“Філасофія дрэва”

№ 43 (1273) 22.10.2016 - 28.10.2016 г

Так называецца выстава скульптурных твораў Яўгена Барысенкі ў Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава.

/i/content/pi/cult/609/13538/8-2.jpgЗдаецца, якая можа быць філасофія ў дрэва, што стала звычайнай драўнінай? Але сапраўдны творца ўмее ў кожным паленцы, у кожнай плашцы заўважыць незаўважанае намі. І выявіць неабходнае, адкінуўшы, як гаворыцца, усё лішняе. Больш за тое, ён надае дрэву сваё бачанне і адчуванне, ператвараючы яго ў сапраўдныя творы мастацтва. Але такое здараецца толькі тады, калі яно сустракаецца з талентам, з творчай апантанасцю. Між іншым, не надта ўжо і паслухмяны матэрыял для скульптара. І гэты капрызлівы характар дрэва па-майстэрску ўлічвае Яўген Аркадзевіч — філосаф па жыццеадчуванні, які ўсё сваё жыццё свядома і падсвядома авалодваў таямніцамі скульптурнага майстэрства. Ці не таму менавіта нязмушанасць выяў, іх згодлівую натуральнасць перш за ўсё заўважаеш у ягоных творах. А яны розныя і ў жанравых, і ў стылёвых адносінах. Барэльефы, гарэльефы, скульптурныя мініяцюры, партрэты… І ў кожным з іх — засяроджана філасофскі або ўсмешліва-жартаўлівы роздум. Героі яго жывуць, разважаюць, спрачаюцца, знаходзяць паразуменне, засяроджваюцца на саміх сабе, застаюцца ў межах таго часу, у якім наканавана было нарадзіцца і жыць.

Яўген Барысенка асацыятыўна звяртаецца да побытавых і антычных сюжэтаў. Вось чаму ў яго творах неяк вельмі натуральна суседнічаюць лазнік, дамавік, гусляр, а таксама Афрадыта, Арэс, Эрот, Фенікс, Дыяніс, Вакханка… Ён перадае або ўвасабляе з дапамогай дрэва радасць, самасузіранне і нават філасофію антрапалогіі — навукі аб прыродзе і паходжанні чалавека. Менавіта так і называецца адзін з яго твораў, у якім збліжаюцца або аддаляюцца нейкай патаемнай сутнасцю ўвасабленні малпы і старога чалавека. Тэматычны дыяпазон майстра здаецца неабмежаваным. Хіба можна ўвасобіць “Капрычыа” або “Звон да Евангелля”? Аказваецца, можна. Нават перадаць стан чалавека, які пакутуе “У пошуках думкі”. Усё магчыма, калі валодаеш паслухмяным талентам. Я доўга не мог адысці ад яго “Самасузірання”. Па-рознаму можна ўспрымаць аблічча героя гэтага псіхалагічна асэнсаванага твора. Але яго пакутлівая засяроджанасць на сабе відавочная. Вочы прыкрытыя, лоб зморшчаны, бровы прыўзнятыя, у вуснах адчуваецца нямы боль. І наогул, ён нібыта пазірае ў таямнічую сутнасць сваёй душы. Нервова напружана рука, якая падпірае шчаку. Вось яна, уразлівая загадкавасць самасузірання.

Антычнымі асацыяцыямі прасякнуты “Прарок”, “Самсон і леў”, “Пустэльнік”. Але гэта далёка не поўны пералік твораў, якія бачым на светлагорскай выстаўцы. І кожная выява з яе філасофскай заглыбленасцю патрабуе не толькі ўважлівага сузірання, але і пэўных ведаў, гатоўнасці да знаёмства. Вось чаму Яўген Аркадзевіч палічыў за лепшае патлумачыць скульптурныя творы сваімі ж паэтычнымі тэкстамі. Углядаемся, напрыклад, у тры рознафарматныя званы, у дынамічную постаць званара, які нібыта ўзнёсся над купаламі храма, і быццам чуем натхняльныя гукі, звернутыя да Евангелля. А потым чытаем: “Ідзі на гэты звон — і зразумееш слова “раскоша”.

А ў “Прадчуванні” выразна праступае праз сімвалічную дэталізацыю грэчаскі бог вінаградарства і вінаробства Дыяніс, побач з якім Вакханка. Гістарычнае падабенства пераконвае. Адразу ж прыгадваецца міф пра нараджэнне Дыяніса і яго барацьбу за права ўвайсці ў лік 12 алімпійскіх багоў. Сын Зеўса і дачкі фіванскага цара Кадмы Сямелы, ён мог загінуць у агні, не нарадзіўшыся. Але Зеўс выратаваў яго і, паводле міфа, зашыў сабе ў бядро, каб потым у вызначаны час той змог нарадзіцца.

Не ведаючы ж усяго гэтага, можна проста любавацца складанай скульптурнай кампазіцыяй. А калі ведаеш, то адразу ж зразумелымі робяцца вінаградная лаза і іншыя мастацкія дэталі незвычайнага твора. Заўважаеш, што каля Дыяніса прытулілася адна з вакханак, па-свойску ўтрымліваючы ў руцэ змяю.

Не меншай эмацыянальнай напружанасцю прасякнута выява, што ўвасобіла барацьбу Самсона з ільвом… І ўвогуле, адразу ж бачна, што Яўген Барысенка перадае самыя патаемныя пачуцці сваіх скульптурных герояў. Так з’яўляецца двайны партрэт маці і сына (“Шчасце”), або мужа і жонкі (“Дуэт”), ці натхнёныя адухоўленасцю музычнага гучання скрыпач (“Капрычыа”) або “Гусляр”.

Мы, здаецца, не толькі бачым, але і чуем прарока, які і ўвасоблены ў той момант, калі прамаўляе сваё (ці Боскае?) прароцтва. Міжвольна азіраешся на дапытлівы позірк пустэльніка з гарэльефнага, прыгаданага ўжо твора. Сімволіка дэталізацыі робіць партрэт жанравым, сюжэтным. Перадаць псіхалагічны стан герояў скульптурных выяў, іх пачуццёвасць, зрабіць носьбітамі філасофскай думкі — мэта надзвычай складаная. Але Яўген Барысенка таленавіта дасягае яе ў сваіх лепшых творах.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ, мастацтвазнаўца

Светлагорск