Як імпрэзе пабагацець на падзеі

№ 39 (1269) 24.09.2016 - 01.10.2016 г

У вёсцы Мілашова на Мёршчыне адбыліся Мілашоўска-Мілашаўскія чытанні, якія ладзяцца з 2011 года пісьменніцай Аленай Масла на радзіме і ў сталіцы і пра якія газета “Культура” пісала не аднойчы.

Вяселле праз 50 гадоў

Сёлета ў рамках праекта прэзентаваўся музычны кампакт-дыск “Песні і найгрышы вяселля вёскі Лявонпаль і яе наваколляў у запісах Сяргея Панізніка 1968 — 1969 гадоў”, матэрыял для якога быў запісаны амаль 50 гадоў таму акурат у Мёрскім раёне Віцебшчыны. Маладыя, якія пабраліся шлюбам на тым вяселлі, былі з Мілашова — жаніх, Франак Адамовіч — жыхар Мілашова. Нявеста ж (з Лявонпаля) прыехала настаўнічаць у Мілашоўскую школу і тут сустрэла свайго суджэнца. Вяселле ладзілася спачатку ў маладой, пасля  — у маладога. Гэтаму вяселлю надзвычай пашчасціла, бо быў запрошаны на яго Сяргей Панізнік — аднакласнік маладой, знакаміты беларускі паэт і краязнаўца, а тады — ваенны карэспандэнт.

“Сяргея немагчыма было не заўважыць, — згадвае Яўгенія Сяргееўна Шадурская, тая самая маладая з вяселля, якое сёння загучала па-новаму. — Высокі, статны, з двума фотаапаратамі, з магнітафонам, на які ён і вёў запіс усяго, што адбывалася”.

Мінула амаль 50 гадоў, і музыка, спявак Сяржук Доўгушаў стаўся выдаўцом дыска паводле падзеі. На сёлетніх чытаннях прэзентацыя дыска адбылася ў парафіяльным касцёле Маці Божай Шкаплернай пасля імшы. Разам з Сяржуком з Мінска прыехала спявачка Юлія Літвінава, а таксама полацкі гурт этна-спеваў “Варган”. Вясельныя спевы і музыка гучалі ў касцёле пасля набажэнства, вяртаючы на паўстагоддзя таму і саму “маладую”, і тых парафіян, каму давялося гуляць на тым вяселлі.

“Пярэзвы”, або “цыганы”

І так сталася, што ў гэтай незвычайнай імпрэзе сышліся разам і вяселле, і пярэзвы, альбо “цыганы” — традыцыйны вясельны абрад, калі маладая развітвалася з родным домам, дзякавала бацькам. Даўней, калі вяселле гулялі цягам тыдня, пярэзвы спраўляліся на заканчэнне ўрачыстасці. У дом маладой запрашаліся самыя блізкія людзі. Ну, а другая назва — “цыганы” — “прыляпілася” да гэтага абрада праз тое, што вясельнікі туды-сюды ездзілі, качавалі. Пра ўсё гэта расказала на свяце этнограф, тэлевядучая, аўтарка кнігі “Беларускі кулінарны сшытак” Ларыса Мятлеўская.

/i/content/pi/cult/605/13462/13-2.jpg

Падчас прэзентацыі дыска ў касцёле. 

Так сталася, што акурат за тыдзень да чытанняў яна была сваццяй на вяселлі ў сталіцы. Ладзілася яно з элементамі традыцыйнага стылю — з выкупам маладой, “рагаткай”, пасадам на кажух, дзяленнем багатага караваю… А маладая — мастачка Крысціна Баранава (Пержукова), — хоць і сталічная жыхарка, але ж нарадзілася ў Мілашове — і ў дзень чытанняў з мужам прыехала ў госці да дзядулі і бабулі, Стэфана і Юзэфы Масла.

Галерэя ў “Пуні”

Так-так, сапраўдная пуня — памяшканне для захавання сена, адмыслова пераробленае, — пасля шэрагу змяненняў ператварылася ў мастацкую галерэю! Так сталася, што, прыязджаючы на плэнэры, згаданая Крысціна, тады яшчэ студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, сушыла свае працы ў пуні, якая была проста гаспадарчай пабудовай (каровы ў гаспадарцы ўжо не было, і сховішча духмянай сушанай травы паціху ператваралася ў склад рознага начыння). Але дзядуля, былы настаўнік-філолаг, так натхніўся мастацкай практыкай унучкі, што рашыўся даць пуні другое жыццё: у пабудове з’явіліся вокны, дыхтоўная драўляная падлога, гладзенькія сцены і нават другі паверх!

Вось у гэтай “Пуні”, якая кардынальна змяніла і сваё аблічча, і статус, на Мілашоўска-Мілашаўскіх чытаннях быў зладжаны вернісаж работы Крысціны Баранавай (Пержуковай) з серыі “Шчаслівы горад” і шэрагу карцін вядомай беларускай мастачкі Аксаны Аракчэевай, актыўнай удзельніцы чытанняў.

На адкрыцці “Пуні” маладая і малады дэманстравалі вясельныя строі ад Ларысы Мятлеўскай. Яўгенія Шадурская падаравала ім адзін з пяці ручнікоў на абразы, сатканы ў 1930-я яе мамай.

Вернісаж у “Пуні” доўжыўся цягам аднаго дня. Але столькі розгаласу ў ваколіцы нарабіў, што да гэтай пары едуць у “Пуню” групы турыстаў — і з Мёршчыны, і з суседняй Браслаўшчыны. Такім чынам, “Пуня” падкідвае новую задачу сваім стваральнікам і арганізатарам чытанняў — падумаць над шэрагам выстаў і вернісажаў, разнастайных культурных мерапрыемстваў, якімі яна зможа пацешыць людзей.

Замест кветак — падарункі дзецям

На вяселлі ў традыцыйным стылі ў сталіцы, якое згадвалася, гасцям было прапанавана замест звыклых кветак прынесці канцтавары, сродкі гігіены, цацкі — тое, што пасля можна было б перадаць у дзіцячы дом. Госці так спагадліва адгукнуліся на прапанову, што падарункаў нанеслі гару!

Вось частку гэтых падарункаў у Друйскі дзіцячы дом-інтэрнат і павезлі на заканчэнне сёлетніх Мілашоўска-Мілашаўскіх чытанняў і “пярэзваў-цыганоў” маладыя, Крысціна і Яўген, а таксама арганізатары і госці імпрэзы. У дзіцячым доме адбылася прэзентацыя новай кнігі Алены Масла “Мяне завуць Лахнэска”, якую ілюстравала Аксана Аракчэева. Ларыса Мятлеўская навучыла дзяцей гуляць у “гаршкі”.

На развітанне дзеці аддзячылі маладым, падараваўшы на памяць пра сустрэчу і ў падзяку за падарункі працы, выкананыя сваімі рукамі.

Алена ЦЯРЭШКА

Фота аўтара