"Берагіня". Постскрыптум да фестывалю

№ 39 (1269) 24.09.2016 - 01.10.2016 г

Чаго стала больш, а чаго — амаль няма?
Публікацыя каментарыяў да пэўных палажэнняў рэзалюцыі сёлетняга Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” і само яго правядзенне выклікала і пэўную плыню водгукаў пра значнасць падзеі. Публікуем асобныя з іх.

Па праграме Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”, па складзе ўдзельнікаў і экспертнай камісіі адразу было відаць, што ён абяцае быць не проста святочным мерапрыемствам, а мяркуе быць адначасова і навуковай канферэнцыяй, своеасаблівай адкрытай лабараторыяй па ўдасканальванні прафесійнага майстэрства. Я задаволены тым, што не памыліўся ў прадчуваннях.

Гэты фестываль унікальны тым, што ён збірае ўдзельнікаў не проста дзеля спаборніцтва, хто лепш за другіх танчыць ці спявае, як гэта бывае на іншых конкурсах. Яго ўдзельнікі — тыя, хто не толькі прысвячае вольны час вывучэнню і служэнню традыцыйнай нацыянальнай культуры ва ўсіх яе мастацкіх праявах, але імкнецца зрабіць яе часткай сучаснага ладу жыцця. Сёння прыходзіць разуменне, што спадчына можа захоўвацца толькі тады, калі жывуць яе носьбіты, і галоўная мэта фестывальнага руху “Берагіня”  — выхаванне як мага большай колькасці такіх носьбітаў. Гэтай мэце павінна служыць цэлая сістэма выхавання, якая памалу ўкараняецца ў нашых установах адукацыі і якую ўвесь час удасканальваюць навукоўцы, педагогі, дзеячы мастацтва і само жыццё.

/i/content/pi/cult/605/13453/5-5.jpg

Падчас "Берагіні-2016". / Фота Алены ЛЯШКЕВІЧ

У дакуменце-рэзалюцыі па выніках фестывалю акрэслены перспектывы і праблемы развіцця важнай галіны выхавання і фарміравання свядомасці маладога пакалення. Спадзяюся, што прапановы арганізатараў фестывалю і яго кіраўнікоў будуць пачутыя і фестываль (дакладна кажучы, рух) пры адпаведнай падтрымцы набудзе новае дыханне і захавае сваё моцнае, своеасаблівае выразнае гучанне.

Віктар ВОЙЦІК, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кампазітар, прафесар

Добра разумею, што такі магутны выбух стваральнага пазітыву, як на “Берагіні-2016”, не мог бы стацца сам па сабе, але мае нястомнага кіраўніка і натхняльніка, чый талент працягвае “заводзіць” усё новых паслядоўнікаў. Я пра Міколу Козенку. Усе мы ўдзячныя кіраўніцтву Акцябрскага раёна і зладжанай працы калектыву пад кіраўніцтвам Святланы Беразоўскай. Але асаблівыя словы падзякі кіраўнікам і выхавальнікам мясцовых калектываў, якія доўга рыхтавалі, а таксама выхоўвалі дзетак, а ў часе свята мусілі сачыць за імі ў віхуры фестывалю.

Памятаю сваю першую прысутнасць на “Берагіні” больш як 10 гадоў таму, калі ад першых хвілін і да развітальнага шэсця знаходзілася ў трансе захаплення. Аднак, з кожным новым прыездам узрастае градус крытычнасці ці расчаравання, аніяк не ад саміх дзяцей ці ад арганізацыі ўласна фестывальнага працэсу. Форум такога ўзроўню заканамерна адлюстроўвае стаўленне да этнічнай культуры і зрухі ў грамадстве ў самых розных кірунках. На фоне ўзрастання прафесіяналізму асобных удзельнікаў ці калектываў моцна засмучае той факт, што ўсё радзей можна пачуць — не са сцэны, вядома ж — беларускую мову. Чаго прыхоўваць, колькі рускамоўных сяброў экспертнай рады, рускамоўных кіраўнікоў, работнікаў аддзелаў культуры… І тут не папрок, проста канстатацыя факта. Чаго чакаць ад дзяцей, калі яны змалку назіраюць сітуацыю, што мова толькі на сцэне. А ўжо як балюча, што з кожным годам усё менш пачуеш мясцовых дыялектаў. Раней у гэтым плане заўважна вылучаліся заходнепалескія, прынамсі кобрынскія дзеці, што і між сабой гаварылі па-свойму. Памятаю, як на пачатку 2000-х пераказваў бабіну казку лепельскі хлопчык, імправізуючы і дэманструючы найшырэйшы дыяпазон мясцовых моўных асаблівасцяў… Цяпер таго і блізу няма.

З якім захапленнем мы вітаем рэгіянальныя адметныя строі ці варыянты той жа полькі, але пры гэтым ігнаруюцца асаблівасці значна больш важнага ў плане захавання этнічнага коду элемента — мясцовай гаворкі. Таму і ў часе так званага конкурсу народнай прозы — завучаныя, нейкія драўляныя фразы.

Колькі словаў пра намінацыю “народная проза”. Конкурс з кожным разам усё больш ператвараецца — а фактычна і перарос — у конкурс мастацкага дэкламавання, сцэнічнага пераказу, але не народнай прозы. Ды і тое ж вяселле (хоць і тут яшчэ трэба абмяркоўваць мэтазгоднасць і шлях пераносу абраду на сцэну) варта было б каментаваць на мясцовай гаворцы. Толькі навучыць ёй значна цяжэй, чым тым жа скокам. Сёлетні фестываль абвастрыў і суадносіны прапісаных у праграмных дакументах катэгорый “фальклорнага мастацтва” і “аўтэнтычнасці”. Проста нельга было адзяваць дзявоцкія вянкі сталым кабетам, ды яшчэ на хусткі. Драбяза, вядома ж, але з таго складваецца фестывальная мазаіка. Бо фальклор — далёка не толькі мастацтва, гэта светабачанне, лад жыцця, стыль паводзінаў.

Але паўтаруся — праблемы тут не столькі фестывалю, колькі грамадства ў цэлым. У любым выпадку верыцца: удзельнікі руху захаваюць зіхоткія іскрынкі беларускасці, якімі надзяляла “Берагіня-2016”.

Таццяна ВАЛОДЗІНА, загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі