“Нягледзячы на подпіс, карціна сапраўдная...”

№ 42 (1272) 15.10.2016 - 21.10.2016 г

Феномен Алены Аладавай
Сёння "К" працягвае распавядаць пра ўнікальную асобу ў гісторыі нацыянальнай культуры — Алену Аладаву.

/i/content/pi/cult/608/13534/15-1.jpgАладава ведала многіх найбуйнейшых музейшчыкаў, рэстаўратараў і калекцыянераў краіны. Сярод іх — Марына Антонава, Васіль Пушкароў, Мікалай Машкоўцаў, Аляксандр Корын, Мікалай Уласаў, Савелій Ямшчыкоў, Абрам Шустар, Ілья Зільберштэйн, Барыс Антаноўскі, Мікалай Памяранцаў, Капіталіна Фралова, Міхаіл Лібман, Рыгор Блох, Лідзія Русланава — усіх не пералічыць. А колькі вядомых і выдатных мастакоў, мастацтвазнаўцаў, артыстаў (за межамі Беларусі) былі ў яе сябрах: Надзя Хадасевіч-Лежэ, Вітольд Бялыніцкі-Біруля і яго жонка Алена Аляксееўна, Ігар Грабар, Аляксей Савінаў, Марына Арлова, Якаў Ромас, Георгій Ніскій, Уладзімір Фаворскі, Фёдар Мадораў, Міхаіл Керзін, Аляксандр Грубэ, спявачка Марыя Максакава.

У маскоўскай кватэры Лідзіі Русланавай аднойчы пабываў і я разам з Аладавай, якая у знакамітай апальнай спявачкі, што адсядзела ў ГУЛАГу больш за 10 гадоў, выгандлявала тады два ці тры творы знакамітых рускіх перасоўнікаў. Лідзія Андрэеўна ўсадзіла нас за стол, пакрыты беласнежным абрусам, паставіла ў вялікую вазу ружы, якія мы прынеслі, і дзве пляшкі калекцыйнага французскага каньяку. Потым з’явілася шыкоўная халодная закуска і тры бутэлькі... кефіру. “Ведаеце, дарагія мае, я люблю каньяк запіваць кефірам... Паспрабуйце, вельмі карысна для здароў’я”.

Канешне, запомніліся жывапісныя творы, якія былі паразвешаны аж у тры шэрагі на сценах двух пакояў: ад Айвазоўскага да Рэпіна. Вялікае ўражанне ў гасцінай Русланавай зрабіў на нас таксама шыкоўны белы трафейны раяль. Потым, калі мы ўжо выходзілі, Алена Васільеўна шапнула мне: “Божа мой, былі б грошы, угаварыла б Лідзію Андрэеўну прадаць гэты чароўны інструмент для нашага музея...”

Мы прабылі ў Русланавай, мабыць, гадзіны дзве ці нават больш, шмат аб чым было сказана, усяго не запомніў, але нейкія фрагменты засталіся ў галаве. Лідзія Андрэеўна, напрыклад, распавяла, як яшчэ да вайны была запрошана ў Крэмль да Сталіна. Пасля невялічкага канцэрта, у якім удзельнічалі яна, басы Максім Міхайлаў і Марк Рэйзэн, а “дырыжорам” быў Клімент Варашылаў, Сталін падзякаваў Русланавай за песні “Во поле березонька стояла” і “Волжская бурлацкая”. А потым запрасіў яе да стала, дзе сядзелі члены Палітбюро: “Садыцеся, таварищ Русланава, угасчайтэсь...” І тады Лідзія Андрэеўна быццам бы адказала: “Я ж сытая, Іосіф Вісарыёнавіч, вы бы сваякоў маіх у Саратаве пакармілі. Вельмі галадаюць...” Сталін ад нечаканасці толькі і вымавіў: “Рэчыстая...” З той пары ў Крэмль яе больш ніколі не запрашалі. Але ці так было насамрэч — сказаць складана...

Потым доўга расказвала, як ствараліся знакамітыя “Валёнкі”. І калі я паспрабаваў, з юнацкім максімалізмам, трошкі падшафэ, мякка запярэчыць ёй, што гэтыя “Валёнкі” яшчэ да рэвалюцыі спявала цыганка Насця Палякова, а да вайны — Ніна Дулькевіч і Макарава-Шаўчэнка (я недзе чытаў пра гэта), Аладава мяне ціхенька абцягнула за штаніну. Але было позна — Русланава выбухнула: “Вы, малады чалавек, не першы, хто пра гэта заяўляе! Адказваю: якія цыганкі і дулькевічы? Якія там шаўчэнкі? Я — аўтар, і ніхто іншы!!! Я сама склала і сама спявала тую песню! Усё астатняе — выдумкі маіх ворагаў!..” Алена Васільеўна яе супакоіла: “Канешне ж, шаноўная Лідзія Андрэеўна, вы зрабілі гэты шэдэўр! А Барыса Аляксеевіча проста ўвялі ў зман вашы зайздроснікі. Вы ж на яго не крыўдуйце — молада-зелена...” Русланава імгненна прыціхла. І пасля трэцяй ці чацвёртай па ліку чаркі, не звяртаючы на мяне аніякай увагі, ціха праспявала куплет з вядомай песні: “Я б вам пела да и плясала, // Да уж больно я устала. // Уморилась, уморилась, уморилася. // Знамо дело, уморилась, уморилася...” Мне падалося, што гэта нейкі намёк на тое, што аўдыенцыю пара заканчваць... Але пакуль я моўчкі разглядваў насценную калекцыю, размова Аладавай і Русланавай набыла ўжо строга дзелавы характар наконт набыцця некалькіх твораў рускіх перасоўнікаў і працягвалася яшчэ каля гадзіны...

Ведаю, што трошкі пазней у Русланавай гасцявалі зноў жа Аладава, але тым разам з міністрам культуры БССР Юрыем Міхневічам і Віктарам Грамыкам, тагачасным кіраўніком нашага Саюза мастакоў, які пакінуў свае цікавыя ўспаміны пра візіт. Прывяду маленькі фрагмент: “Перад растаннем адбылася такая кароткая размова. Міністр паведаміў, што партрэт мастака Сварога пэндзля Рэпіна купляецца, калі Лідзія Андрэеўна пагаджаецца з ацэнкай экспертнага савета, а дзве іншыя работы будуць разгледжаны трошкі пазней. Акт на іх часовае захоўванне — у Алены Васільеўны. “З цаной на Сварога згодная, — сказала Русланава. — А з актамі ад’язджайце ў Мінск. Не крыўдзіце мяне. Работы ў Алены Васільеўны захоўваюцца ўжо тры гады нават без усялякай распіскі. Я шчаслівая, што ў мяне такая сяброўка — сапраўдная беларуска, да таго ж — паляшучка!”

Дарэчы, здаецца, у 1957 годзе, Аладава набыла ў Русланавай карціну Барыса Кустодзіева “Купчыха з пакупкамі”, здаецца, за 2500 рублёў і яшчэ як бясплатны дадатак невялічкую кампазіцыю эстонскага і расійскага скульптара другой паловы XIX — пачатку XX cтагоддзяў Амандуса Адамсона “Апошні ўздых карабля”. Тады гэта былі грошы — вартасць паловы аўтамабіля “Волга”, які пасля грашовай рэформы 1961 года каштаваў, калі не памыляюся, 5 тысяч рублёў. Сёння на аўкцыёне “Sotheby’s” любая работа Кустодзіева каштуе ў межах мільёна і больш фунтаў стэрлінгаў. Скажам, некалькі гадоў таму “Вясковы кірмаш” быў прададзены за 2 мільёны 841 тысячу фунтаў стэрлінгаў. А ў мінулым годзе невялічкая карціна “Купчыха” — за 125 тысяч брытанскіх фунтаў. А колькі каштуе “Волга”?

(Працяг чытайце ў наступных нумарах.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"