Калі месца мастака займае аматар…

№ 43 (1273) 22.10.2016 - 28.10.2016 г

Яшчэ ў жніўні ў зале бібліятэкі Саюза архітэктараў Беларусі адбыўся “круглы стол” на тэму “Сінтэз мастацтваў у архітэктуры”. Як удзельнік гэтага сумоўя, як мастак і педагог я мушу падзяліцца сваімі, падкрэсліваю — асабістымі — меркаваннямі на згаданую тэму.

/i/content/pi/cult/609/13546/5-4.jpgГаворка ішла пра тое, што змянілася за апошнія 20 гадоў, ці ёсць запатрабаванасць так званага сінтэзу мастацтваў сёння і што робяць, чым вылучаюцца ізноў сёння нашы архітэктары, скульптары, манументалісты. І галоўнае, каму гэта патрэбна? Дзяржаве? Прыватнаму інвестару? Грамадзе? На жаль, згадваючы станоўчы вопыт, выступоўцы спасылаліся на замежжа — Літву, Польшчу, нават Украіну. А да пазіцыі грамадства часта прыслухоўваліся і прыслухоўваюцца? Памятаю, напрыклад, якія дыскусіі і бойкі ішлі ў 1978 годзе вакол роспісу ў Палацы чыгуначнікаў у Мінску (аўтары — Зоя Літвінава і Святлана Каткова). Сёння ж, думаецца, нават не крыку — разумнага слова інвестар, што дыктуе ўмовы, не пачуе. Не захоча пачуць… Так, інвестар дыктуе свае ўмовы мастаку ці скульптару ўжо на стадыі эскізнай распрацоўкі кампазіцыі. Атрымліваецца, што ягоны густ, ягонае выхаванне, ягонае асабістае бачанне мастацтва адыгрывае вызначальную ролю ў лёсе твора…

Ці вось такая праблема. Узгадаю новы для нас, спрэчны, але дастаткова агрэсіўны від мастацтва — “графіці”. У час практыкі са студэнтамі на брандмаўэры аднаго з адміністратыўных будынкаў у Валожыне мы ўбачылі зухавата намаляваную кампазіцыю на тэму “Птушкі Бацькаўшчыны”… Далей, у Івянцы — ізноў “Птушкі Бацькаўшчыны”. Можа, так і далей па ўсіх мястэчках. Проста, лёгка, танна. І галава не баліць у тых жа мясцовых кіраўнікоў — файна, ёсць каляровая кампазіцыйная пляма. А зрабіць складаную, творчую кампазіцыю, прысвечаную, напрыклад, адметным постацям той жа Валожыншчыны — тут трэба наймаць сур’ёзнага мастака. Такі твор — гэта вялікая адказнасць перад людзьмі і перад Богам. А так — прастаіць “графіці” гады два-тры — ну і добра…

Дарэчы, прыхільнікаў гэтай тэхнікі выканання ўвесь час более. І яны аргументуюць сваю пазіцыю проста — хуткасць. Між тым, хутка — не значыць добра. А мастакі толькі і чуюць: “На вашы таленавітыя эскізы часу няма. Яшчэ нейкія ўзгадненні, абмеркаванні, грамадскія парады. Трэба зараз і сёння. Усё!”

Праз гэта зараз маем кірмаш дылетантызму і штучнага пафасу. Адносіны да мастацтва сёння такія, што ім можа займацца, хто заўгодна. Тыя, хто нідзе не навучаўся, аніяк жа не падрыхтаваны, але на выставах і ў галерэях гэты аматар можа нібыта на роўных канкураваць з дасведчаным майстрам. Калі пошук лаканічнасці і прастаты будзе зведзены да інфантыльнага прымітывізму, мы згубім канцэптуальную аснову, а потым і сваю мастацкую спадчыну…

“…Калі мастак зняважліва ставіцца да свайго статусу, уплыву, прынцыпаў, прафесіяналізму — ягонае месца займае аматар. І запанавала бязладдзе…” Вось мы сябе і знішчаем сваёй жа непавагай да сябе. Кажам, што ў дзяржавы няма грошай… Здаецца, колькі сябе памятаю, чую: “Вось зробім эканоміку, а потым зоймемся культурай”. Я ж мяркую, што грошы знайсці можна. Цяжэй прывіць культуру замоўцам. Густ і адчуванне стылю так хутка, як мільёны, не з’яўляюцца. Яны ёсць, калі іх у дзяцінстве прывілі, калі прыродай закладзена імкненне да самаразвіцця, а інакш мысленне чалавека на ўсё жыццё застанецца недаразвітым, на ўзроўні дзіцячага асацыятыўнага ўспрыяцця. Параўнайце, да прыкладу, каларыстычную палітру беларускіх гарадоў і краін Балтыі. Пабачым, што наша асяроддзе не такое ўтульнае, а часам і агрэсіўнае. Гэта як падманкавая вясёласць: “апрану ўсё лепшае”, незалежна ад нагоды.

Але вернемся да грошай. Дзе іх знайсці на манументальную аздобу? Яшчэ за Савецкім часам мы мелі такі досвед: два працэнты ад кошту будаўніцтва ішло на гэтыя мэты. Невыпадкова тое, што лепшыя творы былі здзейснены тады… Гэты досвед і сёння быў бы вельмі прыдатным. А каб зразумець, што мы ўжо страцілі і губляем надалей, звяртаюся да сваіх калег-мастакоў праз газету “Культура” з прапановай: зрабіць рэспубліканскую мастацкую выставу нерэалізаваных манументальных праектаў якраз за апошнія 20 гадоў. Ведаю шмат творцаў, у якіх па кутах майстэрань збіраюць пыл такія ідэі, незвычайныя  — і класічныя, і больш супярэчлівыя, і, здаецца, аўтарскія прапановы, якія, можа, ніхто і ніколі і не ўбачыць нідзе, як на прапанаванай выставе пад умоўнай назвай “Магчымыя магчымасці”. На ёй грамада пабачыла б, колькі значных, неабходных, нечаканых аб’ектаў манументальна-дэкаратыўнага мастацтва магло заззяць на карце Беларусі.

І няхай бы на той выставе, як знак-напамін, як папярэджанне, будуць экспанавацца і фота тых твораў манументальнага мастацтва, якія былі ліквідаваны за апошнія 20 гадоў.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Алесь КВЯТКОЎСКІ
мастак, педагог