Плаці грошы — будзе выезд харошы!

№ 39 (1269) 24.09.2016 - 01.10.2016 г

Артыкул пра тое, што шэраг нашых самадзейных артыстаў для выезду за мяжу часам выкарыстоўваюць уласныя грошы з пенсіі або нават бяруць крэдыт, каб паехаць на фэст, апублікаваны ў пазамінулым нумары “К”, атрымаў сёння пэўны рэзананс. Скажам, да мяне, на асабістую пошту і ў сацыяльныя сеткі, пачалі прыходзіць лісты пра тое, што ўзнятая ў артыкуле тэма — актуальная, і пра яе даўно трэба было гаварыць на ўвесь голас.

Лідар фольк-гурта “Ветах”, загадчык кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Вячаслаў Калацэй прыгадаў, што за кошт арганізатараў ягоны калектыў выязджаў за мяжу вельмі рэдка.

— У асноўным дабіраемся да замежжа за ўласны кошт, — адзначыў Вячаслаў Калацэй. — Або з дапамогай новай сістэмы па зборы грошай — краўндфандынгу. Такімі спосабамі наведалі апошнім часам фальклорныя фэсты ў Эстоніі, Швецыі, Літве.

Даўно не ездзіў за мяжу за кошт арганізатараў і мастацкі кіраўнік народнага ансамбля “Вязанка” з сельскага Дома культуры аграгарадка Вяззе Асіповіцкага раёна Мікалай Забаўскі.

— Апошнім часам увогуле нікуды не ездзім — не стае фінансаў, — кажа суразмоўца. — Адно што прыгадалася: у 2013 годзе запрасілі выступіць ва Украіне, дык жыллё і харчаванне аплачвалі гаспадары, а мы за кошт тых канцэртаў, што далі ў суседняй краіне, прафінансавалі свае выдаткі на дарогу.

Як кажа Мікалай Забаўскі, цяпер калектыў атрымлівае вельмі шмат прапаноў па гастролях за мяжой, але арганізатары фальклорных імпрэз могуць прадаставіць артыстам хіба што бясплатныя візы. Усе астатнія выдаткі павінен несці сам калектыў. Таму, натуральна, у звязку з гэтым “Вязанка” нікуды і не едзе.

— Ды і пра якія гастролі можна казаць, — адзначыў мастацкі кіраўнік ансамбля, — калі мы за свае грошы купляем лён, ніткі-мулінэ, воўну і самі сабе касцюмы шыем? Пагадзіцеся, не да замежных гастроляў…

Пра складанасць атрымання грошай казалі мне і іншыя кіраўнікі фальклорных калектываў, да якіх я звяртаўся ўжо сам, каб удакладніць, так бы мовіць, агульную тэндэнцыю ў гэтай справе. Да слова, пра праблемы з выездамі калектываў за мяжу ведаюць і ў абласных метадычных цэнтрах.

— Так, у рэдкіх выпадках раённыя ўлады дапамагаюць артыстам: напрыклад, даюць транспарт ці выдаткоўваюць грошы на паліва, — адзначыла вядучы метадыст па фальклоры Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Настасся Комлік-Ямаціна. — Але, наколькі мне вядома, у асноўным калектывы едуць за свае грошы ці шукаюць спонсараў. Напрыклад, прыгадваю выпадак з ансамблем у адным з раёнаў, які ездзіў у Швейцарыю за свой кошт: яны ладзілі канцэрт для беларусаў.

Як кажа суразмоўца, з прычыны адсутнасці фінансавання многія платныя фальклорныя імпрэзы адбываюцца без удзелу айчынных калектываў.

— Праўда, бываюць выпадкі, калі арганізатары ўжо ведаюць калектыў, напрыклад, бачылі яго раней, тады клічуць артыстаў за кошт боку, які запрашае, або дапамагаюць з транспартнымі выдаткамі, — кажа Настасся Комлік-Ямаціна. — Вось прыкладна год таму некалькі беларускіх артыстак пад патранажам Ларысы Рыжковай, якая з’яўляецца кіраўніком узорнага дзіцячага калектыву “Калыханка”, каб патрапіць на V Міжнародны фальклорны фестываль “Танцы вышэй за Эльбрус”, ехалі да Масквы за свой кошт, а ўжо там іх сустрэлі арганізатары і завезлі на сам фэст у Кабардына-Балкарыю — у горад Нальчык. Але ж менавіта з грашовай прычыны большая частка нашых выдатных калектываў фактычна застаецца невядомай за межамі сваіх раёнаў, а ўжо пра замежжа і казаць не варта.

Натуральна, замежнымі гастролямі аўтэнтычныя бабулі і дзядулі або іхнія пераймальнікі больш маладога веку падвышаюць імідж нашай краіны і прапагандуюць айчынную культуру далёка за межамі Беларусі. Ды, на жаль, сённяшняя эканамічная сітуацыя сапраўды не заўсёды дазваляе мясцовым уладам і арганізацыям выдаткоўваць грошы на выезды. Выйсце тут, мабыць, у краўндфандынгу або ў пошуку спонсараў ці знаёмых за мяжой, якія ведаюць пра пэўны калектыў, яго ўзровень.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"