Цаглінкі “Белай Вежы”: ушыр, углыб, уверх?

№ 39 (1269) 24.09.2016 - 01.10.2016 г

ХХІ Міжнародны тэатральны фестываль “Белая вежа”, які тыдзень таму завяршыўся ў Брэсце, нават не адкрываў, а папярэджваў 73-і сезон Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы. Дык які штуршок айчыннаму тэатральнаму працэсу далі паказаныя на форуме замежныя спектаклі?

Аргпытанні без пытанняў

"Белая вежа” заўжды скарае колькасцю. Нават пры тым, што адзін спектакль быў адменены, а два іншыя — заменены (усё — па ініцыятыве ці віне саміх калектываў, а не арганізатараў форуму), сёлета ў Брэсце сабраліся 25 тэатраў, 18 з іх прыехалі сюды ўпершыню. На фестывалі былі прадстаўлены 16 краін, з іх 10 — постсавецкіх. У адзін з дзён ішлі пяць спектакляў, у тры іншыя — па чатыры. Усе прагляды — аншлагавыя. У пяці брэсцкіх газетах — безліч матэрыялаў, прычым не адно інфармацыйных, а аналітычных, з выкарыстаннем думак, выказаных крытыкамі ў час штодзённых абмеркаванняў. Палітра тэатральных жанраў, форм, кірункаў — самая размаітая. Не было хіба тэатраў лялек, але недароблены навабуд насупраць асноўнай фестывальнай пляцоўкі (дарэчы, адной з задзейнічаных пяці) красамоўна сведчыў: будуць і лялькі, як у мінулыя гады. Бо фестываль не тупае на месцы, а з кожным годам дадае творча-арганізацыйных цаглінак у сваё збудаванне.

Чаго ж яшчэ жадаць? Лепшай, калі можна так сказаць, лагістыкі. У дадзеным выпадку — маршрутаў запрошаных калектываў. Рухаючыся ў Брэст, Чарнігаўскі тэатр даў “па дарозе” два спектаклі ў Гомелі. Румынскі калектыў — спачатку меў фурор у сталіцы, на сцэне Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра. Але ўсё гэта сыходзіла ад саміх гасцей. Чаму б не парупіцца і беларускаму боку? Тым больш Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску такое практыкаваў. І не ён адзін!

Прывяду канкрэтны прыклад. “Белая вежа” завяршылася 16 верасня. А 18-га ў паўпустой зале Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра ішла “Свалачная любоў” Рускага драматычнага тэатра Літвы — абменныя гастролі між згаданымі калектывамі. Пакінем за дужкамі, чаму адметны вільнюскі спектакль не атрымаў належнага розгаласу сярод нашай тэатральнай грамадскасці. Закцэнтуем тое, што ён мог бы ўпрыгожыць і брэсцкую афішу — нават па тэрмінах. А тым больш, па сваім узроўні! Творча перапрацаваная аповесць Паўла Санаева “Пахавайце мяне за плінтусам” паўстала як гісторыя вайны і кахання — праз бескантактны метад існавання артыстаў (рэжысёр — Агнюс Янкявічус), сярод якіх асабліва вылучалася Інга Машкарына (Бабуля), а таксама праз удалае выкарыстанне відэа- (мастак — Лаўра Луйшайціцэ) і музычнага шэрагу. Сапраўдны фестывальны спектакль!

Дададзім, што гэткія “дадатковыя”, хай і пазафестывальныя паказы маглі б працаваць на яшчэ большую папулярызацыю “Белай вежы” ў нашай краіне і, адначасова, на прыцягальнасць форуму сярод яго ўдзельнікаў. Што ж да каштарысу, дык некаторыя калектывы з’язджалі не адразу, заставаліся на абмеркаванні, экскурсіі, прагляды спектакляў калег. А шлях некаторых увогуле пралягаў праз Мінск ці іншыя нашы гарады. Чаму б не скарыстоўваць усё гэта?

Сярод пажаданняў, што не ўпершыню выказваюць калектывы-ўдзельнікі (хто — услых, хто — употай, праз нябачныя слёзы), ёсць і прапанова адмовіцца ад вызначэння лаўрэатаў. Пытанне гэта спрэчнае, абмяркоўвалася неаднаразова, летась фестываль і сапраўды не вызначаў “месцы” — у гонар свайго юбілею. Калі ж задумацца, дык і сапраўды — надта розныя спектаклі ўдзельнічаюць у фестывалі, параўноўваць іх бывае цяжка.

Дый навошта сутыкаць аднаго з другім? Да таго ж, цяперашняя практыка адначасовых паказаў розных спектакляў на некалькіх сцэнах непрыдатная для паўнавартаснай працы журы: трэба ці падзяляць удзельнікаў па намінацыях, ці забяспечваць разбежку ў часе.

Што ж рабіць? Бо адзначаць усё лепшае — значыць, не толькі выхоўваць густы, але і карэктаваць самаацэнку калектываў-удзельнікаў. Гэта, між іншым, і робіцца на штодзённых абмеркаваннях, у прысутнасці СМІ, толькі не ўсе рэжысёры ды артысты застаюцца. А застаўшыся, не ўсе адэкватна рэагуюць на словы крытыкаў. Хтосьці адразу ідзе ў ваяўнічы наступ, хтосьці дэманстратыўна грукае дзвярыма, хтосьці абвінавачвае ў сваіх недахопах… арганізатараў: маўляў, усё ў вас не такое (а навошта, прабачце, райдар, які дазваляе пазбегнуць непаразуменняў?). Пэўна, самай карэктнай формай (данесенай, дарэчы, да ўсяго тэатра-ўдзельніка) маглі б быць дыпломы з азначэннем не толькі “лепшыя…” (спектакль, рэжысура, роля, ансамбль), але і “за штосьці”. Сёлета апошніх было толькі два. Можа, трэба больш? Бо кожны калектыў, асабліва здалёк, будзе рады атрымаць “паперку” не толькі “За ўдзел…”, але і за нейкія свае асабістыя якасці, выяўленыя ў фестывальным спектаклі. Для арганізатараў гэта — грошы невялікія. А для ўдзельнікаў — магчымасць паехаць кудысьці і ў далейшым. Тым больш, калі нейкія граматы ды афіцыйныя падзякі атрымаюць і іх спонсары — хаця б па пошце.

Залатая калекцыя

Лепшым спектаклем сёлета была названа “Чайка” — цалкам аўтарскі вулічны спектакль Яраслава Федарышына з Львова і яго тэатра “Уваскрэсенне”, які стаў заўсёднікам “… Вежы”. Дзеці радаваліся цацачным птушкам, што луналі над плошчай, шкілетам “дыназаўрыкаў”, што выязджалі ў час паказу эксперыментальнай п’есы Трэплева (рэжысёр перанёс гэту сцэну з пачатку дзеяння на кульмінацыю), вальсу Аркадзінай на хадулях, вялізным крылам, якія Трэплеў шчодра раздаваў гераіням, мужчынскаму фаер-шоу з апаленымі крыламі. Знаўцы “счытвалі” спасылкі на іншыя творы Чэхава, на яго сядзібу ў Меліхаве, на атмасферу мяжы ХІХ — ХХ стагоддзяў, калі ўзнікла п’еса (сёлета ёй спаўняецца 120 гадоў), дзівіліся яе “пералажэнню” на вулічны фармат (ніводнага слова, усё ўшчэнт перароблена, дададзена сцэна лазні, а ўспрымаецца чэхаўскім тэкстам), параўноўвалі выкарыстаныя тэатральныя сродкі, разгадвалі сімволіку. Той, хто сцёр з памяці (ці ўвогуле ў яе ніколі не заносіў) школьную праграму па літаратуры, мог сачыць за донжуаністымі паводзінамі Трыгорына. А ўсе разам — атрымліваць эстэтычнае задавальненне і задумвацца над дыялектыкай штохвіліннага і вечнага.

/i/content/pi/cult/605/13456/7-1.jpg

Сцэна са спектакля "Чайка" тэатра "Уваскрэсенне" з Львова. / Фота са старонкі тэатра ў Facebook

Шмат роздумаў пра суадносіны нацыянальнага мастацтва з еўрапейскім пакінулі абодва тэатры з Астаны — сталіцы Казахстана. Тамтэйшы Рускі тэатр драмы імя Горкага прывёз папраўдзе інтэрнацыянальную працу — “Паганцы”: п’еса сучаснага ўкраінскага драматурга Ганны Яблонскай, пастаноўка — літоўскага рэжысёра Ёнаса Вайткуса, музыка — нямецкага класіка Рыхарда Вагнера. Мінімалізм сцэнаграфіі (чорны кабінет, восем крэслаў, чырвонае велікоднае яйка, што свеціцца знутры, бы полымя свечкі, і афрыканская маска, што ў фінале “ажывае” пальцамі-чарвякамі, прасунутымі ў дзіркі для вачэй і роту) спалучаецца з такім жа мінімалізмам акцёрскіх сродкаў: героі сядзяць на крэслах з заплюшчанымі вачыма, паклаўшы рукі на калені, артыстам пакінуты адно голас — і толькі ў фінале некаторыя з іх устаюць, расплюшчыўшы вочы, для свайго выніковага сола. Вынік — каласальны, бо ўся ўвага гледача скіравана на змест, дзе сплецена суцэльная повязь тэм: веры — сляпой і свядомай, непаразумення пакаленняў, пошуку сэнсу жыцця. Дарэчы, некаторы час таму ў гэтым тэатры з лёгкай рукі яго дырэктара (а менавіта ён быў ініцыятарам “Паганцаў” у літоўскай рэжысуры) быў увасоблены “Зацюканы апостал” нашага Андрэя Макаёнка — у пастаноўцы маладога ўзбекскага рэжысёра.

“Жастар тэатр”, створаны ў той жа Астане ў 2007-м, паказаў свой самы першы спектакль — “Чынгісхан”, перайменаваны ў паэтычна-сімвалічны радок “А ў пустыні мёртвая цішыня”. Жанр спектакля, блізкі да прытчы, я акрэсліла б як балет з размоўнымі дыялогамі — паводле аналогіі з опернымі творамі, дзе музычныя нумары чаргуюцца з рэчытатыўнымі. У маштабных харэаграфічна-пластычных сцэнах дзеянне не спынялася, а выходзіла ў новае філасофска-відовішчнае вымярэнне. Дырэктар тэатра, застаўшыся пераймаць фестывальны вопыт да канца “… Вежы”, паказаў фрагмент відэазапісу новай прэм’еры — мюзікла “Рэквіем” паводле біяграфіі і музыкі Моцарта. Гэта фантастыка, як яны жыўцом спяваюць — і адначасова танцуюць, робяць акрабатычныя выкрунтасы, ствараючы шоу, годнае Брадвея. Цікава было б паглядзець увесь спектакль! Тым больш у дзень закрыцця брэсцкага форуму прыйшла вестка з Казахстана: моцартаўскі мюзікл атрымаў Гран-пры на Нацыянальным тэатральным фестывалі.

“Хор сіротаў” тэатра “КТО” з Кракава (Польшча), дзе Ежы Зонь быў адзначаны “За лепшую рэжысуру”, стаў унікальным прыкладам сюжэтнага спектакля (паводле рамана Гі Крусі “Валошкі”), пастаўленага на… “Сімфонію журботных песняспеваў” польскага класіка ХХ стагоддзя Хенрыка Мікалая Гурэцкага. Сімфонія гучыць цалкам, і яе вакалізаваныя тэксты (Ламентацыі ХV стагоддзя да Дзевы Марыі, надпісу на сцяне гестапаўскай турмы і народнай песні) становяцца адзінымі словамі аповеду, вырашанага пластычна. Музычны складнік дапамагае вывесці тэатральнае дзеянне з падзей у дзіцячым доме на ўсеабдымную праблему чалавечай адзіноты. Як стала вядома, спачатку спектакль ставіўся як вулічны, потым стаў ісці як камерны, дзе публіка знаходзіцца абапал сцэнічнай прасторы (у Брэсце частка гледачоў сядзела на сцэне, астатнія — у зале, бо іначай не змясціліся б) і сцірае мяжу паміж “намі” і “імі”.

Увогуле, на цяперашнім форуме было як ніколі многа спектакляў музычных, уключаючы дзве рок-оперы, пластычных, харэаграфічных, створаных на мяжы драматычнага і музычнага тэатраў. Такая еднасць розных кірункаў, “упісанасць” музычных пастановак у агульную тэатральную прастору (нагадаю, у нашай Нацыянальнай тэатральнай прэміі оперы, балеты, мюзіклы, музкамедыі адасоблены ад драматычных, спаборнічаючы “самі з сабой”) натхняе на новыя сінтэзы, дазваляе тым жа музычным рэжысёрам, калі іх раптам зацікавіць фестываль, убачыць супрацьлеглы працэс: не толькі рух музычных спектакляў у бок рэжысуры драматычных, што назіраецца сёння, але і наадварот. Дарэчы, што такое згаданыя “Паганцы”, як не паралель да традыцыйнай опернай рэжысуры з яе франтальна застылымі мізансцэнамі, у тым ліку падчас “густанаселеных” ансамбляў? Ці да жанраў кантаты, араторыі, дзе салісты “адпачываюць” на ўсталяваных на сцэне крэслах, узнімаючыся для спеваў?..

Паставіўшы за мэту скласці ўласнае ўяўленне пра ўсе без выключэння спектаклі цяперашняй “… Вежы”, “Не-словы” тэатральнай кампаніі “Passe-Partout Dan Puric” я была вымушана глядзець на відэа (за што асобная падзяка Пасольству Румыніі ў Беларусі), бо фестывальны расклад не дазваляў убачыць іх хаця б часткова. У трансляцыйным запісе, зробленым непасрэдна ў Брэсце, многія рэчы, вядома, губляліся. Але, як ні дзіўна, захавалася энергетыка, што сыходзіла ад Адрыяна Нора, постаць якога ўвасабляе тып чалавека Адраджэння: у спектаклі яму належыць рэжысура, сцэнаграфія, музычнае афармленне (а раней ён прыязджаў у Мінск з інструментальным трыа як выбітны музыкант, спявак, аранжыроўшчык), харэаграфія, выкананне самых складаных роляў. Можна спрачацца з назвай спектакля, бо ў некаторых мініяцюрах, што яго складаюць, словы ёсць — і напісаныя (дарэчы, з перакладам на беларускую мову, а не рускую), і вымаўленыя. Ёсць і рассыпаныя літары — у вялікай колькасці. Але справа ў іншым. Гэты спектакль цікавы не толькі бліскучым сінтэзам студэнцкіх эцюдаў, гэгаў, пантамімы, стэпу з інтэрактывам, пластычна-харэаграфічных мініяцюр, замешаных на філасофіі з тонкім гумарам. Ён дэманструе тэатральную форму, прыдатную для разнастайных звужэнняў-пашырэнняў: набор мініяцюр можна змяняць-замяняць, пакідаючы сутнасць — увагу да імгненняў, кожнае з якіх можа стаць знакавым. Спектакль дыхае любоўю, радасцю жыцця, энергіяй стварэння. Ці ж не пра гэта — увесь фестываль?..

Мінск — Брэст — Мінск

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"