Нагадаем старонкі з ягонай біяграфіі. Нарадзіўся Аляксандр Ульяновіч 3 ліпеня 1921 года ў Капылі, што на Міншчыне. У 19 гадоў быў прызваны ў Чырвоную Армію і накіраваны ў школу малодшых авіяспецыялістаў у Омску, дзе атрымаў спецыяльнасць стралка-радзіста дальняй бамбардзіровачнай авіяцыі. Памятае ветэран першы дзень вайны. 22 чэрвеня ён, сяржант авіяцыі, разам з аднакурснікамі быў у звальненні і гуляў у гарадскім садзе. Па рупары быў абвешчаны загад усім ваеннаслужачым тэрмінова вярнуцца ў месцы пастаяннай дыслакацыі. На пастраенні школы камандзір паведаміў пра напад фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз… Далей у ягонай ваеннай біяграфіі была вышэйшая школа штурманаў у падмаскоўным Іванаве. І неўзабаве наноў сфармаваныя лётныя экіпажы адправілі на фронт. Экіпаж, у якім служыў Аляксандр Ульяновіч, бамбіў ворагаў пад Смаленскам і Оршай. Восенню 1942 года снарад варожай зеніткі трапіў у рухавік самалёта, і той загарэўся. Камандзір экіпажа загадаў пакінуць самалёт. Дагэтуль Ульяновічу карыстацца парашутам не даводзілася, а ў час баявых дзеянняў праводзіць трэніровачныя скачкі не было калі. Ён адразу рэфлекторна пацягнуў за выцяжное кальцо парашута, хоць паводле інструкцыі трэба было некаторы час праляцець у свабодным падзенні. Адчуўшы рэзкі дынамічны ўдар пры раскрыцці купала, стралок-радыст пачуў трэск парашута, які лопнуў. “Менавіта мая паспешлівасць і парваны парашут выратавалі мне жыццё ў той смяротна небяспечнай сітуацыі, — прыгадвае Аляксандр Іосіфавіч. — Я спускаўся, а больш дакладна падаў на зямлю вельмі хутка, таму і прызямліўся на сваёй тэрыторыі, а маіх таварышаў вецер аднёс на нямецкія акопы”. Ачуняў Ульяновіч толькі ў кузаве грузавіка, які вёз яго ў шпіталь. Падзенне каштавала яму моцнага страсення, але рукі-ногі былі цэлымі — ніводнага пералому.
Пасля выздараўлення сяржант хацеў вярнуцца ў авіяцыю, але па стане здароўя яго перавялі ў наземныя часткі на пасаду начальніка радыёстанцыі ў батальён сувязі 8-й гвардзейскай арміі генерала Чуйкова. Радзістаў накіроўвалі на перадавую для карэкціроўкі агню мінамётаў. Аляксандр Ульяновіч браў удзел у вызваленні Харкава, Варшавы, ваяваў на тэрыторыі Германіі. Адзін з найбольш крывапралітных эпізодаў вайны, пра які часта згадвае на сустрэчах з моладдзю Аляксандр Іосіфавіч, — гэта штурм Зеелаўскіх вышынь, што на ўсход ад Берліна. Менавіта за ўдзел у гэтай вайсковай аперацыі ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Скончылася вайна для гвардыі сержанта Ульяновіча 2 мая 1945 года ў Берліне. Свой аўтограф ён пакінуў на сцяне рэйхстага.
Пасля ваеннага ліхалецця працаваў Аляксандр Іосіфавіч на розных пасадах у народнай гаспадарцы. Пра плён ягонай працы сведчаць урадавыя ўзнагароды — ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак Пашаны”, медалі. На кіраўніцтва Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ён прыйшоў у 1982 годзе і быў дырэктарам да 1993-га. Гэта быў няпросты час. На мяжы 1980 — 1990-х гадоў несумленнай рэвізіі падвяргалася ўся гісторыя Савецкага Саюза, пад сумнеў ставіліся рэальныя дасягненні краіны і лёсавызначальныя падзеі савецкай эпохі. Але і ў гэтых умовах музей заставаўся захавальнікам народнай памяці і гістарычнай праўды. Ёсць у гэтым і заслуга тагачаснага дырэктара — Аляксандра Ульяновіча.
Дарэчы, і сёння Аляксандр Іосіфавіч не парывае сувязі з музеем. У якасці вядучага кансультанта ён аказваў калегам дапамогу ў выпрацоўцы тэматыка-экспазіцыйнага плана і архітэктурна-мастацкага афармлення экспазіцыі ў новым будынку музея. А сёлета ветэран перадаў музею некалькі артэфактаў, датычных гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Мікалай ШАЎЧЭНКА, памочнік дырэктара Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны