Быццам захаванае для будучыні

№ 43 (1273) 22.10.2016 - 28.10.2016 г

Вяртанне Ларысы Журавовіч пасля вучобы ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце да роднага парога ў Бялынічы якраз і высветліла жыццёвую сцежку, напоўненую з дзяцінства разуменнем прыгажосці навакольнага свету, якая пануе па-над людзьмі і побытам, і якую мастачка лічыць крыніцай уласнага натхнення і творчасці, ствараючы сапраўдныя шэдэўры космасу беларускай глыбінкі.

/i/content/pi/cult/609/13537/8-1.jpgПерсанальныя выставы Ларысы Віктараўны ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь і ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя Паўла Масленікава падаюць нам выбітнага мастака-прафесіянала, што знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку, прадстаўляе неабдымны свет сваіх новых твораў. Мы бачым, як пашыраецца творчы і тэматычны дыяпазон, наколькі вырасла майстэрства выканання: да яе ўлюбёнай змешанай тэхнікі (гуаш, акварэль) дабавіліся работы алейнай і сухой пастэллю.

Але па-ранейшаму адной з дамінантаў мастацтва Ларысы Віктараўны застаецца адзінства зместу і мастацкай формы. Яе творы прыцягваюць увагу праўдзівасцю, адкрытасцю і сакральнасцю. У творчасці 2009 — 2016 гадоў відавочная шматстайнасць ідэйных пошукаў, звязаных з адлюстраваннем бытапісання простых людзей. Гэтыя ідэі перададзены ў вясковых пейзажах, інтэр’ерах сялянскіх хат і партрэтах людзей-працаўнікоў, што пражываюць на роднай бацькоўскай зямлі. Такія творы адлюстроўваюць погляд мастачкі на суладнасць жыцця народа і прыроды.

Па тэматычным змесце творы Ларысы Журавовіч можна падзяліць на ўласна пейзажныя, такія, дзе вясковая архітэктура арганічна суіснуе на ўлонні прыроды, і жанравыя кампазіцыі, у якіх мастачка даволі тонка дадае быт сялян. У творчасці Ларысы Віктараўны апошняга часу назіраецца тэндэнцыя да выкарыстання больш гучных тонаў, яркіх і кантрасных гам, чым у ранейшых працах. Акрамя таго з’яўляюцца дэкаратыўныя элементы, перш за ўсё ў інтэр’ерным жывапісе. Да прыкладу, мы назіраем іх у карцінах “Інтэр’ер у вёсцы Петушкі” (2016), “На Троіцкім тыдні. Петушкі” (2015). Дэкаратыўнасць узмацніла агульную выразнасць твора, але не парушыла перспектыўнай пабудовы ды ілюзорнасці прасторы, не прывяла да спрошчанасці і прымітыву. Шматстайныя серыі і з выявамі інтэр’ераў, дзе Журавовіч паказвае адданасць вясковаму побыту, які захаваў свой стан з сярэдзіны XX стагоддзя, наяўнасць жанравых сцэн у пейзажах і інтэр’ерах вызначылі інтанацыі цяперашніх творчых прац мастачкі.

Урэшце, з упэўненасцю можна сцвярджаць, што гэтыя працы набылі гістарычны сэнс і значнасць. Карціны Ларысы Журавовіч — сведчанне знакавасці жыцця космасу беларускай вёскі. Ад яе работ адчуваецца павеў рэтраспектывізму, сыход у свет “старых дзядоў”. Працы мастачкі здаюцца нам адначасова і жывымі, і музейнымі, быццам закансерваванымі для будучыні.

Ларыса Віктараўна надае дастатковую ўвагу адлюстраванню чалавечых фігур у жанравых кампазіцыях (“Партрэт рыбака” (2015), “Таццяна” (2015), “Партрэт пажылой жанчыны” (2016)). Гэтыя творы адлюстроўваюць цікавасць мастачкі да сучасніка. У кампазіцыях падаецца не проста вобраз партрэтаванага, а абавязкова прысутнічае бытавы аповед. Калі ж наяўнасць яго не прасочваецца, дык здзіўляе дакладная кампазіцыя і пластыка. Самае галоўнае ў іх — разуменне твару, характару. На партрэтах адлюстраваны шчырыя людзі, праз каго мастачка ўводзіць нас у неабдымны свет духоўнай прыгажосці, падае рысы сталай разважлівасці, дасціпнасці, гонару. “Партрэт сталай жанчыны” (2016) засведчвае спрадвечную мудрасць, бо перад намі паўстае асаблівы вобраз жыццядайніцы — вельмі значны, глыбокі вобраз маці, працаўніцы. Прыгажосць яе адбіваецца не ў рысах твару, не ў знешняй пластыцы. Прыгажосць — у сур’ёзнасці намераў, у спрошчанасці, у асаблівым дасканалым пачуцці, якое можна назваць цярплівасцю, маўклівай выпакутаванасцю, якая ніякім чынам не выражаецца нараканнем на лёс.

А ў пейзажных творах Ларыса Журавовіч імкнецца перадаць сваё адчуванне прыроды, стану і працэсаў, што адбываюцца ў ёй, як высокую паэзію, што яднае яе з Сусветам. Пры гэтым узноўлены вобраз, нязменна верны праўдзе рэчаіснасці, быццам прымае і выяўляе ад сябе пачуцці, што хвалююць мастачку. Лірычныя пейзажы — скарбонка “душы мастачкі”, пераасэнсоўваюцца і ўяўляюцца носьбітамі і выразнікамі “душы прыроды”. Працяглая праца на прыродзе ўзбагаціла Журавовіч свежымі ўражаннямі, садзейнічала авалоданню майстэрствам. Жанр нацюрморта па-ранейшаму захапляе ўвагу творцы, ён знаходзіцца ў авангардзе новых фармальных і стылістычных росшукаў як самы падатлівы і безадмоўны.

Ларыса Журавовіч — майстар тэматычнага, этнаграфічнага нацюрморта, аўтар карцін “Кошык з яблыкамі” (2011), “Вясеннія кветкі” (2011), “Вечар у Старым Палессі” (2013) і іншых. Рэквізіт нацюрмортаў выглядае красамоўным, яму належыць пазнавальны пачатак. У рэалістычных творах мастачкі ён можа характарызаваць цэлую эпоху і паказаць самыя нечаканыя бакі сялянскага жыцця, напоўненага натуральнасцю і прыгажосцю.

Змест мастацтва Журавовіч адзначаны непасрэдна натурным вобразам. Сам ён не быў выпадковы, таму што, перш чым стаць аб’ектам адлюстравання, ён выбіраўся з многіх іншых. Мастачка піша з натуры той матыў, які адпавядае яе маральнай сутнасці і захапляе яе цалкам. І хаця гэты адноўлены пейзаж перадае настрой мастачкі, ён жа адначасова набывае незалежнасць ад самой натуры. Асновай паэтычнага ўражання ў работах Журавовіч заўсёды застаецца першасны вобраз самой рэчаіснасці.

У натурным метадзе і заключаецца актыўнасць, якая нічога агульнага не мае з натуралізмам. Актыўнасць формы аб’ядналася з актыўнасцю творчага метаду мастачкі, пры гэтым заўсёды прысутнічае актыўны чалавечы пачатак.

Святлана СТРОГІНА, мастацтвазнаўца, намеснік дырэктара Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя Пятра Масленікава