Наш прадзюсар... у Пекіне

№ 40 (1270) 01.10.2016 - 07.10.2016 г

У Паднябеснай еўрапейскую музыку робіць беларускі аўтар!
Па нашай просьбе беларускі прадзюсар і кампазітар Яўген Алейнік, які цяпер працуе ў Кітаі, апавёў газеце пра адметнасці тамтэйшага музычнага рынку і сферы пошуку новых творчых сіл для азіяцкага шоу-бізнесу.

/i/content/pi/cult/606/13489/13-1.jpg“Прывітанне, дарагая рэдакцыя!

Пішу вам з Пекіна, куды мяне занесла воляю лёсу, а менавіта — у найбуйнейшы ў гэтым горадзе прадзюсарскі цэнтр, назву якога я наўрад ці вымаўлю. Дарэчы, наіўна лічыць, што, вымаві іншаземец кітайскую назву павольна ды выразна, яго тут зразумеюць. Я паўгадзіны тлумачыў англійскамоўнаму абарыгену, што ведаю іх вялікую раку Хуанхэ. І толькі пасля таго, як паказаў яе на карце, ён зразумеў, што мелася на ўвазе. Ён вымавіў нешта зусім аддалена падобнае на Хуанхэ і сказаў, што ў кітайскай мове ў кожнага слова ёсць чатыры інтанацыі, і ў залежнасці ад тону суразмоўцы і кантэксту яно змяняе сваё значэнне. Увогуле моўны бар’ер каласальны! Але ж я адышоў ад тэмы.

Сутнасць маёй паездкі — напісанне еўрапейскай поп- і world-музыкі, абмен вопытам, праца з вядучымі прадзюсарамі Пекіна ў разрэзе папулярнай музыкі. Я ўжо ўбачыў велізарную праблему, з якой яны сутыкаюцца: жаданне, пры многіх ведах ды ўменнях, усё паказаць у адной песні. Ужо паспеў ацаніць адзін твор, дзе ад двухсот розных партый інструментаў, праўда, выдаліўшы большую частку з іх.

Зноў адступлю ад кітайскай тэмы і спецыяльна ўдакладню для беларускай аўдыторыі: ва ўсім свеце, акрамя рускамоўнага, слова “прадзюсар” азначае “вытворца”, у сэнсе аранжыроўшчык-спецыяліст па запісе і звядзенні. Няма ў свеце ніякіх саўндпрадзюсараў ды іншых нашых прыдумак. Калі гаворка ідзе пра песні ды артыстаў, прадзюсар — гэта той, хто, седзячы за пультам, запісвае выканаўцу, робіць для ягонай песні аранжыроўку ды выдае канчатковы трэк. Гэта той чалавек, які можа зрабіць такі гук, так раскрыць талент выканаўцы падчас запісу, што ўсе радыё- ды тэлеканалы ўстаюць у чаргу па дарожку. А той, хто лічыцца прадзюсарам у Беларусі, у “далёказамежных” краінах называецца “прамоўтарам” ці “менеджарам”. Для чаго я гэта пішу? Проста хачу дапамагчы маладым артыстам ды аўтарам, што прыглядаюць выхады за мяжу. Барані вас бог шукаць і патрабаваць прадзюсара: ніякі чалавек вас “раскручваць” не будзе. Вас прывядуць у дарагую студыю, папросяць некалькі тысяч долараў за запіс ды аддадуць кампакт з крутымі песнямі, з якімі вы і дома не ведалі б што рабіць, не тое што за мяжой. Паўтаруся: прадзюсар атрымлівае грошы, робіць запіс, аддае дыск заказчыку — і на гэтым усё. Такім чынам, маладым выканаўцам неабходна шукаць “talent agency” або любое завэлюмаванае пад гэтую назву агенцтва.

Ключавая фігура ў вакальнай творчасці за мяжой — агент. Менавіта ён знойдзе кантракт з лэйблам (выдавецкай фірмай), які аплаціць працу прадзюсара, усе выдаткі па прамоўшне i арганізуе выпуск пласцінкі ды тур. Пры тым, вядома, калі музыкант зацікавіць агента, а той — лэйбл. Для кампазітараў ключавой фігурай з’яўляецца так званы “A&R manager”, што расшыфроўваецца як менеджар па артыстах і рэпертуары. Ён ад асобы студый ды артыстаў шукае рэпертуар для сваіх падапечных. Высылаючы ж матэрыял на адрасы непасрэдна выканаўцаў, вы будзеце атрымліваць адказ “We do not need unsolicited material”, што значыць даслоўна “Мы не маем патрэбы ў матэрыяле, які не прасілі”. Гэта значыць, як бы дадуць зразумець, што перш чым працаваць з выканаўцамі ды студыямі, вы павінны стаць кліентам паважаных агенцтваў, якія будуць несці за вас адказнасць.

Усё, вернемся да нашай “хуанхэ”. У музыцы кітайцы нагадваюць нас у 1990-я. Слепа пакланяюцца ЗША, узносяць замежнікаў. Велізарным пастаўшчыком зорак з’яўляецца Паўднёвая Карэя, выхадцы з якой у большасці сваёй працуюць у Кітаі. Пра еўрапейскую музыку там амаль нічога не ведаюць. Між іншым, пры любові да музычных Злучаных Штатаў амерыканскіх выканаўцаў таксама не ведаюць, могуць толькі наспяваць. Ну, акрамя “топавых” Беёнсэ, Майкла Джэксана, Джасціна Бібера, Рыяны. (Я кажу пра людзей, якія “круцяцца” вакол майго месца знаходжання, але запэўніваю — гэта самыя музычныя людзі Кітая.)

Яшчэ адной асаблівасцю з’яўляецца дакладны падзел музыкі на стылі: гэта вось фанкі-хаус, а гэта EDM, тое — тэхна, там — электра. Любяць выкарыстоўваць ва ўсіх песнях трып-хаус і хіп-хоп — проста ўсе вушы прагудзелі. Я гэта звязваю з тым, што ў “маім” прадзюсарскім цэнтры працуе вядучы кітайскі прадзюсар, які ўдзельнічаў у запісе, намінаваным на “Грэмі” за “Лепшы альбом у стылі world music”: гэта быў дыск мангольскага гурта, спрадзюсаваны (запісаны ў студыі) вучнем Ханца Цымера — знакамітага сучаснага кампазітара. Пры гэтым сучасная кітайская музыка “круціцца” толькі на тэлебачанні ў музычных перадачах ды вельмі рэдка па радыё. Асноўная плынь музыкі, што атуляе мяне ў паўсядзённым жыцці ў Пекіне, — цяперашнія сусветныя хіты ды сусветныя ж хіты, пераспяваныя на кітайскай мове.

Цікава, што ў Кітаі найпапулярнай прафесіяй з’яўляецца не спявак або спявачка, як, напрыклад, у ЗША ці Расіі, а акцёр. І яны спяваюць. У Паднябеснай усе шэптам кажуць, што жонка яе цяперашняга лідара таксама была актрысай ды спявачкай, маўляў, вось як гэта прэстыжна і якія перспектывы адкрывае!

Канкурэнцыя сярод моладзі ў музычнай індустрыі Кітая проста нерэальная. Сюды едуць удзельнікі і пераможцы ўсіх азіяцкіх “Галасоў” ды “Х-фактараў”, усе тэхнічныя, з адукацыяй, гатовыя на любыя ахвяры. Тут я зразумеў, што на сусветнай сцэне ў беларусаў шанцаў няма (і не распавядайце мне пра нарвежца Аляксандра Рыбака ды амерыканца Майкла Болтана). Мы вельмі таленавітая нацыя, але і вельмі распешчаныя. Нашы бацькі, наша асяроддзе, усё наша жыццё падштурхоўваюць нас да думкі, што лепш спакойна ды ціха жыць, чым упірацца ды цярпець нязручнасці дзеля прывідных мэтаў. У пацвярджэнне сваіх словаў прывяду фрагменты двух лістоў, атрыманых мною нядаўна. Ад дзяўчынкі з Беларусі: “Я падумаю пра Кітай. Буду мець на ўвазе”. Ад кітайскага хлопчыка: “Калі магу хоць неяк вас зацікавіць, толькі скажыце. Я буду жыць унізе на паркоўцы, абы патрапіць у вашу фірму”. Хлопец вучыцца ў кансерваторыі ды спявае, як Сэм Сміт, а дзяўчынка... проста прыгожая.

Акрамя канкурэнцыі, у вочы кідаецца жаданне вучыцца ды пераймаць вопыт. Менавіта ў такім парадку. Людзі “са статусам” не цураюцца спытаць меркавання ды зрабіць, скарыстаўшыся з парады. Самая часта чутая мной фраза: “Я буду ў вас вучыцца”. Прычым прамаўляюць яе многія, гэта нейкі знак павагі, ці што.

Па побыце пытанняў няма. Не зразумеў, чаму некаторыя так асцерагаюцца кітайскай кухні. Усяго ўдосталь і можна знайсці на любы густ. У цэлым кошты ў крамах прыкладна на 10 — 30 працэнтаў вышэйшыя, чым у Мінску. На асобныя прадукты ніжэйшыя, але нязначна. А вось гітарны працэсар я тут купіў па той цане, па якой раней толькі марыў — па сабекошце, а не ў два разы даражэй. Самае жудаснае — пешаходныя пераходы: кожны раз пераходзіш наўгад, колеры святлафора нікога не хвалююць. І ўсюды шмат людзей. Пастаянна ўладкоўваеш сябе ў калону — на вуліцы, у краме, у фітнес-клубе.

Мне тут падабаецца, але дома лепш!..

Яўген АЛЕЙНІК, кампазітар, прадзюсар,

Мінск — Пекін"