Між цэнтрам і перыферыяй

№ 40 (1270) 01.10.2016 - 07.10.2016 г

“Месяц фатаграфіі ў Мінску — 2016” значна панізіў градус пафасу і замацаваў “тылы”. Сёлета асноўная выстава-праграма фестывалю, якая размясцілася ў ангары арт-прасторы “ЦЭХ”, займела не толькі архітэктурнае рашэнне, але і тэматычны фокус. “Цэнтр/перыферыя” — гэта не толькі геаграфічная пазіцыя, якая мае на ўвазе разнастайнасць “паходжання” праектаў. Перад намі спроба пабудовы новай ментальнай сістэмы каардынат, дзе фігуры цэнтру і перыферыі вызначаюць аўтары праектаў. Аўстралія для іранцаў? Беларусь у аб’ектыве палякаў? Тут, як кажуць, з якога боку паглядзець…

Нечакана доўгая прэлюдыя

Пачаць сённяшні агляд выстаў мне хочацца са шматслоўнага ўспаміну. Гаворка пра фільм “Фота за гадзіну” Марэка Раманэка, галоўны герой якога — Сэм Пэрыш — у выкананні Робіна Уільямса быў дзіўным чынам захоплены фатаграфіяй. Чамусьці гэтая карціна апошнім часам не выходзіць у мяне з галавы. Сэм Пэрыш менавіта праз фатаграфію як медыум і як ўласна практыку ажыццяўляў стасункі са светам. Пажылы работнік фотасалона, дзень за днём ён праяўляў плёнкі і друкаваў фота. Адзінае шчасце, што было ў яго марудным жыцці, — сям’я Ёркін, яго кліенты, якім ён сімпатызаваў. Праз фотаздымкі, якія рабілі яны, Сэм даведваўся, як ідуць іх справы: дзе яны бывалі, што рабілі. Фатаграфія рабілася сродкам стасункаў, камунікацыі, крыніцай інфармацыі і шляхам далучэння да жыцця чароўнай місіс Ёркін і яе сына. Праз тую самую праяўку фатаграфій далей Сэм даведаўся пра здраду мужа кабеты, якую абагаўляў. І потым з дапамогай фота (і ў гэтым выпадку быў сам момант фатаграфавання, здымак) апантаны Пэрыш выступіў пакаральнікам каханкаў, гвалтоўна прымусіўшы іх пазіраваць перад яго камерай. Такая вось помста за лэдзі, якая нават не ведала пра такія пачуцці. Фільм Раманэка, вядома, — пра каштоўнасць сям’і, чалавечых стасункаў, але, тым не менш, яго можна лічыць выдатным дапаможнікам па фатаграфіі. Уліка, твор мастацтва, успамін, сам момант фатаграфавання як момант гвалту, валодання — усё тое, пра што пісалі тэарэтыкі фатаграфіі, у простай форме паказаў рэжысёр “Фота за гадзіну”. Па сутнасці, перад намі метафара канцэптуальнага фота, калі важным у апошнім становіцца не толькі тое, што зафіксавана на адбітку, але намеры таго, хто карыстаецца фатаграфіяй, яго погляд. У гэтым кантэксце мне і хацелася б разгледзець праекты “Месяца фатаграфіі ў Мінску”, няхай яны і не з’яўляюцца такімі адчайнымі, як у містара Пэрыша. Бо, шукаючы ў здымку па звычцы “зафіксаванае імгненне” ці “прыгажосць як яна ёсць”, часам гледачы пазбаўляюць фатаграфію магчымасці быць іншай, у тым ліку і сродкам больш складанага выказвання.

У гэтым сэнсе і зраблю невялікае заглыбленне ў асноўную праграму мінскага фотафестывалю. Сёлета яна займела пэўную падачу і кантэкст і, вяртаючыся да пачатку, дала шанцы пагуляць з магчымай дыспазіцыяй “цэнтр/перыферыя”. І прынамсі апошняя аказалася дзейснай не толькі ў дачыненні да галоўнай выставы.

/i/content/pi/cult/606/13482/8-1.jpg

No crocodile

Аўстралійская фатаграфія сталася “цвіком” сёлетняй галоўнай экспазіцыі. Калі пойдзем за штампамі, адразу прыйдуць на розум кадры чырвоных пустыняў кантынента ці біруза сіднейскіх узбярэжжаў. Але куратарскі праект Эласдара Фостэра “Міфы пра перамены”, які прывезла ў Мінск вядомы крытык і куратарка з Расіі Ірына Чмырова, распавядае зусім пра іншае. Цэнтр тут, умоўна кажучы, не Сідней і аўстралійская эліта, а імігранты, які разбаўляюць кроў сучасных гарадоў. Іх адчуванні і праблемы сталіся асновай праектаў Годы Афшара “Паміж сусветамі” і Оўэна Лі Она “Радзімка”, выкрываючы стаўленне тытульнай нацыі да прышлых.

Да прыкладу, фатограф персідскага паходжання Годы Афшар у сваім праекце распавядае пра пачуванні сваіх землякоў у краіне заходняй цывілізацыі. На выявах — мужчыны і жанчыны ў шыкоўных персідскіх адзеннях; яны п’юць піва, развешваюць бялізну альбо глядзяць амерыканскі футбол, капіруючы штодзённыя практыкі брутальных аўстралійцаў. Спалучэнне двух сусветаў нараджае дысананс: вытанчаныя персы і “святая прастата” аўстралійскага брата, яго лад жыцця. Ці сумяшчальныя яны? Па сутнасці, гэта скрыжаванне, ці нават скрыгатанне дзвюх розных культур, але дасціпнасць бліскучай фатаграфічнай інсцэніроўкі, маскараду выкрывае не толькі лад жыцця аўстралійцаў, але ў пэўным сэнсе адарванасць, капрызлівасць саміх новых суграмадзян.

Оўэн Лі Он і яго праект “Радзімка” — бліскучая метафара стаўлення да азіяцкай меншасці ў аўстралійскім соцыуме. Перад гледачом — шэраг партрэтаў людзей у масках з каляровай расфарбоўкі матылька: вобраз “чужога” і адначасова кагосьці ўнікальнага. Кожны малюнак на твары — асаблівы, але постаці, што схоплены фатографам, прыцягваюць і адначасова адштурхоўваюць погляд, падаючыся невядомымі істотамі, “прышэльцамі”. Так Оўэн Лі Он узнімае праблему погляду на азіятаў у Аўстраліі як на людзей “на адзін твар”, на чужых і іншых. Але кожны малюнак на твары герояў мае адметнасць, як і кожны з людзей — сваю гісторыю. Страх да чужога — ці магчыма яго пераадолець? Фатограф не толькі праз візуальную метафару прыцягвае ўвагу грамадскасці да праблемы, але і падкрэслівае: менавіта той, хто глядзіць, і надзяляе аблічча азіятаў рысамі, што адштурхоўваюць. Але, магчыма, аблічча іншага не такое і страшнае, як людзі прызвычаіліся яго “маляваць”?

Бляск “ЛЁДу”

Калектыў “LED” (“ЛЁД”), які выступіў на пляцоўцы “Месяца” з дэбютным праектам “Набыты рэфлекс”, насамрэч быў заснаваны ў 2015 годзе. Складаецца ён з шасці маладых беларускіх мастакоў, якія працуюць з дакументальнай і арт-фатаграфіяй, фотажурналістыкай, тэкстам, відэа ды інсталяцыяй: Максім Дасько, Ганна Леванкова, Аляксандр Міхалковіч, Аляксей Навумчык, Аляксандра Салдатава, Максім Сарычаў. Імёны ўжо вядомыя ў сучаснай фатаграфіі, і тым больш прыемна, што ў кантэксце таго самага канцэптуальнага фота яны выглядаюць цалкам пераканаўча.

У “Набытым рэфлексе” мы таксама маем справу з “інсцэніроўкай”, але яна выкарыстоўваецца не проста як у пэўным сэнсе ілюстрацыя, а як сумесны вопыт “выкрышталізацыі” і перажывання знаёмых паўсядзённых практык. Група ў сваім праекце даследуе і выяўляе калектыўныя і персанальныя каштоўнасці. І, вядома, ставіць іх пад пытанне.

Напрыклад, на адной з фатаграфій аўтары “ЛЁДу” сядзяць за накрытым сталом. “Сям’я” сабралася на пэўнае свята, знаёмая для савецкага і постсавецкага пакаленняў сцэна: селядзец “пад футрам”, бутэрброды са шпротамі, вараная бульба, шампанскае… Інтэр’ер пакоя — магчыма, югаслаўскі гарнітур з кніжкамі і посудам на паліцах. Што тут адбываецца? Святкуецца Новы год? Дзень нараджэння? Заканчэнне ўніверсітэта? Можа, атрыманне прэстыжнай узнагароды? Шчыра кажучы, разглядаючы фота, няцяжка і разгубіцца. Карціна настолькі тыповая і традыцыйная для нашых шырот, што можа адсылаць да якой заўгодна ўрачыстасці. Але сапраўды: чаму калі свята, дык яно выглядае прыблізна так? Чаму селядзец “пад футрам” і бутэрброды са шпротамі?

Наступнае фота — і карціна пікніка ў лесе: выява ляснога ўзгорка, на якім тыя самыя героі сядзяць ля вогнішча; хтосьці смажыць сала, хтосьці атрымлівае асалоду ад прыгожых відаў. Яшчэ адзін знаёмы “рытуал”, які застаўся ў спадчыну? Наступная работа — і інсцэніроўка святкавання 23 лютага. У офісе дзяўчынкі віншуюць хлопчыкаў: торт, шарыкі, плакат… Нават калі памыляюся з дэталямі, уявіць сцэну не складана. Яшчэ адна звычка, якая вымагае сучаснага і цвярозага погляду. Ладзім мы віншаванні з “мужчынскім” і “жаночым” днямі таму, што так прынята, або таму, што хочам? Мяркую, сёння для многіх актуальны гэты кагнітыўны дысананс: калі ад свята засталася адно абалонка, але мы выцягваем яе з года ў год. Пераносячы канструкты былой эпохі ў новыя інтэр’еры і галовы. Трымаючыся за касцяк звычкі як за традыцыю ці адно інэрцыю?

Аўтары “ЛЁДу”, удзельнічаючы ў інсцэніроўцы знаёмых паўсядзённых практык, пытаюцца ў сябе, як новае пакаленне: ці здзяйсняем мы свой выбар самі, альбо толькі крочым па пракладзеных кімсьці сцежках? І ў той жа час зварот да рознаўзроставага гледача можна прачытаць і так: а ці не падобныя тыя інсцэніроўкі на фота да інсцэніровак, што ладзім у нашым жыцці? Магчыма, мы сядзім у цягніку і чакаем яго адбыцця, але той даўно ўжо застыў на пуцях? Або так жыць нам проста зручна? “ЛЁД” выкарыстоўвае фатаграфію як просты ключ, але адкрывае ён зусім не блазенскія пытанні.

Пераможцы live

Выставачны праект “Stand by” калектыву “Sputnik”, які “паходзіць” з аднайменнай кнігі, апублікаванай у Варшаве ў 2012 годзе (у тыя ж часы прэзентаванай ў Мінску), чакалі ў Беларусі ўжо даўно. Аб яго прыездзе даўно марыў менеджар мінскага форуму Андрэй Лянкевіч, па ініцыятыве якога і нарадзілася выданне і, нарэшце, выстава прыехала дзякуючы дапамозе Польскага інстытута ў Мінску ды працы рупліўцаў.

Асобны праект, які з’яўляецца часткай экспазіцыі, мае свайго куратара — Анджэя Крамажа. Таксама частку працы ў дызайне серый фатографаў — Андрэя Лянкевіча, Агнешкі Райс, Яна Брыкчыньскага, Адама Паньчука, Юстыны Мельнікевіч і Манца Ювана — здзейснілі Аня Налецка і Рафал Мілях, фатограф і ўдзельнік “Stand by”. Усё гэта падкрэслівае, што фармат рабіўся не адно як варыяцыя кніжнай формы. І, напэўна, гэта выставачная прэзентацыя і прымушае паставіцца да вядомага праекта з новай увагай.

Што ж змянілася? Да прыкладу, серыя Адама Паньчука “I_am_in_vogue”, якая прысвечана модзе як выкліку, знешняму абліччу мінчан, іх своеасабліваму супрацьстаянню шэраму асяродку, набыла на выставе новае гучанне. Тое ўжо не “прамыя” здымкі мінскіх моднікаў, а спецыфічныя калажы. Выявы людзей, выразаныя з фота, размешчаны на стракатым фоне, дасылаючы да візуальнай эстэтыкі 1970—1980-х. Гэта ўжо не толькі пратэст і самавыяўленне моладзі, а і пэўнае “прывітанне” эпосе.

Праект Андрэя Лянкевіча “Бывай, Радзіма!”, узнімаючы пытанні рэпрэзентацыі памяці пра Вялікую Айчынную вайну, які сёння развіўся і выліўся ў асобную кнігу, таксама атрымаў новае ўвасабленне. Але яно, бадай, атрымалася спрэчным. Можна сказаць, серыя займела больш стрыманую інтанацыю, згубіўшы ў пэўнай эфектнасці. На жаль, падчас шматлікіх пераездаў выставы да Мінска не даехалі пэўныя артэфакты праекта: ваенныя сувеніры, паштоўкі. Візуальныя акцэнты ў падачы серыі расстаўлены інакш, і цікава, што на першы план у такім раскладзе выходзіць фантомнасць вайны, немагчымасць схапіць яе “праўду” ў рэпрэзентацыі сучасных мемарыяльных практык.

Густоўна і ясна пададзены праект Яна Брыкчыньскага “Першабытны лес” — фатограф засяродзіў увагу на асэнсаванні, “прысваенні” Белавежскай пушчы тутэйшымі жыхарамі ў прыкладным варыянце — выявы, скульптуры звяроў і дрэў упрыгожваюць дамы вяскоўцаў, становячыся часткай іх атачэння. Просты і важны праект Агнешкі Райс — аб жанчынах-ветэранах Другой сусветнай вайны — далікатна і тонка звяртаецца да тэмы памяці, выбару жанчын, іх шляху і экзістэнцыі ў ролі героя вайны. Як падкрэслівае мастачка, да гэтага даследавання падштурхнула кніга Святланы Алексіевіч “У вайны не жаночае аблічча”. І вельмі каштоўна, што Агнешка, выехаўшы за межы Мінска, здолела захаваць на фота абліччы ветэранак і запісаць іх гісторыі.

І таксама адным з самых топавых праектаў выставы варта назваць нашумелую кнігу Рафала Міляха “Пераможцы”, якая акурат распачалася з працы над “Stand by” і была прадстаўлена ў экспазіцыі менавіта ў кніжным фармаце. Канцэпцыя серыі аднаго з самых вядомых фатографаў Польшчы, на першы погляд, простая: Рафал фіксаваў беларусаў, што сталі пераможцамі ў самых розных конкурсах — ад нацыянальных да рэгіянальных — на паляроіды. Ад лепшага зваршчыка, студэнта сувораўскага вучылішча, даяркі гаспадаркі да лепшай нявесты на пэўным лакальным конкурсе, ЗАГСа, прызнанага лепшым у адмысловым спаборніцтве, ці нават самага прыгожага сабакі. Фатограф адмовіўся ад выставачнага фармату яго серыі, бо перадаць асаблівы кантэкст кнігі — сапраўды справа няпростая.

Спецыфіка фотаздымкаў польскага аўтара такая, што кожны кадр паасобку не нясе пэўнай канатацыі. Ён зроблены максімальна бясхітрасна. Але ў залежнасці ад кантэксту і атачэння кожная выява (ды зроблены шэраг) пачынае гучаць адчувальна ды відавочна. Фатаграфіі ў кнізе прымацаваны да старонкі, кшталту фатаграфій у альбомах: каб пабачыць подпіс да карцінкі, трэба падняць тонкі ліст фотаілюстрацыі. Гэта сустрэча з героямі ў блізкім кантакце, але, сабраныя разам, яны выкрываюць сістэму і ствараюць канцэпт. Пры знаёмстве, старонка за старонкай, з пераможцамі Беларусі ўзнікае цікавы эфект сустрэчы са знаёмымі і суседзямі, нечакана схопленымі аб’ектывам фотакамеры, у сюррэалістычных абдымках конкурсу N. 

Вяртаючыся да пазіцыі цэнтра і перыферыі, падобна на тое, што мы ў сваіх неадрэфлексаваных звычках затрымаліся недзе ў сярэдзіне.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"