След чэкіста на магістралі сталіцы

№ 19 (837) 10.05.2008 - 16.05.2008 г

Як вядома, пасля Вялікай Айчыннай вайны на галоўнай магістралі Мінска — праспекце Сталіна — ацалела ўсяго каля дзесятка будынкаў. Усё астатняе ляжала ў руінах. Адразу ж пасля вызвалення горада ад нацысцкіх акупантаў пачалося яго аднаўленне. Да гэтага былі прыцягнуты тысячы рабочых, будаўнікоў, інжынераў,праекціроўшчыкаў, архітэктараў.

 /i/content/pi/cult/160/1348/Chekist.jpg
Будавалі Мінск наноў у тры чаргі: 1-ы, цэнтральны, участак ад плошчы Леніна да плошчы Перамогі (каля 3 кіламетраў), 2-і — ад плошчы Перамогі да плошчы Калініна (2,7 кіламетра)і 3-і — ад плошчы Калініна да ўезда ў горад з боку Маскоўскай шашы.
18 студзеня 2002 года праспект Незалежнасці (ад Галоўпаштамта да вуліцы Казлова, а далей — будынкі выбарачныя) быў унесены ў Дзяржаўны рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як унікальная горадабудаўнічая магістраль, што не мае аналагаў у еўрапейскім урбаністычным дойлідстве. Апрача архітэктараў Міхаіла Паруснікава, Міхаіла Баршча, Генадзя Баданава, якія праектавалі унікальны ўчастак (усе трое ў 1968 годзе сталі лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі БССР за ўдзел у стварэнні гэтага горадабудаўнічага ансамбля), вядучую ролю адыгралі, вядома, будаўнікі. Сярод шматтысячнай арміі, што адрадзіла з попелу горад-прыгажун Мінск, асаблівае месца належыць чэкісту Валянціну Аляксандравічу Несцераву, чалавеку незвычайнага лёсу, з імем якога звязана паваеннае нараджэнне многіх беларускіх гарадоў і, перш за ўсё, цэнтра нашай сталіцы. У жніўні будучага года палкоўніку ў адстаўцы Несцераву спаўняецца 90 гадоў, і яму ёсць што ўспомніць … З ім мяне пазнаёміў малады супрацоўнік Цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязей Камітэта дзяржаўнай бяспекі Артур Стрэх. Нагода была сапраўды паважная: толькі што клуб імя Ф.Э.Дзяржынскага, што на вуліцы Камсамольскай, урачыста адзначыў 60-годдзе, а будаваў гэты клуб, як і сам гмах КДБ, якраз Валянцін Аляксандравіч. І вось я разам з фотакарэспандэнтам Юрыем Івановым — у кватэры ветэрана, у доме №16 па праспекце Незалежнасці — акурат насупраць будынка Камітэта дзяржбяспекі. Шчыра кажучы, ідучы да Несцерава, я знаходзіўся ў пэўнай збянтэжанасці — усё ж узрост сур ’ёзны, ды і прафесія чэкіста, па маім меркаванні,не вельмі спрыяе адкрытай размове. Але нас ветліва сустрэў моцны, энергічны і проста прыгожы мужчына, які літаральна праз пару хвілін выклікаў прыхільнасць і сардэчны давер. Некалькі гадзін доўжылася мая гутарка з Валянцінам Аляксандравічам. З цікавасцю разглядаў сямейны альбом з фотаздымкамі, Ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР розных гадоў, узнагароды КДБ і пагранвойскаў, два ордэны Чырвонай Зоркі, ордэн Знак Пашаны, шмат медалёў …Вось фатаграфія 1894 года: уральскі горад Кунгур, малая радзіма майго героя,бацька — чыгуначнік, мама — хатняя гаспадыня … Яшчэ фатаграфія — год 1919--ы — таксама
 /i/content/pi/cult/160/1348/Chekist1.jpg
бацькі. У гэтым годзе нарадзіўся іх сын Валька … 1939 год: выпускнік Свярдлоўскага будаўнічага тэхнікума Валянцін Несцераў — малады, прыгожы, моцны, мужны. Жыццё толькі пачынаецца. І яшчэ фатаграфія: у форме старшага лейтэнанта МДБ, інжынер-будаўнік. Гэта ўжо Мінск, 1948 год …
Аднак я забег наперад … Дык вось, 1939 год. Пасля заканчэння тэхнікума Валянцін аказваецца ў Ленінградзе на кароткатэрміновых курсах удасканальвання інжынераў і тэхнікаў-будаўнікоў Ваенна-марскога флоту. Атрымаўшы званне ваентэхніка-будаўніка 2-га рангу, Несцераў накіроўваецца на Далёкі Усход для ўмацавання Ціхаакіянскага ўзбярэжжа ад магчымай буйнамаштабнай агрэсіі з боку Японіі. Нядаўнія падзеі на возеры Хасан былі яшчэ ў памяці.І вось ля Магадана рота будаўнікоў пад кіраўніцтвам Несцерава ў 30-градусны мароз распачынае будаўніцтва берагавых супрацькарабельных батарэй:капаніраў для гармат, гарнізонных казарм,падземных сховішчаў боепрыпасаў, электрастанцыі.

Калі пачалася Вялікая Айчынная, работы прадоўжыліся ва ўзмоцненым рэжыме. Са Свярдлоўска прыехала да Валянціна Несцерава маладая жонка Нона Віктараўна, сапраўдная “дзекабрыстка ”: яе не спынілі ні доўгая стомная дарога “на край свету ”, ні холад, ні сціплыя бытавыя ўмовы. Пад Магаданам жылі ў фанернай палатцы: ратавала “буржуйка ” ды двухметровая тоўшча снегу, наваленая салдатамі на палатку для ўцяплення. Бедны паёк дапаўняла рыба — кета і гарбуша, а таксама мядзведзіна, яйкі чаек і гагар, здабытыя ў скалах, ды спірт. І так — да канца 1942 года.

Потым будаўнічую роту Несцерава пагрузілі на карабель і па моры з Магадана накіравалі ва Уладзівасток.

 /i/content/pi/cult/160/1348/Chekist3.jpg
Плылі ўздоўж японскіх тэрыторый, праз праліў Лаперуза, дзе круціліся варожыя вартавыя катэры і падводныя лодкі, у транспарце, замаскіраваным пад грамадзянскае судна. Да месца прызначэння, на шчасце, дабраліся без прыгод. Ва Уладзівастоку Несцераў адпрацаваў некалькі месяцаў. Да таго часу стала зразумела, што Японія не нападзе на Савецкі Саюз, і частку, дзе служыў Несцераў, па чыгунцы ў чырвоных вагонах кінулі праз усю Расію на захад, у Наўгародскую вобласць, пад горад Холм. Жонка засталася да лепшых часін ва Уладзівастоку.

Так Валянцін Аляксандравіч трапіў у склад 21-ай асобнай лыжнай марской брыгады 1-й Ударнай арміі Паўночна-Заходняга фронту, якім тады камандаваў генерал-лейтэнант Іван Конеў.

Ішоў 1943 год.Тут,на рацэ Ловаць, што за сотню кіламетраў ад Старой Русы,камандзір сапёрнага ўзвода, ваенны тэхнік 2-га рангу Несцераў прыняў свой першы бой. Тут асвоіў і новую прафесію падрыўніка. Аднак брыгаду так пашкуматала ў жорсткіх баях, што яе прыйшлося расфарміраваць, а рэшткі адправіць на ўкамплектаванне другіх частак.

Несцераў аказаўся ў Свярдлоўску на курсах “Выстрал ”, дзе рыхтавалі камандзіраў рот і батальёнаў. Чатыры месяцы праляцелі як адзін дзень. Здавалася, мара трапіць хутчэй на фронт вось-вось ажыццявіцца. Але тут здарылася непрадбачанае: востры прыступ апендыцыту, няўдалая аперацыя, і ў выніку — перытаніт! Замест фронту — інваліднасць, і — бывай, армія! Камісавалі, як кажуць, начыста...

Несцерава вывезлі на Урал, у горад Камышлоў Свярдлоўскай вобласці, дзе ў той час ужо шмат гадоў жылі яго бацькі. Уладкаваўся ваенкіраўніком у педвучылішча, але праз пару месяцаў, на пачатку лютага 1944 года, новаспечанага педагога выклікаюць у НКУС і прапаноўваюць паслужыць радзіме ў органах дзяржбяспекі.

Валянцін Несцераў: “Быць чэкістам лічылася ганаровым, але ўсё роўна я доўга не даваў згоды, бо, апрытомнеўшы ад хваробы, імкнуўся толькі на фронт, дзе як падрыўнік і будаўнік мог бы прынесці больш карысці Айчыне. А чым канкрэтна я буду займацца ў Наркамаце бяспекі, мне не сказалі. Але, урэшце, мяне ўгаварылі, пераканалі, што адпаведная майму профілю работа для мяне знойдзецца...”

Так яно і адбылося. Загартаванага афіцэра з вопытам работы са ўзрыўчаткай рыхтавалі для закідкі ў Беларусь, у тыл ворага, каб навучаць партызан дыверсійнай і выбуховай справе. Але пакуль ішла падрыхтоўка, фронт імкліва каціўся на захад, і лейтэнант Несцераў замест варожага тылу трапіў у толькі што вызвалены Гомель у распараджэнне НКУС БССР.

Валянцін Несцераў: “Мінск яшчэ не быў вызвалены. Але ўсё ішло да таго. Неяк выклікаў мяне Лаўрэнцій Фаміч Цанава. У той час ён быў наркам (з 1946-га — міністр) дзяржбяспекі БССР, генерал-лейтэнант, камісар 2-га рангу, а ў час вайны кіраваў асобымі аддзеламі Заходняга і Цэнтральнага франтоў, быў намеснікам камандуючага 2-ім Беларускім фронтам. Словам, асоба вельмі няпростая... Выклікаў і кажа: бяры 15 чалавек будаўнікоў — рэзервістаў-оперупаўнаважаных і кіруйся ў Добруш. Тэрмінова трэба там пабудаваць... кароўнікі і свінарнікі. І вось я, старшы лейтэнант дзяржбяспекі, больш як два месяцы ўколваў на гэтай “ударнай будоўлі”. Што ж, таксама патрэбная справа... А калі вызвалілі Мінск, мяне адразу накіравалі ў разбураную сталіцу на ўзнаўленне.

Цэнтр горада, праспект Сталіна, практычна цалкам ляжаў у руінах, відовішча было вельмі сумнае. Седзячы ў наркамаце, які тады знаходзіўся на плошчы Свабоды, я разважаў: колькі ж спатрэбіцца часу, сіл і сродкаў, кааб літаральна з попелу адрадзіць гэты горад?..”

Першым для Несцерава заданнем ад Цанавы было тэрмінова адбудаваць для яго дом у Сцяпянцы. Дакладна такі ж, якім ён быў да вайны. Аказваецца, у час акупацыі гэты дом аблюбаваў нейкі нямецкі генерал, але перад штурмам горада нашымі войскамі ён папросту яго падарваў.

Несцераву далі ў дапамогу сотню рабочых, і за кароткі час “загарадная рэзідэнцыя” для Цанавы была ўзноўлена ў першасным выглядзе.
 /i/content/pi/cult/160/1348/Chekist4.jpg

Пасля гэтага Валянціна Аляксандравіча кінулі на рэканструкцыю Круглай плошчы (цяпер — плошча Перамогі), і першы ўзноўлены дом (насупраць сённяшняй кавярні “Бярозка”) — створанае ім. Потым было шмат іншых заданняў па праспекце, у тым ліку і дом № 16, у якім ён жыве і сёння, і вуліцах Маркса і Камсамольскай, што прымыкаюць да яго.

Будынкі на Кірава — таксама справа, звязаная з яго імем і справамі.

Найбольш адказнымі аб’ектамі Несцерава сталі адміністрацыйныя карпусы сённяшніх МУС і КДБ, клуба імя Ф.Э. Дзяржынскага, стадыён “Дынама”, драўляны цырк на тэрыторыі сённяшняга парку імя Горкага. Усё будаўніцтва ішло пад пільным вокам Лаўрэнція Цанавы, які на той час меў у Беларусі амаль неабмежаваную ўладу. І які, дарэчы, як былы будаўнік разумеў сэнс справы і асабіста адбіраў і зацвярджаў праекты будучых аб’ектаў.

Валянцін Несцераў: “Будаваць тады не было з чаго. Будматэрыялы, шыфер, цэглу, трубы, цвікі прыходзілася збіраць, як кажуць, па крупінках. Было цяжка. Але ніякіх затрымак і адгаворак Цанава не цярпеў. Быў вельмі патрабавальным і строгім міністрам. Узнагароджваў і мілаваў сам. Мог выклікаць сярод ночы любога афіцэра ці начальніка будаўнічага ўчастка, і калі хто “праштрафіўся”, — тут жа адпраўляў яго на пошукі будматэрыялаў па ўсім Савецкім Саюзе”.

Кіпучая энергія і высокая адказнасць Несцерава за даручаную справу не засталіся незаўважанымі: неўзабаве яго прызначылі намеснікам начальніка гаспадарчага ўпраўлення МДБ БССР па будаўніцтве. У абавязкі ўваходзіла будаўніцтва не толькі ў Мінску, але і ў Гомелі, Віцебску, Магілёве, Шклове, Бабруйску... Але асабліва ўважліва Цанава сачыў за ходам узвядзення манументальнага комплексу МДБ.

Я даўно чуў гарадское паданне пра тое, што вежа над правым крылом будынка КДБ, якая парушае яго сіметрыю, пабудавана па загадзе Цанавы для таго, каб адтуль ён мог назіраць за ходам футбольных матчаў на стадыёне “Дынама” без адрыву, так бы мовіць, ад службовых спраў.

Спытаў аб гэтым Валянціна Аляксандравіча.

Валянцін Несцераў: “Лухта. Выдумка. Так, Цанава сапраўды любіў футбол, як, зрэшты, і балет. Але гэтая вежка з запланаваным вянцом-шпілем на ёй, кшталту шпіля над Адміралцействам у Ленінградзе, была закладзена яшчэ ў першапачатковым праекце архітэктара Генадзя Баданава, які, дарэчы, тады праектаваў і будаўніцтва Цэнтральнай плошчы. Аднак адсутнасць адпаведных сродкаў на завяршэнне гэтага “цуду” тады не знайшлося, і цяпер гэтая вежка пустуе. Але, як я чуў, тут мяркуецца зрабіць штосьці накшталт музея...”

З клубам імя Ф.Э. Дзяржынскага звязана яшчэ адна цікавая гісторыя. У пачатку снежня 1947 года будаўніцтва адміністрацыйнага будынка МДБ і клуба, у асноўным, было завершана, і супрацоўнікі пераехалі сюды з плошчы Свабоды, хоць работы па добраўпарадкаванні каналізацыйнай сістэмы і прылеглай тэрыторыі яшчэ працягваліся.

У клубе таксама закончыліся галоўныя будаўнічыя работы, якія вяліся пад кіраўніцтвам Несцерава. Заставалася ўнутраная аддзелка памяшкання, усталяванне асвятлення і тынкоўка. Былі адліты гіпсавыя блокі-разеткі (кожная — вагой у 200 кілаграмаў!), а замацоўваліся яны на драўлянай столі спецыяльнымі шрубамі. Нашы скульптары завяршалі на партале круглыя барэльефы з адлюстраваннем балерын (прататыпамі сталі артысты Тэатра оперы і балета).

Але да 1 мая 1948 года — дня ўводу клуба ў эксплуатацыю — патрэбна было яшчэ шмат чаго зрабіць, хоць і працавалі ў дзве змены.

Валянцін Несцераў: “... Распавяду пра такі выпадак. Клуб ужо быў гатовы да здачы, але адсутнічала электраправодка, хоць стаякі ўжо былі ўсе адкрыты для яе пракладкі. Я — да палкоўнікаў-забеспячэнцаў, кажу: няма правадоў. Яны: “Нічога, знойдзем. Толькі таварышу Цанаве — ні слова”. Але правадоў усё няма. А Лаўрэнцій Фаміч мяне выклікае — раз, другі, трэці. Я не вытрымаў, паведаміў, што справа з электрычнымі правадамі пакуль з месца не зрушылася, і таму я не магу закончыць аддзелачныя работы.Раз’юшыўся міністр і імгненна (а справа адбывалася, як заўжды, ноччу) выклікаў да сябе афіцэраў, і раніцай усе яны, разгубленыя і паніклыя, раз’ехаліся шукаць матэрыял: хто — у Рыгу, хто — у Ташкент, хто — у Маскву. І хутка ўсё прывезлі. Справа заставалася за свяцільняй. Мяне паслалі ў Рыгу, дзе за тры дні мясцовыя ўмельцы вырабілі прыгожую жырандоль са спецыяльнага дарагога шкла. Але так здарылася, што на зваротным шляху (свяцільню я вёз на студэбекеры) цэнтральнае шкло разбілася. Мой стан на той момант цяжка апісаць. Да таго ж, усюдыісны начальнік будаддзела Штыляеў паспеў штосьці пранюхаць і данесці Цанаве: маўляў, люстра, канешне, па маёй віне, прыйшла ў непрыгоднасць і ў тэрмін дастаўлена не будзе. Міністр позна ўвечары выклікаў мяне “на дыван”: пакажы люстру. Я, з цяжкасцю захоўваючы спакой, спаслаўся на тое, што кладаўшчык пайшоў ужо і да раніцы яго не будзе, так што люстру змагу паказаць толькі заўтра. На маё шчасце, міністр пагадзіўся пачакаць.На досвітку я памчаўся ў Оперны тэатр і ў тэатральнага кіраўніцтва “вымяняў” на бухту каната неабходны мне фрагмент шкла (аналаг яго, я ведаў, у тэатры быў). Майстар па мантажы, латыш, якога я прывёз з Рыгі, імгненна прывёў усё ў парадак і без усялякіх затрымак падвесіў да столі залы жырандоль (яна і цяпер дзейнічае).У гэты ж дзень, 29 красавіка 1948 года, міністр агледзеў яе і застаўся задаволены. А Штыляева за “няверную інфармацыю” зняў з пасады і адправіў працаваць у Гомель. Але пра ўсё гэта я даведаўся значна пазней. Да слова сказаць, сёння ў клубе практычна ўсё, акрамя, безумоўна, драпіровак, заслоны, крэслаў і колеру, засталося, як і было тады, 60 гадоў таму. У 1970-ым, перад выхадам на пенсію, я яшчэ раз праверыў мацаванне люстры — усё было ў парадку...”

Я запытаўся ў Валянціна Аляксандравіча пра тое, як склаўся далейшы лёс Лаўрэнція Цанавы, паколькі мой субяседнік не толькі доўга працаваў пад ягоным непасрэдным кіраўніцтвам, але і добра ведаў яго сына Гіві, з якім не раз даводзілася (па просьбе бацькі) іграць у тэніс у тым самым доме ў Сцяпянцы.

Валянцін Несцераў: “Здаецца, у 1951 годзе Лаўрэнцій Берыя перавёў свайго цёзку з Беларусі ў Маскву, прызначыўшы яго намеснікам міністра дзяржбяспекі СССР. Але пасля смерці Сталінаі выкрыцця Берыі ў пачатку красавіка 1953 года Лаўрэнцій Цанава быў арыштаваны разам з групай “подельников” і кінуты ў Бутырскую турму, дзе і памёр у кастрычніку 1955 года. Хоць я чуў версію, што ён скончыў жыццё самагубствам. Што тычыцца ягонага сына Гіві, дык яго таксама пасадзілі, але потым выпусцілі, і ён выкладаў у Тбілісі гісторыю ў нейкай вышэйшай навучальнай установе. Што з ім стала потым — не ведаю...

Сам я ў 1959 годзе скончыў завочна будаўнічы факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута, які тады яшчэ насіў імя Сталіна. Дарэчы, пасля развянчання культу асобы на ХХ з’ездзе партыі мне было загадана знішчыць гіпсавую статую правадыра, здаецца, разца Андрэя Бембеля, якая ўпрыгожвала вестыбюль клуба Дзяржынскага. Аднак скульптуру я не знішчыў: загадаў рабочым распілаваць яе на тры часткі і аккуратна скласці ў падваротні. Падумаў тады: а мо і спатрэбіцца... Хтосьці з разумнікаў пажартаваў: прыбіраючы помнікі, захоўвайце пастаменты — заўжды спатрэбяцца... Дзе цяпер фрагменты той скульптуры — не ведаю... Пакуль не спатрэбіліся (смяецца)...”

Мая размова са старым чэкістам закончылася познім вечарам. Валянцін Аляксандравіч паказаў нам з Юрыем Івановым сваю кватэру, дарэчы, атрыманую яшчэ ў тыя часы ад МДБ БССР, распавёў пра сваю сям’ю, пра жонку Нону Віктараўну, якая памерла ад інсульту ў 1992 годзе, пра сына Лёву, які сёння працуе загадчыкам кафедры цеплагазазабеспячэння і вентыляцыі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта. А яшчэ — пра трох малодшых братоў, якія мужна змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай. Радавы Мікалай Несцераў, самы малодшы, загінуў на Курскай дузе. Міхаіл, баявы лётчык бамбардзіровачнай авіяцыі, загінуў смерцю храбрых у паветраных баях за Беларусь напрыканцы вайны. Леанід, былы танкіст, падпалкоўнік, пайшоў з жыцця тры гады таму ад цяжкай хваробы. І многа яшчэ чаго расказаў нам Валянцін Аляксандравіч.

Цёпла развіталіся з гаспадаром, з яго сённяшняй мілай жонкай Валянцінай Віктараўнай і выйшлі на праспект, прайшлі пешкі некалькі кварталаў і зусім інакш глядзелі на абліччы дамоў, узведзеных рукамі гэтага незвычайнага чалавека, які пакінуў у жыцці нашай краіны самы што ні ёсць рэальны след. След, па якім мы, ягоныя ўнукі і праўнукі, ідзём у заўтрашні дзень, не забываючыся на тое, каму мы свята абавязаны захаваннем нашай гістарычнай памяці і нашай культурнай спадчыны...

Барыс КРЭПАК
Фота з архіва Артура СТРЭХА