У няспынным дыялогу

№ 41 (1271) 08.10.2016 - 14.10.2016 г

У Магілёве 30 верасня — 2 кастрычніка працаваў ІІІ Нацыянальны форум "Музеі Беларусі". У гэтым нумары "К" спыняецца на шэрагу вузлавых момантаў галоўнай падзеі ў жыцці музейнай супольнасці рэспублікі.

/i/content/pi/cult/607/13506/3-1.jpgПадчас адкрыцця ролю і канцэптуальную значнасць музейнага форуму акрэсліў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў, зрабіўшы акцэнт на тым, што падзея адбываецца ў Год культуры:

— У сучасным свеце музеі выконваюць ролю інстытутаў па захаванні спадчыны, перадачы ведаў і культурнага вопыту, — адначыў Барыс Уладзіміравіч. — Музейныя прадметы і музеі, дзе яны захоўваюцца, фарміруюць унікальнае асяроддзе, дзе канцэнтруецца памяць пакаленняў і ідзе няспынны дыялог мінулага з сучасным. Музейная справа Беларусі актыўна развіваецца і патрабуе новых падыходаў да вырашэння актуальных праблем сучаснасці. Застаючыся вернымі сваім традыцыйным функцыям, асноўную ўвагу музеі сёння надаюць пытанню захавання і вывучэння гісторыка-культурных каштоўнасцяў, а таксама імкнуцца пашырыць ўзаемаадносіны з шырокай публікай, павысіць якасць сваіх паслуг, актыўна выкарыстоўваць нацыянальную спадчыну для адукацыі і выхавання.

Форум для музейнай супольнасці — цэнтральная падзея музейнага жыцця краіны, унікальная магчымасць для аналізу і асэнсавання працэсаў, якія адбываюцца сёння ў сферы музеяў, выдатная пляцоўка для абмену думкамі, лепшымі напрацоўкамі, крыніца творчага натхнення і рэальны механізм далучэння музеяў Беларусі да глабальнай інфармацыйнай прасторы. Форум таксама праводзіцца ў мэтах стымулявання творчых ініцыятыў, заахвочвання музейных работнікаў, якія ўносяць значны ўклад у вывучэнне, захаванне і папулярызацыю культурных каштоўнасцяў, прыцягнення ўвагі шырокага кола грамадскасці да шматграннай музейнай дзейнасці.

Сказаць, што на экспазіцыі, якая разгарнулася ў спартыўным комплексе "Алімпіец", было за што зачапіцца воку, — нічога не сказаць. Кіруючыся толькі тым, што прыцягнула ўвагу, так атрымалася, што ў многім мае ўражанні супалі з меркаваннем журы конкурснай праграмы форуму.

Мінскі абласны краязнаўчы музей скаардынаваў экспазіцыі музеяў вобласці, да магілёўскага форуму быў выдадзены буклет з кароткай інфармацыяй пра кожную. “Кранальная выстава” Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя Паўла Масленікава звалася так, бо на ёй можна было ўсё кранаць. Экспазіцыя, разлічаная на дзяцей, складалася з выставы дзіцячых малюнкаў, інсталяцый “Як адлятаюць на дзьмухаўцах” Таццяны Быц і “Дрэва ведаў” Андрэя Вераб’ёва. На галінках гэтай “расліны” віселі дзіцячыя малюнкі з ілюстрацыямі да літар алфавіта. Што прыемна, за аснову браліся менавіта беларускія словы: вожык, янот, цукеркі… На стэндзе музея дзецям прапаноўвалі не толькі дакрануцца да экспанатаў, а яшчэ самім намаляваць што-небудзь, і, на выбар, дапоўніць экспазіцыю ці забраць малюнак дамоў.

Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Еўдакіма Раманава зрабіў выставу “Магілёўскаму кнігадруку — 400 гадоў” (у 1616-м пачала дзейнічаць Магілёўская брацкая друкарня). На стэндзе можна было ўласнаруч надрукаваць старонку на станку, канструкцыя якога адпавядае часам Спірыдона Собаля. У 1636-м ён выдаў у Магілёве “Буквар языка славеньска”. Падчас форуму адбыліся прэзентацыі кнігі пра Спірыдона Собаля і магілёўскае кнігадрукаванне XVII — XVIII стагоддзяў, падрыхтаванай Музеем гісторыі Магілёва супольна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, і “Новага запавету з Псалтыром”, выдадзенага ў Куцеінскай друкарні пад Оршай у 1652 годзе і набытага Музеем гісторыі Магілёва дзякуючы спонсарскай дапамозе. На стэндзе краязнаўчага музея можна было пагартаць макет Буквара Спірыдона Собаля, а вялікі надпіс над фотакопіяй з гонарам паведамляў: “Буквару з Магілёва 380 гадоў”.

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры на форуме паказаў выставу “Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры”, якая распавядала пра 10 літаратурных музеяў краіны і раскрыла асобныя старонкі літаратурнага жыцця, звязаныя з творчасцю вядомых пісьменнікаў — юбіляраў 2016-га. Гаворка пра Івана Мележа, Івана Шамякіна, Кандрата Крапіву, Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна, Максіма Багдановіча. Таксама мы адсвяткавалі някруглую сімвалічную дату — 111 год Петруся Броўкі. На стэндзе можна было пабачыць рукапісы пісьменнікаў, фотаздымкі, асабістыя рэчы Дзейнічалі інтэрактыўныя праграмы для дзяцей і дарослых. Музей Петруся Броўкі экспанаваў 6 з 17 чамаданаў, нядаўна перададзеных у фонды нашчадкамі паэта (“К” пісала пра гэта ў № 22).

Лідчане паказалі экспазіцыю “Уздоўж па Віленскай”: наведвальнікі форуму траплялі на рынкавую плошчу Ліды ХІХ стагоддзя, дзе маглі сустрэць сялянак-гандлярак у традыцыйных строях, гарадскіх дам-пакупніц, апранутых па модзе таго часу, і гарадскіх жа дэндзі. Інфармацыю пра перамогу музей, дарэчы, аператыўна выставіў на сваім сайце. Музей Дзяцінства школы №2 горада Нароўлі паказаў цацкі савецкага часу і прадметы, звязаныя з акцябратамі і піянерамі. Гісторыка-краязнаўчы музей “Дружбы народаў” школы №8 горада Гродна засяродзіўся на прадметах, звязаных з Фестывалем нацыянальных культур і нацыянальнымі меншасцямі, што жывуць на тэрыторыі Беларусі.

Як сведчыў стэнд Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”, літаральна пару месяцаў таму ў гэтым горадзе адчынілася дзіцячая міні-кавярня, у верасні — дзіцячы адукацыйны цэнтр. Фабрыка “Камунарка” забяспечыла кавярню апаратам для вырабу гарачага шакаладу. Піць яго дзеці могуць у кампаніі Мікалая Радзівіла Чорнага ці Барбары Радзівіл (на стол ставяць ляльку ў адпаведным адзенні). Ёсць тут інтэрактыўны стол з развіццёвымі гульнямі. Распрацоўваюцца адукацыйныя і забаўляльныя праграмы на аснове гісторыі роду Радзівілаў і Нясвіжа, цікавыя і жыхарам горада, і турыстам. У перспектыве можна будзе пакінуць дзіця ў такога кшталту цэнтры, пакуль бацькі наведваюць экскурсію (аналаг дзіцячага пакоя ў гіпермаркеце).

“Лепшы сувенірны і друкаваны прадукт рэгіянальнага музея” — новая намінацыя, якую заснаваў Музей “Замкавы комплекс “Мір”. Як распавяла падчас узнагароджвання яго дырэктар Вольга Папко, мала рэгіянальных музеяў прадстаўляюць свае калекцыі ў сувенірнай прадукцыі. Мірскі замак як вялікі рэгіянальны музей хацеў бы стымуляваць дзейнасць у такім кірунку. Сёлета ў намінацыі паступіла ўсяго 4 заяўкі: з Ліды, Жодзіна, Шклова і Лепеля. Лепшай прызнана прадукцыя Лепельскага раённага краязнаўчага музея “Народная лялька-мотанка”. У Лепель з Міра “паехаў” вялікі тэлевізар для прэзентацый. Лепельцы ўмеюць шанаваць свае брэнды — на стэндзе музея быў выяўлены бадай самы знакаміты яго экспанат: лепельская дуда.

Шкада, але неадзначаным журы застаўся стэнд Бабруйскага мастацкага музея: ён паказваў фрагменты музейнай экспазіцыі мінералаў і горных парод “Жывапіс зямлі”. У пераможцы не патрапіла ніводнага музея, акрамя Лепельскага, які рабіў бы акцэнт на этнаграфіі. У асноўным этнаграфічныя калекцыі дэманстравалі музеі з Палесся і ўсходу Беларусі, а таксама з Узды, Гарадка, Заслаўя, Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Мо традыцыйная культура яшчэ не стала “ўпісалася” ў “новую крэатыўную эканоміку”?

Таксама неадзначаным журы застаўся Мемарыяльны музей-майстэрня Заіра Азгура, адзін з самых сучасных музеяў Мінска ў плане падыходу да выставачнай прасторы ды імпрэз. На форум азгураўцы прывезлі два фатэлі з сіліконавых шарыкаў і праектар. На белыя сцены павільёну праектавалі відэашэраг, зняты падчас скульптурна-выставачнага праекта “Quercus”. Гучала транс-музыка, наведвальнікі маглі сесці ў фатэлі-“грушы” і расслабіцца. Супрацоўніцы музея іх фатаграфавалі і выкладалі здымкі ў сацыяльныя сеткі.

Думаецца, галоўнае, што форум быў цікавым для шараговых наведвальнікаў. Прыводзілі клас школьнікаў — а на наступны дзень дзеці запрашалі пазнаёміцца з экспазіцыяй сваіх бацькоў. Музейшчыкі ж плённа завязалі новыя кантакты, прадалі трошкі сувеніраў і кніжак, паказалі сябе. Мяркую, з’ехалі яны задаволенымі мерапрыемствам. Ну а на старонках "К", несумненна, яшчэ з'явяцца матэрыялы-рэха музейнага форуму ў Магілёве.

 

Ва ўмовах эканомікі ўражанняў

Музей паміж інтэрвенцыямі ў соцыум і модай на моднае

У рамках дзелавой праграмы ІІІ Нацыянальнага форума “Музеі Беларусі” выступоўцы патрэніраваліся па расповедах пра тое, як музеі прыстасоўваюцца да ўмоў, што дыктуе рынак. Прапануем некалькі тэзісных думак з гэтага сумоўя.

Тэма сёлетняга форуму, нагадаю — “Музей у новай крэатыўнай эканоміцы”. Таму, распачынаючы адно з пасяджэнняў дзелавой праграмы, загадчык аддзела па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі Ала Сташкевіч казала: музей мае быць каталізатарам ідэй у грамадстве ведаў. Акрамя апошніх, істотныя складнікі крэатыўнай эканомікі — эмоцыі і ўражанні. Ды і сама яна — не абстракцыя. Гэта рэч, што ўплывае на валавы ўнутраны прадукт дзяржавы. Як прыклад крэатыўных індустрый, якія з’яўляюцца часткай такой эканомікі, Ала Сташкевіч прывяла развіццё Кастрычніцкай вуліцы ў Мінску, танцавальныя вечарыны капэлы “На таку” і клуба “Сіта”, танцавальны фестываль “Мяцеліца”. Адзначыла прамоўца, што для эфектыўнай працы добра, калі некалькі культурных індустрый знаходзяцца побач, як, да прыкладу, у Расіі (комплекс з музея пасцілы, калача і садовай школы ў Каломенскім пад Масквой) ці ў Германіі (фальклорная школа, музей і суполка садаводаў-агароднікаў у Бамбергу). Ала Сташкевіч заклікала музеі шукаць сваё месца ў рамках крэатыўнай эканомікі, магчыма, па-новаму сфармуляваць місію, пачаць рабіць інтэрвенцыі ў гарадскі асяродак.

Дырэктар Львоўскага гістарычнага музея Раман Чмелік (тэма даклада “Культурная спадчына памежжа: небяспека і магчымасці”) адзначыў, што культурная спадчына можа стаць закладнікам палітыкі, але музеі павінны імкнуцца гэтага не дапусціць. На памежжы, зазначыў ён, часта знаходзяцца тэрыторыі, істотныя для культуры і гісторыі дзвюх і болей краін. Чыёй спадчынай лічыць дом, пабудаваны ў Львове італьянскім архітэктарам? Сусветнай. Кожнай дзяржаве хочацца лічыць усё, што знаходзіцца на яе тэрыторыі, сваім. Але калі Польшча пасля распаду СССР стала выстаўляць Украіне прэтэнзіі, якіх раней не гучала, з’явілася разуменне, што спадчына — супольная, а Украіна адказная за яе перадачу наступным пакаленням. Тады ўкраінцы сталі шукаць супольныя магчымасці для захавання гэтай спадчыны. Напрыклад, у Львове армянскі касцёл рэстаўруецца за польскія і ўкраінскія грошы.

Дырэктар Музея арміі ў Стакгольме Ева-Сафі Эрнстэл распавяла, што яе ўстанова за мэту ставіць распаўсюджванне міралюбівых ідэй праз расповед пра ўплыў арміі на грамадства. У экспазіцыі “жывуць” касцюміраванныя персанажы, што размаўляюць з наведвальнікамі пра вайну і мір. Чым меншы ўзрост турыстаў, кажа госця са Швецыі, тым з большай ахвотай яны ідуць на кантакт. Тэма вайны, якой некалькі стагоддзяў не было ў Швецыі, не вельмі папулярная там, але ў Музеі арміі шмат наведвальнікаў з Расіі і Польшчы.

Музей мае адкрытыя сховішчы, дзе кожны можа наўпрост дакрануцца да прадметаў пэўнай эпохі, каб адчуць яе. Установа рабіла некалькі супольных праектаў з Беларуссю: у 2014-м вандроўная выстава “Рэчы між жыццём і смерцю” была паказана ў Гродне, Брэсце, Мінску і Гомелі. Людміла Хрысцева, магіляўчанка, што цяпер жыве ў Швецыі, паказала сёлета ўвесну ля Музея арміі калекцыю сукенак, якую нядаўна прывезлі ў Віцебск. Экспанавалася таксама выстава па Першай сусветнай вайне “Выявы вайны” з фотаздымкамі з Мінска. Ала Сташкевіч дадала, што ў зборах Музея арміі знаходзяцца харугвы і пушкі рода Радзівілаў і ў наступным годзе плануецца выставіць іх у Мірскім замку.

Дырэктар вільнюскага музея “Палац вялікіх князёў літоўскіх” Відас Долінскас падкрэсліў, што палац — агульная каштоўнасць нацыянальнасцяў Вялікага Княства Літоўскага, зруйнаваны пасля падзелаў Рэчы Паспалітай як сімвал дзяржаўнасці, адноўлены і адчынены 2 гады таму ўжо як сімвал дзяржаўнасці незалежнай Літвы. Ад старога будынка засталіся падмуркі, таму гэта помнік архітэктуры, што надае музею дадатковую прывабнасць. У той жа час, недахоп аўтэнтычнасці трэба чымсьці кампенсаваць. Музей будуе маркетынгавую стратэгію на тым, што падчас раскопак палаца знайшлі каля 500 тысяч прадметаў XIII — XVII стагоддзяў, некаторыя з якіх увайшлі ў экспазіцыю і паказаны in situ, на месцы знаходкі. Новыя тэхналогіі — камп’ютарныя тэрміналы, 3D-акуляры — прывабліваюць наведвальнікаў, але істотна “не перагінаюць” і даюць магчымасць кантакту з аўтэнтычным экспанатам.

У палацы выкарыстаны найноўшыя рэстаўрацыйныя тэхналогіі, якія можна заўважыць у экспазіцыі (напрыклад, саркафаг над старымі фрагментамі). У пачатку XVII стагоддзя ў палацы была пастаўлена адна з першых літоўскіх опер, а цяпер ва ўнутраным двары праходзяць канцэрты — ад класікі да цяжкага року. Відас Долінскас паведаміў, што колькасць наведвальнікаў з моманту адкрыцця ў 2013-м годзе падае і цяпер складае каля двухсот тысяч чалавек за год. Але ён ставіцца да гэтага па-філасофску: палац адчыніўся, і гэта было нешта новае, цікавае. Потым з’явілася яшчэ новае. Ва ўмовах эканомікі ўражанняў — не дзіва.

Кіраўнік даследчай групы “Расійская музейная энцыклапедыя” Ірына Чувілава падзялілася вынікамі апытанняў моладзі. Анкетаванне паказала, што папулярным з’яўляецца наведванне статусных акцый разавага характару, напрыклад, модных выстаў. Маладыя людзі хочуць бачыць у музеях інфармацыю пра сучасныя працэсы ў мастацтве і, у той жа час, у графе “пажаданні ў вольнай форме” пішуць: “Жадаю музеям быць крэатыўнымі, інтэрактыўнымі, але не ператварацца ў гульнявыя пляцоўкі”. Да таго ж музеі працуюць па нязручным для людзей раскладзе: пасля працы туды не трапіш. Часам музеі працягваюць свой працоўны дзень, але гэта не заўсёды апраўдваецца эканамічна. Паўстае і праблема бясплатнага наведвання: не ўсе музеі гатовыя адчыніць дзверы за “дзякуй”.

Аб часе працы музеяў і пытанні вольнага наведвання ў зале разгарэлася дыскусія. Спыніліся на тым, што павінны быць музеі, якія садзейнічаюць патрыятычнаму выхаванню, бясплатныя, прынамсі, для школьнікаў. Працягваць працу музея да бясконцасці можна ў турыстычных гарадах, скажам, парыжскі Луўр працуе ў некаторыя дні да 22.00. Раман Чмелік заўважыў, што мясцовыя звычайна ідуць у музей на выхадных, а турысты — удзень, таму позняя праца музея нічога не дае.

Дырэктар Расійскага этнаграфічнага музея Уладзімір Грусман лічыць, што нават ва ўмовах крэатыўнай эканомікі музей не можа зарабіць на сябе, без удзелу дзяржавы існаваць нерэальна, асабліва калі ўстанова знаходзіцца ў гістарычным будынку. РЭМ з 1980-х мае статус навукова-даследчага інстытута, таму да распрацоўкі выставачных праектаў там падыходзяць грунтоўна: канцэптуальная выстава рыхтуецца каля двух гадоў. Маштабны паказ патрабуе вялікіх сродкаў, таму бюджэтнай заменай аб’ёмнай экспазіцыі Грусман лічыць фотавыставу, асабліва на выездзе.

 

У чыіх руках манаполія на Шагала?

Бізнес і музеі: праекцыя форуму

У форуме ўдзельнічаў шэраг прадпрыемстваў, на першы погляд, далёкіх ад музейнай дзейнасці, і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Скажам, прадпрымальнік Ігар Гарбуноў займаецца вырабам праектаў, макетаў, дыярам, копій узнагарод для музейных экспазіцый. Першай яго працай у музейнай галіне сталася экспазіцыя этнаграфічнай залы Магілёўскага краязнаўчага музея імя Еўдакіма Раманава, якую ён рабіў у супрацоўніцтве з шэрагам мастакоў. Звычайна Гарбуноў робіць праектныя работы і часткова непасрэднае напаўненне экспазіцыі. Разам з таварыствам з дадатковай адказнасцю “Мастак-сэрвіс”, таксама прадстаўленым на форуме, яны цяпер працуюць над абнаўленнем экспазіцыі мінскага музея І з’езда РСДРП. Названае прадпрыемства займаецца вырабам макетаў, музейнай мэблі, 3D-мадэляваннем, рэкламным і ландшафтным дызайнам.

Фірма “Экспамір” з Масквы прапануе музеям аўдыягіды. Прадпрымальнік Рамзан Махмудаў займаецца пракатам выстаў матылёў і халоднай зброі ў Мінску і рэгіянальных музеях. Фірма “Інфа Тэх” з Санкт-Пецярбурга займаецца спрашчэннем музейнай лагістыкі: білетна-прапускныя сістэмы, аўтаматызацыя продажу білетаў, абанементаў, экскурсій, кіраванне праз інтэрнэт. Прадпрыемства “Скарбніца” з Мінска, больш вядомае вырабам сувенірнай прадукцыі, прапануе музеям рэканструяваныя строі іх мясцовасці для экспазіцыі.

Барыс Фрэйдман з Віцебска займаецца вырабам сувеніраў, працуючы толькі з музеямі. Яго асноўныя кліенты — музей Марка Шагала і Мірскі замак. Ён адзіны ў Беларусі, хто атрымаў ад Шагалаўскага камітэта ў Парыжы дазвол на ўзнаўленне твораў мастака на сувенірнай прадукцыі, таму адлічвае вялікія аўтарскія выплаты нашчадкам Шагала. На атрыманне дазволу Барысу Фрэйдману спатрэбілася 3 гады, і цяпер ён манапаліст у Беларусі. Астатнія вытворцы фактычна працуюць з парушэннем аўтарскага права. Акрамя сувеніраў прадпрымальнік займаецца вырабам і пракатам у Беларусі і Расіі выстаў копій твораў вялікіх мастакоў. Ужо экспануюцца “Свет імпрэсіянізму” і выстава Густава Клімта. Рэпрадукцыі для выстаў робяць прафесійныя мастакі па падрабязных лічбавых копіях, дзе можна прасачыць кожны рух пэндзля майстра. Электронныя версіі, на аснове якіх робяць рэпрадукцыі, Барыс Фрэйдман купляе ў вядучых музеяў свету. Нядаўна заплаціў Новаму музею ў Вашынгтоне за 1 копію 400 еўра. У Лонданскай галерэі лічбавыя копіі каштуюць па 100 еўра. Некаторыя музеі, як, напрыклад, амерыканскі музей Гётэ, даюць копіі задарма, бо праекты прадпрымальніка маюць адукацыйны складнік. Асноўны бізнес у Барыса Фрэйдмана не звязаны з музеямі, сувенірныя і выставачныя праекты ён распачаў “для душы”, і аказалася, што яны прыносяць неблагія грошы.

Мінск — Магілёў — Мінск

Фота аўтара

 

На ІІІ Нацыянальным форуме “Музеі Беларусі” былі вызначаны пераможцы ў наступных намінацыях.

У намінацыі “За лепшае прадстаўленне музея на экспазіцыі форуму”

дыпломамі І ступені:

установа культуры “Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В.Масленікава” за экспазіцыю “Трогательная выставка”;

дзяржаўная ўстанова “Мінскі абласны краязнаўчы музей” за Экспазіцыю дзяржаўных музеяў Мінскай вобласці “Памятаем мінулае, шануем сучаснае, думаем пра будучае”.

дыпломамі ІІ ступені:

установа культуры “Магілёўскі абласны музей імя Е.Р.Раманава” за экспазіцыю “Магілёўскаму кнігадрукаванню 400 год (1616 — 2016)”;

установа “Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры” за экспазіцыю “Адкрый для сябе скарбы беларускай літаратуры”.

дыпломамі ІІІ ступені:

дзяржаўная ўстанова “Лідскі гісторыка-мастацкі музей” за экспазіцыю “Лида. Вдоль по Виленской”;

музей “Дзяцінства” ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Нароўля” за экспазіцыю “Дзяцінства”;

гісторыка-краязнаўчы музей “Дружба народаў” ДУА “Сярэдняя школа № 8 г. Гродна” за экспазіцыю “Дружба народаў”.

У намінацыі “За навацыі ў музейнай дзейнасці”

дыпломамі І ступені:

установа “Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь” за серыю інтэрактыўных праектаў для дзяцей: музейны квэст “Маленькі эксперт”; “Чароўны пясок” (інтэрактыўны музейны занятак з элементамі арт-тэрапіі); “Мастацтва на кончыках пальцаў” (музейны занятак па тактыльнай выставе); выданне цыкла адукацыйных кніг “Дзецям пра мастацтва” для малодшых школьнікаў і настаўнікаў прадмета “Айчынная і сусветная мастацкая культура”; “Тэатр ценяў Франсыска Гоі” (начная экскурсія з элементамі тэатралізацыі).

дыпломамі ІІ ступені:

установа “Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы” за праект “Пясняр — шрыфт на аснове почырку Янкі Купалы”.

дыпломамі ІІІ ступені:

дзяржаўная ўстанова культуры “Брагінскі гістарычны музей з карціннай галерэяй” за праект “Відэаздымка як інавацыйная форма вывучэння гісторыі свайго раёна, знаёмства з музейнымі прадметамі, захавання ўспамінаў відавочцаў гістарычных падзей”;

народны музей “Гісторыя авіяпалка Нармандыя-Нёман” Дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 9 г. Барысава Мінскай вобласці” за “Віртуальны музей”.

У намінацыі “За лепшы музейны праект”

дыпломамі І ступені:

установа “Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь” за выстаўку “Іканапіс Беларусі ХVІІ — XXI стагоддзя. З калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь” (губернатарства Дзяржава-горад Ватыкан, музеі Ватыкана);

установа “Дзяржаўны музей ваеннай гісторыі Рэспублікі Беларусь” за выстаўку “Мы перамаглі”.

дыпломамі ІІ ступені:

дзяржаўная ўстанова “Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь” за выстаўку “Гандаль Беларусі на шляхах гісторыі”;

навукова-даследчая і асветніцкая ўстанова культуры “Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік” за праект “Адзіная музейная прастора: музеі-запаведнікі Полацка, Ноўгарада, Пскоўшчыны”;

установа культуры “Гродзенскі Дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі” за выстаўку “Божае адкрыццё ў зямных вобразах. Хрысціянскія сюжэты ў італьянскіх гравюрах ХІХ стагоддзя” ў музеях Літоўскай Рэспублікі”.

дыпломамі ІІІ ступені:

установа культуры “Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа” за экспазіцыю “У хвалях няспыннага руху: аутамабільнымі шляхамі Якуба Коласа”;

установа культуры “Асіповіцкі раённы гісторыка-краязнаўчы музей” за праект “Вяртанне дадому”;

установа культуры “Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей” за віртуальны музей “Бярозаўскі картэзіянскі кляштар. Гісторыя заснавання і дзейнасці”.

У намінацыі “За лепшую культурна-адукацыйную праграму”

дыпломамі І ступені:

дзяржаўная ўстанова “Нацыянальны гісторыка-культурны запаведнік “Нясвіж” за праграму “Музей — дзецям”;

дзяржаўная гісторыка-культурная ўстанова “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль” за праграму “Большой музей для любознательных друзей”.

дыпломамі ІІ ступені:

установа культуры “Бабруйскі краязнаўчы музей” за праграму “Дай руку, дружа”;

установа культуры “Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей” за праграму “Музейны квэст “У пошуках скарбу”;

установа культуры “Брэсцкі абласны краязнаўчы музей” за праграму “Музейны тыдзень”.

дыпломамі ІІІ ступені:

дзяржаўная гісторыка-культурная ўстанова “Музей-сядзіба Агінскага” за праграму “Вяртанне дзіцячых баляў у Паўночныя Афіны”;

дзяржаўная ўстанова культуры “Музей бітвы за Днепр” за праграму “Музей і школа”.

У намінацыі “За лепшае музейнае выданне”

дыпломамі І ступені:

установа “Беларускі Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны” за альбом “Белорусский государственный музей истории Великой Отечественной войны”;

установа культуры “Музей Марка Шагала ў Віцебску” за каталог калекцыі “Марк Шагал. Эстампы: 1922 — 1985”.

дыпломамі ІІ ступені:

установа культуры “Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В.Масленікава” за выданне “Калекцыі жывапісу, графікі, керамікі ў зборы Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В.Масленікава;

установа культуры “Віцебскі абласны краязнаўчы музей” за “Каталог твораў мастака Ю.М.Пэна з музейнага фонду Рэспублікі Беларусь”.

дыпломамі ІІІ ступені:

дзяржаўная ўстанова “Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” за фотаальбом “Нясвіж: палацава-паркавы ансамбль”;

дзяржаўная ўстанова “Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь” за кнігу-альбом “Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь”.

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"