Даць магчымасць вылечыцца

№ 41 (1271) 08.10.2016 - 14.10.2016 г

Саўлюс ВАРНАС, галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра
У тэатры заўсёды ўзнікае пытанне, які матэрыял ставіць, каб прыцягнуць увагу публікі. Насамрэч, для чаго мы патрэбны, калі да нас не будзе хадзіць глядач? І ўсё ж, гэта пытанне не павінна ператварацца для рэжысёра ў пагадненне са сваім сумленнем, маўляў, мне не цікава, аднак абавязкова будзе касава. Не трэба падыгрываць безгустоўнасці, даваць на сцэне чарговы “серыял”, падобны на тое, што круціцца па тэлевізары. Гледачу важна мець магчымасць сур’ёзнай размовы.

/i/content/pi/cult/607/13514/5-1.jpgТэатр не лечыць, але дае магчымасць вылечыцца. Магілёўскі драматычны імкнецца вывесці гледача, калі ў яго ёсць жаданне дыялогу, да абмеркавання тых сур’ёзных пытанняў, без адказу на якія апошні не можа жыць. Мы не прымаем на сябе місію павучаць, не заяўляем нешта накшталт “мы такія разумныя, усё на свеце ведаем”, але шчыра хочам падштурхнуць чалавека да разваг і пошукаў сябе. Таму і выбіраем для пастаноўкі вострыя тэмы, узнімаем і правакуем гэты дыялог на ўсіх узроўнях: на спектаклях, на абмеркаваннях пасля заслоны.

Жыццё — гэта трэлі птушкі: пайшоў чалавек — толькі спевы ад яго і засталіся. Тэатр таксама эфемернае мастацтва: у пачуццёвай памяці застаецца толькі тая энергетыка, якую вы мусілі адчуць у дадзены момант у глядзельнай зале. Напрыклад, са мной да гэтай пары ўспаміны пра першы пабачаны ў жыцці спектакль: тады мне было гады тры-чатыры, яго ігралі нават не ў прыстасаваным будынку, а ў звычайнай школе, ды яго энергетыка сталася вельмі важнай для ўсяго майго жыцця, паўплывала на выбар прафесіі. Таму я засмучаюся, калі чую ад старшых школьнікаў ці студэнтаў: “Які прыгожы будынак магілёўскай драмы! Толькі мы ўнутры яшчэ ні разу не былі…”

Нельга апраўдвацца тым, што глядач у рэгіёнах быццам бы яшчэ не саспеў: “Мы тут некалькі гадоў яшчэ крыху пастаім, а вось потым як загаворым!” Не адбудзецца такога! Мы павінны пачынаць працаваць з масамі сёння, каб заўтра захапіць іх сваімі ідэямі. Глыбока ўпэўнены: тэатр — гэта месца, дзе магчыма адчыніць акенца ў рай. Я кажу пра месца, дзе глядач можа адчуваць сабе самастойнай адзінкай, свабодна размаўляць з сабой і мець дыялог са светам. Маю на ўвазе тую асаблівую цішыню, у якой вырашаюцца праблемы, бо адолець іх магчыма менавіта ў маўчанні, а не ў пустаслоўі. Падаецца, таму сучасны тэатр і рухаецца ў бок адмовы ад тэксту. Тэкст становіцца адным з элементаў з’явы, калі цішыня ў спектаклі мае большы сэнс, чым прамоўленае, а тое, што схавана паміж словаў, бывае цікавейшым за іх абалонку.

З дырэктарам тэатра Андрэем Новікавым мы шмат абмяркоўваем рэпертуарную палітыку, якія чалавечыя каштоўнасці мусім прапанаваць аўдыторыі і ўласна калектыву, у якім кірунку рухацца, каб быць запатрабаванымі. Акцёры ў рэгіёнах не маюць такіх магчымасцяў быць навідавоку, як іх сталічныя калегі: у нас няма тэлебачання з трансляцыяй на ўсю рэспубліку, няма трывалага кінапрацэсу (а на здымкі ў Мінск мы не заўсёды можам адпусціць, бо наш штат невялікі — кожны шчыльна заняты ў рэпертуары). Як рэжысёр, я адчуваю адказнасць за тое, каб артысты маглі рэалізавацца і праз гэта зразумець, у першую чаргу для сябе, важнасць уласнай працы, каб яны маглі дабіцца таго, дзеля чаго прыйшлі ў прафесію.

У першую чаргу, арыентуемся на магіляўчан, мы спрабуем увесці іх у плынь духоўнага жыцця. Разумею, частцы публікі можа не спадабацца наш погляд на пэўную праблему, але людзі абавязкова вернуцца да ўзнятых пытанняў, паступова ў іх сфарміруецца сваё стаўленне да наспелага. Наш калектыў часта бывае на міжнародных фестывалях і чуе шмат ухвальных слоў пра сваю творчасць, але больш за ўсё хочацца адчуваць, што менавіта магіляўчане маюць у нас патрэбу.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"