13/23: зрэз свайго на фоне замежнага

№ 43 (1273) 22.10.2016 - 28.10.2016 г

Беларускі “кейс” фестывалю “ТэАРТ”
Беларуская праграма сёлетняга Міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва “ТэАРТ” аказалася больш разгорнутай за міжнародную: 13 спектакляў з агульных 23-х. Але справа зусім не ў тым, ці “пераможа” наш шоу-кейс “Belarus open” замежныя паказы ў колькасных і асабліва якасных адносінах, а ў агульнай “упісанасці” нацыянальнага тэатральнага мастацтва ў еўрапейскія і сусветныя тэндэнцыі.

/i/content/pi/cult/609/13536/7-1.jpgНа беларускую праграму, якая была шчыльна сціснутая ў восем дзён (у нядзелю і суботу — па тры-чатыры спектаклі, у астатнія дні — па адным вячэрнім), былі запрошаны замежныя крытыкі і арганізатары фестываляў. Ці абралі яны штосьці для далейшых паказаў, што і як увогуле ацанілі, даведаемся пазней — па дасланых імі публікацыях і, магчыма, запрашэннях, якія атрымаюць (ці не атрымаюць) нашы калектывы. У рамках форуму не былі прадугледжаны публічныя абмеркаванні ўбачанага, як гэта робіцца на “Белай Вежы” ў Брэсце ці “М.@rt.кантакце” ў Магілёве. Можна па-рознаму ставіцца да гэтай асаблівасці фестывалю, але відавочна адно: за сёлетнюю праграму (як, дарэчы, і за леташнюю) было не сорамна. Спектаклі былі рознымі паводле прафесійнага ўзроўню: штосьці — на ўзроўні “маленькага шэдэўра”, штосьці — як першы крок да абранай мэты. Але кожны глядач, а не толькі абраныя знаўцы, мог зразумець, наколькі беларускі тэатр разнастайны, шматгранны, адрозны па жанрах, стылях, кірунках, не кажучы пра тэматыку.

Агульны зрэз падаўся больш, чым калі, размаітым яшчэ і таму, што сёлета тэатры, незалежна ад свайго статусу, маглі самі падаваць заяўкі на ўдзел, з якіх і адбіралася лепшае. Так, упершыню на гэты форум патрапіў беларускі перформанс, галіна ж музычнага тэатра была прадстаўлена… тэатралізаваным вакальным цыклам. Увогуле, вялікіх і маленькіх адкрыццяў аказалася багата. А галоўнае, разам былі сабраны шматлікія эксперыментальныя праекты, прычым не толькі сталічнага паходжання: другі раз на гэтым форуме былі прадстаўлены тэатры Брэста і Магілёва, упершыню — Гродзенскі абласны тэатр лялек. Папоўнілі “геаграфію” і недзяржаўныя праекты “без сталай прапіскі”, зробленыя на энтузіязме ці пры фінансавай падтрымцы гледачоў (як першая ластаўка ў тэатральным краўдфандынгу — “Опіум”).

Агульная карціна, такім чынам, узрадавала. А што да дэталяў…

У праграме апынуліся як прэм’ерныя, так і нядаўна пастаўленыя, але добра апрабаваныя спектаклі — у тым ліку, на міжнародных фестывалях (сярод іх — “Час сэканд хэнд” Магілёўскага драмтэатра ў пастаноўцы Уладзіміра Пятровіча, “Дзяды” Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы польскага рэжысёра Паўла Пасіні). Асабліва адзначу тыя, што былі вылучаны на Нацыянальную тэатральную прэмію, прайшлі папярэдні адбор і ўключаны ў спіс намінантаў: “На дне” Магілёўскага тэатра лялек (рэжысёр Ігар Казакоў), “Крэйцарава саната” Магілёўскага драмтэатра (рэжысёр Саўлюс Варнас), “Саша, вынесі смецце” Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра (рэжысёр Дзмітрый Багаслаўскі), “Фро” Брэсцкага тэатра лялек у пастаноўцы Руслана Кудашова з Масквы, “Візіт старой дамы” Гродзенскага тэатра лялек у пастаноўцы галоўнага рэжысёра Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Аляксея Ляляўскага (сюды ж дададзім і спектакль таго ж рэжысёра “Птушкі”, прынцыпова не вылучаны ім на Нацыянальную тэатральную прэмію, але цалкам справядліва ўключаны ў праграму “ТэАРТа”). Звярніце ўвагу на гэтыя назвы! Калі вам яшчэ не давялося паглядзець згаданыя спектаклі, хутчэй выпраўляйце сітуацыю. І не прапусціце магчымасць паглядзець іх на конкурсным тыдні Нацыянальнай тэатральнай прэміі з 21 па 27 лістапада. Мы ж зробім больш падрабязны аналіз спектакляў, не адлюстраваных пакуль належным чынам на старонках “К”. І паспрабуем зірнуць на іх непрадузята, ацэньваючы па самым вялікім рахунку, а не па прынцыпе “сваё бліжэйшае”, таму і лепшае.

Паглядзеўшы спектакль “Прадметная размова” Вольгі Скварцовай, асабіста я акрэсліла яго як размову “беспрадметную”. Растлумачу: не бессэнсоўную, а амаль пазбаўленую прадметаў (за выключэннем хіба некалькіх крэслаў і відэаэкрана), якімі так любяць гуляцца ў пластычным тэатры, перформансах і сучаснай харэаграфіі. Размова вялася пра сучаснае мастацтва: маўляў, ці з’яўляюцца мастацтвам шматлікія эксперыменты? Артысты, што спачатку сядзелі ў зале сярод публікі, вылучаючыся ад яе шалікамі-хусткамі на вачах, потым празерылі (у прамым і пераносным сэнсе слова) — і амаль усё астатняе дзеянне старанна, мэтанакіравана тапталі (зноў — ва ўсіх сэнсах) намаляваны на падлозе “Чорны квадрат” Малевіча. І растапталі-такі! Не толькі ўласна нагамі, але і мантажом разваг пра сучаснае мастацтва, якія сыходзілі з відэаэкрана. Імпульсам да стварэння спектакля сталі колішнія лекцыі пра сучасную харэаграфію Святланы Уланоўскай, Вольгі Лабоўкінай ды іншых. Але для спектакля запісы былі зроблены асобна, пашырылася кола выступоўцаў. А каб гледачы не сумавалі, спадарам “лектарам” дамалёўвалі рожкі-вушкі — здзекваліся з відэавыяў на розныя манеры. Хтосьці ў зале і сапраўды стрымана хіхікаў, мне ж было неяк няёмка, а галоўнае — сумна. Бо ў дадатак да “размаляваных” размоў (дарэчы, саміх па сабе не новых: падобныя дыскусіі, ці ёсць насамрэч феномен сучаснага мастацтва, вядуцца не менш за стагоддзе, узмацніўшыся апошнім часам) хацелася не менш маляўнічай пластыкі — не столькі ўласна “прадметнай”, колькі адметнай. А без яе — мастацтва, на мой погляд, не атрымалася. Але спектакль красамоўна прадэманстраваў, што цяперашняму тэатру пад сілу ўзнімаць якія заўгодна тэмы — абстрактныя, філасофскія, мастацтвазнаўчыя, не толькі пра “I love you” і, шырэй, чалавечыя адносіны.

Тая ж праблема — актуальнасць заяўленай тэмы і не самае па-мастацку пераканаўчае яе ўвасабленне — тычылася і спектакля “Беларусь 4:33. Горад сонца кропка нуль”. Змест вызначаўся тэкстам кнігі Артура Клінава “Мінск: даведнік па Горадзе Сонца”, крыху дапоўненым устаўкамі. Што ж да самога спектакля Тані Арцімовіч і Антона Сарокіна, дык іх праект нагадваў чытку п’есы на фоне сталічных краявідаў: Аляксандр Марчанка чытаў маналог за маналогам, а на экране з’яўляліся пазначэнні раздзелаў і зманціраваныя відэа, знятыя некалькімі аўтарамі, уключаючы названых рэжысёраў.

Вельмі супярэчлівыя ўражанні пакінула праграма беларускага перформансу з закручанай назвай “penAtra(C)tion-VII”. Мы ўбачылі некалькі розных праектаў, кожны свайго аўтара. Калі ўлічваць, што мэтай было “паказаць разнастайнасць беларускага перформансу, прадаставіўшы пляцоўку для самых розных яго прадстаўнікоў”, дык усё гэта, безумоўна, спраўдзілася. Але ўзровень аказаўся… розным. Нават не ведаючы ўсіх падрабязнасцей развіцця гэтага кірунку сучаснага мастацтва ў нашай краіне, можна было зразумець, што гісторыя айчыннага перформансу пакуль не надта доўгая. І што сам ён трымаецца выключна на энтузіязме ахвотнікаў: удзельнікі не толькі займаюцца распрацоўкай ідэй і іх непасрэдным увасабленнем, але і самастойна забяспечваюць сабе ўвесь рэквізіт — на ўласныя грошы, зразумела. Да цяперашняга форуму, як яны мне расказалі, па-ранейшаму рыхтавалі ўсё самі. Адзінае, што за арэнду памяшкання і дваровай тэрыторыі плаціць не давялося: гэтыя выдаткі ўзялі на сябе арганізатары. З мастацкага ж боку запомніўся найперш перформанс Ільі Сіна, у постаці якога бачылася скульптурная выява распяцця Хрыста. У некаторых іншых заставаўся азначаны вышэй дысбаланс: наяўнасць ідэі, якая чыталася літаральна з першых хвілін і нават секунд, і няўменне развіваць закранутыя выразныя сродкі, лепячы тую форму, якая і павінна “апранаць” ідэю ва ўласна мастацкае адзенне.

Згаданая раўнавага зместу і формы, калі першы можа быць колькі заўгодна вострым, “няўтульным”, набалелым, затое другая — эстэтычна завершанай, гарманічнай, захапляльнай, аказалася ўласцівай спектаклю “Опіум”. Магу з усёй адказнасцю канстатаваць, што народныя грошы, сабраныя дзякуючы краўдфандынгавай платформе, не змарнаваныя дарма. Вынік перабольшыў чаканні: спектакль сапраўды аказаўся не толькі “самым сумленным”, як абяцалі пастаноўшчыкі, але і па-мастацку дасканалым, намнога пераўзыходзячы (зноў-такі, менавіта паводле мастацкасці!) многія творы, увасабленне якіх суправаджалася ў разы больш шыкоўнай сцэнаграфіяй (а яна, як вядома, “з’ядае” большую частку пастановачнага бюджэту).

На сцэне (а дакладна  — акурат перад намі, без аніякага подыуму: гэта гледачы рассаджаны ў адным з куткоў Палаца мастацтва “па ярусах”, бы ў амфітэатры) — тры “пясочніцы”, запоўненыя зямлёй (мастак Андрэй Жыгур). Дзве з іх на падлозе, а меншая трэцяя — на ўзроўні стала ці барнай стойкі: у такіх “скрынках-ванначках”, толькі з распаленым пяском, звычайна гатуюць каву. Разам з трыма відэаэкранамі яны ўтвараюць магчымасці для імгненнай змены месца дзеяння, разгортвання паралельных падзей, не зважаючы на камернасць пляцоўкі. З зямлі дастаюцца ўсе неабходныя рэчы: хлеб, рыдлёўка, парфума “Оpium”, што дала назву п’есе Віталя Каралёва (ён жа зняўся на відэа ў эпізадычнай ролі Дзёні) і спектаклю Аляксандра Марчанкі. Шпурлянне зямлёй імітуе выбухі. Адна з “пясочніц” ператвараецца ў могілкі, а ў фінале становіцца труной, якую разам з героем накрываюць зялёным дыванчыкам у выглядзе траўкі. Гэткі мінімалізм, але што ні дэталь — асацыятыўныя спасылкі. Ігра артыстаў — бездакорная. Аніякага “ўціску”, залішняй “тэатральнасці”, немых воклічаў у залу і праславутага заломвання рук, што звычайна можна сустрэць на вялікай сцэне многіх і многіх нашых тэатраў. Юльяна Міхневіч (Маці), Максім Брагінец (яе старэйшы сын Мікола), Арцём Курань (малодшы Андрэй), Антон Жукаў (Стас, сябра Андрэя) — ды ўсе занятыя ў спектаклі акцёры не “наігрываюць” і не “іграюць”, а “пражываюць”. У такой “бясфальшавай” прасторы адразу заўважныя ненатуральныя паводзіны Тані (Ганна Семяняка), якая больш не кахае Андрэя, але той не бачыць відавочнага, а даведаўшыся — не жадае бачыць.

Побытавае забойства “па неасцярожнасці” (ды амаль няшчасны выпадак: ніхто ж не хацеў!) насамрэч мае “замоўленага забойцу” — гэта падзеі ва Украіне, што выклікаюць паралелі з колішняй грамадзянскай вайной: яна гэтак жа ў стане звесці ў смяротным паядынку (хай і размоўным, але папраўдзе смяротным) двух блізкіх сяброў, што не сыходзяцца ў сваіх поглядах. У фінале “забіты” не выходзіць на паклон, што стала адным з прыёмаў сучаснага тэатра. Артыст так і застаецца ляжаць “у зямлі”, што пакрываецца “травой”. Ад гэтай праніклай у тэатр рэальнасці трагічны фінал становіцца яшчэ больш жудасным. Але не вядзе да “чарнухі” 1990-х, а быццам працягвае выратавальную зялёную палоску: са спапялелай зямлі ўзнімаюцца парасткі. Адсылка да вечнасці і вечных праблем? Намёк на ачышчальны катарсіс? Ды толькі ўсё ў спектаклі было сапраўдным, а не муляжом. І на сапраўднай зямлі — узрастае штучная, “пластыкавая” трава? Надта падобная на дыванчык пры ўваходзе, яна не дазваляе канчаткова супакоіцца, але вымушае зноў і зноў задумацца. Ці не ў гэтым галоўнае прызначэнне тэатра?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"