Аўтограф на Рэйхстагу

№ 19 (837) 10.05.2008 - 16.05.2008 г

Горкаўскую школу-сямігодку, што месцілася паблізу ракі Арэса ў Старадарожскім раёне, у першыя пасляваенныя гады наведвалі вучні з 12-ці навакольных вёсак. Большасць хлопцаў і дзяўчат былі яўнымі пераросткамі. Прычына зразумелая: вучыцца пад час вайны ў іх не было магчымасці. Сярод школьнікаў вылучаўся стройны юнак з блакітнымі вачыма. Акрамя скураной сумкі цераз плячо, ён пастаянна трымаў у руках бесфарматныя папяровыя аркушы, на якіх алоўкам крэсліў цікавыя замалёўкі. Апрануты быў у ваенную форму, а на грудзях зіхацелі медалі. Я ў той час вучыўся ў пятым класе, а Іван Стасевіч з вёсачкі Медвядня — у сёмым. Мы, вясковыя хлапчукі, па-добраму зайздросцілі чалавеку ў форме, а ён сціпла, але з пачуццём уласнай годнасці адказваў на нашы пытанні пра баявыя ўзнагароды. З усіх вучняў толькі Стасевіч быў сапраўдным партызанам і франтавіком.

 /i/content/pi/cult/160/1353/Autograf.jpg
Бацьку Івана за сувязь з народнымі мсціўцамі ноччу схапілі гітлераўцы і адправілі ў канцэнтрацыйны лагер. Ваня ў той час таксама дапамагаў партызанам. У самы разгар вайны ён на свае страх і рызыку адшукваў у лесе агнястрэльную зброю, каб перадаць яе барацьбітам з акупантамі. Быў сувязным, перадаючы партызанам карысную інфармацыю. А летам 1943 г. яго залічылі байцом партызанскага атрада імя С.Кірава. Малады патрыёт даў клятву перад шэрагам старэйшых таварышаў: змагацца з акупантамі да пераможнага канца. У першым жа баі здабыў сабе аўтамат. А пазней пачаліся рэгулярныя вылазкі па заданні камандавання: партызанскія засады, разведка, дыверсіі на чыгунцы... У рэчмяшку будучы мастак насіў алоўкі, фарбы, пэндзлі. У вольны час дазваляў сабе займацца ўлюбёнай справай: уражанні ад убачанага старанна пераносіў на паперу. Аднойчы за гэтым заняткам яго заспеў камандзір — і даручыў выпускаць партызанскую насценгазету “Смерць фашысцкім акупантам!”, а таксама ілюстраваць зводкі “Совинформбюро” (партызаны распаўсюджвалі іх сярод мясцовага насельніцтва).

Пасля выгнання захопнікаў з роднай зямлі Іван Нікіфаравіч вярнуўся ў сваю вёску, але бацькі былі ў канцлагеры. Дом паказаўся яму беспрытульным. У юнака саспела думка адпомсціць вылюдкам за родных. Ён неаднаразова звяртаўся да камандзіраў вайсковых частак з просьбай, кааб яго залічылі ў байцы. Але адказ быў адзін: хлопца не маглі ўзяць з-за непаўналецця.

Аднойчы па вёсцы на захад праходзіла аўтадарожная частка. На прывале салдаты афармлялі дарожныя знакі і ўказальнікі накірунку руху нашых баявых разлікаў. Юнак прапанаваў чырвонаармейцам сваю дапамогу. Камандзір, ацаніўшы яго мастацкія здольнасці, даў згоду залічыць бравага хлапчука ў склад аднаго з падраздзяленняў часткі. Не апошнюю ролю адыграў і партызанскі медаль на грудзях юнага патрыёта. Так у Чырвонай Арміі з’явіўся яшчэ адзін сын палка. У свае 16 гадоў Іван Стасевіч свабодна валодаў аўтаматам ППШ і кулямётам Дзегцярова.

На адным з газетных здымкаў той пары ён сфатаграфаваны з аўтаматам, наглядна паказваючы сваю баявую гатоўнасць.

Салдаты і камандзіры высока цанілі сатырычныя замалёўкі Стасевіча ў баявых лістках, якія служылі вострай ідэалагічнай зброяй у барацьбе з фашысцкай нечысцю. З асаблівым энтузіязмам маляваў сын палка транспаранты, плакаты і ўказальнікі энергічнага наступлення нашых воінаў: “Да Берліна засталося 150 км... 100 км... 50 км..”. На апошнім указальніку, ужо ў самім Берліне, рукой Івана было накрэслена: “Да Рэйхстага — 250 метраў”. Можна ўявіць, як радаваўся беларускі хлопец, усведамляючы, што лічаныя дні засталіся да доўгачаканай Перамогі над карычневай чумой. А калі гэты момант наступіў, юнак з пачуццём уласнай годнасці і гонару за суайчыннікаў пакінуў аўтограф на сцяне Рэйхстага: “Іван Стасевіч, Старыя Дарогі — Берлін!”

За ўзорнае выкананне воінскага абавязку і выдатную наглядную агітацыю на франтавых дарогах ЦК ВЛКСМ узнагародзіў юнага патрыёта Ганаровай граматай. Вяртаючыся дадому, шчаслівыя пераможцы прымацавалі да вагона святочна аформлены Стасевічам транспарант: “Мы — з Берліна!” На гімнасцёрцы Івана побач з партызанскай узнагародай пад промнямі майскага сонца зіхацелі медалі “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”, “За баявыя заслугі”.

Вось з такім земляком давялося мне вучыцца. Настаўнікі ганарыліся вучнем-партызанам і франтавіком, які з баямі дайшоў да Берліна. А Іван з уласцівай яму сціпласцю ўжо тады марыў аб прафесіі мастака. На памяць пра сябе ён намаляваў партрэт класнай кіраўніцы Валянціны Іванаўны Літвінавай.

Іван Нікіфаравіч скончыў на “выдатна” Мінскае мастацкае вучылішча, потым — Маскоўскі мастацкі інстытут імя Сурыкава. Яго дыпломнай працай стала карціна “У беларускіх балотах”, дзе адлюстраваны найвышэйшы накал партызанскай барацьбы з акупантамі і глыбокая ўпэўненасць у перамозе над сіламі зла. Гэтае палатно было адзначана Ганаровым дыпломам на Усесаюзнай мастацкай выстаўцы. Мастак працягваў ваенную тэму ў вядомых карцінах “Клятва”, “Суровае юнацтва”, “Партрэт маршала Жукава”, “Вечны агонь”, “Партрэт партызанкі”, “Плачуць бярозы” і інш.

Цікавасць уяўляюць партрэты афіцэраў і салдат, з якімі лёс звёў Стасевіча ў пару абароны Айчыны, а таксама вядомых навукоўцаў і пісьменнікаў Беларусі.

Але гэта ўжо тэма для размовы пра сталасць Стасевіча-мастака ў больш шырокім аспекце. А што датычыць “суровага юнацтва” майго пакалення — яно, на мой погляд, высветліла ў творчасці Івана Нікіфаравіча яркі і найбольш адметны мастацкі штрых — глыбокую перакананасць нашых суайчыннікаў у безумоўнай перамозе сіл розуму і дабра, у трыумфе нашай справядлівай справы.

Не магу не згадаць тут, як наш зямляк выконваў пейзажныя замалёўкі на сваёй малой радзіме. У сонечнае надвор’е яго можна было ўбачыць з мальбертам і пэндзлем за вясковай ваколіцай на лясной палянцы, на беразе рэчкі.

Паводле праекта скульптара Хізры Асадулаева адліты ў бронзе бюст І.Н. Стасевіча. Хутка ён будзе ўсталяваны на адной з вуліц у Старых Дарогах. Так удзячныя землякі аддаюць даніну глыбокай павагі памяці заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, партызана і франтавіка, патрыёта і грамадзяніна.

Адам ГРЫНКЕВІЧ
в. Вялікі Двор Стаўбцоўскага раёна