Перыяд шчырасці

№ 43 (1273) 22.10.2016 - 28.10.2016 г

У мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” адкрылася выстава дыпломных работ “Крокі да майстэрства” навучэнцаў мастацкага аддзялення Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў спецыяльнасці “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”.

/i/content/pi/cult/609/13549/12-1.jpgАдпаведныя выставы — свайго кшталту справаздачы дзейнасці вучэбных устаноў, яны з’яўляюцца паказчыкам супольнай працы выкладчыкаў і навучэнцаў каледжаў або ВНУ. “Крокі да майстэрства” выпускнікоў каледжа мастацтваў складаецца з работ, выкананых у розных тэхніках: кераміка, бацік, выцінанка, тэкстыльныя кампазіцыі, а таксама жывапіс.

Выстава добра ўпісалася ў прастору мастацкай галерэі — асобныя памяшканні дазваляюць удала размясціць творы маладых мастакоў, і больш за тое — нават стварыць дуэты з вырабаў розных матэрыялаў, бо яны дапаўняюць адзін аднаго (пра гэта распавяду крыху пазней). Так, на прыродную тэматыку спадабалася дэкаратыўная кампазіцыя з керамікі “Белавежская пушча” Аляксандра Чэрнікава, які перадаў асаблівасці, рысы характару кожнай з жывёлаў. Пад лірычным бацікам “Веснікі радасці” Наталлі Брачковай знаходзіліся керамічныя творы “Птушыныя размовы” Ільі Навіцкага. І дарэчы, дуэтаў склалася даволі багата, што гаворыць пра зладжаную працу каледжа.

Добра, што выстава тэматычна падзеленая, можна вылучыць некалькі раздзелаў: святы, прырода, архітэктура, вобразы роднага краю... І што галоўнае — усе вырабы аб’ядноўвае філасафічнасць і любоў да краіны. Асабліва ўразілі работы, прысвечаныя нашай архітэктуры, у прыватнасці гораду над Дняпром. Дэкаратыўная кампазіцыя Марыны Загорскай “Магілёў губернскі” складаецца з трох палотнаў у тэхніцы бацік. Яна перадала атмасферу старажытнага горада з дапамогай выцвілых колераў і амаль размытых сілуэтаў. Здаецца, на кампазіцыі Марыны спыніўся час, яна захавала маўклівае імгненне. На творы “Праз часы” Вольгі Квасавай і Юліі Субач — замкі Беларусі — Гродзенскі, Мірскі, Нясвіжскі і Полацкі, а пад бацікамі — керамічныя “Варыяцыі” Ірыны Паўлавай. І калі да скульптур ды жывапісу мы прывыклі, то пано і насценныя керамічныя вырабы не часта можна сустрэць на выставах. Таму скажу некалькі словаў адносна “Спадчыны” Андрэя Шайкова, якая складаецца з шасці работ, і серыі дэкаратыўных пано “Мой Магілёў” Яўгена Белавусава. Андрэй абраў з кожнай вобласці па царкве або сабору і зрабіў, скажам, невялікае насценнае ўпрыгожанне ў форме старажытнага скрутку. Вырабы добра выглядаюць у інтэр’еры як цэласнай кампазіцыяй, так, на маю думку, добра глядзяцца і паасобку. Яўген жа зрабіў акцэнт менавіта на архітэктуры Магілёва.

Асобна хочацца адзначыць керамічныя вырабы “Кола часу” Дзяніса Казлова, чые дэталі трымаюцца на нітках, што надае твору паветранасць і пэўную асаблівасць, сімвалічныя, распрацаваныя “Надпісы часу” Сяргея Петрачэнкі, жаноцкую, вельмі эстэтычную “Дзівію” Аліны Шумяковай, своеасаблівыя, індывідуалізаваныя “Стыхіі” Антона Ціхановіча і яскравыя “Святы” Вікторыі Несцяровіч. Чаму багата імёнаў? Мяне ўразіла разнастайнасць вырабаў, а таксама стылёвыя асаблівасці майстроў.

Крыху распавяду наконт дэкаратыўнай кампазіцыі “Рытмы” Наталлі Аўсяннікавай, Жанны Панцэвіч, Ліны Корсакавай і керамічнага твора “Potestatem” Яўгеніі Карнейчанкі. У гэтым цемнаватым, утульным куточку ў цёплай колеравай гаме работы гарманічна спалучаюцца і яднаюцца. Ля некаторых керамічных вырабаў можна ўбачыць свечкі, і гэтая дробязь насамрэч надае хатняе цяпло, а таксама рыхтуе наведвальніка да шчырага, сяброўскага дыялогу.

Вобразы беларускай зямлі сустракаюцца на тэкстыльных кампазіцыях, у тым ліку ў творы “Каляды” Юліі Бадзяковай і “Мелодыі лета” Алены Пухоўскай, Ганны Наважэніны і Людмілы Альховік. Увогуле габелены на выставе “Крокі да майстэрства” выразныя і запамінальныя. У першую чаргу яны запамінаюцца памерамі і нетрывіяльнымі фарматамі, а таксама багаццем адценняў ды ўдалых кампазіцый.

Выцінанкі і жывапісу небагата, але і ў іх адлюстраваны асаблівасці нашых традыцый, менталітэту. У нацюрмортах Настассі Дзёмінай можна ўбачыць ікону, арнаментаваныя тканіны, саламяныя вырабы…

Назва “Крокі да майстэрства”, як мне падаецца, як быццам неяк зніжае ўзровень выпускнікоў, бо ён у іх даволі высокі (думаю, яны пра гэтае і так ведаюць). Адзначыла толькі некаторыя імёны, але ўсе творы на выставе якасныя і цікавыя. Відавочна, як пераймаюцца традыцыі, і як яны “накладваюцца” на густ як дасведчанага гледача, так і спажыўца. Дадамо, яны добра ўпішуцца ў інтэр’еры кватэры, культурных і адукацыйных устаноў. А той перыяд, калі ствараюцца творы, нельга назваць выпадковым… Бо гэта перыяд шчырасці.

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст