Пасля Ватыкана — Мінск

№ 40 (1270) 01.10.2016 - 07.10.2016 г

У Нацыянальным мастацкім музеі адкрылі выставу твораў царкоўнага мастацтва XVII — XXI стагоддзяў “Свет нябесны на зямлі”. Па словах гендырэктара НММ Уладзіміра Пракапцова, знамянальна, што выстава праходзіць у Год культуры ў Беларусі, і ў Год міласэрнасці, які абвясціў Папа Рымскі Францыск.

Адметна, што ў выставу ўвайшла большасць абразоў, паказаных у Музеях Ватыкана ў маі — ліпені. Адмыслова на адкрыццё ў Мінск прыехаў загадчык аддзела дэкаратыўных мастацтваў, а таксама аддзела візантыйскага і сярэднявечнага мастацтва музеяў Ватыкана Гвіда Карніні: “Мы мелі гонар прадставіць у Італіі першую буйную выставу беларускага жывапісу. У нас ёсць калекцыя візантыйскага мастацтва, аднак у ёй няма беларускіх твораў, таму ваша экспазіцыя стала ўнікальнай магчымасцю для еўрапейскіх мастацтвазнаўцаў атрымаць новую інфармацыю і вывучаць шыкоўныя беларускія абразы”.

/i/content/pi/cult/606/13474/3-1.jpg

На адкрыцці выставы (справа налева): Барыс Святлоў, Уладзімір Пракапцоў і Гвіда Карніні.

Наша экспазіцыя стала запатрабаванай у музеях Ватыкана перш за ўсё таму, што акцэнтавала ўвагу гледача на тым, як на адной тэрыторыі могуць мірна і плённа суіснаваць розныя канфесіі. На прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным мастацкім спадар Карніні дадаў: “Выстава ў Ватыкане была пастаўлена ў дастаткова сціплыя ўмовы, пад яе было выдаткавана невялікае памяшканне. Наколькі я ведаю, першапачаткова гаворка ішла пра экспазіцыю накшталт той, якую сёння адкрылі ў НММ, але ў сілу розных абставінаў канцэпцыя змянілася. Такім чынам, іконы падбіраліся з пункту гледжання рэпрэзентатыўнасці самой ідэі — былі паказаны выдатныя прыклады каталіцкіх і праваслаўных абразоў, у той жа час улічвалася, каб творы можна было сапраўды добра разгледзець. Безумоўна, сённяшняя выстава значна больш тлумачыць, чым ёсць беларускае сакральнае мастацтва”.

Са слоў загадчыка аддзела старажытнабеларускага мастацтва НММ Алены Карпенка, беларускі бок ішоў да гэтага праекта некалькі гадоў, праводзячы перамовы і ўсведамляючы ступені рызыкі, якія маглі б узнікнуць у сувязі з арганізацыяй выязной выставы. “Гэта само па сабе цуд, што мы ўсё ж змаглі выставіцца ў Ватыкане!” — акцэнтавала ўвагу выступоўца. Зрэшты, у Італіі было прадстаўлена крыху больш за тры дзясяткі твораў, у сталічнай экспазіцыі іх ужо каля сотні, прычым многія выстаўляюцца ўпершыню. Прадстаўлены і працы сучасных іканапісцаў.

У выставу ўключаны раздзел, прысвечаны дзейнасці рэстаўратараў музея. Спадарыня Алена заначыла, што гэта практычна справаздача аб зробленым за мінулы год: “18 твораў знаходзяцца ў стане няпоўнага раскрыцця, пасля выставы зноў трапяць на сталы нашых спецыялістаў. Але ўжо зараз відавочныя ашаламляльныя адкрыцці: перад намі жывапіс найвышэйшага ўзроўню, пра які мы нават не маглі марыць”. Дзякуючы карпатлівай працы адраджаюцца сапраўдныя шэдэўры мастацтва, што знаходзіліся на мяжы страты.

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"