І дарожны чамадан з кнігай…

№ 39 (1269) 24.09.2016 - 01.10.2016 г

Гэтым разам пачынаем агляд з рэкардсмена гэтага нумара па колькасці лістоў — Гродзенскай вобласці. А калі быць больш дакладным, сукупе даслалі нам тры лісты.

У Палацы культуры горада Ліды прайшоў літаратурны вечар “Дзве музы сышліся…”, прымеркаваны да 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча і 75-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна. Арганізатарам вечара выступіла аматарскае аб’яднанне аўтараў, кампазітараў і выканаўцаў “МузАльянс” Палаца культуры горада. Не толькі музыка панавала на мерапрыемстве, дзейнічала і кніжная выстава, дэманстраваліся тэматычныя прэзентацыі.

Ткацтва — адзін з самых папулярных заняткаў у рэгіянальных цэнтрах рамёстваў, але ці кожны майстар імкнецца захаваць аўтэнтычную тэхналогію і знешняе падабенства вырабаў яшчэ часоў нашых прабабуль? Марына Савіцкая, малодшы навуковы супрацоўнік Лідскага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, падкрэсліла, што для іх аддзела адраджэнне белага фактурнага ткацтва і перадача вопыта ад рэдкіх ужо носьбітаў — адна з найважнейшых задач.

Фестываль друку “Ад мінулага ў сёння, і ад сёння ў заўтра вядзе нас друкаванае слова” прайшоў 15 верасня ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы. Канцэпцыя фестывалю прадугледжвала ўшанаванне беларускіх першаасветнікаў, друкароў і ўсіх тых, хто ўдзельнічае ў працэсе стварэння кнігі.

/i/content/pi/cult/605/13465/10-1.jpg

У верасні на базе Роскай гарпасялковай бібліятэкі былі арганізаваны і праведзены майстар-класы ў рамках праекта “Мабільны ўніверсітэт”, які распрацаваў адзін з мясцовых жыхароў-энтузіястаў. Нельга не адзначыць сапраўды карысныя майстар-класы для насельніцтва, з ліку якіх “Займальная беларуская мова”, “Мова нанова для дзетак”, “Як карыстацца гугл дыскам?”, “Асновы прававых ведаў”, “Экалагічны лад жыцця і “Зялёнае спажыванне”, “Рэкрэацыйная, рэабілітацыйная і адаптыўная фізічная культура”.

Прымежны горад Ашмяны адзначыўся наступным: вучні чацвёртых класаў сярэдняй школы № 3 завіталі ў раённую бібліятэку, дзе прынялі ўдзел у абласной акцыі “Чытаем разам”, прымеркаванай да 134-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы. Праінфармавала “К” на гэты конт, а таксама даслала сцэнарый імпрэзы Ганна Мацэвіч, настаўнік пачатковых класаў СШ № 3.

Дзень бібліятэк не абмінуў і горад Масты, дзе 14 верасня ў гарадской дзіцячай бібліятэцы ў рамках раённага конкурсу “Год культуры крочыць па краіне” адбылося літаратурнае караоке “Святло паэзіі Максіма Багдановіча”, на якім прагучалі вершы класіка ў выкананні вучняў школы № 3 і гімназіі № 1. Пра тое, што мерапрыемства прайшло “на высокай паэтычнай хвалі”, сведчыць Алена Дараховіч, загадчык Мастоўскай гарадской дзіцячай бібліятэкі.

Свята адзначае Зэльвенскі раён, дзе мястэчку Дзярэчын споўнілася 600 гадоў з першай згадкі населенага пункта ў Літоўскай метрыцы. Малады архітэктар Дзмітрый Кірэенка распрацаваў з гэтай нагоды памятны знак, які і быў адкрыты жыхарамі ў гэтыя дні. Акрамя таго, у горадзе прайшоў шэраг культурных падзей: з’езд паэтаў і празаікаў, жывапісцаў, фатографаў і народных майстроў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны… Паведамляе пра гэта Алена Ламека, загадчык аддзела па развіцці народнай творчасці раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.

На Шчучыншчыне, у аграгарадку Васілішкі, у мінулую нядзелю гучала музыка чалавека, які паўплываў на музычныя тэндэнцыі розных краін Еўропы. На яго малой радзіме ўзгадвалі легендарную постаць праз “Свята музыкі Чэслава Нэмэна”. Алена Барэль, вядучы метадыст арганізацыйна-метадычнага аддзела раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці зазначыла: Нэмэн заўсёды застанецца ў памяці не толькі палякаў, але і беларусаў.

Адметна прайшоў дзень бібліятэк у Путрышкаўскім цэнтры культуры, дзе супрацоўнікі не абмежаваліся фармальнай дзеяй, а арганізавалі кніжны баль, у вобразе Спадарыні Культуры на які завітала Наталля Рамановіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама. Свята было працягнута выставай кулінарнага майстэрства “Бібліяпрысмакі”. Пра гэта піша галоўны бібліятэкар па арганізацыйна-маркетын-гавай рабоце Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Людміла Трубчык.

Музычны тэатр “Рада” горада Гродна, паведамляе кіраўнік калектыву Аляксандр Ігнаценка, паспяхова выступіў у бельгійскім горадзе Остандзе на фестывалі “Fest in den Dorf”. Па меркаванні арганізатараў і гледачоў, выступленне тэатра з Беларусі (адзінага ўдзельніка ад нашай краіны) стала самым яркім момантам культурнай дзеі. “Рада” прадставіла беларускі, казачы і цыганскі блокі ў межах двух гадзінных выступленняў. Гродзенцаў прывітаў асабіста Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі Аляксандр Міхневіч.

Марына Грэцкая, бібліятэкар Гезгалаўскай сельскай бібліятэкі-цэнтра экалагічнай культуры з Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці распавяла ў сваім допісе пра жыццё і творчасць Веры Хрышчановіч, мясцовай паэтэсы: “Вера Ігнатаўна працавала загадчыкам Нагародавіцкага сельскага клуба. Мінула ўжо шмат гадоў, як не працуе ў культуры, зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але не пакідае ўлюбёнага занятку — піша вершы, байкі, жарты. У яе за гэты час “нарадзілася” шмат новых вершаў на розныя жыццёвыя тэмы. А пачала жанчына пісаць у 35-гадовым узросце, калі працавала кінамеханікам у Жукоўшчынскім сельсавеце. Даводзілася ездзіць па вёсках. Сустрэчы, назіранні, жыццёвыя моманты прасіліся на паперу, складваліся ў радкі”. Дадамо, што ў Год культуры ў Гезгалаўскай сельскай бібліятэцы адбыўся творчы вечар Веры Ігнатаўны “Праз жыццё на крылах таленту”.

Брэсцкая вобласць гэтым разам — выключна бібліятэчная. Пружанская цэнтральная раённая бібліятэка ў другі раз стала ўдзельнікам акцыі “Бібліяноч”, прапанаваўшы публіцы цікавы інтэлектуальны адпачынак. Тэмай вечара сталі 1980-я. “Насычаная праграма мерапрыемства дазваляла кожнаму выбраць адпачынак для душы: убачыць, пачуць, паслухаць, паўдзельнічаць і нават пачаставацца духмянымі пірагамі за кнігамі класікаў і кубкам гарбаты”, — піша “К” Ніна Шабуня. У выніку 17 наведвальнікаў імпрэзы сталі чытачамі бібліятэкі, хіба не выдатны вынік?

Шчырыя віншаванні перадаем Маларыцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы, якой споўнілася 70 гадоў. І калі гісторыя гэтай установы пачыналася з трох клубаў, дзвюх хат-чытальняў і дзвюх бібліятэчак у самім горадзе, то сёння ў сістэме працуе 20 паўнавартасных бібліятэк, у ліку якіх дзіцячая і бібліёбус. Маларыцкая цэнтральная бібліятэка налічвае сёння больш за 2,5 тысячы чытачоў, а яе фонд складае амаль 50 тысяч экзэмпляраў. Пра гэта піша Мікалай Навумчык.

У Бабруйску, паведамляе метадыст арганізацыйна-метадычнага аддзела Палаца мастацтваў горада Бабруйска Ірына Аўсянікава, чацвёрты год запар адбываецца гарадская акцыя “У нашай хаце рады ўсім”. Сутнасць яе — прыцягненне жыхароў да заняткаў па інтарэсах, папулярызацыя і знаёмства з установамі культуры і адукацыі. На 14 пляцоўках горада прайшлі канцэртныя праграмы мясцовых калектываў, разнастайныя выставы, майстар-класы і спартыўныя спаборніцтвы, а таксама “Бібліятэчны дэсант”, падчас якога супрацоўнікі гэтых устаноў прапанавалі дзецям лепшыя творы мастацкай літаратуры.

"Чытаем байкі Кандрата Крапівы… Далучайся і ты!" — так называецца літаратурны марафон, праект якога рэалізоўваюць публічныя бібліятэкі Магілёва. Распавядае загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Карла Маркса Алена Астапава: "Праект стартаваў у Дзень роднай мовы. Сэнс марафону ў тым, каб кожнаму даць магчымасць прачытаць любімую байку. Супрацоўнікі бібліятэк запісваюць чытальніка на відэа, а матэрыялы змяшчаюць на сайце ўстановы. Навучэнцы архітэктурна-будаўнічага каледжа пайшлі далей: зрабілі інсцэніроўкі баек. Неўзабаве адкрыецца выстава іх малюнкаў да гэтых твораў. Свае выступленні даслалі вучні Уздзенскай сярэдняй школы, якая носіць імя знакамітага земляка". Літаратурны марафон працягваецца. Для тых, хто жадае даслаць самастойна знятыя матэрыялы, паведамляем адрас: metodisty@mail.ru.

Вядучы метадыст Надзея Уліновіч нагадвае, што па 9 кастрычніка ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці праходзіць выстава-продаж жаночых упрыгожванняў “З малахітавай шкатулкі”. Майстры Віцебшчыны на выставе прадставілі саламяныя капелюшы, пацеркі, вяночкі, торбы, вязаныя каўнерыкі і шалі, распісаныя хусткі...

А тым часам у Полацку прымаюць ІІІ Адкрыты конкурс лапікавага шыцця “Полацк-Квілт-2016”. Да гэтага часу пацвердзілі свой удзел у творчым мерапрыемстве майстры з Беларусі, Расіі, Германіі, Латвіі, Літвы. Упершыню ў конкурсе прымаюць удзел людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Прыём заявак працягнуты да 1 лістапада. Арганізатар — Полацкі раённы Цэнтр рамёстваў і нацыянальных культур.

Да дня бібліятэк бярэзінскія спецыялісты прапанавалі нямала кніжных сюрпрызаў. У імправізаваную чытальную залу пераўтварылася зала чакання аўтавакзала. Бібліятэкары зладзілі там прома-акцыю: вялікі дарожны чамадан ўтрымліваў каля сотні нумароў беларускіх літаратурна-мастацкіх часопісаў, якія кожны пасажыр мог узяць з сабой у дарогу. Свята было працягнута акцыяй “Чытай-скверык” у гарадскім парку каля кінатэатра, якая сабрала вакол сябе моладзь і выпадковых мінакоў. Акцыя Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі, піша загадчык аддзела маркетынгу Тамара Круталевіч, была арыентавана на веданне беларускіх друкаваных СМІ.

24 верасня ў культурнай сталіцы Беларусі-2016 — горадзе Маладзечна — адбудзецца V Рэгіянальны фестываль творчай моладзі “Art-House”. Арганізатарамі выступілі раённы выканаўчы камітэт і Палац культуры. Маладзёжнае мастацтва будзе прадстаўлена ў такіх жанрах як рэп, рок, брэйк-данс, бітбокс, чарлідзінг ды іншых.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст