“Бясслоўная” кампанія

№ 39 (1269) 24.09.2016 - 01.10.2016 г

РУМЫНІЯ
У Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры прайшоў паказ спектакля “Не-словы” румынскай тэатральнай кампаніі “Passe-Partout Dan Puric”. У Мінску “не-славесныя” акцёры таксама давалі майстар-клас у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Прыватная кампанія, створаная Данам Пурыкам, румынскім акцёрам і рэжысёрам, прадастаўляе пляцоўку для стварэння і паказу спектакляў. “Не-словы” — гэта толькі адна з вялікай колькасці пастановак, створаных на гэтай базе.

Гэты спектакль быў створаны таленавітым акцёрам, рэжысёрам, музыкантам і спеваком Адрыянам Наурам. Адрыян наведаў Беларусь не ўпершыню: у снежні 2015 года ён выступіў з канцэртам разам з “Trio Zamfirescu” ў Мінску і Гродне. Адрыяну Науру спадабалася Беларусь і беларускія гледачы, таму ён прыехаў сюды зноў са сваім пластычным тэатрам.

/i/content/pi/cult/605/13463/13-3.jpg

Сцэна са спектакля "Не-словы"./ Фота з сайта тэатра

Выключна пластычным спектаклем “Не-словы” назваць складана. Ён і эксперыментальны, і авангардны, і невербальны. На працягу больш чым гадзіны гледачы сачылі за кароткімі пластычнымі эцюдамі пра жыццё, вайну, каханне, кіно. Трэба сказаць, што частка эцюдаў была не зусім бязмоўнай. Дзесьці акцёры выкарыстоўвалі мову той краіны, пра якую была замалёўка: Германія, Японія, Расія, Францыя, Амерыка... Музыка таксама задзейнічалася тэматычная. Цікава атрымалася з Расіяй: гісторыя кахання, паказаная з дапамогай пластычнага і ценевага тэатраў, распавядалася пад песню “Конь” гурта “Любэ”. Гледачы, падаецца, засталіся ў замяшальніцтве: ці было так задумана рэжысёрам або з музыкай выйшла нейкая недарэчнасць?

Касцюмы акцёраў мяняліся з эцюда ў эцюд і часта былі ўмоўнымі. Напрыклад, публіка асабліва ажывілася, калі на сцэне з’явіліся добра знаёмыя амерыканскія супергероі “DC Comics”: Супермэн і Бэтман. Нягледзячы на тое, што іх выявы былі відавочна гратэскава-фарсавыя, а касцюмы хутчэй сімвалічнымі, апладзіравалі ім не перастаючы і яшчэ доўга абмяркоўвалі менавіта гэтых персанажаў пасля спектакля. Некаторыя ж замалёўкі выглядалі настолькі казачна-фантастычнымі, што нават самыя гучныя гледачы заціхалі і сачылі, затаіўшы дыханне, за тым, што адбываецца на сцэне. Студэнцкай аўдыторыі асабліва падабаліся прыёмы інтэрактыўнага тэатра.

Па словах Надзі Машану, каардынатара і куратара праекта, гастролі румынскага пластычнага тэатра — гэта першы тэатральны праект з Румыніі ў Беларусі. Менш чым за год у Беларусі былі прадстаўлены ўжо чатыры культурныя ініцыятывы, і спыняцца на гэтым румыны не збіраюцца. Цяпер рыхтуюцца гастролі невербальнага драматычнага тэатра, праўда, форма падачы спектакля яшчэ агаворваецца.

Дарэчы, 15 верасня спектакль “Не-словы” быў паказаны на Міжнародным тэатральным фестывалі “Белая Вежа” ў Брэсце. “Мы спадзяемся, што серыя культурных праектаў стане пачаткам моцнага сяброўства”, — падкрэслівае Надзя Машану.

Вольга СТАРАВОЙТАВА, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ