Палессе наклікала...

№ 40 (1270) 01.10.2016 - 07.10.2016 г

У “сталіцы” Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”, аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна, прайшоў Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый “Покліч Палесся”.

Летнік напярэдадні

У рамках падзеі прайшоў маладзёжны этнаграфічны летнік. Удзельнікі наведалі вёскі Жыткавіцкага раёна. Асноўная частка даследчыкаў — студэнты філалагічнага і гістарычнага факультэтаў Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францыска Скарыны. Далучыліся студэнты з Мазыра. ВНУ клапоцяцца аб навучэнцах: іх адвезлі ў Жыткавічы і забралі назад на ўніверсітэцкім транспарце. Усе выдаткі падчас знаходжання экспедыцыі ў раёне ўзяў на сябе Нацыянальны парк: студэнтаў пасялілі ў гатэлі ў Тураве, кармілі і развозілі да інфармантаў. Адміністрацыя гасцініцы, прызвычаеная і да сталічнай публікі, пацікавілася нават, ці ёсць сярод студэнтаў вегетарыянцы, а абеды ўсе дні клапатліва расфасоўвала з сабой.

Падчас выездаў студэнтам дапамагалі работнікі культуры раёна. Удзельнікі мелі магчымасць паслухаць спеўныя гурты, пазнаёміліся з працай дома рамёстваў у Азяранах і цагельнай фабрыкі ў Людзяневічах, што працуе з 1904 года. У параўнанні з летнікам на Петрыкаўшчыне ў 2014-м было запланавана больш часу непасрэдна на працу з носьбітамі традыцый і падкарацілася забаўляльная праграма. Падрыхтоўка патрабавала значных высілкаў ад метадычнай службы ў Жыткавічах, якая спрабавала ўлічыць пажаданні навуковых куратараў летніка — супрацоўнікаў Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава і Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці. Спачатку планаваўся ўдзел майстроў-рамеснікаў, таму асноўнай тэмай летніка былі абраныя рамёствы. У апошні ж момант склад удзельнікаў памяняўся, прыехалі людзі, зацікаўленыя вуснай народнай творчасцю, і праграму скарэктавалі.

/i/content/pi/cult/606/13475/3-2.jpg

Барыс Святлоў вітае ганаровых палешукоў.

Для студэнтак гістарычнага факультэта з Гомеля Вікторыі Данчанка і Наталлі Лапцэвіч экспедыцыя сталася адкрыццём. Этнаграфічная практыка ў дзяўчат прайшла ў форме анкетавання родных і знаёмых па загадзя падрыхтаваных апытальніках на вуснагістарычную тэматыку. Цяпер жа, бачачы, як адкрываюцца незнаёмыя людзі, распавядаючы пра сваё жыццё і побыт, дзяўчаты зацікавіліся і фальклорам.

Матэрыялы, сабраныя ў 2012-м і 2014-м у Петрыкаўскім раёне, выдадзены ў кнізе “Летнік на Петрыкаўшчыне” дзякуючы ініцыятыве загадчыка філіяла Веткаўскага музея ў Гомелі Пятра Цалкі. Хочацца верыць, што і на сёлетнія жыткавіцкія матэрыялы знойдуцца сродкі і энтузіязм. Здавалася б, раён добра даследаваны, Гомельскім абласным цэнтрам народнай творчасці выдадзены грунтоўны буклет “Фальклор Прыпяцкага запаведніка” з аўдыядадаткам, матэрыялы выкарыстоўваліся ў выданні “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў”, у працах маскоўскіх этналінгвістаў. Але кожная размова дадае нешта новае ў скарбонку ведаў пра беларускую культуру. І, бадай, галоўнае для даследчыкаў-аматараў — жывы кантакт з носьбітамі традыцый, усведамленне, што вось гэта распавялі толькі табе, хай той факт пра мясцовую традыцыйную культуру ўжо і ўведзены ў навуковы зварот.

Фестываль вачыма наведвальнікаў...

Па тэрыторыі фестывалю пагуляць было прыемна. На падворках раёнаў ставала, чаго паглядзець і пакаштаваць, працавалі фотавыставы. Ля сцэны — другі па ліку кардон. Праграма цікавая і насычаная, усё ахапіць немагчыма. Даводзілася выбіраць: ці прайсціся па падворках, разглядаючы цікавосткі, частуючыся прысмакамі і гутарачы з людзьмі, ці хадзіць за камісіяй і глядзець дэманстрацыі абрадаў. Яшчэ можна было застацца ля адной з канцэртных пляцовак.

Падчас адкрыцця фестывалю адбылося наданне звання “Ганаровы паляшук”, якое сёлета атрымалі генеральны дырэктар Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода Анатоль Купрыянаў як прадстаўнік прамысловасці, кіраўнік СПК “Фядорскі” ў Брэсцкай вобласці Рыгор Дземка як прадстаўнік аграрнага комплексу і мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Генадзя Цітовіча Міхаіл Дрынеўскі як прадстаўнік сферы культуры.

...і ўдзельнікаў

Артыстаў было каля трох соцень. Падрыхтоўка да галоўных мерапрыемстваў “Поклічу Палесся” вялася з пачатку лета. Некаторыя калектывы сваім “сэтам” на фестывалі пацвердзілі найменне “народны”. Аднак канчаткова дата правядзення “Поклічу Палесся” стала вядомая 22 жніўня. Таму яго рыхтавалі разам з фестывалем харэаграфічнага мастацтва “Сожскі карагод”, што прайшоў за тыдзень да “Поклічу Палесся” ў Гомелі, і з Днём беларускага пісьменства ў Рагачове (адбыўся ў першыя выхадныя верасня).

У прэс-рэлізе паведамлялася, што 63 тысячы рублёў на яго правядзенне вылучана з абласнога бюджэту, 300 тысяч у якасці спонсарскай дапамогі даў Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод і 50 тысяч — Белаграпрамбанк. Раёны прывозілі калектывы і майстравалі падворкі за свой кошт. Дзіцячым гуртам арганізатары фестывалю забяспечылі харчаванне.

/i/content/pi/cult/606/13475/3-3.jpg

Падчас працы падворкаў.

Для ўдзельнікаў фестываль у арганізацыйным плане даўся цяжкавата. Людзі з аддаленых раёнаў распавядалі, як выязджалі на “Покліч Палесся” ўначы і ўначы ж планавалі вярнуцца (падворкі працавалі да 22-й). Прадстаўнікі раёнаў, што займаліся мантажом падворкаў, прыехалі за некалькі дзён да асноўных мерапрыемстваў і спалі там жа, на падворках, у спальніках.

Тое, што спрацоўвала “ў плюс” для наведвальнікаў, для ўдзельнікаў часам выдавалася нязручнасцямі. Вялікая колькасць падворкаў абумовіла расцягнутасць тэрыторыі ўздоўж воднага канала. Наведвальнікам цікава было гуляць, разглядаць стэнды раёнаў. А ўдзельнікі спачатку выступілі на адкрыцці, потым вярнуліся на падворкі, каб сустрэць камісію (свята наведалі, у прыватнасці, міністр культуры Барыс Святлоў і міністр інфармацыі Лілія Ананіч), потым пабеглі на галоўную сцэну, пасля на фальклорную пляцоўку, што месцілася сярод падворкаў. З часам выступаў была блытаніна, канцэрты ссоўваліся на гадзіну-дзве, гурты або чакалі падоўгу чаргі, або прыходзілі, каб даведацца, што іх выступ прайшоў. Адзначалі нялепшую наладку мікрафонаў на галоўнай сцэне… Ды, нягледзячы на ўсе нязручнасці, удзельнікі казалі, што было цікава паглядзець на калег і сябе паказаць. Фестываль жа ўразіў маштабам.

Турпатэнцыял Палесся

Падчас фестывалю прайшоў "круглы стол" “Інтэграцыя культурна-этнаграфічнай спадчыны Палесся ў нацыянальны турыстычны прадукт Рэспублікі Беларусь”. У пасяджэнні ўдзельнічалі спецыялісты органаў дзяржкіравання, прадстаўнікі турфірм, выкладчыкі турдысцыплін і студэнты, што вывучаюць турызм, прэса, экскурсаводы, гіды-перакладчыкі. Галоўным пытаннем было, як прывабіць плыні турыстаў адметнасцямі Палесся. Алена Пярмінава, дырэктар дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму, адзначыла: у Нацыянальным парку “Прыпяцкі” дзейнічаюць аднадзённыя і двухдзённыя маршруты. Арганізоўваючы экскурсіі, фірмы скарыстоўваюць этнаграфічны і культурны патэнцыял Прыпяцкага Палесся. Для ўязнога турызму галоўнымі праблемамі застаюцца візы, пазнавальнасць краіны, інфраструктура, сэрвіс. На “Поклічы Палесся” магло б быць значна больш замежных гасцей, прынамсі з суседніх краін, каб дакладная дата правядзення фестывалю была вядомая прынамсі за паўгода. А так… Не хапае часу, каб якасна прарэкламаваць мерапрыемства і прывабіць на яго людзей хаця б з нашай краіны.

На “Поклічы Палесся” мяне ўзрадавала, калі сяброўка, зацятая вандроўніца, адзначыла, што цяпер, дзякуючы фестывалю, атрымала цэласнае ўяўленне пра сучасны стан традыцыйнай культуры Палесся. Потым яна спытала, а ці можна гэтак жа грунтоўна далучыцца да культуры іншых рэгіёнаў на нейкіх мерапрыемствах? І я з ходу не знайшла адказу. Узгадала фальклорную сцэну і падворкі Гродзеншчыны на свяце нацыянальных культур, віцебскую “Вялікую вясельніцу”, купальскую “Александрыю”, святы ў Мінскай вобласці, звычайна прысвечаныя нейкаму пэўнаму рамяству, “Мінскую кадрылю”. І ўсё — не зусім тое, не паўнавартасны аналаг “Поклічу…” Можа, урэшце калісьці пакліча не толькі Палессе, але і Падняпроўе, Панямонне, Паазер’е?

Мінск — Ляскавічы — Мінск / Фота аўтара

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"