Фальклор збіраюць па драбках

№ 39 (1269) 24.09.2016 - 01.10.2016 г

Экспрэс-тур з V.I.P.-земляком: Пугачы / Што з культурай у вёсках, калі з іх з’язджаюць. Назусім..
Віця Шніп, які з’явіўся на свет у Пугачах, да 7 гадоў жыў у вёсцы Легезы, а да першага класа вярнуўся на радзіму, дзе і скончыў васьмігодку ў 1975-м. У тым жа годзе ён паступіў у Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум і наступіў для яго новы этап жыцця, пасля другі, трэці... Але не пра іх сёння мой аповед, а пра тыя часы, калі пачала фармавацца асоба будучага вядомага беларускага пісьменніка Віктара Шніпа. Пра вёску Пугачы Валожынскага раёна Мінскай вобласці, у якой гэты працэс і адбываўся, пра яе культурнае мінулае ды сучаснасць. Галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая лiтаратура” згадваў 1960 — 1970-я гады, а днямі суправаджаў мяне ва ўстановы, што наўпрост і ўскосна спрыялі нараджэнню ў ім перш за ўсё паэтычнага дару.

Паэзія ў бібліятэцы — больш, чым паэзія

З бібліятэкай мне другую камандзіроўку запар не пашанцавала — захварэла яе бібліятэкар. Пра самаадчуванне ж установы ля яе закрытых дзвярэй нам сцісла распавяла дырэктар Сельскага дома культуры Марына Цiшэвiч, дзе бібліятэка і знаходзіцца. Але пра гэта — крыху пазней.

І Пугачоўская сельская бібліятэка, і сам Дом культуры (сярэдняя школа, пра якую таксама пойдзе гаворка) у згаданыя мной 1960 — 1970-я размяшчаліся ў іншых, драўляных будынках. Вось туды і хадзіў хлопчык Віця. Але найбольш упадабаў усё ж школьную бібліятэку, чытаючы запоем. Аддаваў перавагу казкам, прыгодам, гістарычнай літаратуры (Іван Сяркоў, Янка Маўр...). І засмучаўся, што ў ёй зусім не было нейкай іншай паэзіі — беларускай і не толькі, не той, што ён праходзіў на ўроках — ад памерлых да жывых класікаў. А сельскую бібліятэку ён часта наведваў падчас сваіх прыездаў у Пугачы пасля 1975-га. Загадчыца адкладала маладому чалавеку кнігі, якія, на яе думку, яго павінны былі зацікавіць (і тут з паэзіяй было напружана), нават прыносіла іх яму дадому.

— Нягледзячы на тое, што праца ў вёсцы — цяжкая, ад відна да відна, людзі кнігі чыталі, — прыгадвае Віктар Анатольевіч. — Асабліва ўзімку, калі не трэба было працаваць у полі. Але хапала і тых, хто круціў пальцам ля скроні, паказваючы на жанчыну, якая пасля дойкi каровы бралася за кнігу.

— Сёння з наведваннем тое самае, — словы Шніпа пацвярджае Марына Дзмітрыеўна. — Пакуль не пачалася пасяўная або калі скончылася ўборачная кампаніі, людзей у бібліятэку прыходзіць больш, чым у іншы час года. Завітваюць вахтавыя рабочыя, занятыя, напрыклад, на кар’ернай вытворчасці.

На добрым наведванні бібліятэкі адбіваецца і тое, што ў яе не так даўно перанеслі большую частку школьнага бібліятэчнага фонду. Цяпер і навучэнцы часцей ходзяць сюды па неабходныя ім выданнi. Камп’ютар ды інтэрнэт у бібліятэцы ёсць, але ў прыярытэце — літаратура папяровая. Дарэчы, неабходнасць яе існавання ў свеце новых тэхналогій Віктар Анатольевіч даводзіць вельмі проста:

— Уявіце сітуацыю, калі на ўсёй Зямлі знікне электрычнасць, вось тады чалавецтва і дастане свечкі з запалкамі і яшчэ не знішчаныя ім папяровыя кнігі, дзе распавядаецца пра тое, як яму выжыць у гэтых умовах. Там захоўваецца векавая мудрасць, гісторыя, культура.

План выкананы будзе

Юнака ў СДК прыцягвалі танцавальныя вечары, на якіх пад пласцінкі, магнітафон ды нават “жывых” музыкантаў людзі і танчылі “Лявонiху” ды іншыя “твісты”. (Віця і сам “цешыўся” iгрой на акардэоне, але сур’ёзна прысвяціць сябе музыцы не планаваў.) Так, выступаў у складзе школьнай самадзейнасці. Увогуле ж, нічога выбітнага ў плане культурнага вольнага часу Пугачы тады не ўяўлялі: тое ж, што і ўсюды, вясковыя святы, мерапрыемствы ў гонар падзей ды дат. Не існавала і характэрных менавіта для гэтай мясцовасці абрадаў. Але масавае культурнае правядзенне часу Шніп не любіў, “віной” таму такая акалічнасць: у Легезах, акрамя яго, жыло ўсяго два дзіця, а ў Пугачоўскай школе іх займалася 150. І сямігадовы хлопец ад дыскамфорту бег у лес, там размаўляў з птушкамі, з травой, з дрэвамі…

/i/content/pi/cult/605/13464/11-1.jpg

У 9 гадоў Шніп стаў запісваць уласныя вершы, запісваць, бо першы Віця склаў чатыры гады раней. Гісторыя яго ўзнікнення смешная ды дзіўная. Рыфмаваныя радкі паўсталі ў галаве дзіцяці пасля таго, як ён кідаў у калодзеж камяні — такім чынам... бамбаваў амерыканцаў, мяркуючы, што калі Зямля плоская (у чым быў перакананы), то камяні абавязкова праб’юць яе наскрозь ды знішчаць верагоднага праціўніка Савецкага Саюза. Суседка (ёй належаў калодзеж) парушальніка прагнала. Той пакрыўдзіўся, напісаў у адрас крыўдзіцелькі вершык, які неўзабаве і зачытаў. Суседка адсцябала аўтара крапівой. Так паэт-пачатковец упершыню сутыкнуўся з літаратурнай крытыкай... А некаторыя вершы ён пісаў часам вельмі экзатычнымі спосабамі: дапусцім, браў сшытак з алоўкам, залазіў на дуб і не спускаўся з яго да таго часу, пакуль не складаў нешта новае.

У 12 гадоў Віця адправіў некалькі сваіх твораў у газету “Звязда” (чаму не звярнуўся ў больш прыдатныя яму тады па ўзросце, да прыкладу, газету “Зорька” ці часопіс “Бярозка”, Шніп не памятае). Паштальёнка пракаментавала гэты ўчынак дастаткова жорстка і на ўсю вёску: “Глядзі, у рэдакцыю ліст напісаў, і не баіцца, што міліцыя прыедзе ды забярэ...” І хоць на канверце Віця не ўказаў зваротны адрас, адказ “чытай, вучыся...”, падпісаны пісьменнікамі Міколам Гамолкам ды Алесем Траяноўскім, атрымаў, і на два гады... стаіўся, больш нікуды нічога не пасылаючы. У 1977 годзе ён упершыню друкаваўся — адразу ў газеце “Чырвоная змена”. І пайшло-паехала...

Але вернемся ў Дом культуры, сённяшні. У яго фае нас сустракалі работы “гурткоўцаў”. Марына Цiшэвiч падрабязна тлумачыла, што да чаго: сярод "традыцыйных" малюнкаў ды выцінанкі, якую тут толькі пачалі асвойваць, маю ўвагу прыцягнулі вырабы з... салёнага цеста. Адначасова дырэктар распавядала пра дзейнасць установы. Мінскія артысты, як мінімум, апошнія гады з два сюды не прыязджаюць; зала на 120 месцаў, у аншлагу даўно незаўважаная, запаўняецца жыхарамі мясцовымi ды з бліжэйшых вёсак, у асноўным, на выступах творчых кадраў Валожынскага раёна. Перыядычна ДК арганізуе выезды мясцовых жыхароў на канцэрты ды спектаклі у iншыя гарады — звычайна мікрааўтобуса на чалавек чатырнаццаць для гэтага хапае, а то абыходзяцца і асабістым транспартам супрацоўнікаў Дома культуры.

Ва ўстанове дзейнічаюць гурткі па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве (“Фантазёры” ды “Умелыя ручкі”), эстраднай песні (“Званочкі”, у тым ліку песні народнай, ды “Жамчужынка” — абодва дзіцячыя), фолькавы “Весялуха” (для бабуль), аматарскія аб’яднанні “Юны дзі-джэй”, “Сонейка” (для вучняў пачатковых класаў) ды “Залаты ўзрост” (для пажылых людзей). Асобныя працуюць раз на месяц, іншыя — часцей. Дзяцей у іх займаецца 45 чалавек (у школе ж вучыцца 69).

У Доме культуры ўсяго тры штатныя адзінкі: дырэктар, мастацкі кіраўнік Наталля Жызнеўская (між іншым — паэтка!) i тэхнічны супрацоўнік. Такая колькасць звязана не толькі з аптымізацыяй, проста няма ахвотных працаваць за грошы, якія не дасягаюць 300 рублёў. Марына Дзмітрыеўна (дарэчы, бухгалтар па адукацыі) адказвае за тое, што робіцца рукамі, Наталля Васільеўна — за сцэнічнае мастацтва.

Танцавальныя вечары па-ранейшаму тут праходзяць — па суботах, на тое і юныя дзі-джэі. Пракатчыкі прывозяць кінафільмы — для дзяцей (дарослых стужкі на вялікім экране з нейкага часу перасталі цікавіць), часам разам з кіналекторыямi. СДК праводзіць святы вёсак (сёлета яны адбыліся ў Гервелях ды Караблях), кіраўнікі яго даюць міні-канцэрты для працаўнікоў “у палях”, віншуюць людзей на хаце. І на даму ж збіраюць фальклор! Прыязджаюць да людзей, якія нешта памятаюць пра даўніну, і выпытваюць у іх пра рамёствы, пра аўтэнтычныя песні ды святы, адзенне ды стравы. Затым атрыманы матэрыял афармляюць, накіроўваюць у вышэйшыя інстанцыі, а таксама “падшываюць” у свой архіў.

— Для таго, каб казаць пра культурнае жыццё вёскi высокім “слогам”, Дома культуры ды бібліятэкі мала, — лічыць спадарыня Цiшэвiч. — Але нават пры гэтым, будзь у нас больш спецыялістаў, і разнастайнасці ў нашай дзейнасці дадалося: напэўна, сярод жыхароў знайшліся б тыя, хто з задавальненнем пайшоў у танцавальны гурток, у тэатральны. Усё ж тут жыве каля пяцісот чалавек, не лічачы “дачнікаў”, плюс навакольныя населеныя пункты, у якіх устаноў культуры няма. Пакуль жа, на жаль, спецыялісты, наадварот — з’язджаюць, вось і гурток пантамімы спыніў сваё існаванне...

Дом культуры пакуль трымаецца. Нягледзячы на абшарпаны фасад і патрэбу ў грунтоўным рамонце: яго тут замяняюць касметычным. Сітуацыя і заблытаная і, адначасова, зразумелая. Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валожынскага райвыканкама не з’яўляецца ўласнікам будынка, дзе знаходзіцца СДК. Але адсутнасць нармальных шклопакетаў план платных паслуг не адмяняе. У 2015-м апошні складаў 12 мільёнаў рублёў (быў перавыкананы), у гэтым — 15 (усё — у ранейшых грошах). За 9 месяцаў зароблена каля 9 мільёнаў, але наперадзе святаў ды мерапрыемстваў яшчэ шмат.

— Цяжкавата, вядома, — уздыхае Наталля Васільеўна, — але выканаем, куды падзецца...

У сяброўскай атмасферы

Але свайму пачатковаму культурнаму выхаванню Віктар Анатольевіч больш быў абавязаны школе, тагачасны ўзровень мастацкай самадзейнасці якой і па гэты дзень ацэньвае высока. Нягледзячы на сваю схільнасць да адзіноты, ён граў у спектаклях, спяваў у хоры, чытаў вершы, але не ўласныя (і ўсё ж “спецзаказы” аднакласнікаў выконваў, складаючы па просьбах хлапчукоў вершы, прысвечаныя іх каханым). Выступалі вучні па раёне і поспех мелі. Улюбёнасць у творчасць была у iх настолькі моцная, што падчас летніх канікул нават без дапамогі выкладчыкаў яны ставілі прыдуманыя самімі п’есы!

Да візіту спадара Шніпа ў школе не проста падрыхтаваліся, а вельмі і вельмі прыемна яго здзівілі (а заадно і мяне). Адарыўшы нас не толькі вырабамі школьнікаў, але і арганізаваўшы ў адным з кабінетаў амаль гадзінную сапраўдную творчую сустрэчу масцітага пісьменніка з часткай настаўнікаў ды вучняў. Адкрылася яна песняй “Мой родны кут...” у выкананні дзяўчыны Ілоны пад “мінусоўку”. Затым навучэнцы дэкламавалі вершы госця (“Ці лёгка яны вучацца?” — пацікавіўся апошні. “Нармальна”, — адказаў хлопчык Максім.) Паэт сам чытаў свае творы. Потым былі адказы на пытанні, заключная песня ад дзявочага квартэта, словы падзякі “імянінніка” ды яго аўтографы на сваіх кнігах “Пугачоўскі цырульнік: дзённікавая проза паэта” ды “Заўтра была адліга", прывезеныя ім з сабой у падарунак землякам. Там шмат старонак прысвечана роднаму краю пісьменніка.

Ну, а паколькі ў дзве апошнія “V.I.P.-камандзіроўкі” крэатыў з мяне так і ліецца, то да нараджэння чарговай ідэі я паставіўся ўжо спакойна. Віктар Анатольевіч жа маю прапанову аб стварэнні ў школе літаратурнага аб’яднання пад яго кіраўніцтвам успрыняў з натхненнем. І стаў думку развіваць: што можна было б яму прыязджаць у Пугачы раз на месяц ды сустракацца з дзецьмі, абмяркоўваць іх літаратурную творчасць, калі такая ёсць, дзяліцца навінамі са свету вялікай кнігі, браць з сабой калег-пісьменнікаў, зладзіць які-небудзь конкурс...

Культура ў вёсках жывая. Пакуль?..

— Што, на мой погляд, сёння адбываецца з культурай у Пугачах? — па дарозе ў Мінск вынес вердыкт Віктар Шніп. — Ды тое ж самае, што і ў іншых беларускіх вёсках. Яна не памерла, але мерапрыемстваў стала менш, не так гучна ды масава яны праходзяць. Вёскі пусцеюць, моладзь з’язджае ў гарады, дарослыя ўсё больш адасабляюцца ў сваім свеце, так званыя “дачнікі” проста жывуць толькi ім, — яны ж якраз збеглі ад гарадскога тлуму. Але, наколькі можна, трэба абавязкова падтрымліваць культуру на вёсцы, шляхам той жа праславутай аптымізацыі, калі, скажам, некалькі вясковых клубаў аб’ядноўваюцца ў адзін. Няхай хоць так, інакш мы рызыкуем наогул страціць свае карані.

 Мінск — Пугачы — Мінск / Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"