Знакавыя фільмы: і яшчэ сто разоў пабачыць...

№ 19 (837) 10.05.2008 - 16.05.2008 г

Вялікая Айчынная вайна ў беларускім кінематографе — гэтая тэма па сваёй маштабнасці і багацці матэрыялу магла б стаць асновай для грунтоўнай доктарскай дысертацыі. Спатрэбіцца нямала часу нават для пераліку ўсіх стужак, якія распавядаюць пра падзеі і лёсы гэтых трагічных і гераічных часоў. Не сакрэт, што многія нашы кінарэжысёры, знакавыя не толькі для беларускага, але — для савецкага кіно, “зрабілі сабе імя” і сталі вядомы як прафесіяналы найвышэйшага ўзроўню менавіта пасля таго, як звярнуліся да балючай тэмы вайны. Сёння “К” згадае тыя знакавыя стужкі “Беларусьфільма”, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны і гераічнаму подзвігу нашага народа на фронце і ў тыле, якія сёлета адзначаюць свае “круглыя” даты.

Пачатак ужо ў... 1942-ім

Дарэчы, адыходзячы ад прынцыпу “кругласці”, хацелася б адзначыць, што першыя беларускія мастацкія фільмы пра Вялікую Айчынную вайну былі зняты ўжо ў… 1942 годзе. На Цэнтральнай аб’яднанай кінастудыі мастацкіх фільмаў, што знаходзілася ў час вайны ў Алма-Аце, паўсталі “Беларускія навелы”: зборнік, у які ўвайшлі кінаработы “Пчолка” (рэжысёр — Уладзімір Корш-Саблін) і “На кліч маці” (рэжысёры — Уладзімір Корш-Саблін і Юрый Тарыч).

Першая з навел распавядае пра подзвіг дзяўчыны Пчолкі, якая, страціўшы роднага дзядулю і дапамагаючы партызанам, завяла ў непралазную дрыгву нямецкіх разведчыкаў. Другая гісторыя — пра вайсковы шлях маладога танкіста з Полаччыны, пасля гераічнай смерці якога ў бой маладых байцоў “вядзе” ліст ягонай маці са шчырым і гарачым запаветам: змагацца з ворагам да апошняй кроплі крыві.

Як вядома, у першыя гады вайны падобныя кінаработы, сфарміраваныя па прынцыпе “Баявых кіназборнікаў”, ствараліся амаль на кожнай студыі нашай краіны. Іх першачарговай задачай было натхненне савецкіх людзей на барацьбу, падтрыманне іх патрыятычных пачуццяў. Аднак было б несправядліва разглядаць гэтыя фільмы як “агіткі”: сюжэты іх былі навеяны газетнымі паведамленнямі, а тагачасныя кінакрытыкі адзначалі шэраг цікавых акцёрскіх работ, у прыватнасці, Я.Жэймо ў ролі Пчолкі і П.Алейнікава ў ролі яфрэйтара Фаталінскага. На жаль, нашым гледачам дзве гэтыястужкі практычна невядомы: “Беларускія навелы” былі пазначаны грыфам “Для службовага карыстання”, а таму на шырокія экраны яны так і не выйшлі.

 /i/content/pi/cult/160/1349/Znakavyjaa-filmy2.jpg

"Альпійская балада". 

Паўвекавы “юбіляр” — фільм “Гадзіннік спыніўся апоўначы”. У аснову стужкі адзін з аўтараў сцэнарыя і рэжысёр Мікалай Фігуроўскі паклаў факт знішчэння ў Мінску гауляйтэра фон Кубэ. Гэта зараз “прагрэсіўныя” гісторыкі распавядаюць нам пра тое, што Кубэ быў вытанчаным, высокаадукаваным інтэлектуалам і нават пакінуў пасля сябе некалькі… п’ес у класіцысцкай стылістыцы. У памяці беларусаў ён застаўся найперш як жорсткі і бязлітасны кат.

“Як рэдка ў беларускіх фільмах цэнтральныя ролі іграюць нашы ж беларускія акцёры, — пісаў у “Савецкай Беларусі” Барыс Вішкароў. — М.Фігуроўскі праявіў… зайздросную смеласць: у фільме… пераважную большасць роляў іграюць “свае” артысты, і нават больш за тое — дзве галоўныя ролі фільма, ролі, што вядуць асноўны канфлікт твора… Смеласць і рызыка рэжысёра цалкам апраўдалі сябе…”

Сапраўды, вобраз фон Кауніца, створаны Дзмітрыем Арловым, прыцягвае да сябе ўвагу тым, што вырашаны ён не традыцыйна-лінейна: перад намі — вораг “высокай катэгорыі” — не толькі жорсткі і бязлітасны, але і разумны, своеасаблівы “дэспат-філосаф”. Чаго вартая адна толькі сцэна ягонай сустрэчы з маленькімі заложнікамі-дзецьмі, якім ён напачатку прапануе цукеркі, а потым — загадвае расстраляць. Менавіта гэткі “элегантны садызм” фон Кауніца і робіць персанажа Арлова не проста ворагам, а — жахлівай і бесчалавечнай істотай, знішчэнне якой — справа чалавечага гонару.

А вось маёй асабістай “улюбёнкай” у гэтым фільме з самага дзяцінства была і па-ранейшаму застаецца бабка Варвара ў выкананні Лідзіі Ржэцкай. Вобраз простай жанчыны, непрыкметнай, на першы погляд, але валявой і непахіснай у пытаннях праўды і чалавечнасці, — гэта, па сутнасці, увасабленне ўсяго беларускага народа, знанага сваёй “памяркоўнасцю”, але, адначасова, і слаўнага ў крытычных момантах рашучай бескампраміснасцю.

Крытыкі ж пісалі пра фільм больш грунтоўна-абагулена, зазначаючы, што, разам з “Канстанцінам Заслонавым”, знятым у 1949 годзе, “Гадзіннік спыніўся апоўначы” вызначыў“асноўныя накірункі адраджэння беларускага кінематографа. З аднаго боку — аптымістычная ўзнёсласць у асэнсаванні рэальных фактаў і падзей трагічнай і адначасова гераічнай гісторыі народа, з другога — даследаванне і адлюстраванне маральна-псіхалагічных іх высноў…”

Жорсткасць і датклівасць франтавых дарог

Праз пяць гадоў, у 1963 годзе, на экраны выходзіць “Трэцяя ракета” рэжысёра Рычарда Віктарава — экранізацыя аднайменнай аповесці Васіля Быкава. Дарэчы, сцэнарый фільма, які дакладна следаваў за літаратурным творам, быў зроблены самім аўтарам. Традыцыйна для Быкава, і ў “Трэцяй ракеце” вайна паўстае перад намі не столькі як франтавая страляніна, колькі — як “вайна ідэалогій”, жыццёвых установак, барацьба паміж рацыянальным і існым. Што ж такое подзвіг, — спрабуюць аналізаваць стваральнікі фільма, — гераічны парыў ці натуральная для існага чалавека праява веры ў вяршынства непераходзячых каштоўнасцей і “сапраўднай” праўды?

Фільм, “у якім амаль з першых да апошніх кадраў рвуцца снарады і паміраюць салдаты, нельга аднесці да разраду “ваенных”, — пісала “Чырвоная Змена”. — Ён належыць да тыпу тых твораў мастацтва, якія расказваюць пра жыццё.

Гэта фільм пра чалавека, які ідзе да сваёй чалавечнасці цяжкай дарогай вайны і міру…” Пры гэтым іншыя крытыкі адзначалі: “Знарочыстасць трагедыйнасці прывяла да таго, што ў гэтым фільме згубіліся подзвігі герояў і напоўную выявіліся жахі вайны… На жаль, у “Трэцяй ракеце”… герояў гняце нейкае не ўласцівае савецкім воінам пачуццё наканаванасці”. І ўсё ж большасць рэцэнзентаў схілялася да таго, што, пры ўсёй суровасці фарбаў у фільме, “нідзе суровасць гэтая не пераходзіць у журботны мінор — такая моцная ў ім грамадзянская палкасць”.

 /i/content/pi/cult/160/1349/Znakavyjaa-filmy3.jpg
 “Годны ў нестраявыя”
1968 год прыносіць “Беларусьфільму” адразу дзве ваенныя стужкі: “Годны ў нестраявыя” (рэжысёры — Уладзімір Рагавой і Эфраім Сявела) і “Іван Макаравіч” (рэжысёр — Ігар Дабралюбаў), аб’яднаныя агульнай тэмай — дзеці на вайне. Герой першай стужкі — юны дабраволец Валодзя (У.Перавалаў), хлапчук, цалкам непрыстасаваны да суровага ваеннага жыцця, які з-за дрэннага зроку прызначаны ў роту сувязі… ездавым. Герой другой — хлапчук Ваня (В.Махонін), які, ідучы па дарогах вайны і губляючы самых дарагіх людзей, “знаходзіць” сябе, уласны ўнутраны стрыжань і магутны жыццёвы базіс.

Фільм Ігара Дабралюбава скарыў гледачоў сваёй глыбокай чалавечнасцю. На фоне яскравых і жорсткіх масавых “ваенных” сцэн, рэжысёр акцэнтуе нашу ўвагу на далікатнасці і датклівасці “асобна ўзятай” чалавечай душы — дзіцячай.

Ён не баіцца быць сентыментальным і кранальным, адкрываючы тонкасці і нюансы станаўлення Вані і наогул філасофіі дзяцей. І лейтматывам гісторыі пра хлопчыка, які страціў дзяцінства, становіцца тэма захавання дабрыні ў душы і чалавечнасці.

Нядзіўна, што ў хуткім часе “Іван Макаравіч” атрымаў шэраг прэстыжных міжнародных кінаўзнагарод, сярод якіх — Гран-пры “Срэбраная Мінерва” “за высокае выканальніцкае майстэрства акцёраў і выдатнае тэхнічнае рашэнне фільма, што прыдало яму асаблівую выразнасць” на ХХІІ Міжнародным кінафестывалі дзіцячых фільмаў у Венецыі, Першая прэмія за лепшы фільм для дзяцей і юнацтва на ІV Усесаюзным кінафестывалі ў Мінску, прэмія ЦК ЛКСМБ у галіне кінамастацтва рэжысёру І.Дабралюбаву, аператару Д.Зайцаву і мастаку У.Дзяменцьеву.

Час выбраў праўду гісторыі

Яшчэ праз пяць гадоў у “Парашутах на дрэвах” рэжысёра Іосіфа Шульмана вайна паўстае ў абліччы дакументальна-мастацкага прыгодніцкага дэтэктыва. І не дзіўна, бо ў аснову сцэнарыя фільма была пакладзена аднайменная дакументальная аповесць беларускага журналіста, былога савецкага разведчыка Мікалая Рыдзеўскага. Перад намі — гісторыя дзеянняў разведгрупы капітана Крылатых у 1944 годзе ва Усходняй Прусіі, расказаная з драматычным напружаннем, уласцівым падобным гісторыям. На экране — подзвіг разведчыкаў, якія выконваюць сваю няпростую місію, свядома разумеючы: цаной некалькіх жыццяў — іх уласных — уратуюцца тысячы.

Дакументалізм гэтаму мастацкаму фільму надавала не толькі яго “рэальная” аснова, але і той факт, што некалькі разоў на экране з’яўляюцца… сапраўдныя ўдзельнікі гэтай разведгрупы, якія каменціруюць асобныя баявыя аперацыі, распавядаюць, хоць і вельмі скупа (астатняе будзе паказана ў “мастацкай” частцы фільма), пра сваіх баявых таварышаў.

А трыццаць гадоў таму, у 1978-ым, на экраны выходзіць “Час выбраў нас”— шматсерыйная стужка “зубра” беларускага кінематографа, рэжысёра Міхаіла Пташука. Сваіх маладых герояў на чале з Іванам Варанецкім (Я.Герасімаў) рэжысёр праводзіць праз самыя жорсткія ваенныя выпрабаванні, нібы вымалёўваючы скрозь іх вобразы пакручастую “траекторыю” подзвігу партызанскай Беларусі. Побач з галоўнымі героямі мы бачым і гераізм персанажаў невядомых-безыменных, але не менш велічных у сваім адданым служэнні Радзіме.

Нават больш чым праз трыццаць гадоў пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны рэцэнзенты небеспадстаўна гаварылі, што ў фільме ўваскрашаюцца падзеі, якія яшчэ не знайшлі дастатковага адлюстравання ў кіно. “Аўтары карціны дакладна і скупа вядуць адбор матэрыялу… Яны свядома пазбягаюць таго, што ўжо вядома гледачу па папярэдніх работах — дыверсіі партызан, эшалоны, што ляцяць пад адхон, — і г. д., і засяроджваюць асноўную ўвагу на раскрыцці ўнутранага стану герояў. Для гэтага аўтары абіраюць спосаб аповеду, блізкі прыродзе малога экрана: нетаропкі тэлеаповед…” І сапраўды, Пташук, разам са сцэнарыстамі А.Петрашкевічам і У.Халіпам, ідзе праз раскрыццё гэтых самых новых граней і фактаў да галоўных, на іх погляд, “вех” у жыцці кожнага чалавека — вернасці маральнасці, чысціні, высакароднасці…

… Пад час напісання гэтага артыкула ўзнікла жаданне перафразаваць старую ісціну пра тое, што “лепей адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць”. Беларускія ж фільмы пра Вялікую Айчынную вайну лепей глядзець не аднойчы… Не толькі для таго, каб у чарговы раз прамовіць высокія словы аб патрыятычным выхаванні маладога пакалення. Словы тут лішнія. Кадры гісторый-лёсаў асобных людзей і ўсяго нашага народа, якія паўстануць з экрана, скажуць самі за сябе — пра веліч і моц беларусаў, пра пачуццё нацыянальнай годнасці. І — пра тое, што кінатэма чалавека на вайне, на жаль, пакуль што да канца не вычарпана…

Падрыхтавала Таццяна КОМАНАВА
(У матэрыяле выкарыстаны даныя даведніка
“Усе беларускія фільмы”.)