Дасягальны космас

№ 42 (1272) 15.10.2016 - 21.10.2016 г

Сёлетняя выстава беларускіх ікон у Ватыкане паклала пачатак шчыльным узаемаадносінам паміж Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі і Музеямі Ватыкана. Прыбыўшы ў Мінск, загадчык аддзела дэкаратыўных мастацтваў, а таксама аддзела візантыйскага і сярэднявечнага мастацтва гэтай установы Гвіда КАРНІНІ зазначыў, што з беларускім бокам ужо абмеркавана магчымасць зладзіць гадавыя стажыроўкі для рэстаўратараў НММ.

/i/content/pi/cult/608/13527/13-1.jpgНацыянальны мастацкі музей у кроку ад запаветнай мары — стварэння Нацыянальнага рэстаўрацыйнага цэнтра. У музейным квартале, які актыўна ўзводзяць у сталіцы, для захавальнікаў даўніны запланаваны абсталяваныя ўсім неабходным памяшканні. А пакуль рамонтныя працы не завершаныя, супрацоўнікі НММ звяртаюцца па досвед у наладжванні справы да калег вядучых скарбніц свету, бяруць да ўвагі найноўшыя дасягненні ў сферы захавання спадчыны. Генеральны дырэктар айчыннага музея Уладзімір Пракапцоў у захапленні ад наймацнейшай рэстаўрацыйнай базы, якой валодаюць ватыканскія музейшчыкі: “У іх проста космас! Яны працуюць, не дакранаючыся да карціны, пры мінімальным уздзеянні на палатно робяць усе замеры і даследаванні. Нават у французскім Луўры няма такога высокатэхналагічнага і дакладнейшага абсталявання. Сапраўды, незямны ўзровень!” Па словах Уладзіміра Іванавіча, айчынныя рэстаўратары пачнуць выпраўляцца па вопыт на тэрыторыю Святога Прастола ўжо з наступнага года.

Як распавёў карэспандэнту “К” Гвіда Карніні, сёння ў музеях Ватыкана дзейнічае сем лабараторый, у якіх працуе каля 50 спецыялістаў. Як правіла, пад кожны праект падбіраецца асобная каманда, у яе склад можа ўваходзіць ад 4 да 10 чалавек. У майстэрнях працуюць высакакласныя знаўцы, якія займаюцца металам (і асобна — зброяй), каменем, жывапісам, паперай, мазаікай, тэкстылем, ёсць унікальныя навукоўцы, якія спецыялізуюцца на ўзнаўленні артэфактаў нееўрапейскіх цывілізацый. “Прадметы Антычнасці, Сярэдніх вякоў могуць патрапіць да нас у зусім лядашчым выглядзе, але ў вялікай рэстаўрацыйнай школе да кожнай рэчы абавязкова знаходзіцца падыход, — працягнуў ён. — Зрэшты, у нашай справе выкарыстоўваюць два найменні: рэстаўратары і кансерватары. Зараз часцей ужываюць апошняе слова. Мы, як і большасць калег з іншых дзяржаў, імкнемся прадухіліць сітуацыю, каб пасля не даводзілася аднаўляць рэч наогул ці не з нябыту. Тут мы блізкія да медыцыны з яе лозунгам пра тое, што лягчэй папярэдзіць захворванне, чым яго лячыць”.

Ватыканскія рэстаўратары надзвычай запатрабаваныя ў свеце. Па словах спадара Карніні, прадстаўнікоў іх школы часта запрашаюць падзяліцца назапашаным досведам калегі з іншых краін. “Як правіла, да нас на працу трапляюць, скончыўшы школу рэстаўрацыі ва Фларэнцыі ці Рыме. Аднак хачу зазначыць, што ў нашых майстэрнях — не адны італьянцы. У Ватыкане дзейнічае некалькі так званых папярэдніх школ. Яны прымаюць усіх ахвотных. Тыя з навучэнцаў, хто годна адолеў праграму і змог добра здаць экзамен, атрымліваюць права падаць заяўку на пасаду ў нашых музеях. Зрэшты, у залежнасці ад поспехаў, замежны спецыяліст можа атрымаць не толькі тэрміновую, але і сталую працу ў рэстаўрацыйных майстэрнях. Зрэдку могуць прапанаваць рэстаўратару месца ў абыход адмысловага навучання, аднак гэта павінен быць таленавіты спецыяліст з вялікім вопытам ”, — дадаў мой візаві.

Гвіда Карніні падкрэсліў, што беларусаў рады бачыць у ватыканскіх майстэрнях. Італьянцы не толькі гатовыя падзяліцца сваімі сакрэтамі: ім хочацца паслухаць пра асаблівасці беларускага мастацтва, у прыватнасці, пра адметнасці беларускай іканапіснай школы. Асабіста спадару Карніні падабаецца яе рэалістычнасць: “Нягледзячы на тое, што абразы пішуцца па строгіх канонах, па пэўным класічным зводзе правілаў, старадаўнія беларускія іканапісцы прыўносілі ў свае творы рэалістычныя моманты. Яны ўзнікаюць у розных аспектах, напрыклад, абліччу Маці Божай надаюцца рысы звычайнай зямной жанчыны. Такім чынам, святая становіцца бліжэйшай да людзей. Параўнайце з кананічнай візантыйскай іконай: выява аддалена ад гледача, паміж ім і іконай існуе сцяна. З гэтага пункту гледжання беларускія абразы становяцца больш блізкімі і зразумелымі чалавеку”.

Між іншым, стажыроўка адкрывае для нашых спецыялістаў шмат дадатковых магчымасцяў, прынамсі, не толькі пераймаць вопыт непасрэдна на тэрыторыі Святога Прастолу, але і паспрабаваць свае сілы ў іншых музеях, якія супрацоўнічаюць з бокам гаспадароў. Карысным будзе досвед у кірунку выкарыстання найноўшых тэхналогій у музейнай прасторы. Зразумела, музеі Ватыкана не адмяжоўваюцца ад павеваў часу, таму шмат інвестуюць у новыя тэхналогіі. Спадар Карніні прывёў у прыклад размешчаныя ў экспазіцыі інтэрактыўныя экраны, якія змяшчаюць дадатковую інфармацыю, а таксама велізарны экран памерам са сцяну, які быў закуплены яшчэ ў 2000 годзе, каб дэманстраваць недаступныя ў экспазіцыі артэфакты, паказваць розныя часткі музейнага комплексу, у які ўваходзіць 54 галерэі. “Але ў пагоні за ноу-хау трэба ўлічваць, у якім будынку выстаўляюцца вашы экспанаты. Возьмем Пінакатэку: яна месціцца ў Бельведэрскім палацы, які сам па сабе з’яўляецца помнікам архітэктуры, таму ў ім нельга праводзіць пэўныя змяненні, якіх патрабуе ўсталяванне высокатэхналагічных гаджэтаў. Ці, напрыклад, лоджыі Рафаэля: вядома, мы не будзем там нічога ўсталёўваць, бо кожны сантыметр сцен пакрыты аўтарскімі выявамі. У адносна новых залах і будынках, канешне, большая прастора для сучасных тэхналогій,” — растлумачыў суразмоўца.

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"