“Нягледзячы на подпіс, карціна сапраўдная...”

№ 39 (1269) 24.09.2016 - 01.10.2016 г

Феномен Алены Аладавай
Сёння "К" працягвае распавядаць пра ўнікальную асобу ў гісторыі нацыянальнай культуры — Алену Аладаву.

(Працяг. Пачатак у №№ 37, 38.)

Да майго прыезду ў 1965 годзе з Ленінграда ў Мінск я сустракаўся з Аладавай толькі аднойчы. Cтудэнтам Ленінградскага ўніверсітэта ў пачатку 1962-га я прыехаў на зімовыя канікулы да маці ў Гродна. У яе кватэры ў доме па вуліцы Тэльмана, 7 заспеў кампанію мясцовых інтэлектуалаў, якія адзначалі нейкую падзею (можа, Стары Новы год?). За сталом, акрамя маёй маці і айчыма Івана Сямёнавіча Дмухайлы, сядзелі госці — старыя сябры нашай сям’і: жывапісцы Іван Васільевіч Пушкоў з жонкай і Даніла Міхайлавіч Парахня; таксама мой настаўнік па першых курсах вучобы ў гродзенскім педінстытуце, педагог замежнай літаратуры Мікалай Рыгоравіч Працэнка, яшчэ акцёр драмтэатра Якаў Мікалаевіч Кімберг і незнаёмая жанчына па прозвішчы Аладава, якая па нейкіх справах прыехала ў камандзіроўку ў Гродна. Я яе бачыў упершыню, хаця ведаў, што ў Мінску жыве такая сяброўка маёй маці. Трошкі пазней да нас зазірнуў “на агеньчык” пісьменнік Аляксей Нічыпаравіч Карпюк. Калі не памыляюся, у тыя часы ён працаваў загадчыкам гродзенскага агенцтва “Інтурыст”.

Канешне, дэталі гэтай вечарыны я не запомніў. Акрамя адной акалічнасці: зайшла спрэчка пра тое, ці мэтазгодным было знішчэнне ў горадзе, на рагу Замкавай і Кастрычніцкай вуліц у раёне Савецкай плошчы, будынка былога каталіцкага касцёла Прачыстай Божай Маці, заснаванага яшчэ ў XIV стагоддзі вялікім князем Вялікага Княства Літоўскага Вітаўтам. Я добра ведаў той будынак яшчэ ў школьныя часы, калі мы, хлапчукі, марылі, што яго ператвораць, як абяцалі ўлады, у шырокафарматны кінатэатр або ў Дом фізкультуры. Але я быў не ў курсе, пра што за сталом закіпела шумная дыскусія, і імкнуўся ўлезці з наіўнымі пытаннямі пра тое-сёе. Аказваецца, два месяцы таму, у канцы лістапада, з ініцыятывы мясцовых уладаў ленінградскія спецыялісты і слаўныя сапёры ўзарвалі гэтую самую фару Вітаўта! Канешне, я штосьці чуў пра тое з лістоў маці, якая ведала, што яшчэ вясной 1961-га была прынята пастанова пра яе знішчэнне, але ніякіх на гэты конт тонкасцей не чуў, ды і не вельмі тады цікавіўся такімі пытаннямі. У тыя савецкія часы знішчэнне такіх “рэлігійных” помнікаў, асабліва напаўразбураных, было звыклай справай.

/i/content/pi/cult/605/13467/15-1.jpg

Фара (нямецкае “рfarre”, лацінскае “рarochia”, грэчаскае “рaroecia”) — царкоўная парафія, епархія — назва галоўнага парафіяльнага касцёла. Разам з ратушай ён быў сімвалам Гродна. Алена Васільеўна расказала ўсім, што пры расійскім імператары Аляксандры I ён быў перададзены праваслаўнай царкве, названай Сафійскай, а прыкладна праз сто гадоў сабор стаў кафедральным. Але потым, у час Грамадзянскай вайны, фару зноў вярнулі каталікам і яна выкарыстоўвалася як гарнізонны касцёл. Пасля вайны сабор стаў зернесховішчам, а пазней (я гэта добра помню школьнікам) — тут з’явіліся вялікія склады суконнага дабра з мясцовага камбіната. У тыя часы савецкае правіла прыстасоўваць падобныя будынкі для ўсялякай гаспадарчай ці іншай патрэбы нікога не здзіўляла: мы пагалоўна былі ваяўнічымі атэістамі.

Практычна ўсе ўдзельнікі тагачаснага “круглага стала” у нас на кватэры лічылі, што гэтае збудаванне, бруднае, абшарпанае, напаўразбуранае, трэба было прыбраць, бо моцна псавала аблічча горада, яго цэнтра. А цэнтр — гэта Савецкая плошча са скверам, касцёлам езуітаў, чырвонакаменны, багата дэкараваны будынак бібліятэкі, пачатак утульнай “двухпавярховай” вуліцы Савецкай, выкладзенай старой цудоўнай брукаванкай. Памятаю, толькі двое з кампаніі, Аладава і Працэнка, — палка абураліся “дзікасцю” ўладаў, якія пасмелі падарваць гэты “ўнікальны помнік старажытнай беларускай архітэктуры, якому няма цаны”. І вельмі турбаваліся, што такая ж доля можа хутка напаткаць і занядбаную Барысаглебскую (Каложскую) царкву XII стагоддзя, якая даўно ператварылася ў самую натуральную прыбіральню для блазнюкоў і валацуг і родным прытулкам для птушак і пацукоў. “Як жа так? — пыталася Алена Васільеўна. — Вы, мастакі, інтэлігенты, так спакойна гаворыце пра гэта? Падумайце, хіба не сапраўднае варварства — знішчаць нашу духоўную спадчыну замест таго, каб прывесці ў парадак і адрэстаўраваць усё тое, што павінна належаць нашым нашчадкам?”

Хтосьці запярэчыў, маўляў, нічога асаблівага ў гэтым помніку няма, і калі так разважаць, то трэба рэстаўраваць і сінагогу на вуліцы Алега Кашавога, у якой туляцца мастацка-вытворчыя майстэрні. “А чаму б не! — гарачылася Аладава. — Пакуль не позна, трэба выратоўваць усё каштоўнае з таго, што яшчэ засталося. І трэба сёння ўсім нам, дзеячам культуры, калі мы сябе прылічваем да гэтага племені, біць... у літаўры...” Потым, пару секунд памаўчаўшы, дадала: “...каб нашым дзецям не давялося біць у званы”. Пасля гэтых слоў за сталом наступіла драматычна-доўгае маўчанне. І яно чамусьці так запомнілася мне, што і сёння, праз столькі дзесяццігодзяў, “гучыць” у маіх вушах...

Але сам я не думаў тады і не меркаваў, што праз тры гады лёс зноў звядзе мяне ўсур’ёз і надоўга з гэтай неспакойнай, нястомнай, няўрымслівай і чулай жанчынай — Аленай Васільеўнай Аладавай. Праз некалькі дзён пасля абароны дыплома, калі я стаяў на скрыжаванні трох дарог (куды ехаць на работу — у музеі Адэсы, Краснадара ці Навасібірска), у дэканат гістарычнага факультэта Ленінградскага дзяржуніверсітэта паступіў ліст з Мінска за подпісам намесніка міністра культуры БССР Яўгена Парватава з просьбай накіраваць мяне “ў распараджэнне дырэкцыі Дзяржаўнага мастацкага музея БССР для работы на пасадзе навуковага супрацоўніка з месячным акладам у адпаведнасці са штатным раскладам”.

Як аказалася, такая сітуацыя з выклікам адбылася па хадайніцтве дырэктара музея Аладавай. Так, маю маці яна ведала з канца 1950-х, калі ўпершыню прыехала з навуковай экспедыцыяй у Гродна з мэтай выяўлення і вывучэння ўнікальных старажытнабеларускіх помнікаў. З таго часу жанчыны пасябравалі і пры выпадку сустракаліся то ў Мінску, то ў Гродне. Не ведаю, што іх звязвала, бо іхнія прафесіі былі зусім розныя: адна — музейшчык, мастацтвазнаўца, другая — начальнік Гродзенскага абласнога прамысловага ветэрынарнага кантролю. Як кажуць, шляхі божыя неспавядальныя... Відавочна адно: гэта былі людзі мэтанакіраваныя, актыўныя, душэўна шчодрыя па натуры, “прабіўныя” ў розных жыццёвых абставінах і, што цікава, — пры сустрэчах заўсёды дарылі адна адной нейкія падарункі!

Захаваўся ліст Аладавай да маёй маці ад 1965 года (напэўна, канец вясны альбо пачатак лета, месяц не названы): “Шаноўная Марыя Іванаўна! Спяшаюся паведаміць, што тое пытанне, якое мы абмяркоўвалі ў час нашай апошняй сустрэчы датычна працаўладкавання Вашага сына, буду днямі рашаць. Звяртаюся спачатку да намесніка міністра культуры Парватава з просьбай накіраваць у ЛДУ адпаведны запыт. А калі ўзнікнуць праблемы — звярнуся да першага намесніка міністра Мачуліна, з сынам якога, як Вы расказвалі, Барыс вучыўся ў школе горада Гродна. Упэўнена, што ўсё будзе добра. Цалую — ваша Алена”.

Так і здарылася, што менавіта дзякуючы гэтаму чалавеку я вось ужо больш за 50 гадоў — мінчанін. І стаў тым, кім стаў: прафесійным мастацтвазнаўцам і арт-крытыкам. І ўсе свае дасягненні ў гэтых сферах я разглядаю з гэтага пункту гледжання. Дарэчы, Аладава ў 1968-м першай рэкамендавала мяне для ўступлення ў кандыдаты ў члены Саюза мастакоў (тады па статусе быў абавязковы двухгадовы кандыдацкі стаж для кожнага мастака і мастацтвазнаўцы, хто ўступаў у творчую арганізацыю).

Працяг чытайце ў наступных нумарах.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"