Еўрабачанне-2017: пачынаецца ўсё з…

№ 42 (1272) 15.10.2016 - 21.10.2016 г

Толькі ўзняла ўкраінская спявачка Джамала на галоўнай сцэне “Еўрабачання-2016” пераможны “Крыштальны мікрафон”, як сусветныя мас-медыя застракаталі сумненнямі, ці да часу Украіне, якая знаходзіцца ў няпростай сітуацыі, прымаць міжнародны фэст, што апрыёры пацягне значныя выдаткі. Тыя ж выказванні раз-пораз гучаць і на самой радзіме Тараса Шаўчэнкі, аднак кіраўнік упраўлення турызму Кіеўскай гарадской дзяржаўнай адміністрацыі Антон ТАРАНЕНКА падчас візіту ў Мінск выказаў упэўненасць, што для Украіны “Еўрабачанне” — сапраўдны выратавальны круг.

“Я бачу ў гэтым мерапрыемстве толькі “плюсы”. Дзякуючы “Еўрабачанню”, мы можам узняць імідж краіны!” — запэўніваў спадар Антон на сустрэчы ў Пасольстве Украіны ў Беларусі, праведзенай у рамках ХХІІІ Міжнароднай турыстычнай выставы “Турбізнес-2016”. Ён не ўтойваў лічбы: два еўратыдні абыдуцца Украіне прыблізна ў 20 мільёнаў еўра. І адразу прасіў улічваць, што каля сямі мільёнаў паступяць ад спонсараў і ўступных узносаў удзельнікаў конкурсу, каля васьмі мільёнаў плануюць атрымаць ад продажу білетаў. Астатняе выдаткуюць з гарадскога і рэспубліканскага бюджэту, аднак у горада пасля заканчэння фэсту застанецца палепшаная інфраструктура. “У маі 2017-га мы атрымаем тэлепрадукт на 50 краін і зможам зладзіць прамоцыю краіны. Уявіце сабе, што ў 2013 годзе толькі Кіеў прыняў два мільёны замежных вандроўнікаў. Пасля падзей нядаўняга часу краіна патрапіла ў так званую чырвоную зону ўсіх турыстычных маршрутаў. Ведаеце, як складана працаваць, калі пасольствы ўсяго свету не рэкамендуюць сваім тураператарам ладзіць да нас выезды? Колькі мы біліся ў 2014 годзе, каб давесці бяспеку нашых маршрутаў, прыводзілі ў параўнанне ўлюбёны турыстамі Іерусалім — ён знаходзіцца ў 76 кіламетрах ад Сектара Газа, а паміж Кіевам і неспакойным сёння Данбасам 725 кіламетраў, іншымі словамі, мы ў 10 разоў далей ад зоны баявых дзеянняў… Сёння на турыстычных картах свету Украіна — зялёная. “Еўрабачанне” не толькі “прывядзе” замежных фанатаў на майскае мерапрыемства, але дапаможа вярнуць турыстаў у краіну”, — патлумачыў сваю пазіцыю выступоўца.

Як вядома, нашая паўднёвая суседка правяла разгорнуты конкурс, каб абраць горад для правядзення “Еўрабачання”. Заяўкі падавалі Львоў, Харкаў, Херсон, Днепр (да нядаўняга перайменавання — Днепрапятроўск), Адэса, Кіеў. Апошнія тры патрапілі ў фінал. Па меркаванні спадара Тараненкі, Днепр не змог перамагчы, бо ў яго няма адпаведнага патрабаванням стадыёна, ды знаходзіцца ён у 100 кіламетрах ад месца ваеннага канфлікту, што адразу ўздымае пытанні бяспекі. Адэсе не хапіла неабходнай колькасці нумарнога фонду. Адэсіты прапанавалі прывезці на мерапрыемства плывучыя гатэлі, аднак тое ўсё роўна патрабуе вялікіх выдаткаў, што нязручна ў цяперашняй фінансавай сітуацыі. Кіеў першапачаткова быў лепш падрыхтаваны, меў усю неабходную інфраструктуру. “Мне падаецца, таму наша сталіца і атрымала ў фінале 9 з 12 галасоў”, — падсумаваў кіраўнік упраўлення турызму.

Кіеў чакае ўдзельнікаў і гасцей 62-га конкурсу еўрапейскай песні з 1 па 15 мая. Галоўная сцэна размесціцца на тэрыторыі Міжнароднага выставачнага цэнтра. Як пасля афіцыйнай прэзентацыі распавёў карэспандэнту “К” спадар Антон, пад гэты “еўрамагніт” Украіна плануе правесці маштабную прэзентацыю культуры краіны: “Акрамя афіцыйных мерапрыемстваў, будзе арганізавана спецыяльная пляцоўка ў “Еўравёсцы”, куды мы запрасілі ўсе абласныя гарады. Верагодна, там будзе самая вялікая і пры гэтым найбольш даступная лакацыя для публікі. Усе, хто не патрапіў пад купал арэны, змогуць без праблем прыйсці на цэнтральную плошчу горада і адчуць атмасферу “Еўрабачання”. Тут запланаваны выступленні прадстаўнікоў усіх 45 краін-удзельніц, таксама на працягу двух тыдняў у асабістых фан-зонах будуць ладзіць прэзентацыі кожная з нашых вобласцяў, выступаць тамтэйшыя калектывы, дзеячы мастацтва”.

Гарадскія ўлады мяркуюць, што на два майскія тыдні кіеўскія музеі зменяць графік работы: хтосьці будзе зачыняць дзверы пазней, а нехта плануе працаваць усю ноч. У старой крэпасці гарадскога Арсенала плануецца вялікая выстава з экспазіцыямі музеяў краіны. Не абыдзецца без тэатральнага фестывалю, задумваюцца шматлікія вулічныя выступленні прадстаўнікоў розных жанраў і кірункаў. Увогуле, задумана шмат лакацый на любы густ. Прынамсі, на Спеўным полі адбудзецца фестываль еўрапейскай і нацыянальнай украінскай кухань, фестываль віна і сыру, фестываль вулічнай ежы, пройдзе “Kievbreakfast”, а таксама “Sundaybreakfast” — па нядзелях будуць ладзіцца еўрапікнікі ў сталічных парках. Паколькі фестывальны рух разгорнецца не толькі на левым беразе Дняпра, дзе месціцца МВЦ, але і на правым, горад ужо сёння працуе над развіццём турыстычнага транспарту. Напрыклад, плануецца запусціць рачныя трамвайчыкі.

Спадар Тараненка распавёў толькі пра планы непасрэдна гарадской адміністрацыі. У Міністэрстве культуры Украіны распрацоўваецца свая праграма, пад якую выдаткоўваецца пэўны бюджэт. Ва ўпраўленні турызму Кіева таксама грандыёзныя планы: каб міжнародны фестываль стаў карысным не толькі для сталіцы, распрацоўваюцца спецыяльныя маршруты. “Мы з калегамі прадумваем камбінацыі, каб з нагоды “Еўрабачання” турысты вандравалі па Украіне. Хочам зрабіць 3 — 5 дзён у Кіеве, каб фанат захапіў паўфіналы і фінал міжнароднага конкурсу, а пасля прапанаваць яму выправіцца, напрыклад, у Львоў ці Адэсу”, — падзяліўся планамі візаві.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"