Дзе “столь” электронак?

№ 43 (1273) 22.10.2016 - 28.10.2016 г

Рэаліі віртуальнага рынку, якога няма: развагі з нагоды рэспубліканскага форуму
Чытаць з рыдара сёння — банальная завядзёнка. Між тым, яшчэ гадоў сем таму чалавек з электроннай кнігай у вагоне метро здаваўся нечым дзіўным, а тую невялікую “чыталку” хацелася патрымаць у руках.

Кніга = свет. Электронны?

Але ці азначае з’яўленне электронных кніг знікненне папяровых выданняў? Што сёння рабіць, каб твой твор, які ты не можаш выдаць у традыцыйным выдавецтве, распаўсюджвала для ўсіх ахвотных выдавецтва электроннае? Як увогуле развіваецца рынак электронных кніг у свеце і ў Беларусі і якія тут перспектывы? На гэтыя і многія іншыя пытанні спрабавалі адказаць удзельнікі Рэспубліканскага форуму “Кніга = свет: сучасны стан і стратэгіі развіцця нацыянальнай прасторы чытання”. Пісьменнікі і педагогі, выдаўцы і вучоныя, супрацоўнікі бібліятэк і спецыялісты сістэмы адукацыі сабраліся ў Нацыянальнай бібліятэцы для абмеркавання самых розных праблем, звязаных з выпрацоўкай нацыянальнай стратэгіі падтрымкі чытання і выхавання кампетэнтнага ды кваліфікаванага чытача. Дарэчы, форум адбыўся ў рамках рэспубліканскага інфармацыйна-асветніцкага праекта “КнігаСвет”, які мае на мэце стварэнне ўмоў для развіцця культуры чытання ў беларускім грамадстве.

Але вярнуся да заяўленай на пачатку тэмы электронных кніг, пра якія гаварылася на адным з секцыйных пасяджэнняў рэспубліканскай канферэнцыі. Як адзначалі шматлікія ўдзельнікі, сёння, у час імклівага развіцця тэхналогій, хутка змяняецца сама культура зносін з кнігай: тэкставую інфармацыю можна чытаць з электронных носьбітаў усюды, асабліва там, дзе ёсць магчымасць доступу да інтэрнэту. Між тым, “жыццё” цяперашніх віртуальных кніг распачалося адносна нядаўна: прылады з экранам, выкананым паводле тэхналогіі электроннага чарніла (імітацыя сапраўднага друку), з’явіліся толькі ў 2007 годзе, а першы каляровы планшэт быў распрацаваны яшчэ пазней — у 2010-м…

— Прагнозы тады, 7 — 10 гадоў таму, даваліся проста неверагодныя: маўляў, электронная кніга заваюе свет, папяровыя выданні знікнуць, і ўсе хутка будуць чытаць тэкст толькі з рыдараў і тэлефонаў, — адзначыў у сваім выступленні дырэктар “Электроннай кнігарні” Андрэй Янушкевіч. — Між тым, сёння можна ўжо з упэўненасцю сцвярджаць, што “рэвалюцыі” не адбылося: параметры суіснавання электронных і папяровых выданняў адзначаюцца спецыялістамі ў адносінах 30 на 70 працэнтаў.

Менавіта такія паказчыкі, да прыкладу, назіраюцца цяпер у ЗША: 30 % прададзеных тут кніг — у электронным фармаце. Названая лічба і ёсць тая “столь”, на якую могуць разлічваць віртуальныя выданні ў перспектыве. Немалаважна і тое, што кошт электронных кніг на папулярным сайце Amazon.соm цяпер прыкладна такі ж самы, як і папяровых. І хоць чытанне з рыдараў даволі запатрабаванае, яно цяпер ужо не такое таннае, як раней. Гэта яшчэ адзін аргумент на карысць таго, што папяровая кніга будзе жыць і добра пачуваць сябе і праз 10, і праз 100 гадоў. Тым больш па некаторых пазіцыях яна працягвае заставацца ў лідарах як сярод моладзі, так і сталага пакалення.

На шляху да цывілізацыі

Такіх пазіцый, да слова, даволі шмат. Напрыклад, да сёння ў свеце карыстаецца папулярнасцю папяровая дзіцячая кніга — добра ілюстраваная, прыгожая, на выдатнай паперы, з вялікімі літарамі, якую можна мацаць, дакранацца, браць з паліцы... Як бачна, стаўка распрацоўшчыкаў віртуальных выданняў на тое, што мультымедыя ў электронных дзіцячых кнігах зацікавіць як малых, так і дарослых чытачоў, на сёння не спрацавала. Прывяду лічбы, якія прагучалі падчас працы секцыі. Так, аб’ём папяровых выданняў для дзяцей вырас з пачатку 2014 года па верасень 2015 года ў Кітаі на 10 %, у ЗША — на 12,5 %, а ў Бразіліі — нават на 28 %. Дадаваць да гэтых лічбаў, мяркую, нічога не трэба.

Таксама ў свеце сёння папулярныя менавіта папяровыя, а не электронныя падручнікі: у развітых краінах іх выбіраюць чатыры пятыя навучэнцаў школ і ВНУ. Галоўныя прычыны такога выбару, паводле аналізу анкетных даных студэнтаў, — даступнасць папяровых кніг і магчымасць падкрэсліваць ды выдзяляць у іх важны для запамінання матэрыял.

Разам з тым, у многіх краінах свету працягваюць адзначаць рост рынку электронных выданняў, бо людзі пачынаюць усведамляць каштоўнасць не самой кнігі, а менавіта таго тэксту, які прапануецца для чытання. Так, у Расіі з 2008 года рынак электронных кніг павялічваецца штогод у 2 разы і на сёння ацэньваецца прыкладна ў 2 мільярды расійскіх рублёў (гэта каля 300 тысяч долараў). І ўвесь гэты рост рынку адбываецца нягледзячы на пірацтва, якое, як вядома, вельмі распаўсюджана ў суседзяў.

— Паступовае развіццё грамадства прыводзіць многіх да высновы, што і за электронны тэкст трэба плаціць, бо гэта праца аўтара, даніна ягонай творчасці, гэта, урэшце, павага да сябе як адукаванага, цывілізаванага і інтэлігентнага чалавека, — адзначыў Андрэй Янушкевіч. — І тое, натуральна, не можа не радаваць як аўтараў, так і выдаўцоў, якія працуюць на рынку.

Што ж, цалкам магчыма, што беларусы, як і жыхары іншых краін, сапраўды пачынаюць разумець, што кніга — прадукт інтэлектуальнай працы, таму, як мяркуе спецыяліст, часцей абіраюць легальны шлях карыстання электроннымі кнігамі, а не шукаюць бясплатныя пірацкія копіі. Натуральна, робяць гэта далёка не ўсе. Так што на шляху да “цывілізацыі” трэба будзе прайсці яшчэ нямала.

Беларускія рэаліі

У Беларусі электроннае кнігавыданне толькі пачынае развівацца і адваёўваць сваё месца “пад сонцам”. Так, на секцыі распавядалі пра досвед аднаго з мабільных аператараў, што не так даўно адчыніў сваю электронную бібліятэку, якой можа скарыстацца любы ахвотны, а таксама пра сучасныя літаратурныя парталы, дзе можна бясплатна пачытаць апавяданні, аповесці і цэлыя кнігі.

Ды і ў той жа “Электроннай кнігарні” сёння кожны можа набыць сабе самыя розныя кнігі, прычым 50 % ад кошту выдання аддаецца аўтару, з якім у выдавецтве папярэдне падпісваецца афіцыйная дамова. Але, на жаль, як адзначыў Андрэй Янушкевіч, многія айчынныя пісьменнікі нават не ведаюць пра такую магчымасць або ўвогуле баяцца прадаваць праз сайт электронны варыянт сваёй кнігі, мяркуючы, што гэта перашкодзіць продажу папяровых выданняў. Такія яны, айчынныя рэаліі.

Боязь аўтараў, на першы погляд, цалкам слушная. Між тым, паводле даных статыстыкі, якая прагучала падчас працы секцыі, ва ўсім свеце электронныя выданні толькі спрыяюць распаўсюджванню папяровай версіі кнігі. Не кажучы ўжо пра тое, што праз продаж электронных фаліянтаў адбываецца своеасаблівае апытванне чытачоў: ці хочуць яны чытаць гэта выданне, наколькі яно запатрабавана, якая яго чытацкая аўдыторыя? Глядзіш, пасля поспеху ў інтэрнэт-краме папулярнай кнігай можа зацікавіцца і традыцыйнае выдавецтва ды запусціць яго ў друк. І такіх прыкладаў — таксама стае.

Ёсць і іншыя праблемы, якія сёння паўстаюць перад распаўсюджвальнікамі электроннага кантэнту ў Беларусі.

— Не сакрэт, што віртуальных наведвальнікаў Нацыяналкі сёння ўжо больш, чым рэальных, — сказаў намеснік дырэктара па навуковай працы і выдавецкай дзейнасці галоўнай бібліятэкі краіны Алесь Суша. — Спрыяе гэтаму і тое, што ў нашай электроннай бібліятэцы на сёння — каля 400 тысяч пазіцый. Але тое, па-сутнасці, не так і многа. Напрыклад, у нас няма магчымасці атрымліваць абавязковы электронны варыянт кнігі, як гэта даўно практыкуюць у Швецыі, мы слаба прапагандуем нацыянальную кнігу на рынках замежных краін з дапамогай электроннай падпіскі, таму пра яе амаль нічога не ведаюць. Ды і наш айчынны рынак электронных кніг вельмі слаба развіты.

З гэтай думкай пагадзіўся і Андрэй Янушкевіч.

— На жаль, нягледзячы на тое, што беларусы, па маім меркаванні, гатовы плаціць за электронную кнігу, гэтага рынку фактычна ў нас няма, — сказаў кіраўнік “Электроннай кнігарні”. — Увогуле, увесь айчынны кніжны рынак даволі малы, у нас няма беларускіх бестселераў, на вуліцах з бігбордаў нам не паведамляюць пра тое, што хутка выйдзе новая кніга айчыннага аўтара, як тое, напрыклад, робіцца ў Расіі ці Польшчы. Між тым, кніга — такі ж самы тавар, як і ўсё іншае, яе трэба даносіць да чытача. Без належнай рэкламы і “раскруткі” выхаду такой кнігі ў свет — нават у віртуальны — ніхто проста не заўважыць.

Пасля завяршэння працы секцыі многія бібліятэкары літаральна “завалілі” Андрэя Янушкевіча пытаннямі пра тое, як маладым аўтарам з рэгіёнаў выдаць сваю электронную кнігу, як у яго выдавецтве абараняюцца аўтарскія правы, як выдаўцы змагаюцца з пірацтвам ды іншымі. Тое яшчэ раз засведчыла: тэма электронных выданняў — актуальная і нават набалелая. Як, дарэчы, і тое, што перад сапраўдным нараджэннем і станаўленнем ліцэнзійнага і цывілізаванага рынку электронных кніг у Беларусі варта спачатку вырашыць шмат надзённых пытанняў. А пакуль гэта не зроблена, беларусы ў пераважнай большасці шукаюць “чытво” на старонках сацыяльных сетак, пірацкіх кніжных інтэрнэт-крам ці капіруюць упадабаныя кнігі ў сяброў і знаёмых. І гэта тыя сапраўдныя сённяшнія рэаліі, ад якіх так проста не адмахнешся…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"