яны былі апранутыя ў прыгожыя вышыванкі. Музыкантам запомніўся сэт на памосце, насупраць якога размяшчаўся музей містычных істот — з заспіртаванымi тролямі, рухомымі пачварамі ды вялізнымі кажанамі.

Шаша ў пекла праз... царкву

У Мэрылендзе ж у горадзе Лорэл “Стары Ольса” сыграў у двух пратэстанцкіх цэрквах — лютэранскай ды метадысцкай. У Беларусі гурт часам практыкуе падобнае. “Але нашы пратэстанты вельмі строга ставяцца да рэпертуару і спадарожнай выступленню атмасферы, — кажа лідар калектыву Зміцер Сасноўскі. — У ЗША было ўсё па-іншаму. У нас вочы літаральна палезлі на лоб, калі пастыр Рычард (ён арганізаваў абодва канцэрты) папрасіў абавязкова выканаць... “Highway to Hell”! І сам некалькі разоў выскачыў на сцэну, каб падыграць на перкусіі!”

Спыніліся артысты ў сем’ях пратэстантаў. Тыя да візіту гасцей грунтоўна падрыхтаваліся, прачытаўшы сёе-тое пра нашу краіну, вывучыўшы некалькі выразаў на беларускай мове. А таксама назапасілі беларускую сімволіку і... набылi ўсе інгрэдыенты для вырабу дранікаў (бубнач каманды Сяргей Тапчэўскі іх і гатаваў).

Па дарозе ў Пенсільванію музыканты завіталі ў Вашынгтон, у якім канцэрт не планаваўся. Агледзеўшы славутасці сталіцы, землякі вырашылі захаваць сябе ля помніка Тадэвушу Касцюшку. I жахліва засмуціліся таму, што нацыянальны герой Беларусі, зыходзячы з логікі надпісу на мануменце, з’яўляецца толькі “дзіцем Польшчы”. Так, засмучаныя, яны і рушылі далей.

Амаль праз месяц гурт вярнуўся ў Мінеапаліс і другі раз (па шматлікіх просьбах амерыканскіх працоўных, што сталіся закаханымі ў сярэднявечную беларускую музыку) выступіў на “Minnesota Renaissance Festival”. На працягу 1 — 2 кастрычніка ён даў на ім дзесяць (!) канцэртаў, і гэта пры цвёрдым туравым графіку, нервах на зыходзе, стомленасці, адсутнасці нармальнага сну ды... усё роўна бадзёрасці духу!

З якім яны і вярнуліся на радзіму! А падрабязнасцяў, як я ўжо напісаў вышэй, чакайце хутка...

(Пачатак матэрыялаў — тут і тут.)

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"