Як захаваць “драўляны народ”?

№ 39 (1269) 24.09.2016 - 01.10.2016 г

Вёска Стойлы днямі зноў ажыла: на лясных палянах вакол паселішча былі прыпаркаваныя дзясяткі аўтамабіляў, каля сотні людзей блукалі ад аграсядзібы “Стулы” да дома і музея народнага майстра Беларусі Міколы Тарасюка “Успаміны Бацькаўшчыны”, а на імправізаванай сцэне выступалі фальклорныя калектывы.

У пошуках аўтэнтыкі

Дарэчы, дабірацца да Стойлаў сталічным жыхарам не так і лёгка: трэба кіравацца да Пружан, а там блукаць па гравійных і палявых дарогах. Наша кіроўца нават крыху заблукала на пакручастых і ніяк не абазначаных дарогах непадалёк ад Стойлаў, нягледзячы на наяўнасць сучаснай карты і навігатара. А дапамог нам кіроўца іншай машыны, які таксама ехаў на свята: паказаў просты шлях да вёскі, куды, падаецца, і навакольныя не так часта завітваюць, баючыся згубіцца ў непралазных гушчарах — Белавежская пушча побач…

Але перад цяжкасцямі ў пошуку аўтэнтыкі пасаваць нельга. Балазе прыехаўшы ў вёску, пра стомленасць ад дарогі забываешся. Хочаш — ідзеш у музей, хочаш — наведваеш майстар-клас па вырабе драўляных лыжак ці кіруешся ў міні-кіназалу ў драўляным дамку або п’еш гарачую гарбатку, седзячы пад яблынямі ды слухаючы традыцыйныя спевы…

— Я вельмі хацела б, каб жыццё ў вёсцы віравала, — адзначыла “К” загадчык аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра і арганізатар свята Ларыса Быцко. — Як вядома, сёлета мы з мужам сталі пераможцамі конкурсу “Social Weekend 7” са сваім праектам “Сцежкамі Міколы Тарасюка-2016”. Дзякуючы атрыманым грошам — больш за 20 мільёнаў "старых" рублёў — усталявалі тут інфармацыйны стэнд пра жыццё і творчасць майстра, правялі пленэр рэзчыкаў і канцэрт фальклорных калектываў. Але самае галоўнае: дзякуючы праекту імя Міколы Тарасюка зноў прагучала.

/i/content/pi/cult/605/13455/6-1.jpg

Госці Стойлаў каля скульптуры творцы "драўлянага народа".

Падчас імпрэзы на тэрыторыі “Стулаў” быў адчынены асветніцка-культурны цэнтр — вялікі драўляны будынак. Грошы пад будаўніцтва сям'я Быцко ўзяла ў крэдыт.

— Тут паўстане, мяркую, кропка збору неабыякавых да спадчыны Тарасюка людзей, — кажа Ларыса Быцко. — А яшчэ ў марах, каб у цэнтры дзеці і дарослыя вывучалі традыцыйныя рамёствы, абрады, танцы.

Да слова, сёння закладаецца фундамент пад будаўніцтва на тэрыторыі аграсядзібы яшчэ аднаго драўлянага дома: невялікай гасцініцы, для турыстаў, якія захочуць паспытаць аўтэнтыкі на ўскрайку Белавежы…

Праект за праектам

— Я мару пра тое, каб праект “Сцежкі Міколы Тарасюка”, распачаты год таму, займеў сталую “прапіску” ў Стойлах і ладзіўся штогод, — кажа Ларыса Быцко. — Гэта, мне падаецца, важна для захавання памяці аб знаным майстры. Справа ў тым, што я працую шмат гадоў з народнымі творцамі і бачу, як разам з іх сыходам губляецца і іх непаўторнае імя і творчасць. Скажам, так адбылося з аўтэнтычным ганчаром з Пружаншчыны Антонам Такарэўскім…

Клопат пра народнага майстра змушае Быцко “круціцца”. Як вядома, у 2014-м у Стойлах, яшчэ пры жыцці майстра, менавіта ёй з дапамогай работнікаў культуры Пружаншчыны быў зладжаны праект “Вясковы рэнесанс”, які атрымаў фінансаванне з прадстаўніцтва Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў у Беларусі. Летась прайшлі першыя “Сцежкі Міколы Тарасюка”, падтрыманыя той жа арганізацыяй, грамадскім аб‘яднаннем “Тур” ды аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Да слова, і год таму, і сёлета, майстры, запрошаныя паўдзельнічаць у пленэры рэзчыкаў, працавалі ў Стойлах цягам сямі дзён без аплаты…

Ларыса Быцко ў справе “раскруткі” імені Тарасюка абапіраецца на дапамогу мужа Аляксандра, які таксама захапіўся будаўніцтвам аграсядзібы ў вёсцы, i сястры Людмілы Карнеевай, якая прыехала на тыдзень у Стойлы з Магілёва, каб займацца гэтымі днямі клопатамі па гаспадарцы...

— Спадзяемся, усё зробленае намі ў Стойлах, прыцягне турыстаў у паселішча, — кажа Ларыса Быцко. — Напрыклад, нядаўна распрацавалі квэст, калі наведвальнікі змогуць у нязвыклай форме пазнаёміцца з прыродай і культурнымі здабыткамі фактычна зніклай вёскі.

Ад музея да аграсядзібы?

Натуральна, у задумках Ларыса Быцко ўлічвае меркаванні сям’і Тарасюка, працуючы з імі ў шчыльнай звязцы. Нашчадкам майстра, як вядома, належыць калекцыя “драўлянага народа”, дом і музей народнага майстра. Праўда, асноўная частка творчай спадчыны цяпер перавезена ў Пружаны: там для захоўвання экспанатаў створаны больш спрыяльныя ўмовы, чым у халоднай вясковай хацінцы…

Але галоўнае, на мой погляд, тое, што ў сям’і Міколы Тарасюка разумеюць значнасць ягонай творчасці і падтрымліваюць правядзенне ў Стойлах імпрэз.

— Мы рады, што ў Стойлах буяе жыццё, што сюды едуць і едуць людзі, — сказала падчас адкрыцця інфармацыйнага стэнда дачка Тарасюка Лідзія Шчука. — Уся сям’я зацікаўлена ў тым, каб працаваў музей “Успаміны Бацькаўшчыны”, таму ў нашых планах стварыць музей-аграсядзібу бацькі: на гэтым тыдні ўсе неабходныя дакументы для стварэння падобнай установы пачнуць афармляцца.

Цалкам магчыма, што, дзякуючы агульным намаганням усіх зацікаўленых у папулярызацыі творчасці Тарасюка людзей, з цягам часу на Пружаншчыне сапраўды з’явіцца яшчэ адзін вясковы брэнд. Тым больш, словы Лідзіі Шчукі не разыходзяцца са справамі.

Напрыклад, 15 ліпеня яна зладзіла ў Стойлах і сваё мерапрыемства: вечар-успамін пра Міколу Тарасюка, на які завіталі сябры і знаёмыя народнага майстра. Да дзеі падключыўся і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама: на свяце выступалі тры мясцовыя калектывы. Лідзія Мікалаеўна кажа, што імпрэза — толькі першая з шэрагу запланаваных.

— Мы вельмі хочам, каб да нас прыязджалі турысты, — адзначыла яна. — Будзем паказваць ім творы бацькі, распавядаць пра ягонае жыццё і творчасць. Таксама плануем вырошчваць прадукцыю на падворку ды прапаноўваць гасцям пачаставацца рознымі стравамі: мяркуем зладзіць на падворку альтанку, дзе падарожныя змогуць пасядзець і падсілкавацца з дарогі. А яшчэ ў планах запрашаць сюды вяселлі на фотасесіі з “драўляным народам” або ў незвычайных капелюшах, якія рабіў мой бацька. Так, дарэчы, і было пры ягоным жыцці: сюды не раз прыязджалі вясельнікі.

Як падаецца, праца на рынку аграэкапаслуг — цалкам рэальны шлях для развіцця турызму ў Стойлах і надання прывабнага іміджу вёсцы для жыхароў Беларусі. Ды і стварэнне калямузейнай інфраструктуры ў дадзеным выпадку проста непазбежнае: турыст, які пераадолеў далёкі шлях, наўрад ці зразумее сітуацыю, калі па бутэльку вады ці па бутэрброд яго адправяць у бліжэйшую краму за некалькі кіламетраў…

Праблемы і жукі

Натуральна, у рэалізацыі многіх планаў нашчадкаў стае праблем. Адна з іх — фінансавая. Дом, дзе калісь жыў Мікола Тарасюк, даволі стары, у хаты падцякае дах, ды і фундамент знаходзіцца не ў найлепшым стане. Да слова, патрабуе значных будаўнічых клопатаў і музей “Успаміны Бацькаўшчыны”: там трэба абнавіць сцены, вокны, падумаць пра стварэнне належных умоў для захоўвання твораў. Але нават на набыццё кандыцыянера для музея ў родных Тарасюка не стае грошай.

— Таму адзіны магчымы, на мой погляд, шлях — стварэнне аграэкасядзібы і аказанне тут, у Стойлах, паслуг для турыстаў, — кажа Лідзія Шчука. — Толькі такім чынам, як я лічу, у нас атрымаецца зарабіць грошы на рамонт хаты і музея бацькі. Пра прыбытак, вядома ж, размова не ідзе: захаваць бы тое, што ёсць, і не страціць той жа “драўляны народ”, які сёння грызе шашаль…

Пра гэтых маленькіх жучкоў гаспадыня музея распавядала мне доўга — відаць, што заклапочана праблемай. Паводле яе словаў, некалькі гадоў таму з дапамогай валанцёраў вырабы Тарасюка былі пакрыты адмысловымі растворамі супраць шашалю. Сёлета тую працу давялося рабіць нашчадкам, за свае грошы, бо жучок пачаў зноў прагна “з’ядаць” драўляныя фігуркі. Але, як заўважыў мне дырэктар Музея-сядзібы “Пружанскі палацык” Юрый Зялевіч, аднымі растворамі шашаля наўрад ці выведзеш.

Нягледзячы на перашкоды, Лідзія Шчука, як мне падалося, рашуча настроена выканаць задуманае. У тым ёй прыдасца вопыт настаўніцы, а пасля і дырэктара Пружанскага школы-сада №1. Цяпер, да слова, яна працуе загадчыкам аддзялення сацыяльна-педагагічнага цэнтра раёна. Карацей, заўсёды знаходзіцца ў кантакце з людзьмі і ў гушчы самых розных падзей сваёй установы.

Вяду да таго, што знаходзіць “агульную мову” з турыстамі і магчымымі інвестарамі Лідзія Мікалаеўна зможа, на мой погляд, даволі лёгка. А “піярыць” музей Лідзіі Мікалаеўне варта, канешне, не ў канкурэнцыі, а ў творчым “тандэме” з Ларысай Быцко. Сёння яны абедзве працуюць на карысць вялікай і важнай справы па захаванні памяці пра Міколу Тарасюка. І здзейсніць пачэсную місію, за якую з імпэтам узяліся мае суразмоўніцы, ім цалкам па сілах…

Мінск — Пружанскі раён — Мінск / Фота аўтара
Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"