Хто танцуе лепей?

№ 39 (1269) 24.09.2016 - 01.10.2016 г

VIII Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва “Сожскі карагод” у Гомелі завершаны, журы падвяло вынікі. Дык куды рухаецца сёння беларускае танцавальнае мастацтва? Як суадносяцца яго дасягненні з замежнымі, што былі прадстаўлены на форуме? І ў які бок развіваецца сам фестываль? Пра гэта кажуць некаторыя члены судзейскай калегіі.

Валянцін ДУДКЕВІЧ, старшыня журы, народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі нашай краіны, прафесар, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага ансамбля танца:

— Гран-пры сёлета прысуджана не было, і гэта сведчыць, што нейкай адной працы, якая у некалькі разоў пераўзыходзіла б астатнія, на конкурсе не аказалася. Агульны ўзровень быў дастатковы, але не такі высокі, як, магчыма, у ранейшыя гады (я не ўпершыню ўдзельнічаю ў працы журы гэтага фестывалю). Вядома, тут далёка не ўсё залежыць ад арганізатараў, як бы яны ні стараліся.

Сёлета, да прыкладу, да Гомеля не даехалі два афрыканскія калектывы, бо не змаглі своечасова вырашыць усе візавыя пытанні. А вось ансамбль са Шры-Ланкі глядзеўся вельмі экзатычна. Гэта тыя танцы, якія звычайна дэманструюцца для турыстаў у этнічных вёсачках розных краін — і гэта сапраўды дае ўяўленне пра іншыя культуры, адрозныя ад нашай.

/i/content/pi/cult/605/13447/3-2.jpg

Падчас гала-канцэрта адкрыцця фэсту.

Цікава выступілі калектывы з Расіі, Украіны. Як заўжды, моцныя нумары паказалі краіны Балтыі. Гэта не дзіва, бо там народныя танцы ўмеюць выконваць усе. Кожны вучыцца гэтаму з дзяцінства, і не толькі ў школах, але і ад старэйшых, бо народныя танцы там як былі, так і засталіся часткай побыту, а не толькі адмыслова пастаўленым фолькам.

У гэтай сувязі яшчэ раз паўтаруся: вельмі правільна, што сёлета фальклорна-побытавы танец ішоў асобнай намінацыяй, аддзелены ад народна-сцэнічнага. Я змагаўся за гэта некалькі гадоў — і нарэшце тое здзейснілася. Бо “чысты” фальклор, на маю думку, прыдатны сёння хіба для музея. А яго адаптаваныя для сучаснасці варыянты маюць розных адрасатаў і розныя мэты. Адна справа — танцаваць для сябе, упрыгожваючы гэтым побыт і ўцягваючы ў сваё кола ўсё новых удзельнікаў. Іншая — танцаваць для гледачоў, якія прыйшлі не паўдзельнічаць разам з вамі, а паглядзець на ваша майстэрства, седзячы ў зале. Зразумела, такія два напрамкі нельга параўноўваць між сабой, калектывы павінны спаборнічаць з сабе падобнымі. І сёлета, як мне падалося, народна-сцэнічны танец быў менш цікавым, чым мог бы быць. Як заўжды, дамінаваў эстрадны кірунак. У намінацыі “Сучасная харэаграфія” мы і сапраўды ўбачылі сучаснасць, але, як я лічу, часам нізка-самадзейнага ўзроўню. Праўда, сярод членаў журы тут не было аднагалоснасці, думкі разыходзіліся. Але ж, падкрэслю, розніца паміж наўмысным парушэннем класічных нарматываў і звычайным няўменнем “цягнуць насочак” — ёсць, і яна вельмі заўважная.

Маштабным, масавым, на ўзроўні лепшых сучасных шоу было адкрыццё фестывалю, якое паводле традыцыі прайшло на стадыёне “Цэнтральны”. Назбіраць такую колькасць удзельнікаў, у тым ліку дзяцей, адрэпеціраваць з імі ўсё да дробязяў, каб усе рухаліся, як адзін, — адно гэта ўжо можна назваць творчым подзвігам Пятра Свердлава. Заслужаны работнік культуры Беларусі, дырэктар Гомельскай дзіцячай харэаграфічнай школы мастацтваў, ён неаднойчы выступае галоўным рэжысёрам гэтага і многіх іншых святаў і штораз робіць немагчымае магчымым.

Увогуле ж, “Сожскі карагод” дае канкурсантам (і, у прыватнасці, творчай моладзі) цудоўныя магчымасці для паспяховага старту. Невыпадкова ў ім удзельнічае так многа студэнтаў, прычым не толькі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, але і каледжаў мастацтваў. Дзе яшчэ ім можна паказацца, як не на гэтай фестывальнай пляцоўцы?..

Святлана ГУТКОЎСКАЯ, член журы, кандыдат філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў:

— На сёлетнім конкурсе і сапраўды не аказалася Гран-пры. Але гэта, да ўсяго, можа сведчыць яшчэ і пра рост патрабаванняў да ўдзельнікаў, а таксама прынцыповасць журы, якое імкнецца не зніжаць, а павышаць конкурсную планку. Тым не менш, фінальны гала-канцэрт (а на яго, на жаль, змаглі застацца не ўсе, хто ацэньваў выступленні) аказаўся вельмі яркім, разнажанравым. І пацвердзіў, што фестываль вельмі спрыяе развіццю нацыянальнага харэаграфічнага мастацтва.

Адной з сёлетніх асаблівасцей конкурснай праграмы былі вельмі моцныя сольныя выкананні, два з якіх атрымалі спецыяльныя прызы журы. Не трэба тлумачыць, што сольны нумар патрабуе не толькі добрай харэаграфічнай падрыхтоўкі, але і творчай індывідуальнасці. І тое, што сольнае выканальніцтва выходзіць наперад, сведчыць пра ўздым танцавальнага майстэрства.

Конкурс прадэманстраваў папулярнасць усіх напрамкаў. Вельмі важна, што фальклорную намінацыю падзялілі на два кірункі: побытавы танец і сцэнічны. Эстрадных нумароў, дарэчы, стала менш, чым у мінулыя гады, бо кіраўнікі калектываў сталі лепей разбірацца і ў стылёвай палітры, і ў фестывальна-конкурсных прыярытэтах. Лепшымі, чым раней, сталі і сам падбор музычнага матэрыялу, і якасць запісаў, і іх непасрэднае спалучэнне. Пастаноўшчыкі пачалі часцей звяртацца да класікі, радзей — да сумнеўных песенек. Сталі абіраць высокамастацкія творы, а не арыентавацца на нізкапробныя густы магчымай часткі публікі. І гэта не можа не радаваць! Бо год за годам мы ўказвалі ўдзельнікам на гэтыя недахопы — нарэшце, сітуацыя змяняецца.

Ну, а прадмет майго асаблівага гонару як загадчыцы кафедры харэаграфіі БДУКіМ — гэта тое, што ўсе шэсць прызавых месцаў, аддадзеных харэографам-пастаноўшчыкам, атрымалі выхаванцы нашай навучальнай установы. Яны працуюць у розных кутках Беларусі, некаторыя яшчэ ўвогуле вучацца, але ўсе — нашыя. Так, у намінацыі “Народна-сцэнічны танец” лепшым харэографам быў прызнаны наш малады выкладчык Павел Стрэльчанка, на другім месцы — Наталля Ваяводская, якая працуе ў Гродзенскім каледжы, на трэцім — Юлія Курута з той жа навучальнай установы. У намінацыі “Сучасная харэаграфія” перамагла Таццяна Мядзведзева, якая выкладае ў Гомельскім каледжы мастацтваў імя Нестара Сакалоўскага. На трэцяй пазіцыі — Ірына Бухавецкая з Віцебскага каледжа. А другую прэмію заваявала Сабіна Мунасыпава — наша цяперашняя студэнтка выпускнога курса, уладальніца Гран-пры леташняга нацыянальнага конкурсу на Міжнародным фестывалі сучаснай харэаграфіі (IFMC) у Віцебску. Пастаўленыя імі нумары ў стане ўпрыгожыць не толькі фестывальны гала-канцэрт, як гэта цяпер і было, але і любую адпаведную вечарыну — у нас і ў замежжы. Такая ўпэўненая перамога — яшчэ адзін цудоўны падарунак да 40-годдзя нашай кафедры, сведчанне таленту не толькі ўласна выхаванцаў, але і нашых педагогаў, усёй беларускай нацыянальнай харэаграфічнай школы.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"