Як выканаць феерычны запыт?

№ 40 (1270) 01.10.2016 - 07.10.2016 г

Роздумы і адказы бібліятэкара
Галоўная бібліятэчная ўстанова Беразіно — цэнтральная раённая бібліятэка — установа сапраўды ўніверсальная! Балазе кожны трэці гараджанін — карыстальнік паслуг абанемента і чытальнай залы ці дзіцячай бібліятэкі.

Запатрабаваны не толькі інфармацыйныя паслугі, але і масавая работа па месцы жыхарства, вучобы, адпачынку, аздараўлення і працы бярэзінцаў. Каб адпавядаць запытам патрабавальнай аўдыторыі, формы масавай работы бібліятэкараў пастаянна мадэрнізуюцца, усё часцей практыкуецца адыход ад шаблонаў. Пры гэтым важна ўменне адпавядаць патрабаванням часу, даказваць сваю патрэбнасць, карыснасць — тады масавыя мерапрыемствы становяцца сапраўднымі брэндамі бібліятэкараў.

Бібліятэчныя акцыі — гэта не столькі відовішча, колькі праяўленне двухбаковых стасункаў, дзе галоўны прынцып — не “сцэна-глядач”, а “глядач-удзельнік”. У публічнай бібліятэцы культывуецца свая методыка. Галоўнае — камернасць, не толькі па колькасці ўдзельнікаў і памерах памяшкання, а па стылістыцы: ціхая інтанацыя, інтымная манера, своеасаблівыя формы кантактаў, адраснасць, веданне аўдыторыі. Абстаноўка, стыль, псіхалагічны настрой — усё схіляе да няспешнай размовы, спакойнага адпачынку. Спалучэнне інтымнасці і некаторай святочнай прыўзнятасці стварае ў наведвальнікаў настрой, падобны да таго, што ўзнікае ў гасцях у блізкіх сяброў.

Падлеткі — бадай ці не самая патрабавальная і крытычная ў сваіх ацэнках наша аўдыторыя. Рыхтавацца да выступлення перад ёй трэба “як для дарослых, толькі крыху лепш”. Вось і даводзіцца “вынаходзіць” нетрадыцыйныя формы: літаратурную рулетку, тэатр маналогу, трыбуну адкрытага пісьма, імправізаваную гульню, “Дыялогі з маскай шчырасці”, агітмарафоны для школьнікаў па прафілактыцы крадзяжу, брыдкаслоўя, падлеткавай жорсткасці, бадзяжніцтва, літаратурныя суды і іншыя…

Ведаю з вопыту: калі зачапіць падлеткаў за жывое, яны нават у летні, як лічыцца, мёртвы сезон не цураюцца эмацыйнай школы выхавання добрых пачуццяў, якую прапаноўваюць для іх работнікі гарадской бібліятэкі проста на месцах аздараўлення і адпачынку. Мяркую, мерапрыемствы на базе дзіцячых летнікаў — важкі бібліятэчны ўнёсак у справу выхавання пакалення.

Таксама варта сказаць, што намаганнямі бібліятэкараў у Беразіно прапісаўся перасоўны агітпункт “Краязнаўчы лекторый на калёсах”, на гарадскі маршрут выйшлі аўтобус цвярозасці, аўтобусы паэтычных рэйсаў “Рыфмы Перамогі”, “Вершы ў дарожным чамадане”, агітцягнік мужнасці наведаў аграгарадкі і аддаленыя вёскі, на вакзале прыжыліся акцыі “Пасажыр, які чытае”, агітпункты “Мімаходам — пра галоўнае”, запатрабаваны экскурсійны аўтобус для маладых спецыялістаў і гасцей раёна “Бярэзінскі эксклюзіў”.

Як вядома, культура правінцыйнай не бывае. Таму пад дэвізам “Нясумная правінцыя” бібліятэкары ладзяць відовішчныя фэст-парады ў літаратурным фармаце. Пры гэтым класіка заўсёды гучыць па-новаму. Так, яркае ўражанне на бярэзінцаў зрабіў нядаўні фэст-парад “Бярэзінская Паўлінка” з праекцыяй на неўміручы твор Янкі Купалы і з вулічным парадам Паўлінак з панам Быкоўскім у суправаджэнні гарманістаў. Пасля свята арганізатараў парадаваў феерычны запыт на п’есы Купалы, калі чытачы разабралі ўсе творы класіка ў раённай бібліятэцы!

З амбіцыйнай заявай “Беразіно — чытаючы горад!” адбылося вулічнае свята “Кніжка выйшла пагуляць”, прома-акцыі “Чытай-скверык”, “Літаратурны праменад”, “Газетны праспект” у гарадскім парку каля кінатэатра і ў скверы ля бібліятэкі. Так, час патрабуе шоу. Таму патрэбна, каб і літаратура загучала на поўную моц. Гэтаму спрыяе бібліятэчны тэатр без кулісаў, тэатр аднаго акцёра “Адна па падмостках”. А ў вялікай зале Бярэзінскага раённага цэнтра культуры па эксклюзіўных сцэнарыях работнікаў бібліятэкі з нязменным аншлагам праходзяць вечарыны памяці “Святло знаёмай зоркі” цыкла “Асоба ў Культуры”...

Варта заўжды помніць, што тыя, хто наведвае бібліятэку, — асаблівыя людзі, і справа гонару прапанаваць ім самае лепшае: фестываль сяброў бібліятэкі з Дошкай гонару, злёт-форум лепшых чытачак “Жанчыны ў феерверку кніг” з прэзентацыяй чытацкіх рэкордаў “Хто ёсць хто сярод нашых чытачак”, кніжны парад любімых кніг.

Напрыканцы задумаемся: ці зможа замяніць камп’ютар бібліятэкара-прафесіянала і сацыяльна актыўнага чалавека, вопытнага прапагандыста, прыроднага акцёра і аўтарытэтнага выхавальніка, дасведчанага знаўцу літаратуры і ўшанавальніка роднай спадчыны, паважанага земляка, які жыве і працуе побач і служыць людзям праз Кнігу?! Дык ці можа правінцыйны гарадок абысціся без разнастайных паслуг бібліятэкі? Мяркуйце самі!

Тамара КРУТАЛЕВІЧ, загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі, дыпламант “Творчага Алімпу Міншчыны”

ў намінацыі “Лепшы бібліятэкар Міншчыны — 2016”