Працаваць бы ў “воблаку”, ды піяніна няма

№ 41 (1271) 08.10.2016 - 14.10.2016 г

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыліся IV Міжнародны кангрэс “Бібліятэка як феномен культуры” і XVI Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Менеджмент бібліятэк ВНУ”.

Сёлетні форум выдаўся прадстаўнічым: як адзначыў падчас адкрыцця мерапрыемства дырэктар галоўнай бібліятэкі краіны Раман Матульскі, на кангрэсе прысутнічала 650 дэлегатаў з 14 краін свету. Ды і склад арганізатараў таксама ўражваў: акрамя Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, самой Нацыянальнай бібліятэкі, Фундаментальнай бібліятэкі Белдзяржуніверсітэта і Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі дапамогу форуму аказвалі кампаніі “Thomson Reuters”, “Агенцтва Уладзіміра Граўцова”, “Ebsco publishing”, пасольствы Францыі і ЗША ў Беларусі, а таксама Інстытут імя Гётэ.

Удзельнікі кангрэса цягам двух дзён маглі пазнаёміцца з тэхнічнымі і тэхналагічнымі навацыямі, наведаўшы выстаўку выдавецкай прадукцыі, электронных інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў, што працавала на другім паверсе ўстановы, а яшчэ — завітаць на дзве выставы, урачыста адкрытыя ў Нацыяналцы 5 кастрычніка. Адна з іх распавядала пра гісторыю і сучасную дзейнасць Фундаментальнай бібліятэкі БДУ, другая — прэзентавала фотапраект “Кніжныя людзі” з супрацоўнікамі Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі ў галоўных ролях. Перад пачаткам пленарных дакладаў адбылося ўзнагароджанне пераможцаў XXІV Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” і II Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — цэнтр духоўна-маральнай асветы і выхавання”.

Тэма кангрэса і канферэнцыі гэтага года гучала даволі маштабна: “Інфармацыйныя рэсурсы бібліятэк у адукацыйным, навуковым і сацыякультурным асяроддзі”. Адкрыў дыскусію даклад Рамана Матульскага, у якім дырэктар Нацыяналкі падрабязна прааналізаваў ход аптымізацыі бібліятэчных устаноў у Беларусі, а таксама прывёў лічбы з даследавання шэрагу паказчыкаў айчынных “кніжніц” у параўнанні з бібліятэкамі краін-суседзяў, Германіі і Фінляндыі. Як аказалася, па многіх параметрах (колькасць бібліятэк на тысячу жыхароў, абарачальнасць і абнаўляльнасць фондаў, кнігавыдача і гэтак далей) беларускія бібліятэкі выглядаюць няблага, нават з улікам таго скарачэння сеткі, якое адбывалася ў нашай краіне яшчэ з сярэдзіны мінулага стагоддзя. Перакос, у асноўным, адбываецца — і гэта зразумела — у абслугоўванні гарадскіх і сельскіх жыхароў: колькасць і якасць бібліятэчных паслуг сёння больш высокая ў горадзе, чым на сяле. Выйсце тут, мабыць, адно: развіваць і пашыраць сетку мабільных бібліятэк, забяспечаных усім неабходным сучасным абсталяваннем, бо стацыянарныя бібліятэкі, зразумела, абыходзяцца дзяржаве нашмат даражэй за бібліёбусы.

Дырэктар бібліятэкі Берлінскага ўніверсітэта імя Гумбальта Андрэас Дзегквіц у сваім дакладзе распавядаў пра “воблачныя” тэхналогіі ў бібліятэчнай сферы, пра тыя праблемы і пытанні, якія цяпер стаяць перад бібліятэкарамі розных краін свету.

— Цяпер у бібліятэк з’явілася шмат канкурэнтаў, пачынаючы ад “Google” і сацыяльных сетак ды заканчваючы буйнымі выдавецтвамі свету, якія прадастаўляюць інфармацыю карыстальнікам амаль імгненна і бясплатна, — адзначыў Дзегквіц. — Таму і мы ў сваёй далейшай працы павінны арыентавацца на карыстальніка, рабіць усё для таго, каб нашы чытачы маглі лёгка і проста атрымліваць патрэбную ім літаратуру ды інфармацыю праз інтэрнэт і “воблачныя” тэхналогіі.

Для гэтага, па словах прадстаўніка нямецкай бібліятэчнай супольнасці, спецыялістам з усяго свету трэба спачатку правесці вялікую зладжаную работу па авалодванні найноўшымі інфармацыйнымі тэхналогіямі, укараненні сусветных стандартаў каталагізацыі бібліятэчных даных, а таксама прынцыпаў апрацоўкі вялікіх аб’ёмаў інфармацыі. Задача, што і сказаць, складаная. І не толькі ў сусветным маштабе, але і з улікам тых тэндэнцый у галіне інфарматызацыі айчынных бібліятэк, якія сёння назіраюцца ў нашай рэспубліцы. Менавіта пра гэтыя пытанні ішла гаворка ў дакладзе загадчыцы навукова-даследчыцкага аддзела бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Марыны Пшыбытка.

Па словах дакладчыка, цягам 2014 — 2016 гадоў спецыялісты Нацыяналкі праводзілі даследаванне па пытаннях інфарматызацыі бібліятэчных устаноў краіны. Для вырашэння пастаўленай задачы супрацоўнікі галоўнай бібліятэкі Беларусі распрацавалі пэўныя крытэрыі ацэнкі інфарматызацыі бібліятэк і стварылі на іх базе апытальнік па зададзенай тэме. Пасля гэты апытальнік быў разасланы ва ўсе бібліятэчныя ўстановы, падпарадкаваныя міністэрствам і ведамствам краіны. Адказ удалося атрымаць больш чым ад 5 тысяч бібліятэк Беларусі.

Лічбы, што і казаць, атрымаліся цікавыя і… даволі сумныя. Так, бібліятэкары прызнаваліся ў нізкім узроўні інфарматызацыі сваіх “кніжніц”. Напрыклад, наяўнасць камп’ютара ў бібліятэцы адзначалася толькі ў 77,5 % выпадкаў, а 15 % з ліку апытаных увогуле напісалі пра адсутнасць любой інфармацыйнай тэхнікі (ПК, планшэт, ноўтбук, тэлефон) у сваёй установе. Прыкра, што і наяўная камп’ютарная тэхніка ў 57 % адказаў эксплуатавалася бібліятэкарамі больш чым 5 гадоў. Абнавіць яе цягам бліжэйшых двух гадоў плануюць толькі 16,5 % рэспандэнтаў, адказ “не плануем абнаўлення” быў атрыманы ад 48 % апытаных…

Не магу не прывесці і такі факт: як адзначыла Марына Пшыбытка, у графе “інфарматызацыя вашай установы” ў апытальніку быў пакінуты вольны радок для таго, каб бібліятэкары напісалі, чаго з ліку найноўшых інфармацыйных тэхналогій найбольш не хапае іхняй установе. Некаторыя адказы спецыялістаў Нацыяналкі (ды і слухачоў даклада), папраўдзе, уразілі: хтосьці пісаў, што ім не стае піяніна, нехта згадваў пра недахоп баяна ці акардэона ў, нагадаю, бібліятэчнай установе… Пакіну гэты факт без каментарыяў — і так усё зразумела…

Да Сеціва, як вынікае з даклада, падключаны 57 % айчынных бібліятэк (з іх публічныя бібліятэкі маюць значна большы паказчык — 70 % падключэнняў да інтэрнэту), электронную пошту маюць 40 % рэспандэнтаў (публічныя — 68 %). Самае цікавае, што свае сайты на сёння зрабілі ўсяго 6,2 % з усіх апытаных “кніжніц”...

Яшчэ менш сябе пазіцыянуюць і “раскручваюць” бібліятэкары ў сацыяльных сетках: такіх “прасунутых” айчынных “кніжніц” сёння ўсяго 3,8 % з ліку апытаных. Як адзначыла Марына Пшыбытка, цалкам верагодна, што доступ да сацыяльных сетак у некаторых арганізацыях мог быць проста закрыты: маўляў, каб бібліятэкары не гублялі працоўны час на вандроўкі па сваіх акаўнтах. Але, дадам ужо ад сябе, гэта наўрад ці можна лічыць галоўнай прычынай: хто забараняе бібліятэкарам самім ствараць свае старонкі ў Сеціве, піярыць установы самастойна, дадаючы цікавую інфармацыю і запрашаючы на імпрэзы? Гаворку тут, мабыць, трэба весці пра незацікаўленасць саміх бібліятэкараў і іхнюю не надта добрую ў названых адносінах кваліфікацыю.

У доказ спашлюся на лічбы з таго ж даклада: толькі 71,9 % рэспандэнтаў адзначылі, што свабодна валодаюць камп’ютарам, 69 % — што добра арыентуюцца ў інтэрнэце. Шукаць і знаходзіць інфармацыю ў базах даных могуць на сёння толькі 42 % апытаных, а навыкі працы з модулямі аўтаматызаванай бібліятэчнай інфармацыйнай сістэмы (АБІС) маюць 34 % бібліятэкараў…

Лічбы, якія прагучалі падчас даклада, — гаваркія. Яны сведчаць, што інфарматызацыя бібліятэк ідзе не так гладка і хутка, як думалася раней. Ці змогуць за сціслы тэрмін вырашыць надзённыя пытанні спецыялісты галіны? Адзначу толькі, што з падобнымі “баянамі” і “піянінамі” знайсці сваё месца ў свеце “воблачных” тэхналогій і ў сусветнай супольнасці айчынным спецыялістам будзе складана. І міжнародныя кангрэсы і канферэнцыі наўрад ці вельмі ў тым паспрыяюць…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"