Ад Іркуцка да Прагі

№ 43 (1273) 22.10.2016 - 28.10.2016 г

Пішу гэтыя радкі, а за акенцам свеціць сонейка. Не такое гуллівае, як летам, але ўсё ж. І на сэрцы радасна, бо плынь лістоў у нашу рэдакцыю такая ж “паўнаводная”, як і раней. Значыць, ёсць пра што чытаць і чым хваліцца. Няхай так і будзе. Карацей, вы пішаце — мы чытаем.

/i/content/pi/cult/609/13542/10-1.jpgДаўні сябра “К” Алег Рудакоў паведамляе, што актывісты Іркуцкага беларускага клуба “Крывічы” зладзілі ў вёсцы беларускіх перасяленцаў Тургенеўка Баяндаеўскага раёна традыцыйнае свята Пакровы. Аўтар допісу дадае: “Задача клуба “Крывічы” — захаванне і папулярызацыя старадаўняй беларускай традыцыі. Для гэтага мы накіроўваемся ў этнаграфічныя экспедыцыі па вёсках Прыбайкалля, якія заснавалі перасяленцы з Беларусі. Апрацоўваем матэрыял, складаем сцэнарый, арганізоўваем святы. Займаемся гэтым ужо дваццаць гадоў”.

У расійскіх Вялікіх Луках адбыўся IV фестываль “Спеўнае веча ветэранаў”. Сярод самадзейных калектываў Пскоўскай вобласці, Эстоніі засведчыўся народны вакальны ансамбль “Памяць сэрца” з Віцебска, хор ветэранаў “Кацюша” з Гарадка, ансамбль народнай песні “Раніца” з Наваполацка. Пра гэта распавёў вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Андрэй Струнчанка.

Намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ала Галушка паведамляе, што 28 — 30 кастрычніка пройдзе гарадскі фестываль аматарскага тэатральнага мастацтва “Святло рампы”. Свае лепшыя спектаклі пакажуць тэатральныя калектывы краіны. Спадарыня Ала падкрэслівае, што “мэтай фестывалю застаюцца адраджэнне самадзейнага тэатра, папулярызацыя і развіццё сцэнічнага мастацтва, павышэнне ролі тэатральных калектываў у прапагандзе нацыянальнай культурнай спадчыны”.

Мікалай Шаўчэнка піша, што 15 кастрычніка ў парку імя Уга Чавэса, што ў сталічным мікрараёне Каменная Горка, адбылася ўрачыстая цырымонія закладкі ў памятны камень капсулы з зямлёй з горада Сабанета — радзімы колішняга венесуэльскага лідара. “Уга Чавэс, — піша аўтар, — пяць разоў наведваў Беларусь, называў сябе шчырым ды надзейным сябрам нашай краіны”.

Той жа Мікалай Шаўчэнка распавёў пра візіт ветэранаў вайны і працы Польшчы ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Гасцей асабліва зацікавіла экспазіцыя, што распавядае пра пачатак баявога шляху 1-й Польскай пяхотнай дывізіі імя Тадэвуша Касцюшкі, сфарміраванай у Савецкім Саюзе па ініцыятыве польскіх патрыётаў. У 1943 годзе дывізія прыняла першы бой у пасёлку Лепніна Горацкага раёна.

Міністэрства па надзвычайных сітуацыях распрацавала мабільны дадатак “МНС Беларусі: дапамога побач”. Гэты праграмны прадукт даступны для спампоўвання ўсім карыстальнікам смартфонаў і планшэтаў на базе аперацыйнай сістэмы “Android”. Цяпер у раздзеле ”Што рабіць?” сабраны каля паўсотні тэм, якія дапамогуць хутка сарыентавацца ў нестандартных сітуацыях. Адна з функцый раздзела, — тлумачыць спецыяліст Савецкага райаддзела надзвычайных сітуацый Таццяна Бычанок, — кнопка званка ў МНС — “112”. Дадзеная праграма не стане залішняй і для нашых работнікаў культуры. Далей Таццяна Бычанок распавядае, што з 17 кастрычніка па 11 лістапада ў рэспубліцы праходзіць пажарна-прафілактычная акцыя “За бяспеку разам”. Мэта — папярэджанне пажараў і гібелі людзей ад іх у асенне-зімовы пажаранебяспечны перыяд.

Метадыст арганізацыйна-метадычнага аддзела Палаца мастацтваў Бабруйска Ірына Аўсяннікава распавядае пра першы гарадскі конкурс прафесійнага майстэрства сярод работнікаў культуры. Дыпломам першай ступені ўзнагароджаны бібліятэкар Юлія Новік, настаўнік выяўленчага мастацтва Анастасія Дудаль, настаўнік па класе скрыпкі Сяргей Мітчанкоў.

У бібліятэках Мастоўскага раёна рэалізаваны шэраг праектаў. Да прыкладу, у Рагозніцкай прайшоў вусны часопіс для школьнікаў, у Пацавіцкай — тэматычны вечар у гонар маці, а ў Пескаўскай сельскай бібліятэцы — літаратурна-музычная сустрэча. Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі Вольга Коршун лічыць, што мерапрыемствы былі яркімі ды запамінальнымі.

Не менш адказна ставяцца да праектнай дзейнасці і ў Астравецкай дзіцячай бібліятэцы. Яе бібліятэкар Ганна Кераль распавядае: “Мы завіталі да выхаванцаў раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Прапанавалі ім праграму “Зазірніце ў маміны вочы”. Было шмат вясёлых конкурсаў і пяшчотных слоў у адрас мам”.

Навіна з цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна. На V Міжнародным форуме “Традыцыйная культура як стратэгічны курс устойлівага развіцця грамадства” ў Чэрыкаве работнікі культуры і самадзейныя артысты названага рэгіёна паказалі шэраг каляндарных свят. Аўтэнтычныя спевы прадэманстравалі ўдзельнікі клуба аматараў народнай творчасці “Пошук” Новасаматэвіцкага клуба вольнага часу (кіраўнік і саліст Алеся Шаройка). Выступіў таксама народны ансамбль народнай песні “Калініца” раённага Цэнтра культуры.

Інфармацыя з Дзятлаўскага раёна. У гарадскім пасёлку Казлоўшчына прайшло свята ”Казлоўшчынскія прысмакі”. Гандляры з Дзятлаўскага, Зэльвенскага, Слонімскага раёнаў арганізавалі кірмаш сельгаспрадукцыі. Рамеснікі Гродзеншчыны прапанавалі пакупнікам работы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. А потым усе “частаваліся” песнямі, танцамі ды юшкай.

Загадчык аддзела па развіцці народнай творчасці Зэльвенскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Алена Ламека піша, што ў Сынкавічах прайшоў конкурс сярод лепшых гаспадынь. За гэтае званне змагаліся восем маладых кабет аграгарадка. А гэта і работнік бухгалтэрыі, і ветурач, і жывёлаводы, і шматдзетная маці.

У Страгаўскай карціннай галерэі горада Прага працуе выстава “Шляхам Скарыны да Прагі”. Куратар — вядомая мастачка Аксана Аракчэева. Мерапрыемства прысвечана 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, якое запачаткавалася ў Празе, дзе Францыск Скарына выдаў першую кнігу Бібліі на старабеларускай мове. На выставе экспануюцца работы мастацкіх дынастый: Барыса Аракчэева і яго дачкі Аксаны, Ігара Бархаткова і яго жонкі Алены, Паўла Масленікава і ягоных сына Уладзіміра і ўнука Паўла, Марыны Бацюковай і яе дачкі Ганны Мурайда.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"