Але міжнародны навукова-практычны семінар “Страчаныя і перамешчаныя культурныя каштоўнасці: беларускі кантэкст”, які прайшоў у Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы, адкрыў яшчэ адно вымярэнне праблемы. Аказваецца, у выніку апошняй вайны мы не толькі страцілі ўласныя здабыткі, але і набылі — што праўда, чужыя. Прычым яны надзвычай цікавяць заходніх даследчыкаў — іх на семінар прыбыла цэлая кагорта, уключна з легендарнай прафесаркай Гарвардскага ўніверсітэта Патрыцыяй Грымстэд, якая зрабіла сабе гучнае навуковае імя дзякуючы даследаванням гісторыі Метрыкі ВКЛ і наогул дакументальнай спадчыны нашай часткі Еўропы.
Двойчы трафеі
Пасля вайны з аднаго краю ў іншы перамяшчаліся не толькі людзі, але і цэлыя народы, дык што ўжо казаць пра кніжныя калекцыі? З Нямеччыны на Усход ішлі трафейныя цягнікі, і частка іх грузаў асядала ў Мінску. Загадчык аддзелам старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Валерый Герасімаў у сваім дакладзе распавёў, як пакункі з кнігамі выгружалі ў адзін з нешматлікіх ацалелых будынкаў сталіцы БССР — Дом ураду. Гэта лічылася справядлівай кампенсацыяй: айчынныя бібліятэчныя зборы ў вайну пацярпелі проста неверагодна. Па звестках легендарнага беларусазнаўцы, доктара філалогіі Адама Мальдзіса, толькі вывезена з тэрыторыі нашага краю было больш за 2 мільёны асобнікаў. А колькі яшчэ проста згарэла?
— Маштабы таго, што мы згубілі, ужо належным чынам даследаваны, — кажа каардынатар семінара, дацэнт Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Анатоль Сцебурака. — У савецкі час ніхто гэтага не стараўся хаваць, а ў час па атрыманні незалежнасці пачаліся таксама і захады па вяртанні страчанага. Можа, камусьці яны падаюцца не надта эфектыўнымі, але сумневу няма: рух ідзе. Зусім іншая справа — тыя каштоўнасці (і найперш — кнігі і дакументы), якія былі перамешчаны на тэрыторыю Беларусі.
Адносна іх агульнай колькасці меркаванні даследчыкаў пакуль разыходзяцца. Адам Мальдзіс называе лічбу прыкладна ў 920 тысяч асобнікаў. Ягоны калега з ЗША доктар Уэслі Фішар лічыць, што насамрэч іх не менш за 1 мільён 200 тысяч. Але ясна адно — гэта папраўдзе вялікі і неаднародны інфармацыйны масіў, які мае дачыненне да многіх культураў Еўропы.
Калі ў паваенным Мінску разгружалі вагоны з трафеямі, у той куламесе ніхто асабліва не турбаваўся наконт таго, што прывезлі — “не тое”. Прыкладам, архіў роду Сабескіх, які раней знаходзіўся ў ніжнесілезскім гарадку Алава. Да Беларусі гэтыя дакументы непасрэднага дачынення не маюць — у адрозненне ад тых архіваў нашых магнацкіх родаў, якія пасля вайны аселі ў зусім іншых краях.
— Значная частка кніжных трафеяў — гэта кнігі і дакументы, канфіскаваныя нацыстамі ў сваіх унутраных ворагаў: яўрэяў, сацыялістаў, масонскіх арганізацый, — распавядае Анатоль Сцебурака. — Затым яны былі канфіскаваны ўжо падвойна і накіроўваліся ў Савецкі Саюз.
Зрэшты, і на гэтай ніве нашых даследчыкаў чакалі сюрпрызы. Краязнаўца Уладзімір Кісялёў, якому мы абавязаныя вяртаннем у грамадскі ўжытак постаці Якуба Наркевіча-Ёдкі, распавёў мне, як у адным з пакункаў неадсартаванай “масонскай” літаратуры выпадкова адшукалася прыжыццёвая біяграфія слыннага беларускага навукоўцы, выдадзеная ў Парыжы ў 1896 годзе. Такую знаходку цяжка перацаніць, але… гэта, зразумела, хіба выключэнне.
У выпадку з калекцыямі сапраўдных бібліяфілаў найбольшую каштоўнасць уяўляюць нават не паасобныя кнігі, але сама іх сукупнасць: выпадковых звёнаў у гэтым ланцугу не бывае. Вядома, гістарычныя пературбацыі зусім не спрыялі захаванню цэласнасці збораў — як, зрэшты, і брак увагі да іх у мірны час.
Пасля вайны ў бібліятэку Акадэміі навук БССР паступіў асабісты збор вядомага эстонскага калекцыянера Юліуса Генса — ізноў жа, у рамках кампенсацыі ваенных стратаў. Гэта былі шыкоўныя мастацкія альбомы, рэдкія кнігі, выданні з аўтографамі... Таму ў часы акупацыі за бібліятэкай паляваў сам ідэолаг культурнага марадзёрства Альфрэд Разенберг. Потым з Берліна яна была перавезена ў Мінск. У савецкі час сваякі яе ўласніка імкнуліся вярнуць сваю спадчыну, але, зразумела ж, безвынікова: судзіцца з дзяржаўнай інстытуцыяй тады было справай няўдзячнай.
— Сёння, наколькі мне вядома, можна ідэнтыфікаваць хіба некалькі дзясяткаў асобнікаў з бібліятэкі Генса — хаця ад пачатку іх лік ішоў на тысячы, — распавядае Анатоль Сцебурака. — Дзе падзеліся астатнія? Дзякаваць Богу, болей ніякіх катаклізмаў на нашых землях не было, і гэта значыць, што збор проста распусціўся ў агульным фондзе, бы цукар у каве...
Цалкам магчыма, што гэта было зроблена наўмысна: у савецкія часы трафейныя зборы шчыльна ахутвала аўра сакрэтнасці, і жаданне “адсекчы канцы” магло быць уласцівым многім. Дачка таго ж Юліуса Генса Іна нават сцвярджае, нібы бібліятэчныя работнікі выдзіралі аркушы з экслібрысамі бацькі.
Кнігі і людзі
Варта адзначыць, што замежных даследчыкаў цікавяць не толькі і нават не столькі самі “трафейныя” выданні (большасць з іх нічога арыгінальнага з сябе не ўяўляе), колькі сама іх гісторыя, якая часам дазваляе праліць святло і на лёс былых гаспадароў.
— Многія кнігі маюць аўтографы і экслібрысы, што робіць іх унікальнай часткай культурнай спадчыны, — кажа доктар Уэслі Фішар. — Часам гэта пазнакі, зробленыя рукой вялікіх пісьменнікаў ці мастакоў.
Менавіта гэткая знаходка не так даўно чакала беларускіх даследчыкаў Тургенеўскай бібліятэкі. На адной з кніг, падараваных ёй Маркам Шагалам, ёсць не толькі аўтографы мастака, але нават зроблены яго рукой малюнак. Зразумела, такое выданне — не проста букіністычны асобнік, але папраўдзе ўнікальны артэфакт. Прычым гэта далёка не адзін плён больш як дзесяцігадовых даследаванняў, што ахопліваюць тую частку знакамітай бібліятэкі рускіх эмігрантаў у Парыжы, якая пасля вайны часткова патрапіла ў фонды цяперашняй Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
— Але ў большасці выпадкаў тыя пазнакі на кнігах маюць зусім іншую каштоўнасць, — дадае доктар Фішар. — Часта яны з’яўляюцца адзіным напамінам, які застаўся ад сем’яў, што загінулі падчас Халакосту. І наш маральны абавязак — даследаваць такі матэрыял, аднаўляючы памяць пра тых, хто бязвінна загінуў. Бо выкрэсліць імя з гісторыі — гэта не менш страшна, чым фізічна знішчыць чалавека.
Менавіта гэтыя пошукі і прыводзяць замежных даследчыкаў на Беларусь. Французская доктарка сацыялогіі Марцін Пулэн упэўнена, што дбайная сінхранізацыя розных гістарычных дакументаў, размешчаных у архівах розных краін свету, здатная праліць святло на многія чалавечыя лёсы. Прычым шматлікія элементы гэтых пазлаў трэба шукаць менавіта на Беларусі.
Пытанне агульнай мовы
Як адзначылі замежныя госці, тая аўра закрытасці, якая бадай па інэрцыі ахутвала трафейныя каштоўнасці не толькі ў перыяд халоднай вайны, але нават і ў пасавецкі час, пакрысе рассейваецца, і даследчыкаў з іншых краін на Беларусі цяпер прымаюць як калегаў, а зусім не ў ролі нейкіх “варожых агентаў”. Тым не менш, супрацоўніцтва ў гэтай галіне яшчэ толькі пачынаецца.
Пытанне аб рэстытуцыі тых ці іншых культурных каштоўнасцяў дасведчаныя спецыялісты ў дадзенай галіне (як беларускія, так і замежныя) зазвычай дыпламатычна абмінаюць. Бо кожнаму, хто хоча зрабіць справу, а не “проста пагаварыць”, добра зразумела, што гэта лепшы спосаб завесці дыскусію ў тупік, наткнуўшыся на юрыдычныя бар’еры, якія забараняюць вываз рарытэтаў за межы краіны. А яны прадугледжаны нацыянальным заканадаўствам ці не кожнай дзяржавы свету.
— Але ў наш век тэхналогій месца фізічнага захоўвання дакумента ўжо не грае такой вялікай ролі, — кажа з гэтай нагоды бельгійскі архівіст і гісторык Мішэль Вярмот. — Памятаю, некалі зрабіць копію ў архіве было вельмі складана (ці то мікрафільм, ці то… ад рукі), але цяпер пра падобныя праблемы нават і казаць не выпадае. Галоўнае, каб бібліятэкі добра вывучалі свае калекцыі і рабілі іх адкрытымі для даследчыкаў.
— Самае галоўнае — каб інфармацыя вольна цыркулявала паміж навукоўцамі і бібліятэкарамі, — дадае Марцін Пулэн. — Вельмі важна, каб у нас была магчымасць разам вывучаць перамешчаныя кнігазборы.
На думку Анатоля Сцебуракі, супрацоўніцтва ў гэтай сферы можа быць надзвычай карысным не толькі для замежнай, але і для беларускай навуковай супольнасці — ужо хаця б таму, што пашырае яе міжнародныя кантакты. Звычайна яны адбываюцца толькі паміж суседнімі краінамі, але тут з’яўляецца агульная тэма, якая цікавая і для даследчыкаў з далёкага замежжа.
Тым больш, у бяспецы саміх арыгіналаў сёння сумнявацца не выпадае. Наведаўшы найбуйнейшыя мінскія бібліятэкі, дзе знаходзяцца перамешчаныя каштоўнасці, замежныя ўдзельнікі семінара маглі ўвачавідкі пераканацца: рэжым захоўвання рарытэтаў там поўнасцю адпавядае самым строгім еўрапейскім стандартам.
Да ўсяго, Анатоль Сцебурака перакананы, што гэта тэма можа быць надзвычай перспектыўнай і для айчынных спецыялістаў бібліятэчнай сферы. Пагатоў, іх функцыі ў наш век няўхільна эвалюцыянуюць. І магчымасць прымерыць на сябе вобраз бібліятэкара з апавяданняў Борхеса, які непасрэдна на сваім рабочым месцы робіць нечуваныя дэтэктыўныя адкрыцці, павінна спрыяць павышэнню прэстыжу гэтай прафесіі.