“Назваць сваё сваім. І нікога не пакрыўдзіць”

№ 43 (1273) 22.10.2016 - 28.10.2016 г

Народны мастак пра панарамны погляд на гісторыю
Уладзімір Тоўсцік — вядомы жывапісец, народны мастак Беларусі, творчасць спалучае з выкладчыцкай працай у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Ён прыхільнік фігуратыўнага жывапісу, рэалістычнай школы, але рэалізм трактуе вельмі шырока. У ягоным разуменні гэта не столькі пэўная стылістыка, як філасофія жыцця і форма ўспрымання свету. Мастак неаднойчы выказваў занепакоенасць сучасным станам нашага выяўленчага мастацтва, у прыватнасці размываннем крытэрыяў прафесіяналізму і падменай сапраўдных каштоўнасцей брэндамі-аднадзёнкамі. Пра гэта і іншае мастак гутарыць з карэспандэнтам “К”.

/i/content/pi/cult/609/13535/6-1.jpg— Уладзімір Антонавіч, можа, маё пытанне прагучыць правакацыйна. Калісьці выяўленчаму мастацтву, акрамя чыста эстэтычнай належала і надзвычай важная сацыяльная функцыя. Сёння ж з’явіліся больш эфектыўныя сродкі ўплыву на грамадскую свядомасць, чым той жа жывапіс, станковы і манументальны. Скажам, пра вайну 1812 года большасць людзей ведаюць не праз знаёмства з выдатнымі жывапіснымі творамі — панарамай Барадзінскай бітвы работы Франца Рубо і панарамай бітвы на Бярэзіне, напісанай нашымі Юльянам Фалатам і Войцэхам Косакам, нават не праз раман-эпапею Льва Талстога, а паглядзеўшы фільм Сяргея Бандарчука. Ці не падаецца вам, што выяўленчаму мастацтву сёння наканавана роля культурнай перыферыі?

— Новы час патрабуе для выяўлення адвечных ісцін новых выразных сродкаў. Але відавочна, што каб не было жывапісу Рубо, Фалата, Косака і рамана Талстога, дык не было і кінаэпапеі Бандарчука. Новая культурная рэчаіснасць не выкрэслівае з грамадскай свядомасці здабытак мінулага. Каб рэжысёр класа Анджэя Вайды звярнуўся б да тэмы польскага Сярэднявечча, ён усё адно не стаў бы канкурэнтам Яну Матэйку, аўтару славутай “Грунвальдскай бітвы”. Так, незалежна ад эстэтычных навацый і сацыяльнай кан’юнктуры, у рускай культуры непахісным застаецца аўтарытэт Сурыкава і Рэпіна. У розных галінах мастацтва беларускага будуць з’яўляцца новыя творы пра Вялікую Айчынную, але гэта не значыць, што палатно Валянціна Волкава “Мінск, 3 ліпеня 1944 года” будзе забыта. Я не лічу, што карціна Волкава з таго ж шэрагу, што і творы згаданых вышэй мастакоў, але для свайго часу яна знакавая. А знакавыя рэчы з памяці нацыі не знікаюць. Гэта падмурак, на якім будуецца нацыянальная тоеснасць, нацыянальная ідэя.

Скажам шчыра, у Беларусі гэты падмурак не такі трывалы, як у нашых суседзяў (я маю на ўвазе найперш Расію і Польшчу), якія даўно вызначыліся з культурна-гістарычнымі прыярытэтамі, з базавымі чыннікамі дзяржаўнай ідэалогіі. У нас ўсё больш-менш зразумела з савецкім часам, з Вялікай Айчыннай вайной, а вось каб паглыбіцца ў даўнюю гісторыю — у часы Полацкага княства, Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, там шукаць апірышча нашай палітычнай і духоўнай незалежнасці — гэта у нас не надта атрымліваецца. Яно і зразумела, Рэспубліка Беларусь — дзяржава маладая, і нам не стае досведу суверэннага існавання і выбудовы раўнапраўных стасункаў з навакольным светам. Баімся назваць сваё сваім, каб кагосьці гэтым не пакрыўдзіць…

Вядома, што ідэі, якія мусяць стаць лёсавызначальнымі для народа і дзяржавы, спачатку дэкларуюцца праз мастацтва. І розныя віды мастацтва ў гэтым сэнсе дапаўняюць адзін аднаго, бо скіраваны да розных аўдыторый. А з перыферыі звяртаецца мастак да публікі ці з авансцэны — залежыць не ад ягонай цэхавай прыналежнасці, а ад таленту.

— Вы мяркуеце, каб у Беларусі ўжо стаялі помнікі Вітаўту, дык неўзабаве з’явілася б і кінаэпапея пра вялікага князя?

— Каб гэта асоба была выразна запатрабаваная ў кантэксце нашай нацыянальнай ідэі і дзяржаўнай ідэалогіі, былі б і помнік, і кінаэпапея, і жывапісныя палотны. Мне іншы раз падаецца, што нацыянальную гісторыю і культуру мы скарыстоўваем не столькі для кансалідацыі нацыі, як для стварэння пазітыўнага іміджу Беларусі за мяжой. Менавіта гэта задача лічыцца прыярытэтнай. У Кіеве мы ставім помнік Уладзіміру Караткевічу, Екацярынбургу — Уладзіміру Мулявіну. У Мінску ж, скажам, помнікаў гэтым асобам няма. А тыя ж бюсты Караткевіча ў Оршы і Віцебску ў параўнанні з кіеўскім помнікам глядзяцца вельмі сціпла…

Усё можна патлумачыць тым, што ў дзяржавы грошай не стае, тым, што ў дзяржавы ўсе просяць. І кожны лічыць, што ягоная патрэба самая пільная. Дык можа, варта парупіцца, каб да справы фінансавання культуры далучыліся мецэнаты? Вось у Расіі прайшоў з’езд калекцыянераў. Там звыклая рэч прыватныя музеі, прыватныя галерэі. Мабыць жа, мецэнаты з гэтага нешта маюць — падатковыя ільготы ці яшчэ што? Галоўнае, што справа рухаецца.

Памятаю, калі ішла рэстаўрацыя Нясвіжскага палаца, я звярнуўся да тагачаснага міністра культуры з прапановай аб стварэнні цыкла гістарычных карцін, у якіх гісторыя Беларусі была б адлюстравана праз гісторыю Нясвіжа і магнацкага роду Радзівілаў. Адразу ж паўстала пытанне, дзе гэта будзе вісець, і хто за працу заплоціць? Мы прапанавалі перарабіць у мастацкую галерэю кнігарню, што знаходзіцца ў Нясвіжы побач з ратушай. Гандлюе тая крама сумніўным чытвом — расійскімі кніжкамі-аднадзёнкамі. Хай бы яна лепш працавала на беларускую культуру. А наконт грошай — мы меркавалі, што тое мусіць вырашыць замоўца, а Міністэрства не знайшло на той час магчымасці ім стаць. А паглядзіце, колькі ў нас музеяў, краязнаўчых і мемарыяльных, аздоблены прынтамі? Гэта і Мірскі замак, і Музей Агінскага ў Завоссі… Зразумела, сапраўдных твораў мастацтва і артэфактаў даўніх эпох на ўсіх не набярэшся. Чаму б не аздобіць тыя ж музеі творамі сучасных беларускіх мастакоў, у якіх адлюструецца сённяшняе бачанне даўняй гісторыі? У любым выпадку гэта лепш, чым прынты.

На ўсёй постсавецкай прасторы ўрадавыя і грамадскія будынкі, як новыя, так і рэканструяваныя, упрыгожваюцца карцінамі і скульптурамі на тэмы нацыянальнай гісторыі. Мы мелі магчымасць аздобіць такім чынам Нацыянальную бібліятэку. Зноў расійскі прыклад: у савецкі час у адным з урадавых будынкаў Крамля вісела карціна Іягансона і брыгады “Выступленне Леніна на ІІІ з’ездзе камсамола”. Карціна ідэалагічна вывераная, класна зробленая. Прыйшоў іншы час — узор сацыялістычнага рэалізму са сцяны знялі, павесілі карціну Сяргея Прысекіна, прысвечаную бітве з тэўтонскімі рыцарамі. Відавочная пераемнасць. І тое і другое — Расія, расійская гісторыя. І тое і другое — ідэалогія. Мы ж, зноў нагадаю, чамусьці баімся дэклараваць свае ідэйныя прыярытэты. І забываем, што погляд на гісторыю мусіць быць панарамным.

— А як вам ідэя стварэння панарамнага палатна, якое б апавядала пра стрыжнявыя падзеі беларускай гісторыі — скажам, ад часоў князя Рагвалода да нашых дзён? Ці здолелі б рэалізаваць такі праект беларускія жывапісцы? Дыярамы для новага будынка Музея гісторыі вялікай Айчыннай вайны рабілі ж масквічы…

— Нешта падобнае на тое, пра што вы гаворыце, я бачыў у Германіі, у Цюрынгіі. Там у невялікім гарадку знаходзіцца самая вялікая ў свеце карціна — жывапісная панарама “Раннебуржуазная рэвалюцыя ў Германіі”. Гэта час Рэфармацыі і Сялянскай вайны, час Марціна Лютара і Томаса Мюнцара. Аўтар панарамы Вернэр Цюбке. Ён геніяльна пераасэнсаваў стылістыку вялікіх мастакоў Паўночнага Адраджэння. Хоць твор вобразна адлюстроўвае канкрэтную эпоху ў германскай і агульнаеўрапейскай гісторыі, ён ўспрымаецца як увасабленне адвечнай, пазачасовай Германіі. Панараму называюць “Паўночнай Сіксцінай”. Гэта помнік на стагоддзі. Па сутнасці — адлюстраванне нацыянальнага нямецкага духу, глабальнага разумення свету і месца германскай нацыі ў гэтым свеце.

Было б цудоўна, каб Беларусь мела твор такога класа. Я думаю, беларускія жывапісцы здолелі б рэалізаваць праект, пра які вы кажаце.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"