Для сябе ж рупяцца…

№ 43 (1273) 22.10.2016 - 28.10.2016 г

У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі паказалі лепшыя работы рэспубліканскага конкурсу дзіцячай творчасці “АрхНавацыя — 2016”. Адразу скажу, што выстава вартая ўвагі, але яе назва ў нейкай ступені ўводзіць гледача ў зман. Слова “навацыя” з дарослага лексікону. Дзіцячыя практыкаванні пад гэта вызначэнне не трапляюць у прынцыпе. Тым больш, калі гаворка ідзе пра архітэктуру — сферу, дзе “новае слова” можна пачуць хіба раз на стагоддзе. Больш карэктным для вызначэння сутнасці конкурсу быў бы тэрмін “архітэктурныя фантазіі” .

/i/content/pi/cult/609/13547/5-1.jpgУ конкурсе бралі ўдзел больш тысячы выхаванцаў адукацыйных устаноў з усіх рэгіёнаў краіны. І супернічалі яны ў намінацыях “Жывапіс”, “Графіка”, “Архітэктурнае макетаванне” па тэмах “Стылі ў дойлідстве Беларусі” і “Экаархітэктура”.

Ёсць, аднак, сярод прадстаўленых ў экспазіцыі работ і такія, што да замоўленых тэм маюць дачыненне хіба ўскоснае, але даюць уяўленне пра ступень дасведчанасці аўтараў у гісторыі мастацтва. Хтосьці, як Кірыл Іванейчык з мястэчка Красная слабада ў Салігорскім раёне (жывапіс “Гэта мой дом”) арыентуецца на класічны рэалістычны пейзаж. А вось Аляксандра Пуплікава з Мінска (“Маяк”), відаць, знаёмая з узорамі беспрадметнага дэкаратывізму. Хоць яна і адштурхоўваецца ад рэальнасці, але выключна дзеля таго, каб гуляць з колерам. Кампазіцыя мінчанкі Кацярыны Зайцавай “Горад” выклікае згадкі пра метафізічныя краявіды Джорджа дэ Кірыко.

Архітэктурнае макетаванне — гэта і набыццё навыкаў, якія спатрэбяцца таму, хто захоча звязаць сваё жыццё з архітэктурай або дызайнам, і магчымасць адчуць, зразумець асаблівасці розных стыляў. Такая праца патрабуе ад выканаўцы цярплівасці, дакладнасці, канструктыўнага мыслення. Гэтыя якасці праявіліся ў работах гамяльчанак Таццяны Сталеевай і Юліі Крывашэй “Гомельскі драматычны тэатр”, Вікторыі Юрчык і Таццяны Юрэня з Баранавічаў “Мірскі замак”, віцябчаніна Міхаіла Каліны “Архітэктурнае збудаванне”. Апошняя работа гэта макет не помніка дойлідства, а сучаснага будынка. І паколькі будынак не мае ні назвы, ні геаграфічнай прывязкі, яго, мабыць, трэба лічыць праектнай прапановай. Будынак даволі цікавы ў канструктыўным сэнсе як узор формы вонкава простай і эфектнай, але са складаным начыннем. Хочацца думаць, што аўтар прыдумаў гэта сам, а не падгледзеў у архітэктурным часопісе, якіх сёння процьма.

Экалагічная тэма для выставы стрыжнявая. Работы экспазіцыі дэманструюць рознае разуменне і самога паняцця “экалогія” і ягонага спалучэння з урбаністыкаю. Вілена Юніцкая з Мазыра пад назваю “Экадом” прадставіла вясковую хату… на дрэве. Як праект гэта абсурд, бо, хоць па Дарвіне мы некалі з дрэваў на зямлю спусціліся, вярнуцца туды мы ўжо не здолеем. У дадзеным жа выпадку дом на дрэве — гэта знак, сімвал, даступная разуменню ілюстрацыя думкі, што наша жытло ды ўвогуле сістэма забеспячэння жыцця чалавека мусіць быць для прыроды такім жа гарманічным чыннікам, як дрэва ці якая іншая расліна.

Ёсць у экспазіцыі абсалютна фантастычныя версіі экалагічнага жытла, аўтары якіх, мабыць, натхняліся ілюстрацыямі да казак (“Дом мары” Карыны Баганец са Слоніма, “Казачны экадом” Альбіны Аўсяннікавай з Гомеля) ці фантазіямі на тэмы іншапланетнага жыцця (“Экавёска” групы гомельскіх школьнікаў). Ёсць жытло, падобнае на гульнявую пляцоўку для дзетак дзетсадаўскага ўзросту (“Аграсядзіба для маладой сям’і” Карыны Фраловай, Настассі Унукавай, Аляксандры Буланавай). А ёсць і даволі прагматычныя прапановы. Напрыклад, традыцыйныя вясковыя драўляныя пабудовы (дрэва больш экалагічнае за бетон), але з дадаткам сонечных батарэй і ветрагенератараў (хутар “Востраў” Кірыла Макарэвіча).

Даволі дзіўна ў экспазіцыі, асноўныя чыннікі якой прапагандуюць экалогію як лад жыцця і форму мыслення, глядзеўся макет “Гомель — горад будучыні” Надзеі Фясковай. Для мяне гэты твор быў як прывітанне з мінулага, з 1960-х гадоў, калі прагрэс атаясамліваўся выключна з развіццём тэхнікі, палёт Гагарына спарадзіў “касмічную” эйфарыю, а горад будучага бачыўся тады гэткай “зорнай гаванню”, касмічным портам. Праўда, не зусім было зразумела, як сярод падобнай на заводскае абсталяванне архітэктуры, агрэсіўнай прыроднаму асяроддзю і чалавечай натуры, людзям жыць… Такое бачанне будучыны сталіцы беларускага Палесся мае права быць. Але работа гэтая глядзелася б больш эфектна ў іншым кантэксце.

Даючы ацэнку работам вучняў, адначасова ацэньваеш і іх настаўнікаў. Не кажу пра выкладчыкаў нічога кепскага. Падобна на тое, што сама сістэма навучання ў нашых школах мастацтва і блізкіх да іх устаноў спрыяе, акрамя эстэтычнага выхавання, яшчэ і выхаванню патрыятызму. Бо вучацца дзеці на ўзорах нацыянальнай культуры. Але экалогія не ведае нацыянальных межаў, гэта глабальная праблема. Таму перш чым даваць дзецям і падлеткам заданне па тэме “Экаархітэктура”, варта было б азнаёміць іх з тым, як гэта тэма вырашаецца архітэктарамі тых краін, дзе, будзем шчырымі, за экалогію ўзяліся значна раней, чым у нас, і дзе вопыт назапашаны значна большы за той, што маем мы. У гэтых нататках я не буду згадваць імёны вялікіх дойлідаў — нашых сучаснікаў, але мяркую, што выкладчыкі мастацкіх школ, студый і гурткоў павінны іх ведаць.

Прынята казаць, што ў дасканаласці няма мяжы. Мае крытычныя заўвагі — гэта, так бы мовіць, рабочы момант; парада, як можна зрабіць лепей. Сама ж ідэя прыцягнення да вырашэння экалагічных праблем творчага патэнцыялу моладзі (у дадзеным выпадку, дзяцей і падлеткаў), безумоўна, плённая. Зрэшты, для сябе ж рупяцца: якой свет сёння намалююць, у такім заўтра будуць жыць.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"