"Тату" на целе горада

№ 39 (1269) 24.09.2016 - 01.10.2016 г

БРАЗІЛІЯ
На мінулым тыдні завяршыўся ІІІ беларуска-бразільскі фестываль урбан-арту “Vulica Brazil”. Карэспандэнту "К" давялося пабываць на адной з сустрэч з мастакамі-ўдзельнікамі. Гаворка пра зорак бразільскага стрыт-арту братоў Оsgemeos і Паулу Сэзара Сіўву (Speto).

Па дарозе на сустрэчу, што адбывалася на сталічнай вуліцы Кастрычніцкай, упэўніўлася (па выніках "Vulica Brazil-2016"), што стрыт-арт знайшоў сваю публіку ў Мінску. А эпіцэнтр падзеі, магчыма, праз час стане паўнавартасным гарадскім брэндам, куды будуць прыязджаць адмыслова, каб зрабіць сэлфі на фоне стрыт-арту (а ён тут — на любы густ), завітаць у творчыя прасторы. І сапраўды, чаму “не раскруціць” такі комплекс? Але звернемся ад мар да "зместу" творчай сустрэчы.

/i/content/pi/cult/605/13460/12-2.jpg

Як ставіцца?

Калісьці Оsgemeos прыходзілі ў кінатэатр, каб пабачыць у фільмах, як у Нью-Ёрку размалёўваюць цягнікі. Тады бракавала інфармацыі пра тое, што адбывалася за межамі Бразіліі, таму гэта з’ява падлеткам падалася незвычайнай. Ды і калі пачалі яны займацца вулічным мастацтвам — у канцы 1980-х — капіравалі творчасць амерыканцаў. Праз час пазнаёміліся з творчасцю і стылем Speto. І менавіта гэта асоба сыграла не апошнюю ролю ў станаўленні зорак стрыт-арту.

З цягам часу ў творчай “тройцы” з’явілася традыцыя — размалёўваць па нядзелях сцены Сан-Паўла. Іх мэта — кожны тыдзень па 20 персанажаў. Яны разумелі, што хобі — нелегальнае, але адчуванне свабоды было куды мацнейшым. Мастакі і цяпер адчуваюць сябе свабоднымі. Яны прызналіся: калі прыйдзе ў галаву ідэя ўзяць фарбы і пайсці нелегальна маляваць, то яны зробяць гэта. Урэшце, зараз вулічнае мастацтва ўспрымаецца адэкватна, а раней ніхто не мог зразумець, як ставіцца да графіці. Насамрэч, творцы таксама не ведалі, а рабілі тое, што падабалася.

Некалькі слоў пра Speto, графіці якога можна ўбачыць на сцянах гатэля на Кастрычніцкай. Падчас сустрэчы наведвальнікі даведаліся: ён, акрамя вулічнага мастацтва, займаўся ілюстрацыяй, мультыплікацыяй, скульптурай, а таксама рабіў вокладкі для кампакт-дыскаў. Да ўсяго, майстар сёлета адкрыў Музей стрыт-арту ў Берліне.

Розныя паняцці

Але ў чым розніца паміж графіці і стрыт-артам? Браты Оsgemeos не падзяляюць такія паняцці, але пакідаюць гэтае пытанне “на водкуп” грамадства. У 1980-х, па словах братоў, усё называлася графіці: і літары, і персанажы, а “стрыт-арт” — новае паняцце, што прыйшло з прэсы.

— Журналісты хацелі зразумець, чаму размалёўваюцца будынкі, платы… Вось яны і шукалі назву працэсу, прычым ва ўсіх краінах ён адбываўся амаль аднолькава.

Як на маю думку, графіці — спосаб самавыяўлення, скажам, “напаўнення” гарадской прасторы сабой, гэта як “забіць” сваю тэрыторыю. І наогул пэўнай сэнсавай нагрузкі яно не мае. Крыху іншы стрыт-арт — данясенне грамадству пэўнай ідэі, уключэння жыхароў горада ў дыялог. І як мне падаецца, стрыт-арт — больш самадастатковая з’ява, вулічная гульня з пэўнай выявай, якая патрабуе саўдзелу.

Падчас сустрэчы, мастакі паказалі на экране свае працы і распавялі пра сацыяльныя праекты. Так, ужо дзесьці 7 — 8 гадоў вядзецца барацьба з тым, што замалёўваюцца некаторыя выявы (або іх частка) шэрым колерам. Напрыклад, на адной з іх засталася толькі постаць дзяўчыны, якая “перажыла” Халакост.

Прыклад культуры

Для братоў горад — велізарная студыя. Калісьці ў іх была яшчэ адна мэта — змяніць яго аблічча. І ўявіце толькі, што з ім можна рабіць! Скажам, падзяліць на некалькі частак, якія аб’ядноўвала б адна ідэя, канцэпт. Альбо разбіць па раёнах, і кожны з іх вылучыць тэматычна асаблівым стылем… Але спачатку трэба падрыхтаваць грамадства (паступова і лакальна) да “выбуху” ўрбан-культуры, чым зараз і займаюцца арганізатары “Vulica Brazil”.

Якім чынам бразільскія мастакі вядуць дыялог з жыхарамі? Так, яны распісалі (легальна!) цягнікі ў Бразіліі. Оsgemeos звярталіся са сваімі прапановамі да розных фірм, але паўсюль ім адмаўлялі. Але браты ў адным з гарадоў усё адно размалявалі дзевяць цягнікоў кампаніі. Апошнія праходзілі па бедных раёнах горада, і такім чынам браты дапамаглі далучыць і іх жыхароў да мастацтва. А яшчэ яны ў Сан-Паўлу размалявалі “Боінг”.

Зараз мастакі робяць яшчэ і выставы.

— У галерэі мы ствараем уласны свет. Нам падабаюцца белыя сцены: ёсць магчымасць ствараць з “нуля”. Але і графіці падабаецца тым, што ніхто не кіруе працэсам апроч нас саміх.

У гэтым выпадку горад з’яўляецца месцам камунікацыі мастацтва і грамадства. Выразныя выяўленчыя “цытаты”, “пасланні”, "тату" на целе будынкаў надаюць яму выразнасць, адметнасць, а жыхарам — настрой.

P.S. Літаральна назаўтра пасля завяршэння фестывалю на работах шэрагу мастакоў — удзельнікаў фестывалю "Vulica Brazil-2016" з'явіліся чорныя каракулі. Пацярпелі, у тым ліку, і работы братоў Оsgemeos. Арганізатары ўрбан-фэсту мяркуюць "адрэстаўраваць" пашкоджаныя фргаменты.

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст